Друкаваць Камэнтары (1) RSS

Крытыка




Расея і яе

Расея і яе "ближнее зарубежье"

Брэжнеўская геапалітыка

Віталь Куплевіч

або “Бляск” і галеча афіцыйнай “Геапалітыкі ў сучасным сьвеце”

У 2005 годзе накладам усяго 200 паасобнікаў божы сьвет убачыў курс лекцыяў прафэсара геаграфічнага факультэту БДУ І. Пірожніка пад назваю “Проблемы политической географии”. Напружыўшыся інтэлектуальна, я некалькі разоў перачытаў “Проблемы...” з мэтаю знайсьці пастаноўкі актуальных праблемаў палітычнай геаграфіі ды аўтарскія спробы іх вырашэньня. Зьмест прафэсарскіх лекцыяў упарта не адпавядаў іх назьве. Больш за тое, тэксты лекцыяў напісаны так складана, што ня ўпэўнены, што іх адолее кожны студэнт, хіба што на геаграфічным навучаюцца выключна геніі.

 

Вядома, што палітычная геаграфія – аб’ектыўная навука, якая вывучае абшаравую (у т. л. тэрытарыяльную, акватарыяльную, паверхневую) арганізацыю палітычных супольнасьцяў у геаграфічнай абалонцы Зямлі. Геапалітыкі ўяўляюць зь сябе практычны кірунак палітычнай геаграфіі, таму суб’ектыўныя. Правільнасьць тых ці іншых геапалітычных распрацовак, канцэпцыяў, дактрынаў і г. д. пацьвярджаецца практыкаю. Нават працы сусьветна вядомых геапалітыкаў (Рацэля, Чэлена, Мэхэна, Гаўсгофэра, Макіндэра, Бжэзіньскага) ня вартыя некрытычнага ўспрыманьня.

 

Адсюль, не магла не зьдзівіць геапалітычная частка лекцыяў, што займае аж каля 70 старонак з больш як 220. Спроба выкласьці геапалітыкі ў такім мінімальным аб’ёме можа ацаніць па-рознаму. Нават італійскі генэрал Карлё Жан напісаў падручнік па геапалітыках аб’ёмам больш за 400 старонак. Сапраўдны шок апаноўвае калі чытаеш дзесятую тэму, якая мае назву ня больш ня менш як “Геапалітычнае становішча краін СНД: умовы фарміравання і шляхі эвалюцыі”. Тут выкладаецца тыповы прарасейскі, дэ-факта імпэрскі геапалітычны сьветапогляд аўтара, што, хутчэй за ўсё, супадае, з афіцыйным курсам існага рэжыму. Калі б выкладаліся іншыя геапалітычныя сьветапогляды якіх прытрымліваюцца розныя супольнасьці беларусаў: ізаляцыянісцкі, праэўрапейскі, Балтыйска-Чарнаморскі і г. д. зь іх сыстэматызацыяй, дык прафэсарская праца мела б навуковую вартасьць. Але маем тое, што маем... надзвычай тэндэнцыйнае, аднабокае асьвятленьне тэматыкі.

 

Тэксты такога роўню былі б ня вартыя ўвагі (ці мала іх зьяўляецца ў экстрэмісцкіх выданьнях шаваіністычнай Расеі і ў прарэжымных пісаньнях на Беларусі), калі б не наступныя абставіны. У 2008 г. першы – няўдалы – блін І. Пірожніка выйшаў другі раз у амаль неперапрацаваным выглядзе ў якасьці навучальнага дапаможніка, зацьверджанага не якім-небудзь Жырыноўскім, а Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь накладам аж... 1000 паасобнікаў. Сур’ёзныя навукоўцы пішуць вартыя ўвагі навучальныя дапаможнікі гадамі, значна перапрацоўваючы іх пры кожным перавыданьні, а тут маем справу з звычайнаю адпіскаю, што адпавядае бягучай палітычнай кан’юнктуры. Добра што аўтар другі раз не замахнуўся на назву “Праблемы палітычнай геаграфіі”, назваўшы свой “асабліва каштоўны” твор сьціплей – “Геапалітыка ў сучасным сьвеце”. Я б назваў яго “Эўразійскі (масквацэнтрычны) каляніяльны таталітарны геапалітычны сьветапогляд з элемэнтамі палітычнае геаграфіі.

 

Прафэсар Пётр Эбэргарт з Польскай Акадэміі навук нават не камэнтаваў зьместу Пірожнікавай кнігі, назваўшы яе “брэжнеўскаю”. Наадварот, кнігу “Палітычная карта свету” М. Амельянчука прачытаў, зрабіўшы шмат камэнтароў (адзначыў фактычныя недакладнасьці і найперш хібы ў ацэнках пэўных падзеяў).

 

Варты пільнейшай увагі асобы рэцэнзэнтаў. Калі станоўчыя рэцэнзіі афіцыйных палітоляга і ідэоляга пры вялікіх чынох і званьнях у такіх жа афіцыйных установах не выклікаюць зьдзіўленьня, дык сам факт рэцэнзаваньня Пірожнікавых пісаньняў Канстанцінам Канстанцінавічам Красоўскім (доктарам навук, прарэктарам па навуковай частцы Берасьцейскага ўнівэрсытэту) варты засмучэньня. Спрацавала звычайная практыка: рэцэнзуем тое, што напісаў вышэйшы архірэй. Уваход у стройны шэраг рэцэнзэнтаў Ірыны Абрамавай зь Берасьця варты іроніі. Шчыра сумняюся, што Ірына Гайдук калі-небудзь і дзе-небудзь грунтоўна вывучала палітычную геаграфію і геапалітыкі, бо ў Берасьцейскім пэдагагічным інстытуце ў 1989–1994 гадох у навучальным пляне такіх прадметаў не зьяўлялася. Хутчэй за ўсё масквацэнтрычны пірожнікаўскі геапалітычны сьветагляд Ірыне Васільеўне бліжэйшы, бо нават на пачатку 1990-х я ад яе ня чуў ніводнага беларускага слова.

 

Зьвернемся да некаторых прафэсарскіх сказаў. Ці канстатацыя факту расьсячэньня галоўнага пасу расьсяленьня былога СССР пасьля яго распаду, а таксама “рассчленения ареала расселения русского народа” актуальна для беларусаў і для Беларусі? Для маскоўцаў-расейцаў і для Расеі праблематыка вартая ўвагі, бо мільёны маскоўцаў (што былі паноўным імпэрыятворчым элемэнтам у Расейскай Імпэрыі і СССР) пасьля распаду СССР у новых нацыянальных дзяржавах сталі меншасьцямі. Перад імі паўстала дылема: інтэграцыя ў новыя супольнасьці або рэпатрыяцыя на ўласныя этнічныя абшары.

 

Між іншым, на с. 126 чытаем: “У заходнім рэгіёне, дзе разьвіцьцё інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расеі служыць стратэгічным інтарэсам двух братніх народаў...”

 

Дзе знаходзіцца той заходні рэгіён, дэлімітуйце яго? Вызначце яго абшары і межы, напішыце паводле якой рэгіяналізацыі (магчыма існуе рэгіяналізацыя зацьверджана ў СНД, або распаўсюджана сярод аўтарытэтных географаў)?

 

Нарэшце, аўтар канчаткова траціць раўнавагу называючы дзяржавы Закаўказьзя і Сярэдняй Азіі “мягким южным подбрюшьем”. Мы штосьці такое чыталі ў геапалітычных крэйзаньнях аднаго расейскага пісьменьніка. Прытым знакамітага.

 

Далей цытуем І. Пірожніка:

 

На новых рубежах Расеі зьявіўся шэраг эканамічна слабаразьвітых малажыцьцёваздольных краін (Армэнія, Кіргізія, Азэрбайджан, Таджыкістан)...

 

Са школы вядома, што тры з чатырох дзяржаў ня маюць агульных дзяржаўных межаў з Расеяй. У такім выпадку, або прафэсарскае разуменьне рубяжоў Расеі ўключае ў сябе абшары сувэрэнных дзяржаў Каўказу і Сярэдняй Азіі, або прафэсар дэманструе эрудыцыю школьнага двоечніка. Застаецца трэцяя вэрсія, магчыма паўстала новая максымалістычная канцэпцыя рубяжоў Расеі. Штосьці аналягічнае сьвет ужо чуў. У максымалістычную канцэпцыю нямецкай Mitteleurop’ы (найперш прасторы як крыніцы рэсурсаў для нямецкага этнасу і тэрыторыя для яго расьсяленьня), між іншым, былі ўключаны Беларусь і Ўкраіна аж да Дняпра. Гэта агалошвалася ў час аналягічнай шавіністычнай імпэрскай ліхаманкі, на якую двойчы ў ХХ ст. хварэла Нямеччына, ды якая перакінулася на сёньняшнюю Расею, а адтуль на прарасейскія (de facto каляніяльныя) эўразійскія сілы ў пост імпэрскай Беларусі што ўтрымліваюць тут адпаведны палітычны рэжым.

 

Найперш ахарактарызаваўшы геапалітычнае становішча Расеі, наш аўтар нарэшце напісаў пра геапалітычную арыентацыю Беларусі (вядома ж, спачатку вялікая Расея, а потым нейкая там маленькая Беларусь). Вялікі палітычны географ, між іншым, “запамятаў” напісаць што ў вайне 1654–1667 гг. на беларускіх землях ад рук маскоўцаў загінула каля паловы насельніцтва, а таксама быў страчаны этнічна беларускі горад як зьява. Гэта б аніяк ня ўпісалася ў масквацэнтрычны сьветагляд афіцыйнага рэжыму.

 

Ня бачна ў прафэсарскім пісаньні а ні грунтоўнага аналізу Ўсходняй Эўропы, а ні ўпамінаньня аб цывілізацыі Эўропы, а ні нават канстатацыі зьмен абшараў і межаў палітычных утварэньняў на этнічнай тэрыторыі беларускага этнасу. А палітычная геаграфія вялікую ўвагу надае палітычным межам і іх зьмяненьням.

 

Бедны сьпіс выкарыстанай літаратуры ў якім дамінуюць расейскія працы і выданьні яшчэ раз сьведчыць ці то аб слабай арыентацыі аўтара ў найперш эўрапейскай літаратуры па прадмету, ці то аб сьвядомай аднабокай арыентацыі на расейскую літаратуру, у якой, між іншым, замнога часам штучных тэарэтычных пабудоў, але недахоп канкрэтных апісальных прац пэўных рэгіёнаў, асабліва комплексных.

 

У нашых суседзяў напісаны і выдадзены грунтоўныя працы па палітычнай геаграфіі і геапалітыках. Варта прачытаць працы Тэйлара, Флінта, Кокса, Отака, Рыкеля, Эбэргарта і шмат каго інш. Тым хто займаецца палітычнаю геаграфіяй Эўропы і эўрапейскімі геапалітыкамі. Ёсьць што пачэрпаць з прац Нормана Дэйвіса і нават Зьбігнева Бжэзіньскага, да інтэлектуальнай спадчыны якога ў былых савецкіх неадназначнае стаўленьне.

 

У Беларусі за палітгеаграфічныя працы браліся гісторыкі і дасягалі добрых вынікаў, але хутчэй географы найлепш прафэсійна здатны спалучыць час і прастору ў часапрастору. Агульная хіба нашых эканамічных і сацыяльных географаў – у іх слабым веданьні гісторыі, мовы, беларусістыкі. Калі Беларусь стане нацыянальнаю дзяржаваю, дык патрэбна будзе рыхтаваць спэцыялістаў па спэцыяльнасьцях геаграфія і гісторыя, геаграфія і мовазнаўства, геаграфія і беларусістыка ды падобнае.

 

___________________________________________________

 

Віталь Куплевіч - географ.




24 студзеня 2009




Камэнтары(1)


Michal Zaleski:

25 студзеня 2009

Сп.Віталь, калі Беларусь стане нацыянальнаю дзяржаваю?


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код