Французскі пісьменнік Альбер Камю аднойчы заўважыў, што падарожжа дапамагае нам зноў знайсці сябе. І сапраўды, год ад году колькасць падарожнікаў толькі павялічваецца. І не можа не цешыць тое, што вандраваць па свеце сёння можна амаль што бясплатна, а шукаць сяброў як у Беларусі, так і за мяжой становіцца ўсё прасцей, дзякуючы Інтэрнэт-праекту “Couchsurfing”

Падарожнічаць можна бясплатна

Трэба адзначыць, што “Каўч”, як проста называюць яго маладыя людзі па ўсёй планеце, з’явіўся на абшарах Сеціва ажно ў 1999 годзе, але ў публічным рэжыме пачаў працу толькі восем гадоў таму. І адразу набраў папулярнасць. Сёння праект аб’ядноўвае больш за 3 мільёны чалавек у амаль што 240 краінах.

Калі казаць пра абласныя цэнтры Беларусі і сталіцу, то на дадзены момант замежнікі ці нашыя суайчыннікі могуць спыніцца ў сапраўды шматлікай арміі прыхільнікаў “Каўчу”. Так, толькі ў Мінску можна знайсці 4378 начлегаў. Сярод абласных гарадоў лідарам можна назваць Брэст – тут жыве больш за 250 карыстальнікаў сайта. У іншых жа цэнтрах абласцей іх меней, а Магілеў увогуле толькі нядаўна перасягнуў планку ў 50 чалавек. І гэта зусім не значыць, што ў меншых гарадах “каўчары” не жывуць – аднойчы аўтар гэтага матэрыяла знайшоў ложак нават у Полацку.

Прынцып, па якім працуе сайт, геніяльна просты. Карыстальніку неабходна зарэгістравацца на старонцы “Каўчу” і запоўніць свой профіль. Наступны крок – пошукі чалавека, які пагадзіцца прыняць на начлег у тым месцы, куды збіраецца падарожнік. Пры гэтым у 99% выпадкаў такое спальнае месца будзе цалкам бясплатным. Акрамя гэтага, госць атрымае і прыемны бонус – знаёмства з мясцовым жыхаром, які пакажа не толькі папулярныя турыстычныя месцы, але і тое, што ведае толькі ён.

Існуюць і іншыя “рэжымы”, паводле якіх прыезджыя могуць бавіць час у новым горадзе. Часта здараецца так, што прымаючы бок забяспечвае начлег, але не можа пашпацыраваць з гасцямі. Але, ва ўсялякім разе, ён заўжды падзеліцца патрэбнай інфармацыяй наконт найбольш цікавых для наведвання аб’ектаў. Дасылаючы заяўку “хостару”, можна пазначыць і тое, што вы гатовы толькі да невялікага шпацыру па горадзе ці кубачка кавы. Гэта схема не абавязвае мясцовага жыхара прымаць вас у сваім жытле.

Парады пачынаючым

Цалкам зразумела, што падарожжа за мяжу Беларусі, калі толькі гэта не Расія ці краіны постсавецкай прасторы, вымагае ад вас ведання замежнай мовы. Ідэальна, калі гэта англійская: у выпадку прыняцця спантаннага рашэння аб працягу падарожжа далей на захад (да чаго заўседы спакушае Шэнген, бо межы на яго тэрыторыі адсутнічаюць), вы заўседы зможаце паразумецца з людзьмі. Калі ж плануецца падарожжа ў пэўную краіну, можна абмежавацца яе нацыянальнай мовай, зразумела, пры ўмове, што вы яе ведаеце. Плюс такога падыходу – сімпатыя з боку мясцовых жыхароў. Зрэшты, у кожнай краіне можна знайсці і руска- ці беларускамоўную асобу.

Выпраўляючыся ў вандроўку, важна не забыцца на падарункі. Гэта могуць быць як традыцыйныя сувеніры, так і нешта не зусім звычайнае. Перад выездам навучыцеся смажыць дранікі ці гатаваць мачанку – гэтыя навыкі прыдадуцца ў сітуацыі, калі раптам знікне жаданне ствараць уражанне пра Беларусь толькі саломкай ці прыгожымі паштоўкамі.

Паколькі на “Каўчы” збіраецца самы разнастайны народ усіх полаў, узростаў, прафесій і зацікаўленняў, заўсёды ёсць шанец натрапіць на цалкам незвычайную асобу. Акрамя гэтага, еўрапейцы – людзі экстрэмальна адкрытыя на камунікацыю. Таму варта навучыцца прыхоўваць свой шок у выпадках, калі, напрыклад, гаспадар кватэры, які мусіць сысці раней за вас, проста пакідае гасцей у пакоі, толькі папрасіўшы замкнуць дзверы пасля сыходу. Калі збярэцеся ў падарожжа ў шведскую сталіцу Стакгольм, пашукайце хлопца з імем Бэнгур і будзьце ўпэўненыя – цікавы суразмоўца на цэлую ноч, а таксама начлег у элітным раёне ў цэнтры горада будзе вам забяспечаны. Але варта памятаць: адказваць на дабрыню і адкрытасць “хостараў” трэба тым самым. Нават калі вельмі хочацца спаць, давядзецца пазмагацца з сабою і паразмаўляць з гаспадарамі.

“Каўчсёрфінг” – гэта выдатная магчымасць не проста падарожнічаць з мінімальнымі выдаткамі, але і спосаб адшукаць сяброў і аднадумцаў у любой краіне свету. Пасля чаго заўсёды можна запрасіць іх да сябе, у Беларусь, каб распавесці пра яе тым, хто яшчэ не ведае. Тым больш, што ў Заходняй Еўропе цікавасць да Беларусі пастаянна расце, а наведваць яе становіцца нават модна. Таму выпраўляйцеся ў падарожжа як мага хутчэй! А нам застаецца толькі пазычыць простага пошуку начлегаў і вясёлых “хостараў”.


Слоўнічак “каўчара”

“Каўч” – сайт “Couchsurfing” (www.couchsurfing.com).

“Каўчсёрфер” – той,  хто зарэгістраваны на старонцы.

“Сёрфер” – той,  хто шукае начлег.

“Хостар” – той,  хто прымае гасцей у сваім жытле.

“Каўч,  хост” – начлег у іншым горадзе.