Мой кошык (0) Кошык пусты
Кошык пусты
Увайсьцi ў кошык

Акцыі

Электронная кнігарня arche.by працуе!

Шаноўныя сябры!

У апошні дзень кастрычніка нарэшце запрацавала наша электронная кнігарня. Праца над ёй ішла багата часу, і для нас гэта вялікая радасць. 

Новы сайт часопіса і выдавецтва ARCHE быў даступны для агляду ад 1 снежня 2015 года. Але сам функцыянал, г.зн. яго ўнутранае ўладкаванне, яшчэ былі далёкія ад працоўнай кандыцыі.

Нехта з вас, безумоўна, ужо наведваў нашу новую старонку ў інтэрнэце, і таму мае аб ёй уяўленне. Для тых жа, хто гэтага ўяўлення яшчэ сабе не склаў, коратка перакажам асноўныя звесткі пра рэсурс https://arche.by у ягоным цяперашнім выглядзе:

● На сайце вы знойдзеце ўсе часопісы і кнігі, выдадзеныя з самага пачатку праекту, г.зн. з 1998 года. Гэта больш за 130 нумароў ARCHE і амаль 100 кніг. Фактычна адкрываецца доступ да папулярных кніг і нумароў, папяровыя наклады каторых распрадалі. Электронныя выданні можна праглядаць з розных прыладаў: кампутару, планшэту і смартфону. Гэта робіць чытанне мабільнейшым і зручнейшым!

● Насамрэч электронных кніг на сайце значна болей (іх колькасць перавысіла адзнаку ў 200 адзінак). Гэтак сталася таму, што на старонках часопіса “ARCHE” часта друкаваліся цэлыя кнігі (часам ажно на 200 ці 300 старонак), якія пасля так і не былі перавыдадзены асобным выданнем.

● Публікацыі выдавецтва ARCHE даступныя не толькі ў выглядзе цэлых нумароў ці кніг, але і паасобных артыкулаў. Цяпер на сайце вы знойдзеце амаль 6 000 артыкулаў, якія былі апублікаваны ў выпусках часопіса ці кнігах. Мы зрабілі так для таго, каб вы маглі набываць патрэбны вам канкрэтны артыкул, не купляючы ўсяго выдання.

● На сайце кнігарні прадстаўлены тэксты амаль 2 000 аўтараў. Збольшага гэта грунтоўныя публікацыі з асноўных галін гуманітарнай навукі – гісторыі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, паліталогіі, сацыялогіі ды г.д.

● Цэны ў кнігарні ARCHE вагаюцца ад 2 BYN (паасобны артыкул аб’ёмам да 20 старонак) і 11,90 BYN (цэлы нумар або кніга, незалежна ад аб’ёма, які можа сягаць і 1 500 старонак). Такая цанавая палітыка тлумачыцца ў тым ліку той акалічнасцю, што сістэмы аплаты, да якіх падлучаны наш сайт, не прапускаюць плацяжы, меншыя за 2 BYN. Цяпер на сайце працуюць сэрвісы https://webpay.by і https://ssl.easypay.by. Вы можаце разлічыцца карткамі БелкартVisaMastercard, або электроннымі грашыма EasyPay. Аплату можна зрабіць з хоць-якога пункту свету: у нас ужо былі аплаты з Вялікабрытаніі, Польшчы і Расіі.

● Увесь наш кантэнт (а гэта амаль 6 000 публікацый) даступны ў фармаце PDF. Частка кантэнту (болей за 1 000 публікацый) даступная таксама ў фармаце EPUB 3.

● Мы абараняем свой кантэнт ад несанкцыянавага капіявання і перадачы трэцім асобам пры дапамозе сістэмы DRM (“Digital Rights Management”). Гэта азначае, што калі вы набудзеце публікацыю на сайце ARCHE, яна будзе даступнаятолькі вам. Вы не зможаце перадаць файл сябрам ці знаёмым або выставіць у адкрыты доступ.

Больш інфармацыі пра чытанне абароненых файлаў тут: https://arche.by/view_drm_files

● Не ўсе публікацыі, выкладзеныя на нашым сайце, прызначаныя для платнага прагляду. Нямала публікацый (гл. https://arche.by/free_publications) можна спампаваць і праглядзець бясплатна.

● Мы выклалі на сайт усе ілюстрацыі да часопісаў і кніг выдаецтва ARCHE, якія захаваліся ў нашых архівах. Паводле падлікаў, іх не меней за 20 000 адзінак.

● Электронная кнігарня https://arche.by гандлюе не толькі электроннымі выданнямі. Вы таксама можаце заказаць і аплаціць праз гэты сэрвіс папяровыя выданні, якія вам прыглянуліся. У прыватнасці, вы можаце аплаціць папяровае выданне на сайце авансам, а мы даставім яго вам поштай ці кур’ерам. У такім выпадку атрымаеце ад нас зніжку 50 % ад кошту дастаўкі поштаю пры накладзеным плацяжы або кур’ерам пры разліку на месцы. Вы таксама можаце аплаціць авансам на сайце папяровае выданне, а пасля забраць яго самавывызам.

Гэтая опцыя будзе зручная для тых, хто не любіць важдацца з папяровымі грашыма.

Дарэчы, пры аплаце заказу па факце (кур’ер або самавываз) цяпер можна разлічыцца як гатоўкаю (наяўнымі грашыма), так і банкаўскаю карткаю.

А пры заказе папяровых выданьняў на суму большую за 30 BYN дастаўка ажыццяўляецца за наш кошт!

● Мы працягваем працу над сайтам і спадзяёмся, што неўзабаве будуць даступныя новыя функцыі, у тым ліку электронная падпіска. Таксама плануем да канца году падключыць дадатковыя сістэмы аплаты (raschet.by і WebMoney).

Наапошку трэба адзначыць, што цяперашні сайт кнігарні ARCHE па-свойму ўнікальны для нашага рэгіёну. Без ілжывай сціпласці скажам, што нічога падобнага няма ў іншых выданняў такога профіля ў Беларусі, а мо’ яшчэ дзе паблізу.

Спадзяёмся, што новыя магчымасці, якія ён адкрывае, прыйдуцца даспадобы нашым чытачам. Але пакуль просім вас з разуменнем паставіцца да магчымых праблемаў ці памылак, які непазбежныя ў кожным тэхнічна складаным праекце.

У разе пытанняў тэлефануйце на нумары (29) 550-79-69(29) 724-54-56(29) 624-54-56 або лістуйце на адрас dastauka@arche.by, support@arche.by.

Шчыра запрашаем на сайт электроннае кнігарні:

https://arche.by

З павагаю, каманда ARCHE.

Падпіска