Друкаваць Камэнтары (3) RSS

Крытыка




Міф пра вечнае вяртанне Літоўскай імперыі

Аляксей Ластоўскі

Альманах "Druvis" – гэта ўнікальны феномен для беларускай інтэлектуальнай прасторы, перагружанай капіяваннем дасягненняў заходняй гуманістыкі, што характэрна для аднаго сегмента гэтай просторы, ці кантынуацыяй традыцыяў савецкай эпохі, якая дагэтуль застаецца бядой акадэмічнай ды ўніверсітэцкай навукі.

На жаль, нейкія выключэнні з гэтай заганнай сітуацыі паўстаюць толькі дзеля талентаў ды немалой ступені самаахвярнасці асобных людзей, паколькі сама структура інтэлектуальнай прасторы накіравана хутчэй на рэпрадукцыю мысленчых стандартаў, чым на іх перагляд.

 

Гэта цалкам адносіцца да альманаха "Druvis", які існуе не за кошт адпрацоўкі грантаў ці рэалізацыі дзяржаўных праграм, а за кошт выключнай адданасці свайму светагляду невялічкага кола людзей, што згуртаваліся вакол цэнтра этнакасмалогіі "Крыўя". У час верхавенства прагматызму і ўсеабдымнай заклапочанасці фінансавым крызісам такі ідэалізм здзіўляе і выклікае павагу.

 

Калі праводзіць параўнанне з першым нумарам альманаху, што выйшаў яшчэ ў 2005 годзе, то можна казаць як пра значную ступень пераемнасці, так і пра некаторыя канцэптуальныя змены.

 

Што кідаецца ў вочы ў першую чаргу, дык гэта асаблівая ўвага, якая надаецца знешняй форме выдання. Якасная паліграфія, вельмі багаты і адмыслова падабраны візуальны матэрыял, прафесійны дызайн – усё гэта пакідае ўражанне напружанай працы менавіта над знешнім выглядам альманаху, што зноў жа становіцца ўсё большай рэдкасцю ў нашыя часы, абцяжараныя перманентным быццём у Інтэрнэт-прасторы. Ужо праверана неаднойчы асабіста аўтарам рэцэнзіі, што нават людзі, вельмі далёкія ад праблематыкі, што закранаецца ў "Druvis", бяруць у рукі альманах з выразнай пашанай і як мінімум на дзесятак хвілінаў з захапленнем гартаюць гэта выданне. Адзінае, што можна закінуць у плане дызайну, дык гэта перыядычная неадпаведнасць размяшчэння ілюстратыўнага матэрыялу зместу, напрыклад, выява лекавай хвоі з Крупскага раёна змешчана на с. 72, размова ж пра яе вядзецца на с. 75, карта балцкай гідраніміі прыводзіцца на с. 129, аналізуецца ж яна на с. 130 (а гэта ўжо іншы разварот). Таму часам даводзіцца перагортваць старонкі, каб спалучыць тэкст і выявы. Але гэты невялікі недахоп ня дужа значна ўплывае на агульную ацэнку працы над знешнім увасабленнем альманаху, якое вельмі недалёкае ад перфекцыйнага.

 

Аднак жа некаторыя людзі возьмуць у рукі "Druvis" не толькі дзеля таго, каб палюбавацца на карцінкі, таму спынімся і на ідэйнай складовай гэтага выдання. Асноўныя светаглядныя арыентыры, топасы і прыёмы іх апісання застаюцца нязменнымі ды, напэўна, ніхто і не чакаў у гэтым плане зменаў, паколькі першы нумар альманаха прапаноўваў выпрацаваную і самадастатковую візію гісторыі, сучаснасці і пажаданай будучыні нашага этнасу. Асноўны стрыжань альманаха – гэта балцкая ідэя, якая падкрэслівае і адзначае аксіялагічную дамінанту балцкага паходжання беларусаў, і менавіта праз актуалізацыю гэтай падставовай ідэі адбываецца сістэматычны перагляд уяўленняў пра тое, хто такія беларусы і якое іх месца ў гэтым свеце. Яшчэ пачынаючы з часоў альманаха "Крыўя", які можна лічыць непасрэдным папярэднікам "Druvis", вылучаюцца і прыярытэтныя сферы зацікаўленасці аўтараў – даследаванні традыцыйнай культуры (этналогія), лінгвістыка, археалогія, міфалогія. Тая высокая планка навуковай грунтоўнасці артыкулаў, што была ўзнятая яшчэ ў "старажытных" нумарах "Крыўі", не зніжаецца, але "Druvis" адзначаны большай ступенню накіраванасці на папулярызацыю балцкай ідэі, чым на эзатэрычнае яе ўзнаўленне ў коле аднадумцаў.

 

Першы нумар альманаха таму можа быць успрыняты як экспансіянісцкі, скіраваны на агрэсіўны інтэлектуальны захоп важнейшых сфераў сацыякультурнага жыцця (ад культуры да палітыкі) і іх маркіраванне балцкай ідэяй. Паколькі да выхаду часопіса яна была відавочна маргінальнай у Беларусі, то яе першая публічная маніфестацыя была скіравана як на неабходнае фармуляванне асноўных пастулатаў, так і на экспансію як на мага больш шырокую прастору. Другі нумар у гэтым плане значна адрозніваецца, паколькі ён канцэптуальна прысвечаны адной тэме – Літве, і з'яўляецца ён хутчэй не пашырэннем балцкага дыскурсу на Беларусі, а яго паглыбленнем.

 

Пры гэтым непазбежна паўстае супярэчнасць паміж дзвюма асноўнымі рысамі пісання, характэрнымі для "Druvis": імкненнем да як мага большай навуковай важкасці тэкстаў (якія звычайна і ствараюцца прафесійнымі навукоўцамі) і мэтай папулярызацыі ды прапагандавання балцкай ідэі, якая несумненна ставіцца аўтарамі. Альманах – гэта відавочна ідеэалагічнае выданне, але ідэйнасць гэта апісваецца навуковай мовай, якая не заўсёды з'яўляецца найбольш прыдатнай для павелічэння колькасці прыхільнікаў акрэсленага светагляду. Хутчэй аўдыторыя альманаха застанецца абмежаванай людзьмі, што зацікаўленыя праблематыкай беларускай гісторыі ды спецыфікі этнагенезу, бо яго чытанне не з'яўляецца лёгкай справай і патрабуе падрыхтаванага ды дасведчанага чытача.

 

Ужо першыя старонкі альманаха прыводзяць да імгненнай гібелі аматараў pulp fiction. Прадмова да выдання надрукавана лацінкай, што тлумачыцца канцэпцыяй нумара, але, відавочна, наробіць шмат каму праблемаў пры чытанні. Першы ж артыкул Сяргея Санько "Этнахаронім Літва / Lietuva як этымалагічная і семасіялагічная праблема" абцяжараны вялізарный колькасцю этымалагічных паралеляў (што фактычна і складаюць другую частку гэтага тэксту), якія маглі б цалкам нармальна ўспрымацца толькі ў спецыялізаваных лінгвістычных выданнях, але для неспецыялістаў ў этымалогіі стануць проста нечытабельнай масай інфармацыі. Цяжкавата без прынамсі базавага ведання археалогіі чытаць і наступны артыкул Людмілы Дучыц, але пасля такога артабстрэлу навуковай тэрміналогіяй знаёміцца з далейшым зместам альманаху ўжо нашмат лягчэй. Своеасаблівым "падарункам" для чытача стала і нежаданне рэдакцыі прыводзіць пераклад шматлікіх польскамоўных цытат з сярэднявечных крыніц, якімі перанасычаны тэкст Алега Дзярновіча пра шматузроўневую ідэнтычнасць шляхты ВКЛ. Нават для падрыхтаванага чытача ўважлівае азнаямленне са зместам другога нумара "Druvis" пераўтвараецца ў цяжкую і адказную задачу. З іншага боку, такім чынам дасягаецца арэол навуковай рэспектабельнасці, які распаўсюджваецца вакол выдання цэнтру этнакасмалогіі, што дадае аўтарытэтнасці прапанаванаму колу ідэяў.

 

Як ужо адзначалася, гэты нумар тэматычны і прысвечаны Літве. Зразумела, не ў сучасным пашыраным значэнні, што адсылае да межаў нацыянальнай дзяржавы – суседкі Беларусі, гэта назва выкаростоўваецца тут для вызначэння шырокага этнакультурнага і геапалітычнага рэгіёну, знітаванага балцкай культурай. Менавіта на грунце гэтай супольнасці і паўстала слынная дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. Праз зварот да тэмы Літвы ідзе абгрунтаванне агульнасці паходжання і развіцця двух сучасных народаў – літоўцаў ды беларусаў. У прадмове задача ставіцца такім чынам: "мы шукаем, даследуем і культывуем тое, што лучыць беларусаў і літоўцаў: агульныя этнічныя вытокі, традыцыйную культуру, гістарычную мінуўшчыну". Падставовымі складнікамі для цывілізацыі Вялікай Літвы вызначаюцца дахрысціянская культура і арыстакратызм, і менавіта іх даследванню прысвечана асноўная частка матэрыялаў альманаха. Цікава, што інтарэс да мінуўшчыны не абумоўлены нейкай акадэмічнай зацікаўленасцю (таму і немагчыма ставіцца да "Druvis" як да навуковага выдання), а цесна звязваецца з актуальнай сітуацыяй ды геапалітычнымі арыентацыямі. Актуалізацыя агульнай спадчыны ВКЛ разумеецца як магчымасць аднаўлення рэальнай, а не сінтэтычнай, рэгіянальнай ідэнтычнасці, якая можа быць убудавана ў праект агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці. Але магчымасці палітычнага выкарыстання традыцыйнай спадчыны у гэтым нумары "Druvis" пазначаны хутчэй пункцірна, хоць анонс наступнага нумара прагназуе далейшае развіццё якраз у гэтым накірунку.

 

Праўда, невядома, колькі яго яшчэ давядзецца чакаць, паколькі другі нумар засведчыў даволі важную праблему. Мова ідзе пра перыядычнасць выдання, якая застаецца надта ўжо надзвычайнай, выпуск альманаха раз у тры гады ня можа задаволіць ні рэдакцыю, ні чытачоў. Зразумела, што гэта па большай частцы абумоўлена "энтузіясцкімі" падставамі для выдання "Druvis", які выходзіць выключна дзякуючы праяўленню прыватнай ініцыятывы, але ўсё ж такі варта было б зрабіць і некаторыя грунтоўныя крокі па выпраўленню такой даволі прыкрай сітуацыі.

 

Але звернемся да зместу дадзенага нумару. Яго, з некаторымі дапушчэннямі, можна разбіць на тры тэматычныя блокі, якія адрозніваюцца і па стылю напісання.

 

Першую частку альманаха складаюць "навуковыя" артыкулы (напісаныя навуковай мовай, яны цалкам арганічна глядзеліся б і ў акадэмічных выданнях), якія прысвечаны даследванню агульнай спадчыны даўняй Літвы. Пачынаецца гэты блок з ужо згаданага вышэй артыкула беларускага філосафа Сяргея Санько, які разлядае асноўныя версіі паходжання этнахароніма Літва / Lietuva (італійскую, кельцкую, эпанімічную, гідранімічную і грамадска-станавую), вынікам гэтага аналізу становіцца выснова пра тое, што немагчыма вызначыць нейкую адзіную слушную этымалагічную версію. Каб нейкім чынам вырашыць гэтую праблему, аўтарам прапаноўваецца семасіялагічная мадэль, якая звязвае Літву з лацінскім тэрмінам lituus. Дзеля абгрунтавання гэтай ідэі будзе працаваць наступная частка артыкула, якая яшчэ чакае друку, дзе будзе адноўлены этнакультурны кантэкст паўстання этнахароніму Літва. У некаторай ступені гэты кантэкст дапамагае аднавіць наступны артыкул Людмілы Дучыц, дзе на падставе багатага археалагічнага матэрыялу разглядаецца этнічная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі ў канцы І – пачатку ІІ тыс. Вынік апісання археалагічных культур гэтага часу цяжка назваць нейкім надзвычайным, гэта знаёмы ўжо нават па школьным падручнікам гісторыі тэзіс пра тое, што утварэнне беларускага этнасу адбывалася ў рэзультаце ўзаемадзеяння балцкіх і славянскіх плямёнаў. "Рэвізіянісцкімі" (для тых, хто не знаёмы з папярэднімі напрацоўкамі "Крыўі") можна назваць толькі высновы пра тое, што ў новай супольнасці пераважаў фізічны тып, а месцамі матэрыяльная і духоўная культура субстрату (г. зн. балтаў).

 

Наступныя некалькі артыкулаў прысвечаны пошуку паралеляў у беларускай і літоўскай традыцыйнай культуры. Ніёле Лаўрыненке разглядае касмаганічныя матывы ў літоўскіх паданнях, што і сапраўды шмат у чым маюць аналогіі з беларускімі касмаганічнымі міфамі, якія грунтоўна апісаны ў працах Санько і Лобача. Юрый Унуковіч, які стала даследуе этнічную культуру беларускіх літоўцаў (і нават за некалькі дзён да напісанная дадзенай рэцэнзіі абараніў на гэтую тэму кандыдацкую дысертацыю), спыняецца на міфалагічных уяўленнях, якія захаваліся ў літоўскага насельніцтва. У гэтым асяродку захавалася надзвычай шмат рэліктаў паганства, што ўдала кладзецца на агульную канцэпцыю "Druvis", дзе акцэнт робіцца менавіта на дахрысціянскім характары традыцыйнай спадчыны. Кампаратыўную перспектыву задзейнічаюць Дайва Вайткявічэне і Таццяна Валодзіна, шукаючы беларуска-літоўскія паралелі ў сферы традыйнага лекавання. Іх шматлікасць і шматузроўневасць дазваляе аўтарам казаць ня толькі этнічную блізкасць нашых народаў, але і пра вялікую кансерватыўнасць традыцыі лекавання. Андрэй Катлярчук у сваім артыкуле аналізуе вобраз ВКЛ у працах шведскіх і ангельскіх гісторыкаў ХVI-XVII стст., дзе яна паўстае краінай квітнеючага паганства, ваўкалакаў ды мядзвежых культаў. Да гэтага "навуковага" блока можна аднесці і артыкул Тодара Кашкурэвіча пра літоўскую дуду, напісаны на падставе глыбокага ведання і можна нават сказаць што жыццёвага прысвячэння гэтаму магічнаму музычнаму інструменту. Усе гэтыя артыкулы створаны з выкарыстаннем навуковай метадалогіі, і без усялякіх праблемаў маглі б быць знойдзенымі на старонках спецыялізаваных навуковых часопісаў.

 

Крыху асобна стаіць артыкул Аляксей Дзерманта пра адраджэнне традыцыйнай рэлігіі ў Беларусі, гэты тэкст выбіваецца і з агульнай "літоўскай" канцэпцыі нумару. Нягледзячы на тое, што аўтар абапіраецца на гістарычныя працы пры апісанні развіцця і захавання паганскай традыцыі ў нашай краіне, але тут выразна праяўляецца ідэалагічная скіраванасць, дзе галоўнымі мэтамі з'яўляюцца хутчэй легітымізацыя ў сучасным свеце і прапагандаванне этнічнай рэлігіі, чым яе гістарыяграфічны ці сацыялагічны аналіз.

 

Наступны блок адсылае да тэмы агульнай балцкай спадчыны, якая прэзэнтавана ў візіі нашых паўночных суседзяў. Навогул, для гэтага нумара характэрны высокі ўзровень прысутнасці балцкіх аўтараў, што якраз дэманструе рэальную магчымасць супрацоўніцтва і аднадумства, якая пастаянна дэкларуецца ў рамках ідэі балцкай супольнасці.

 

Лідар літоўскай традыцыяналістскай (ці, папросту, паганскай) суполкі Romuva Ёнас Трынкунас шукае вытокі еднасці балцкай цывілізацыі, куды ён без аніякіх ваганняў уключае і беларусаў. Апісанне актыўнасці сучасных панбалтыйскіх рухаў (у тым ліку, у тых краінах, што звычайна не ўключаюцца ў балцкі рэгіён – Беларусі, Польшчы, Германіі) дапаўняецца вылучэннем крытэрыя этнічнага менталітэту, як найбольш важкай падставы для ўяўлення культурнай супольнасці балцкіх народаў. Вядомы латышскі фалькларыст Валдыс Муктупавелс імкнецца вылучыць асноўныя характарыстыкі, якія могуць ствараць "агульнае" і "адмысловае" для балцкага культурнага рэгіёну. Цікава, што і ў версіі гэтага аўтара панбалтызм можа засноўвацца толькі на найдаўнейшых пластах культуры, звязаных з дахрысціянскай этнакультурнай традыцыяй. Калі Муктупавелс параўноўвае ў першую чаргу літоўцаў і латышоў, то ў наступным артыкуле Ёнаса Лаўрынявічуса размова ідзе ўжо пра непасрэднае параўнанне цівілізацыйных ідэнтычнасцяў беларусаў і літоўцаў. Асноўным чыннікам блізкасці гэтых народаў аўтар лічыць агульную спадчыну "даўняй Літвы", пад якой разумеецца агульная дахрысціянская балцкая культура. І толькі хрост прывёў да разрыву еднасці насельніцтва даўняй Літвы, што ў рэшце рэшт прывяло да ўтварэння асобных народаў. Але, як сцвярджае аўтар, гэты падзел быў навязаны звонку, што ставіць перад сучаснымі беларусамі і літоўцамі задачу аднаўлення арганічнай супольнасці, пошуку шляхоў паразумення і супрацоўніцтва.

 

Пераходным паміж другім і трэцім блокам можна назваць артыкул Дайнюса Разаўскаса пра карані сімволікі "Пагоні", дзе паслядоўна аналізуюцца вытокі ў міфалагічнай свядомасці розных элементаў, што ляглі ў аснову герба ВКЛ. Літоўскі навуковец на падставе аналізу шырокага збору матэрыялаў з розных індаеўрапейскіх і ня толькі культур (варта адзначыць, што аўтар часта спасылаецца і на беларускія крыніцы) рэканструіруе глыбінны сэнс, закладзены ў гэты сімвал. Абагульняючы рэзультаты сваёй працы, аўтар сцвярджае, што вобраз белага вершніка з узнятым мячом на белым фоне адсылае як да рыцарскага ідэалу высакароднага ваяра, так і архетыпічнага матыву звышнатуральнага чынніка, які праяўляецца ў крытычны момант нейкага працэсу (ад звычайнай прыроднай навальніцы да заканчэння касмічнага цыклу).

 

Літва ў гэтым нумары "Druvis" паўстае ня толькі як дахрысціянскі балцкі культурны рэгіён, але і як паўнавартасная рэалізацыя ў гэтым рэгіёне манархічнага ідэалу ў форме Вялікага Княства Літоўскага. Таму трэці блок можна ўмоўна назваць "манархічным", бо менавіта пытанні сакральнасці дзяржаўнай улады і арыстакратызму бяруцца тут пад увагу. Пачынаецца ён з тэксту вядомага італьянскага традыцыяналіста Юліуса Эволы, які вылучае сутнасныя характарыстыкі паганскай духоўнасці ў каталіцкім сярэднявеччы, якія звязаны з рэалізацыяй у рыцарскім этасе менавіта паганскіх каштоўнасцей (свабодная індывідуальнасць, ваяўнічая адданасць, імперскі ідэал). Навогул, у прэзэнтацыі Эволы эпоха сярэднявечча паўстае як час барацьбы двух антаганістычных прынцыпаў – рыцарска-імперскага (то бок, паганскага) і папісцкага (хрысціянскага). Асабліва трэба адзначыць вартасць каментароў да гэтага артыкула, дзе ідзе ўзважаная і глыбокая крытыка многіх смелых тэзісаў італьянскага барона, даводзіцца толькі сумаваць, што такі карысны каментатарскі апарат не прадугледжаны да іншых матэрыялаў альманаха.

 

Можна крыху пасумаваць і пры прачытанні артыкула Алега Дзярновіча, які складзены ў асноўным з апісання двух гістарычных помнікаў, якія павінны адлюстраваць адрозненні ў свядомасці "кароннай" і літоўскай шляхты Рэчы Паспалітай. На жаль, падрабязнае апісанне гісторыі стварэння гэтых помнікаў і шматлікія цытаты (якія, як адзначана, у большасці выпадкаў застаюцца без перакладу) закончваецца кароценькімі высновамі, што пакідае ўражанне, быццам аналітычная частка гэтага тэксту папросту некуды знікла.

 

Затое наступны артыкул Кірылы Карлюка пакідае нагэтулькі добрае ўражанне, што па версіі рэцэнзента гэта асноўны прэтэндэнт у намінацыі "лепшы матэрыял нумара". Аўтар, абапіраючыся на традыцыяналісцкія ўяўленні пра сутнасць манархіі, якія ў найбольш яскравай форме былі выкладзеныя ўсё тым жа Эволай, спрабуе разабрацца з тым, як змяняліся ўяўленні пра легітымнасць літоўскай манархіі ў ХVI-XVII стст. Шматлікія спрэчкі гэтых двух стагоддзяў вакол выбрання караля, якія часам дасягалі масштабу грамадзянскіх войнаў, аналізуюцца не шляхам фактаграфічнага апісання інтрыг розных палітычных партый, але праз прызму змагання розных падыходаў да сутнасці каралеўскай улады – арыстакратычнага ці раялісцкага, які ў асноўным падтрымліваўся літоўскай магнатэрыяй, і сармацка-шляхецкага, перамога якога ўрэшце прывяла да гібелі Рэчы Паспалітай. Сам тэкст чытаецца як цікавы дэтэктыў, які да апошняга радка захоўвае сваю інтрыгу.

 

Можна ў гэтым нумары Druvis знайсці і своеасаблівы эксклюзіў – інтэрв'ю з Аленам дэ Бенуа, выбітным пачынальнікам руху "новых правых", які ў значнай ступені паўплываў на афармленне светагляду новай генерацыі ў цэнтры этнакасмалогіі "Крыўя". Пытанні закранаюць самыя розныя праблемы, датычныя мінулага і будучыні еўрапейскай культуры, ад прыдатнасці трохчасткавай мадэлі індаеўрапейскага космасу да цывілізацыйнага сутыкнення Еўропы і ЗША. Беларускага чытача, напэўна, найбольш зацікавіць спробы ўключэння Беларусі ў агульнаеўрапейскі кантэкст і рэакцыя французскага інтэлектуала на гэтыя захады. Манархічны блок працягваецца артыкулам дэ Бенуа "Ідэя імперыі", дзе імперскі прынцып ужо супрацьпастаўляецца не папскаму (як у Эволы), а нацыянальнаму. Нацыянальная дзяржава ў апісанні лідэра "новых правых" паўстае як рэпрэсіўны апарат, што непазбежна імкнецца да цэнтралізацыі і гамагенізацыі, ліквідуючы пры гэтым усю культурную разнастайнасць тых групаў, якія паўстаюць на прасторы паміж дзяржавай і індывідам. Антытэзай выступае ідэя імперыі, як арганічнай формы дзяржаўнасці, з характэрнай талерантнасцю ды гібкасцю межаў, што, на думку аўтара, можа стаць рэальнай альтэрнатывай для еўрапейскай інтэграцыі.

 

Менавіта такой імперыяй, "мяккай", мабільнай, талерантнай, паўстае Вялікае Княства Літоўскае ў апісанні Гінтараса Бераснявічуса. Для вызначэння характару гэтай дзяржавы і носьбітаў літоўскага імперскага мыслення тут выкарыстоўваецца метафара "барбарства", які носіць у дадзеным кантэксце выразнае пазітыўнае значэнне. Барбары – ваяўнічы народ, але пры гэтым яны выконваюць "культрэгерскую" місію, іх цывілізацыя заснавана на захаванні натуральнага стану, іх вылучае своасаблівая памяркоўнасць. Таму і барбарская (літоўская) імперыя валодае унікальнай чароўнасцю і прывабнасцю, бо "менавіта такі імперыялізм вельмі прывабны сваёй мяккасцю, недаакрэсленасцю і гарантыяй, што нічога святога для тых, хто далучыўся да гэтай імперыі народаў, не зменіцца".

 

Заканчваецца другі нумар альманаху невялікім блокам рэцэнзій (які значна саступае такому ж блоку ў першым нумары), дзе асобна можна вылучыць разгорнуты тэкст Віктара Корбута, дзе ён аналізуе вытокі стварэння ВКЛ на падставе крытыкі прац Алеся Краўцэвіча і Зігмаса Зінкявічуса.

 

Пацярпеў не толькі блок рэцэнзій, зніклі з часопісу і цэлыя раздзелы. Калі ліквідацыю "навінаў" можна лічыць цалкам матываванай, паколькі з такой рэгулярнасцю выхаду альманаху прысутнасць гэтага раздзелу губляе ўсялякі сэнс, то знікненне літаратурнага і музычнага раздзелаў выклікае шчырае шкадаванне.

 

Такім чынам, Druvis №2 выйшаў надзвычай цэласным і канцэптуальным, дзе тэма Літвы паслядоўна разгортваецца ад праблематыкі паходжання дадзенага этнахароніму праз даследванне агульнай традыцыйнай культуры беларускага і літоўскага народаў да вызначэння імперскай сутнасці ВКЛ як палітычнага ідэалу традыцыйнай дзяржавы. Літва мае два бакі – гэта і вясковая культура, якоя захоўвае дахрысціянскія звычаі, але ж гэта і рыцарская дзяржава, заснаваная на прынцыпах шляхецкай высакароднасці і арыстакратычнай мужнасці. Два твары Януса злучаюцца ў адзінае цэлае.

 

Але адной з галоўных рысаў альманаха можна лічыць свядомы адыход ад абстрактнасці апісанняў да каштоўнаснага ўспрыняцця культурнай спадчыны і накіраванасць на аднаўленне традыцыйных прынцыпаў у сучаснасці. Таму міф пра Літоўскую імперыю, які можна назваць цэнтральным для гэтага нумару, з'яўляецца не пустой псеўданавуковай канструкцыяй, ён цалкам адаптуецца пад выклікі сучаснасці і можа быць убудаваным у сістэму міжнародных адносінаў.

 

Іншая рэч, як гэты міф можа быць успрыняты ў айчыннай прасторы. Першыя рэакцыі на альманах ужо паказалі, што "літоўскі" варыянт беларускай ідэнтычнасці выклікае варожасць ня толькі ў прадстаўнікоў афіцыёзу, але выглядае небяспечным і для носьбітаў беларускага нацыяналізму, які зноў трызняць эксклюзіўнымі патрабаваннямі на гісторыю ВКЛ і імкнуцца адасобіць "дзікіх жамойтаў" ад імперскай спадчыны.

 

Так ці інакш, міф пра вяртанне Літоўскай імперыі агучаны, але для яго артыкуляцыі ў Беларусі патрэбна шмат намаганняў. Ці застанецца ён дзіўнай мрояй, ці зменіць нашу будучыню – пра гэта яшчэ цяжка казаць.

 

_______________________________________________

 

Аляксей Ластоўскі нар. у 1979 годзе ў вёсцы Лукашова Пастаўскага раёну. Сацыёляг, кандыдат сацыялягічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі. У сфэру яго навуковых зацікаўленьняў уваходзяць нацыянальная ідэнтычнасьць, гістарычная памяць, а таксама моладзевыя субкультуры.




22 студзеня 2009




Камэнтары(3)


Мазынскі:

26 студзеня 2009

Адно прозьвішча аўтара ды яго маладосьць і розум,дае вялікія спадзяваньні , што намацваем Свой цьвёрды грунт, пазьбягаючы маргіналізацыі


Кастусь:

11 лiпеня 2009

Дзе набыць?


Knihar:

13 лiпеня 2009

http://kryuja.org/vydaviectva/druvis/druvis2.html


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код