Апісаньне падзеяў 30 кастрычніка 1988 года…. Апісваю сёньняшні бурны дзень, 30-га кастрычніка 88 года, калі ТМЛ “Тутэйшыя”(1) вырашылі правесьці Дзяды. Аб тым, як нам іх не дазвалялі – гэта асобная гісторыя. Сёньня я паехаў туды, да Маскоўскіх могілкаў аб 12 гадзіне (2), бо спадзяваўся наладзіць хоць якую сувязь з міліцыянтамі, каб яны далі нам магчымасьць правесьці мітынг.

 

Ля скверу(3) віселі дзьве шыльды з абвесткамі аб кары пра парушэньні закона. Народу яшчэ не было. Дзьмуў халодны вецер. Я трохі прыпазьніўся і парушыў да сквера. Ля апошняга дому сустрэў Палачанаў(4) і Пінцэта(5). Павярнулі і пайшлі да крамы, пагрэцца. Там давалі гарбату. Я папрасіў “розового чаю”, па-наску гэта ці то гарбата з ружаў, ці то ружовая гарбата. Папілі, потым выйшлі. Пацяплела.

Пачалі аб першай падыходзіць паступова людзі. Я з Сушыхаю (6) пайшлі да могілкаў, выслухіваць. Таўпіліся цывільныя дружыньнікі, размахвалі рукамі, як яны будуць біць “сіцылістаў”, атрымоўвалі інструктаж. Потым мы павярнуліся і пайшлі назад да крамы. Без пятнаццаці два люд паваліў натоўпам. Яшчэ раней перакрылі метро, пусьцілі ў аб’езд аўтобусы, таму, як высьветлілася пазьней, частка народу спазьнілася і людзі ішлі да паловы на трэцюю. Я ўсіх папярэджваў, што аб другай выходзім на пляц (7). Потым мы пайшлі назад. Міліцыянты стаўпіліся ля перакрыжаваньня (8). Паўз Каліноўскага стаялі аўтобусы, перамежаваныя Волгамі, пасажыркі (аўтобусы – А.Б.) былі набітыя пад завязку міліцыянтамі, яны нават стаялі. Калі мы падыйшлі да перакрыжаваньня, народ, я ня бачыў з-за чаго, пачаў кідацца на міліцыю. Потым я пачуў, што схапілі Купаву (9), Марачкіна(10), кідаўся Тарасаў (11), я стаў супакойваць усіх, не ведаючы, чаму народ кідаецца на міліцыю.

За перакрыжаваньнем стаяў Пазьняк (12). Я падыйшоў. “Ну што, пачынаем? — спытаўся ён. “Хадземце”,— сказаў я і хацеў пайсьці на цэнтр пляца. Пазьняка абкружылі чатыры ў цывільным. Хтось схапіў аднога і закрычаў: “Пазьняка забіраюць!” Я схапіўся за другога і таксама зароў тое ж. У гэты момант падбег міліцыянт і пырснуў аэразолем (13) мне ў твар. Я адразу перастаў бачыць. Ірвануўся ад яго, вырваўся і трохі прабег. У гэты час міліцыянты, што стаялі побач, пачалі хапаць хлопца з магнітафонам. “У него магнитофон!” Я крыкнуў яму: “Бяжы!” Ён ірвануўся, але там яго ўжо чакалі яшчэ двое. Я ўжо інстынктыўна пачаў дапамагаць, ірвануўся да іх. Мяне падхапілі ззаду і павялі. Усё. Узялі.

Я ірвануўся, аде яны ўтрымлівалі мяне, ды і не ўбяжыш, бо вялі пасярэдзіне Каліноўскага, увесь народ стаяў па бакох і глядзеў. З вачэй цяклі сьлёзы і з носа таксама. Нейкі новы міліцыянт заламаў мне руку. Я ўбачыў разгублены твар Клімковіча (14) з кветкамі ў рукох. Мяне папёрлі да газіка праз Ленінскі прашпект. Там ля яго стаяў Някляеў (15) са Станютам (16). Твары перакрыўленыя. Някляеў нешта хацеў сказаць, але было бессэнсоўна. Мяне заперлі ў зад, дзе толькі што два крэслы і памяшчаліся. Ля машыны аказалася чамусьці Тацяна Зіненка (17). Яна памахала мне. Я паспрабаваў пасьміхнуцца. Вось была, мусіць, карціна – мокры твар і скрыўленая пахмылка. Потым мы разьвярнуліся і прыехалі на старое мейсца – яшчэ ж адное мейсца заставалася вольным. Тут мяне ўбачылі філфакоўкі (18), пазналі і непрыкметна паляпалі па шкле далонямі. Мяне гэта вельмі падтрымлівала. Загрузілі таго назадачлівага магнітафоншчыка і мы паехалі. Я згадаў, што ў мяне ляжаць паперы для збору подпісаў за НФ (19) і супраць забароны мітынгу. Я прасунуў іх у шчылку і яны разьвеяліся па асвальце. Кіроўца нешта заўважыў адзаду і разьвярнуўся. Людзі падбіралі паперкі. Калі мы пад’ехалі, засталася толькі адна. Капітан падняў яе і зноў вярнуўся, каб аддаць (начальству), і толькі потым мы рушылі ў цэнтр.

У міліцыі Першамайскага раёна ён, злы на мяне, напісаў пратакол, у якім сьцьвярджаў, што я выкрыкваў антысавецкія лёзунгі. Калі старлей (старэйшы лейтэнант) даведаўся, каго я прадстаўляю (ТМЛ, асьпірант(20)), пратакол быў перапісаны і зноў за подпісам сьведкаў. Вось так рэчы! Скончылася тым, што мой інтэлігентны выгляд і спакойная размова з судзьдзёю абыйшлася толькі ў 200 р. Хаця маглі як арганізатару ўляпіць і 15 сутак. Вочы рэжа яшчэ дасюль. Хлопцы пачалі ўжо зьбіраць грошы на штраф.

КАМЕНТАР
Гэтая нататка была напісаная ўвечары 30 кастрычніка 1988 году, адразу па гарачых сьлядох пасьля Дзядоў.

1. Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя” – моладзевая “нефармальная” арганізацыя маладых пісьменьнікаў. Гады дзейнасьці: 1986 – 1989. Аб’ядноўвала маладых творцаў, брала актыўны удзел у моладзевым дэмакратычным руху другой паловы 80-х гадоў. Менавіта ад ТМЛ “Тутэйшыя” была пададзеная заяўка на правядзеньне Дзядоў-88.
2. Мітынг-рэквіем быў прызначаны а 14 гадзіне.
3. Сёньня сквер на перасячэньні прасьпекту Незалежнасьці і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
4. Сяржук Сокалаў-Воюш са сваімі прыяцелямі з Наваполацку.
5. Адная з падпольных мянушак Вінцука Вячоркі.
6. Галіна Суша, журналістка, актывістка моладзевага руху ў 80-х гадох.
7. Меркавалася правядзеньне мітынгу-рэквіему на пляцоўцы ў скверы за перасячэньнем прасьпекта Незалежнасьці і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
8. Перакрыжаваньне прасьпекта Незалежнасьці і вуліцы Кастуся Каліноўскага.
9. Мікола Купава – мастак, грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў грамадзкага руху “Беларускі народны фронт “Адраджэньне”, адзін з актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 70-90-х гадоў.
10. Аляксей Марачкін – мастак, грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў грамадзкага руху “Беларускі народны фронт “Адраджэньне”, адзін з актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 70-90-х гадоў.
11. Кастусь Тарасаў – беларускі пісьменьнік, публіцыст. На той час працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” – рупары нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыі канца 80-х — 90-х гадоў.
12. Зянон Пазьняк – беларускі гісторык, публіцыст, грамадзкі дзяяч. Адзін з лідэраў беларускага адраджэньня ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў.
13. Супраць дэманстрантаў падчас мітынгу міліцыянты ўжывалі сьлезацечны газ.
14. Максім Клімковіч – беларускі пісьменьнік, сябра ТМЛ “Тутэйшыя”.
15. Уладзімір Някляеў – беларускі пісьменьнік.
16. Уладзімір Станюта – беларускі пісьменьнік.
17. Тацяна Зіненка – паэтка, сябра ТМЛ “Тутэйшыя”.
18. Студэнткі філфаку БДУ Паліна Сьцепаненка, Натальля Кавалеўская і Алена Кульбеда.
19. Народны Фронт.
20. На той час А.Бяляцкі вучыўся ў асьпірантуры інтытуту літаратуры Акадэміі Навук Беларусі.