Прадмова да новага нумара "ARCHE" "1950-ыя гады ў Беларусі: ад сталінізму да застою".
Калі заходзіць гаворка пра гісторыю, часцей за ўсё маюцца на ўвазе падзеі сівой даўніны. Не меншую цікавасць, аднак, уяўляюць і тыя падзеі, якія храналагічна адбываліся адносна не так даўно, і многія непасрэдныя сведкі якіх яшчэ жывуць побач з намі. У апошнія гады выйшла некалькі тэматычных нумароў «ARCHE», прысвечаных асобным перыядам беларускай гісторыі ХХ ст., як, напрыклад, тры нумары на тэму Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі (№ 5 за 2008 год, № 5 і № 7—8 за 2010 год) ці нумар, прысвечаны часу знаходжання паміж дзвюма сусветнымі войнамі заходняй часткі Беларусі ў складзе польскай дзяржавы (№ 8 за 2009 год).
Нумар, які чытач трымае ў руках, прысвечаны не менш важнаму этапу, што меў месца ў гісторыі беларускага народа ў ХХ ст. — перыяду т. зв. «хрушчоўскай адлігі», якая працягвалася ў СССР у цэлым і ў БССР як яго частцы 12 гадоў — з 1953 па 1964 гг. Менавіта ў тыя часы набыла вялікае паскарэнне распачатая крыху раней трансфармацыя традыцыйнай беларускай сялянскай супольнасці, у выніку чаго стала імкліва і няўхільна змяняцца сацыяльная структура мясцовага грамадства.
Пачатак згаданага перыяду стаў магчымы дзякуючы смерці ў сакавіку 1953 г. шматгадовага савецкага дыктатара, з чыім імем было звязана стварэнне і функцыянаванне аднаго з найбольш крывавых рэпрэсіўных рэжымаў у сусветнай гісторыі — Іосіфа Сталіна. Да канца сталінскага кіравання ў савецкіх дзяржаве і грамадстве назапасілася столькі сацыяльных і духоўных праблем, што новыя ўлады мусілі пайсці на значныя, хоць часта і непаслядоўныя ды малапрадуманыя рэформы ў розных сферах грамадскага жыцця, у першую чаргу ў эканамічнай. Як бы да гэтых рэформаў не ставіцца, у выніку іх людзям усё ж стала жыць куды лягчэй, чым гэта было раней. Асабліва гэта тычылася жыхароў сельскай мясцовасці, бо хоць новае прыгоннае права, фактычна зноў уведзенае пад шырмай «суцэльнай калектывізацыі» ва ўсходніх абласцях БССР у 1930-я гг., а ў заходніх — у канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг., пакуль што канчаткова скасавана не было, ягоныя ўмовы значна змякчыліся. Дзелягэтага вяскоўцы-калгаснікі, хоць на практыцы яшчэ і не сталі раўнапраўнымі грамадзянамі савецкай дзяржавы, усё ж такі адчулі відавочнае паляпшэнне свайго становішча.
«Хрушчоўская адліга» адзначылася грунтоўнымі зменамі не толькі ў сацыяльна-эканамічным, але і ў духоўным жыцці грамадства. Вядома, савецкі рэжым не пераставаў быць у аснове сваёй таталітарным, і камуністычная партыя намагалася па-ранейшаму ажыццяўляць усеахопны кантроль над грамадствам, аднак метады ажыццяўлення гэтага кантролю сталі непараўнальна больш гуманныя — з гэтага часу і аж да самай натуральнай смерці Савецкага Саюза ўлады ніколі больш не практыкавалі супраць сваіх грамадзян масавых рэпрэсій з фізічным знішчэннем цэлых мільёнаў невінаватых людзей. Непараўнальна больш свабоды ў параўнанні з ранейшымі часамі з’явілася амаль ва ўсіх сферах жыцця грамадства, што выклікала бачнае ажыўленне, напрыклад, у культурнай ці навуковай сферы.
У той жа час нельга, аддаючы належнае тым шматлікім пазітыўным з’явам, якімі адзначылася «хрушчоўская адліга», забывацца і пра тое, што ў гэты час існавалі цэлыя катэгорыі насельніцтва, якім згаданыя часы замест палёгкі прынеслі новыя выпрабаванні. У першую чаргу гэта тычыцца прадстаўнікоў духавенства ўсіх без выключэння рэлігійных канфесій, а таксама простых вернікаў. Маральнага ціску і адміністрацыйных перашкод ім давялося зазнаць тады не менш, чым у перадваенныя «сталінскія» часы.
Супярэчлівым дадзены перыяд стаў і для развіцця беларускай нацыянальнай мовы і культуры. У гэты час у БССР, як і ў большасці іншых савецкіх рэспублік, дзяржаўная палітыка была скіравана на інтэрнацыяналізацыю і ўніфікацыю нацыянальна-культурнага жыцця, што ўвасобілася як у агульным скарачэнні колькасці школ з беларускай мовай навучання, так і ў пачатку застасавання практыкі вызвалення вучняў рускамоўных школ ад вывучэння беларускай мовы як вучэбнага прадмета. Усё гэта ў гістарычнай перспектыве не магло не прывесці да таго, што з цягам часу нацыянальная мова заняла ў беларускім грамадстве абсалютна маргінальнае месца. Дзеля ўсяго вышэй адзначанага можна канстатаваць, што значэнне перыяду «хрушчоўскай адлігі» ў беларускай гісторыі сёння цяжка ацаніць адназначна. У многіх сучаснікаў падзеі, што адбываліся ў той перыяд, спачатку выклікалі вялікія надзеі і сапраўдны энтузіязм, якія пасля змяніліся на не менш значнае расчараванне. Натуральна, што і выданне дадзенага нумара «ARCHE» тлумачылася не жаданнем расставіць усе кропкі над «і», але імкненнем па магчымасці разнабакова і аб’ектыўна прадставіць розныя бакі тагачаснага жыцця насельніцтва Беларусі. Наколькі ўдала гэта атрымалася — вызначаць толькі чытачам...
Cа зместам часопіса можна азнаёміцца ТУТ.
