Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Крытыка
Пётра Рудкоўскі
Будаўніцтва беларускай нацыі праз інтэлектуальнае вынішчэнне апанентаў
Выданні, якія абмяркоўваюцца ў аглядзе:
Rudkouski, Piotr. Białoruska idea narodowa w XXI wieku. — Seria wydawnicza «Analizy Instytutu Europy środkowo-Wschodniej». Tom 22. Pod redakcją Jerzego Kіoczowskiego, Andrzeja Gila. — Lublin: Instytut Europy środkowo-Wschodniej, 2008.
Мацкевич В., Егоров А., Водолажская Т. Становление нации в Беларуси: от подданства к гражданству. — Серия «Беларусь для начинающих. — Минск, 2008.
Выраз «беларуская ідэнтычнасць» стаў метафарай, гатовай апісаць усе сферы сацыяльнага і культурнага жыцця нашай краіны і даць ключ для развязання ўсіх важных праблем. Гэтыя два словы ўвайшлі ў штодзённы лексікон кожнага паважаючага сябе мясцовага інтэлектуала, і нават палітыкі ўжо пачынаюць пакрыху з імі гуляцца. Рыторыка ідэнтычнасці пераўтвараецца ў індустрыю, што таксама спараджае і спробы структураваць гэтае поле і вылучыць нейкія асноўныя стратэгіі. Састарэлая прымітыўная схема «аўтарытарная ўлада — дэмакратычная апазіцыя» праз сваю ўбогасць ўжо мала каго задавальняе, пачынаюць з’яўляцца тэксты, якія вылучаюць у дыскурсе ідэнтычнасці некалькі розных праектаў [1].
Сярод апошніх спроб такога ўпарадкавання можна вылучыць дзве брашуры — «Беларуская нацыянальная ідэя ў XXI стагоддзі» Пятра Рудкоўскага і «Станаўленне нацыі ў Беларусі: ад падданства да грамадзянства» аўтарства Уладзіміра Мацкевіча, Таццяны Вадалажскай і Андрэя Ягорава. Апроч знешняй мэты (апісанне розных інтэлектуальных праектаў беларускай ідэнтычнасці), гэтыя два тэксты маюць і супольную інтэнцыю, якую можна назваць «зачысткай» інтэлектуальнай прасторы. Аўтары больш рупяцца не пра тое, каб дэталёва і аб’ектыўна апісаць гэтыя праекты, але імкнуцца даказаць непрыдатнасць і фальш існых спроб інтэлектуальнага афармлення беларускай ідэнтычнасці. Дэструкцыя поглядаў апанентаў вызваляе вольнае месца для новых прарокаў, якія могуць данесці святло ісціны і павярнуць беларускую нацыю на правільную дарогу. Праўда, калектыў аўтараў з Агенцтва гуманітарных тэхналогій, спляжыўшы дашчэнту канкурэнтныя праекты, гэтым і задавальняецца, пакідаючы пустэчу для будучага засваення.
Такім чынам, задачы ў аўтараў гэтых дзвюх кніг былі надзіва падобныя, але да іх вырашэння яны падышлі зусім па-рознаму.
ЦЭНТР ЯК МЕСЦА ДЛЯ ПРАРОКА
Брашура «Беларуская нацыянальная ідэя ў XXI стагоддзі» выйшла ў Любліне на польскай мове і адрасаваная польскаму чытачу. Гэта ў значнай ступені абумовіла стыль кнігі. Часам П. Рудкоўскі змяшчаецца ў пазіцыю транслятара беларускай рэчаіснасці для польскай публікі, дапускаючы пры гэтым непазбежную прымітывізацыю, а таксама спрабуе данесці беларускі кантэкст з дапамогай польскіх паралеляў. Нічога заганнага ў гэтым няма, але гэтую рамку (беларуская кніжка для польскага чытача) трэба пастаянна мець на ўвазе.
Для патрэб структурызацыі інтэлектуальнага поля аўтар выкарыстоўвае тэрмін «дыскурсы», на жаль, не даючы ніякіх тлумачэнняў, што гэта такое. Калі паспрабаваць выявіць сэнс гэтага слова на падставе тэксту, то відавочна, што гэты тэрмін далёкі ад дыскурсіўнай фармацыі ў Фуко і больш набліжаецца да тэорыі дыскурса ў разуменні Лакло і Муфле. Нагадаю, што гэтыя аўтары разумелі дыскурс як сродак, што выкарыстоўваецца дзеля арганізацыі грамадства ў структураваную цэласнасць дзеля надання яму стабільнасці і значэння. Ідэалогія можа быць ахарактыразаваная як адзін з аспектаў дыскурса, гэта сеціва ўзаемазвязаных канцэптаў, якія задаюць інтэрпрэтацыю рэальнасці [2]. Толькі ў версіі Лакло і Муфле падтрымліваецца структуралісцкі тэзіс пра «смерць аўтара», а Рудкоўскі прынцыпова разумее дыскурс як нешта аўтарскае. У яго дыскурсы — гэта нейкія аўтарскія тэксты, якія абумоўліваюць у дадзеным выпадку перспектыву разумення нацыі (кантэкст практык і сацыяльных інстытутаў тут, зразумела, ігнаруецца). Такім чынам, калі Рудкоўскі аналізуе нейкі дыскурс, то ён прыводзіць нейкі тэкст і ўступае ў палеміку з яго аўтарам. Ад стандартаў сучаснага дыскурс-аналізу гэта вельмі далёка, але гэта не вельмі турбуе Рудкоўскага.
Наагул дзіўна, што такі выдатны знаўца тэорыі і метадалогіі навуковага даследавання, якім безумоўна з’яўляецца аўтар «Беларускай нацыянальнай ідэі ў XXI стагоддзі», зусім не хоча яе выкарыстоўваць. Вылучэнне розных інтэлектуальных дыскурсаў адбываецца паводле прынцыпу «а як мне захацелася», то бок, тлумачыцца толькі патрэбамі арганізацыі тэксту. Пра тое, што засталося па-за ўвагай аўтара, мы яшчэ пагаворым пазней.
Таксама незразумелымі застаюцца прынцыпы адбору тых ключавых тэкстаў, якія вызначаюцца як рэпрэзентатыўныя для дыскурсаў. Мы ўжо казалі, што Рудкоўскі адсякае сацыяльны кантэкст [3], таму тут таксама застаецца задаволіцца спасылкай на волю (ці сваволю) аўтара. Можна аспрэчваць адбор у якасці рэпрэзентатыўнага для дыскурса практычна кожнага тэксту, але гэта працэдура робіцца бессэнсоўнай, паколькі толькі Рудкоўскі мог бы сказаць, чаму ён палічыў гэтыя тэксты такімі важнымі. Натуральна, ён гэтага не зрабіў.
Больш за тое, дзеля патрэбаў структурызацыі ён выкарыстоўвае падзел на правыя, левыя і цэнтрысцкія (centrum) дыскурсы. У правыя дыскурсы залічваюцца тыя дыскурсы, у якіх аксіялагічным цэнтрам з’яўляецца народ-нацыя з яго кананічнымі атрыбутамі (мова, культура, гісторыя). Тут відавочная аналогія з культурным нацыяналізмам у апісанні Майнэке і Кона. У левыя дыскурсы трапляюць тыя, якія праводзяць дэканструкцыю нацыі і нацыянальнай ідэнтычнасці. Цэнтрысцкі дыскурс можна апісаць як ліберальны нацыяналізм, дзе ідэя каштоўнасці нацыянальнай дзяржавы спалучаецца з прызнаннем ролі кананічных ліберальных каштоўнасцей.
Відавочна, што такі падзел прама адсылае да ўсім выдатна знаёмай паліталагічнай класіфікацыі палітычных партый і рухаў. Між тым, аўтар заклікае не атаясамлтваць сваю тыпалогію з адпаведнымі паліталагічнымі крытэрыямі, бо «значэнні гэтых катэгорый не з’яўляюцца цалкам адназначнымі, а хутчэй аналагічнымі да таго, што ў паліталогіі азначаецца як лявіца, правіца ці цэнтр». Усё роўна паўстае нейкая блытаніна, яе можна было б дараваць, калі б вылучэнне гэтых катэгорый несла б у сабе нейкую карысць тэарэтычнага ці практычнага плана.
Але пры рэалізацыі гэтай класіфікацыі ў беларускай інтэлектуальнай прасторы паўстае шмат праблемаў. Напрыклад, дэканструкцыю нацыі і нацыянальнай ідэнтычнасці ажыццяўляюць і розныя традыцыяналісцкія рухі, якіх ніякім чынам як «левы дыскурс» апісаць нельга (можа таму Рудкоўскі пра іх і не згадвае). Спроба разгледзець творы Валянціна Акудовіча нараджае незразумелы «права-левы» дыскурс. Да таго ж, з гэтай схемы выключаны афіцыйны дыскурс, усё ж найбольш эфектыўны і жыццяздольны ў нашай краіне.
Фактычна гэтая крытыка ўжо значна перавышае сам тэкст уводзін у кнігу, і напэўна, не было б столькі падставаў для заўваг, калі б аўтар не абмінуў тэарэтычна-метадалагічнага абгрунтавання сваёй працы. Як вынік, кніга можа ўспрымацца толькі як нейкае суб’ектыўнае бачанне Рудкоўскім беларускай інтэлектуальнай прасторы, як палемічная рэпліка, якая не можа прэтэндаваць на статус навуковага аналізу.
Услед за аўтарам усё ж пяройдзем да разгляду канкрэтных дыскурсаў. Першым разбіраецца правы нацыянальны беларускі дыскурс, і напачатку Рудкоўскі вельмі сцісла апісвае кантэкст развіцця гэтага руху, які, у прынцыпе, зводзіцца да выкладання простай схемы маргіналізацыі нацыяналістычнага дыскурсу ў выніку кіравання Аляксандра Лукашэнкі (на якога і звальваюцца ўсе папрокі за палітычную і ідэалагічную паразу беларускага нацыяналізму [4]).
Для характарыстыкі правага альбо нацыяналістычнага дыскурсу выкарыстоўваюцца два тэксты. Першы з іх — артыкул «Нацыяналізм» Леаніда Лыча ў газеце «Літаратура і мастацтва» за 1997 г. Адразу паўстае пытанне, а хто наагул, акрамя Рудкоўскага, чытаў гэты артыкул? Ужо адзначалася, што ніякай аргументацыі для адбору рэпрэзентатыўных тэкстаў аўтар не прыводзіць, таму гэта пытанне стала паўстае на працягу чытання «Беларускай нацыянальнай ідэі ў XXI стагоддзі», але больш мы задаваць яго не будзем.
Рудкоўскі вылучае некалькі асноўных ідэй у артыкуле Лыча, якія ў яго разуменні з’яўляюцца і падставовымі для правага дыскурсу:
— «школа» нацыяналізму абвяшчаецца непазбежным этапам у «нармальным» развіцці кожнай нацыі;
— вымалёўваецца выразная іерархія вартасцей, на вяршыні якой знаходзіцца народ-нацыя, а ўсе астатнія вартасці ёй падпарадкоўваюцца; дзяржава і нацыя мусяць арганічна з’яднацца;
— нацыянальныя меншасці павінны цалкам падпарадкаваць свае інтарэсы нацыянальнай дзяржаве тытульнай нацыі.
— нацыяналізм — гэта сутнасць, душа дзяржавы.
Рудкоўскі пакуль што толькі пераказвае пазіцыі Лыча, не даючы ніякай крытыкі. Адзінае, напрыканцы асцярожна адзначае, што ад такога нацыяналізму недалёка і да фанатызму.
Затое дастаецца на арэхі Зянону Пазьняку, якога дужа любіць крытыкаваць спадар Рудкоўскі [5]. Пазнякоўская версія нацыяналізму характарызуецца як «інтравертны месіянізм», дзе беларускай нацыі адводзіцца ганаровая місія ратавання хрысціянскай Еўропы не праз нейкія агрэсіўныя дзеянні, а праз нацыянальнае і маральнае адраджэнне. Беларусь у гэтай гістарыясофіі грае ролю «бастыёну хрысціянства», які стагоддзямі абараняў Еўропу ад нашэсця варвараў-недачалавекаў з Усходу.
Супрацьпастаўленне Пазняком лібералізму і дэмакратыі Рудкоўскі лічыць інтуіцыйнай паліталогіяй, ніякім чынам не звязанай з эмпірыкай ды лагічным аналізам [6]. Праўда, дзеля абвяржэння такога супрацьпастаўлення выбудоўваецца яшчэ больш сумнеўная генеалогія дэмакратыі з ліберальнай думкі, бо першымі лібераламі былі Дэмакрыт і Перыкл (!!!).
Далей развенчаецца тэзіс Пазняка пра Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву. Рудкоўскі цалкам слушна акрэслівае рэтраспекцыйны характар такога вызначэння і палітычную ангажаванасць падобных «гістарычных» інтэрпрэтацый.
У якасці падсумавання Рудкоўскі адзначае пазітыўную ролю, якую беларускія нацыяналісты адыгралі ў перамозе над камунізмам, але ж праграма уніфікацыі грамадства паводле монанацыянальнага прынцыпу для яго з’яўляецца непрымальнай.
І ўсё ж, беларускі этнакультурны нацыяналізм у памяркоўнай версіі відавочна даспадобы аўтару, бо зноў жа ў якасці пазітыўнага моманту падкрэсліваецца, што беларускі нацыяналізм куды менш агрэсіўны і адкрыты да дыялогу, чым ягоныя расійскі і польскі суродзічы.
Калі правы дыскурс апісваецца як даволі аднастайны і ўпарадкаваны, то яго супрацьлегласць — левы дыскурс — у інтэрпрэтацыі Рудкоўскага пераўтвараецца ў нейкі кантраверсійны збор стратэгій, якія аб’ядноўвае толькі дэканструкцыя тых катэгорый, якія ў правым дыскурсе ўспрымаюцца як арганічныя і натуральныя. Ці можа прынцып дэканструкцыі стаць стрыжнем асобнага дыскурса, з’яўляецца сумнеўным.
Слабасць свайго падыходу адчувае і сам аўтар, калі нават не можа зразумець, адносіцца выразнік дэканструктывісцкага падыходу Валянцін Акудовіч да левага дыскурсу ці не? Урэшце, каб «упарадкаваць» Акудовіча, ствараецца нейкая шызафрэнічная хімера — «права-левы дыскурс» у асобе гэтага беларускага філосафа. Я думаю, спадара Акудовіча такая выключнасць вельмі б усцешыла.
Нацыяналізм у сваёй «права-левай» версіі набывае містычную афарбоўку, дзе месца трансцэндэнтнага бога займае бог іманентны і лакальны — Этнас у форме «Архіпелагу Беларусі». Такая замілаванасць Этнасам павінна была б аўтаматычна адносіць Акудовіча да правага дыскурсу, але ж тады незразумела, як яго туды можна занесці, калі беларускі філосаф відавочна прытрымліваецца дэканструкцыйнага падыходу?
Каб зняпраўдзіць вартасць Акудовіча як дэканструктара, вылучаюцца чатыры асноўныя элементы дэканструкцыі ў яго мысленні:
— Адмаўленне ролі рэлігіі і царквы (ці касцёлу) у паўстанні беларускай нацыі;
— Пераасэнсаванне ролі ВКЛ у нацыягенезе беларусаў;
— Апісанне Расійскай імперыі як калыскі беларускай нацыі;
— Ліквідацыя апазіцыі паміж БНР і БССР.
Усе гэтыя тэзы Рудкоўскі аспрэчвае і разбівае іх дашчэнту. У дадзеным выпадку нас хутчэй цікавіць не сутнасць аргументаў ці тое, на чыім баку праўда. Здзіўляе тое, што каб аспрэчыць тэзісы Акудовіча, аўтар «Беларускай нацыянальнай ідэі ў XXI стагоддзі» часцяком паўтарае рыторыку, якая прадукуецца ў межах правага дыскурсу. Фактычна ўслед за нацыянальна арыентаванымі гісторыкамі Рудкоўскі паўтарае, што «царскія ўлады ў сваю чаргу знішчылі ўсе сімвалы і інстытуты, якія маглі б паспрыяць пераўтварэнню тутэйшых у самасвядомы культурны суб’ект», а БССР была «антыбеларускай дзяржавай». Мы не хацелі б тут удавацца ў гістарычную палеміку, толькі трэба адзначыць, што ў праблемных пытаннях Рудкоўскі займае пазіцыі нацыянальнай гістарыяграфіі (якая пестуецца ва ўлонні правага дыскурса), папросту ігнаруючы ўсю крытыку, якая была здзейснена мадэрнай тэорыяй нацыяналізму.
Але больш за ўсё насцярожвае іншы тактычны ход Рудкоўскага, які напачатку здзіўляе, а потым прымушае рабіць гіпатэтычныя рэканструкцыі. Пры разглядзе поглядаў Акудовіча чамусьці выключаецца апошняя яго кніга «Код адсутнасці», дзе дэкларуецца параза этнанацыянальнага праекту беларускай ідэнтычнасці і абвяшчаецца пераход на пазіцыі грамадзянскага нацыяналізму. Калі б гэтая кніга была ўведзеная ў аналіз, то яна шмат што магла б патлумачыць, як у сутнасці «права-левага дыскурсу» Акудовіча, так і ў тым, што наагул робіцца з рознымі дыскурсамі беларускай ідэнтычнасці. Між тым, Рудкоўскі палічыў за найлепшае прамаўчаць пра гэтую кнігу.
Як ужо адзначалася, «Беларуская нацыянальная ідэя ў XXI стагоддзі» больш падобная да зачысткі інтэлектуальнай прасторы і вызвалення месца для новага прарока, які абвесціць сапраўдны гарманічны шлях для Беларусі. Але рэцэпт Рудкоўскага падобны да дублікату таго, што ўжо прамоўлена ў «Кодзе адсутнасці». На месцы прарока ўжо топчацца Акудовіч, і трэба ж было нешта зрабіць, каб яго адтуль прагнаць. Як вядома, найлепшы спосаб інтэлектульнага забойства — гэта замоўчванне, і ім эфектыўна карыстаецца Рудкоўскі.
Калі з класіфікацыяй Акудовіча паўстаюць відавочныя праблемы, то адзіным рэпрэзентантам левага дыскурсу становіцца Янаў Палескі. Адзіным тэкстам, з якога можна разабрацца ў тым, што сабою ўяўляе левы дыскурс, становіцца артыкул «Невозможность симбиоза», напісаны на хвалі дыскусій пасля рашэння аб пачатку трансляцыі «Deutsche Welle» перадач для Беларусі на рускай мове.
Рудкоўскі для разбору гэтага тэксту выкарыстоўвае ўжо знаёмы нам прыём, вылучае чатыры асноўныя тэзісы і потым іх аспрэчвае.
Янаў Палескі сцвярджае, што:
— Дыскусію паміж «беларускамоўнымі» і «рускамоўнымі» можна звесці да падзелу паміж камунітарыстамі і лібераламі;
— Прынцыповае адрозненне паміж гэтымі дзвюма «партыямі» ў тым, што лібералы вызнаюць вяршэнства права над дабром, а камунітарысты робяць наадварот;
— Заклікі «больш дэмакратыі» ці «больш мовы» на самай справе хаваюць імкненне да дамінацыі;
— Янаў Палескі робіць свядомы выбар на карысць «лібералаў», паколькі аб’ядноўвае яго з гэтым лагерам гульня супраць «паталогіі нацыянальнага пачуцця».
Адразу адзначым, што з гэтых чатырох тэзісаў зразумець, што робіцца ў межах левага дыскурсу, вельмі складана.
На гэтыя чатыры кароткія тэзы Рудкоўскі дае разгорнуты адказ (які аб’ёмам перавышае характарыстыку ўсяго правага дыскурсу), які ўяўляе сабою даволі слушнае развянчанне атаясамлівання нацыяналізму выключна з рамантычнымі поглядамі і разгляд развіцця нацыянальных рухаў у арганічнай сувязі з асветніцкімі ідэямі.
Раздзел пра левы дыскурс заканчваецца апендыксам пад назвай «Расійскамоўныя інтэлектуалы і выбарачная крытыка нацыяналізму». Гэты кавалак тэксту выбіваецца з агульнай структуры кнігі, паколькі пабудаваны ўжо зусім паводле іншых прынцыпаў. Калі аналіз дыскурсу ў інтэрпрэтацыі Рудкоўскага ўяўляе сабой палеміку з нейкімі аўтарскімі тэкстамі, то дадзены апендыкс з’яўляецца закідам у бок расійскамоўных інтэлектуалаў (асноўных носьбітаў левага дыскурсу) у ігнараванні пагрозы рускага нацыяналізму. Крыху раней Рудкоўскі абвінавачвае Палескага ў «безадказным нагрувашчванні метафар, алюзій і асабістых экспрэсій», але ж і сам часам хварэе на тую ж хваробу. Дадатак напісаны ў выключна алармісцкім тоне, які нагадвае стылістыку рапартаў антыфашысцкіх арганізацый. Асноўныя тропы ў такім жанры ўжо даўно распрацаваныя — гэта: а) экстрэмісцкія арганізацыі, якія набіраюць сілы ў падполлі; b) розныя ўплывовыя асобы з падазронымі сімпатыямі; c) палітычныя партыі з незразумелай арыентацыяй; d) публікацыі ў прэсе падазронага характару. Галоўнае пры гэтым стварыць атмасферу надзвычайнай небяспекі, пагрозы. Сама прырода такіх тэкстаў ужо будуецца на скажонай інтэрпрэтацыі рэальнасці, дзе фактура перабудоўваецца паводле ідэалагічных патрэб аўтара.
Параўнайма, напрыклад, з артыкулам Давіда Мельцэра «Будет ли конец юдофобству в Беларуси?». Два тэксты напісаныя практычна адзін у адзін, толькі ў Рудкоўскага ў якасці жупела выступаюць рускія нацыяналісты, а ў Мельцэра — антысеміты. Больш за тое, хутчэй за ўсё, артыкул Мельцэра быў адной з крыніц для алармісцкага тэксту пра пагрозу рускага нацыяналізму, паколькі тады становіцца зразумелай дзіўная парачка рускіх нацыяналістычных арганізацый, якую прыводзіць Рудкоўскі — «Славянские соколы» і Беларуская партыя свабоды (!!!). Вельмі дзіўным можна палічыць уключэнне адной са старэйшых беларускіх нацыяналістычных арганізацый у лік «рускіх нацыяналістаў», з якімі БПСаўцы некаторы час зацята змагаліся не толькі ідэалагічна, але і фізічна.
Усё тлумачыцца даволі проста. Мельцэр спачатку піша свой паранаідальны тэкст:
У краіне актыўна дзейнічаюць такія радыкальныя і экстрэмісцка настроеныя арганізацыі, як «Славянскія сокалы», Беларуская партыя свабоды, рэгіянальны аддзел баркашоўцаў і іншыя. Іх яднаюць чалавеканенавісніцкія ідэі і адзіная мэта, абвешчаная ў лозунгу «Беларусь для беларусаў».
Тут у кашу змяшаныя розныя арганізацыі, якія аб’ядноўвае палітычны радыкалізм, але ж дакладна не лозунг «Беларусь для беларусаў» (асабліва фантасмагарычна выглядае абвінавачанне РНЕ ў падтрымцы гэтага лозунгу).
Рудкоўскі бярэ паранаідальны тэкст дзесяцігадовай даўніны і робіць на яго падставе яшчэ адну ідэалагічную агітку, якая ўжо губляе ўсялякую сувязь з рэальнасцю. У выніку маем фантастычныя высновы:
У Беларусі дзейнічае таксама некалькі меншых рускіх нацыяналістычных груповак, такіх як «Славянские соколы» ці Беларуская Партыя Свабоды, якія могуць у любы момант параўнацца з нашмат большымі і ўплывовымі арганізацыямі і стварыць рэальную пагрозу для грамадскага спакою.
Няўважліва прачытаны артыкул 1998 г. выкладчык логікі і метадалогіі навуковага даследавання лічыць падставай для сенсацыйных высноваў пра «рэальную пагрозу грамадскаму спакою» ў нашыя дні.
У падобным жа стылі напісаны і наступны абзац пра «сімбіёз рускага нацыяналізму з беларускім рэжымам». Становіцца зразумела, чаму ў сваёй класіфікацыі дыскурсаў беларускай нацыянальнай ідэі Рудкоўскі не знаходзіць месца для афіцыйнага дыскурсу, які ён лічыць правадніком рускага нацыяналізму [7]. Зноў жа, вельмі моцны тэзіс, пазбаўлены практычна ўсялякага абгрунтавання. Адну цытату з падручніка Мельніка можна параўнаць з экспансіяй прапагандысцкіх плакатаў па ўсёй краіне пад лозунгам «Мы — беларусы!». Нешта ж укладаецца ў гэтую катэгорыю стваральнікамі гэтай прапагандысцкай кампаніі, няўжо не трэба з гэтым разбірацца? Наагул незразумела, як можа беларуская ўлада быць выключанай з працэсу фармавання беларускай нацыянальнай ідэі, паколькі яна з’яўляецца найбольш уплывовым і эфектыўным агентам сацыякультурных пераўтварэнняў у нашай краіне. Можа, гэта будзе і некарэктнае параўнанне, але адна прамова Лукашэнкі ў сацыялагічным вымярэнні куды больш важкая, чым дыскусія купкі маргінальных інтэлектуалаў.
Толькі вельмі скажоная оптыка, якая больш даспадобы прафесійным апазіцыянерам, чым незаангажаванаму інтэлектуалу, можа даць візію Беларусі, дзе яе будучыня вырашаецца на сайце belintellectuals.com. Я не хачу прынізіць годнасць інтэлектуалаў правых, левых і цэнтрысцкіх дыскурсаў, але ж мы жывем у Рэспубліцы Беларусь, і без разумення гэтага кантэксту любыя высокатэарэтычныя канструкцыі так і застануцца гіпатэтычнымі. А той чалавек, які хоча сфармуляваць для нашай краіны нацыянальную ідэю, павінен ведаць яе жыццё не з артыкулаў нью-йоркскіх прафесараў.
Але ж што ўласна прапануецца ў якасці рэальнай альтэрнатывы праваму і леваму дыскурсу? Цэнтрысцкі дыскурс апісваецца ў іншай манеры, тут ужо няма крытыкі канкрэтных тэкстаў, а ідзе абгрунтаванне перавагі і глыбіні гэтага тыпу мыслення пра Беларусь. Існаванне гэтага дыскурсу атрымлівае аб’ектывацыю як вынік збліжэння пазіцый «беларускамоўных» і «рускамоўных» інтэлектуалаў пасля дыскусіі над артыкулам «Невозможность симбиоза». Але гэта збліжэнне хутчэй выглядае як бліскучая перамога Булгакава, Дынька і Рудкоўскага над рускамоўнымі інтэлектуаламі, якія вымушаны былі змяніць свае пазіцыі і далучыцца да шэрагаў прыхільнікаў беларускай нацыянальнай ідэі.
Зразумела, што Рудкоўскі ўжо не крытыкуе гэты дыскурс, наадварот, ён прамаўляе ад яго імя, выступае тэарэтыкам і агітатарам цэнтрысцкіх пазіцый. Замест адмежавання ад нацыянальных пачуццяў прапануецца прапагандаванне нацыянальнай ідэі, угрунтаванай на прынцыпах талерантнасці і дыялогу з прадстаўнікамі іншых культур.
Нічога надзвычайнага ў такіх ідэях няма, гэта хутчэй адаптацыя для беларускай глебы філасофіі ліберальнага нацыяналізму, на якую Рудкоўскі спасылаецца падчас крытыкі левага дыскурсу.
Асноўнае сумненне, якое паўстае пры азнаямленні з гэтым «правільным» дыскурсам, хаваецца хутчэй у практычнай плашчыні. А ці здатны гэты дыскурс да працы, што ён можа даць «тутэйшым», якіх так здзекліва апісвае аўтар? У гэтага дыскурсу сапраўды ўжо ёсць неафіты — тыя ж Вольга Шпарага ці Янаў Палескі, — але ці можа ён выйсці за межы маргінальнага мыслення?
Ніякіх шляхоў для гэтага Рудкоўскі не прапісвае, яго як сапраўднага філосафа такія прыземленыя рэчы асабліва не турбуюць. Хутчэй, ён верыць у лагічнасць і праўдзівасць сваіх ідэяў, і таму сапраўды нагадвае прарока, які сваёй верай натхняе іншых. Толькі пашыраецца гэтая вера ў межах маленькага гета, якое выключанае з працэсаў будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы.
ПУСТЭЧА ЯК ПРАСТОРА ДЛЯ ДЗЕЙНАСНАЙ РЭАЛІЗАЦЫІ
Іншы метадалагічны падыход (але з падобнымі інтэнцыямі да крытычнага вынішчэння канкурэнтаў у справе будаўніцтва беларускай нацыі) рэалізаваны ў кнізе «Станаўленне нацыі ў Беларусі: ад падданства да грамадзянства». Нягледзячы на невялікі аб’ём (68 с.), у гэтай кнігі ажно тры аўтары — Уладзімір Мацкевіч, Таццяна Вадалажская і Андрэй Ягораў. Цяжка сказаць, ці нясе ў сабе нейкае значэнне парадак аўтараў, бо ў афармленні кнігі ён прысутнічае ў розных варыянтах. Кніга выйшла ў серыі «Беларусь для пачаткоўцаў», якую выдае АГТ/ЦСІ, і калектыўнае аўтарства наагул характэрнае для гэтай серыі. Адразу адзначым добра пастаўленую мову: тэкст чытаецца практычна злёту, без усялякіх збіваў, характэрных для сумеснага аўтарства.
Аўтары ставяць перад сабою задачу выкласці ўласную канцэпцыю грамадзянскай адукацыі, якая б адпавядала беларускай рэчаіснасці, а не была простым капіяваннем заходніх стандартаў. Гэта слушна патрабуе і вызначэння зместу паняткаў «грамадзянін», «грамадзянства», «грамадзянскасць». І можна пагадзіцца з тым, што «не маючы сталых уяўленняў аб нацыі, вельмі цяжка фармуляваць паняцце аб элеменце, г. зн. аб грамадзяніну» (с. 5). З гэтага вынікае амбітная задача аўтараў:
нам неабходнае такое «схопліванне» Беларусі, якое прыдатнае для дзейнаснага, кіраўнічага (управленческого) стаўлення да яго… Неабходна разваражыць і рацыяналізаваць гісторыю беларуской нацыі, каб авалодаць і свядома кіраваць ёю (с. 6).
То бок, спачатку трэба разабрацца з тым, што сабою ўяўляе Беларусь як нацыя і дзяржава (ці папросту нацыянальная дзяржава), і тады можна казаць пра тое, што значыць быць беларускім грамадзянінам (і больш за тое, якім ён павінен быць).
Але на с. 54 пастаўленыя высокія задачы непрыкметна здымаюцца:
Рамкі нашай тэмы не прадугледжваюць падрабязнага абмеркавання катэгорый нацыі і нацыяналізму, нацыянальнага развіцця, прадметам нашага інтарэсу ёсць грамадзянства, грамадзянскасць і часткова грамадзянская супольнасць.
Праўда, адразу пасля гэтых словаў усё ж ідзе кароткі (на старонку) нарыс нацыянальнага развіцця Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, але наўрад ці ён цягне на «зняцце чараў з гісторыі беларускай нацыі».
Выходзіць, напачатку аўтары кажуць, што без канцэптуалізацыі нацыі нельга разабрацца з грамадзянствам, а потым самі ж робяць тое, чаго «рабіць нельга». Зразумела, што такую канцэптуалізацыю можна паспрабаваць знайсці ў іншых тэкстах Мацкевіча (напрыклад, у той жа кнізе «Беларусь: вопреки очевидности») ці Вадалажскай, але навошта было тады адразу ва ўводзінах менавіта гэтай кнігі выстаўляць рамкі, якія потым парушаюцца?
Але ўсё ж такі праблематыка Беларусі і беларускай нацыі прысутнічае на старонках гэтага выдання. У параграфе 1.3 «Сучасныя ўтопіі і праекты для Беларусі» [8] характарызуюцца (ці дакладней, крытыкуюцца) розныя інтэлектуальныя праекты афармлення беларускай нацыі. Тут больш ясна вымалёўваецца канкрэтнае аўтарства: хутчэй за ўсё, гэты кавалак кніжкі напісаны Таццянай Вадалажскай.
Пад інтэлектуальным праектам разумеецца «цэльны (у большай ці меншай ступені) комплекс уяўленняў аб Беларусі, беларускай нацыі, яе сутнасці, гістарычным мінулым і кірунках яе развіцця» (с. 15). Моўчкі пагаджаемся. Падставамі для вылучэння інтэлектуальных праектаў сталі «выразнасць змястоўных адрозненняў і аформленасць ідэй у рамках дзейнасці дзяржаўных або грамадскіх арганізацый, рухаў, сацыяльных або культурных праектаў і г. д.» (с. 17). Тут трэба адзначыць, што ў апошнім сказе слова «праект» выкарыстоўваецца хутчэй за ўсё ў двух розных значэннях, паколькі цяжка зразумець, як можна вылучаць праект на падставе таго, што ён ужо рэалізуецца ў рамках праектаў.
Для працэдуры апісання розных інтэлектуальных праектаў таксама вылучаюцца крытэрыі адэкватнасці і перспектыўнасці, паводле якіх потым яны ацэньваюцца. Такімі крытэрыямі названыя:
— арыентацыя ідэй, узораў і стандартаў на будучыню, на станаўленне новых формаў сацыяльных, эканамічных і палітычных адносін;
— сінхранізацыя развіцця Беларусі і беларускай нацыі з асноўнымі сусветнымі працэсамі і тэндэнцыямі;
— утрыманне балансу між дынамічнасцю і гнуткасцю будучыні нацыі і краіны, з аднаго боку, і выразнасцю і вызначанасцю базавых прынцыпаў, з другога;
— змястоўнасць і глыбіня, наяўнасць уласных, новых хадоў і распрацовак.
Такім чынам, у беларускай інтэлектуальнай прасторы вылучаюцца:
1) афіцыйны ці дзяржаўны праект;
2) нацыянальна-дэмакратычны праект «Адраджэнне»;
3) «Крыўскі праект»;
4) ліберальна-дэмакратычны праект;
5) постмадэрнісцкі праект.
Аднак высокая крытычнасць аўтара (ці ўсё-ткі аўтараў?) да стану беларускага інтэлектуальнага поля руйнуе тэарэтычныя канструкцыі, якія самаруч жа былі і ўзведзеныя:
Уласна праектамі ў поўнай меры можна назваць толькі два першыя. Яшчэ тры ўяўляюць сабой хутчэй філасофскія ці ідэалагічныя кірункі (с. 17).
Да таго ж, праблемы паўстаюць і з аднясеннем да «інтэлектуальных праектаў» афіцыйнага праекту, які найбольш поўна выяўлены ў ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Насамрэч,
нават пры абсалютнай змястоўнасці і прынцыповай гнуткасці распрацаваная «ідэалогія» не выконвае сваёй функцыі і практычна не адпавядае ніводнаму з пазначаных намі крытэраў (с. 19).
Застаецца толькі нацыянальна-дэмакратычны праект, дый той «не можа служыць дзейнасным арыенцірам для развіцця беларускай нацыі».
І нават у такую непаслядоўную лінію абсалютна не ўпісваецца «постмадэрнісцкі праект». Хібнасць вылучэння постмадэрнісцкага праекту адчуваецца і аўтарам:
Гэтыя інтэлектуальныя пошукі не маюць і не могуць мець прагматычных памкненняў, а адпаведна не могуць аформіцца як канцэптуалізацыя Беларусі, беларускага грамадзянства і нацыі (с. 24).
І сапраўды, калі гэтая «інтэлектуальная інтэнцыя» не адпавядае выстаўленым вышэй крытэрам, то навошта было яе апісваць як нейкі асобны праект? Паўстае такая карціна. Для аналізу беларускага інтэлектуальнага поля і апісання яго структуры выкарыстоўваецца катэгорыя «інтэлектуальны праект», але ж насамрэч тое, што апісваецца, гэтымі праектамі не з’яўляецца. Можа, тады не варта было і выкарыстоўваць гэтай катэгорыі? Ці назваць іх «неда-праектамі», каб яшчэ раз падкрэсліць іх убогасць і неэфектыўнасць?
Цікава, што ўсе названыя праекты апісваюцца ў адным стылі — спачатку даецца некалькі пазітыўных сентэнцый, паводле якіх мы павінны зразумець, у чым жа сутнасць і своеасаблівасць чарговага праекту, а потым даецца знішчальная яго крытыка.
Афіцыйны ці дзяржаўны праект падаецца як скіраваны на сучаснасць, які выходзіць з патрэбаў сучаснага беларускага грамадства. Але гэтым усе яго перавагі і абмяжоўваюцца, куды больш сур’ёзным выглядае пералік недахопаў — тут і адсутнасць змястоўнасці, эклектычнасць і павярхоўнасць, канфліктнасць савецкіх падыходаў і дэмакратычных рытарычных фігур, непрапрацаванасць канцэптуальных і дзейнасных уяўленняў. Усё ж такі, як паказвае практыка, эклектычнасць і павярхоўнасць можа быць не толькі недахопам, але і перавагай, што дэманструе сучасная беларуская ўлада, якая з дапамогай камбінаторыкі разнародных элементаў даволі ўдала прыстасоўваецца да сітуацыйных зменаў.
Нацыянальна-дэмакратычны праект «Адраджэнне» апісваецца як пераемца «беларускай нацыянальнай ідэі» канца XIX — пачатку XX стст., якая абапіралася на каноны этнакультурнага нацыяналізму. Гэты праект мае рэтраспектыўны характар, паколькі скіраваны на аднаўленне прававой і палітычнай культуры, сацыяльнай арганізацыі з мадэляў, што існавалі ў мінулым (ВКЛ ці БНР) [9]. Асноўным закідам становіцца таксама адсутнасць далейшай канцэптуалізацыі і тэарэтычнай распрацоўкі, што прыводзіць да архаічнасці погляду на беларускую нацыю. Дыягназ, як мы ўжо цытавалі, змрочны: нацыянальна-дэмакратычны праект не можа служыць дзейнасным арыенцірам для беларускай нацыі.
Крыўскі праект паўстае як адно з адгалінаванняў праекту «Адраджэнне». Крыху падрабязней мы спынімся на крытыцы менавіта гэтага праекту, паколькі часцей за ўсё ён папросту ігнаруецца пры апісанні беларускай інтэлектуальнай прасторы (як гэта зрабіў і Рудкоўскі).
Адразу вылучым тое, з чым пагадзіцца можна.
«Крыўскі праект», з аднаго боку, мае ўласныя глыбока распрацаваныя і найбольш радыкальныя ідэі аб паходжанні беларусаў і іх спрадвечнай традыцыйнай культуры. Гэтыя ідэі становяць сабой сродак (сама)крытыкі беларускасці як дзяржаўнага (афіцыйнага) узору, так і нацыянальна-дэмакратычнага. Асноўны змест ідэй у рамках праекту, у якім этнагенез беларусаў паддаецца найглыбейшаму перагляду, засяроджаны на аднаўленні сапраўднага паходжання беларускага народа, а дакладней, народа, «памылкова названага беларусамі» (с. 21).
Слушна, але далей ужо ідзе такая крытыка:
З другога боку, ён абмежаваны развіццём акурат гэтага складніка, збольшага ігнаруючы пытанні сацыяльнага і палітычнага парадку. У гэтым плане гэты праект яшчэ больш несучасны, паколькі цэнтруецца на выключна этнакультурным складніку беларускай нацыі, абмяжоўваючыся культурнай археалогіяй і антрапалогіяй (с. 21).
Тут ужо ўзнікае некалькі супярэчанняў.
Па-першае, пачнем з таго, што «Крыўскі праект» — гэта не нейкая ізаляваная інтэлектуальная з’ява. Таксама як нельга ізалявана разглядаць і іншыя праекты беларускай ідэнтычнасці, фактычна ўсе яны актыўна карыстаюцца ўжо гатовымі мадэлямі і напрацоўкамі. Нельга ж, напрыклад, крытыкаваць ліберальна-дэмакратычны праект толькі паводле праграмы АГП... Так і «Крыўскі праект» актыўна сілкуецца з ідэяў і канцэптаў, якія выходзяць за межы беларускай інтэлектуальнай прасторы. Акрамя цэнтральнасці пытанняў этнагенезу, падставамі для гэтага кола ідэяў з’яўляюцца ідэі заснавальнікаў традыцыяналізму (Эвола, Генон) і напрацоўкі руху «новых правых». То бок, у інтэлектуальным багажы «Крыўскага праекту» маюцца як прапрацаваная крытыка мадэлі нацыянальнай дзяржавы (Эвола, дэ Бенуа), так і ўласная візія Новай Еўропы.
Таму нельга пагадзіцца з тым, што
у рамках развіцця «крыўскай ідэі» не разглядаюцца пытанні нацыі, нацыянальнай дзяржавы, не кажучы ўжо аб грамадзянстве (с. 22).
Наадварот, яны разглядаюцца, і ім надаецца асаблівая ўвага. Варта звярнуць увагу на такія тэксты, як «Харызма тутэйшасці» і «Еўрапейская «новая правіца» і беларуская перспектыва» ў першым нумары «Druvis», а таксама тэзісы «Традыцыя і Беларусь, альбо пра заганнасць беларускага нацыяналізму» на адным з «крыўскіх семінараў», якія змяшчаліся ў сеціве.
Сапраўды, этнакультурная праблематыка выходзіць на першы план у «Крыўскім праекце», але гэта не азначае, што іншыя вымярэнні папросту адсутнічаюць. Больш за тое, выглядае на тое, што балцкая ідэя ўжо набыла пэўную ступень легітымнасці ў беларускай інтэлектуальнай прасторы, і таму «Крыўскі праект» можа (і будзе) цяпер развівацца ў іншых кірунках.
Далей па тэксце:
У той ж час адсутнасць гатовых, ужо прадуманых і аформленых узораў і сацыяльнага ўладкавання нацыі магла б стаць падставай і крыніцай разгортвання інтэлектуальнай работы. Пагатоў што ў прадстаўнікоў гэтага кірунку ёсць такі патэнцыял (с. 21—22).
Як было напісана вышэй, гатовыя мадэлі палітычнага і сацыяльнага ладу ў традыцыяналісцкай думцы ёсць, але яны яшчэ патрабуюць належнай адаптацыі для беларускай глебы, і сапраўды тут неабходна яшчэ шмат працы.
Аднак гэтыя нешматлікія спробы афармлення палітычных і сацыяльных формаў існавання беларускай нацыі цяпер апелююць пераважна да данацыянальных або анархічных мадэляў без усякіх абгрунтаванняў і прапрацоўкі магчымасці іх убудовы ў сучасны свет (с. 22).
Тут відавочна чытаецца крытычная пазіцыя да архаічнасці «Крыўскага праекту». Але ж традыцыйнасць, архаічнасць — гэта якраз яго стрыжань, таму вяртанне да данацыянальнага светаўладкавання мае тут свае арганічныя падставы. Да таго ж, нацыянальная дзяржава паступова губляе сваю значнасць адзінай магчымасці дзяржаўнага ладу ў сучасным свеце, які становіцца ўсё больш постнацыянальным. Можа тады спроба ўхапіцца за тое, што адыходзіць у нябыт, будзе не менш архаічная і нежыццяздольная?
Анархізм тут зусім дарма згаданы, данацыянальны свет ніколі не быў анархічным, а вось манархічным — так. І манархізм як паўнавартасная маніфестацыя сакральнасці вышэйшай улады з’яўляецца для «Крыўскага праекту» сапраўдным ідэалам дзяржаўнага ладу.
Але ў гэтых словах ёсць нейкая рацыя. Традыцыяналісцкі светагляд — ідэалістычны, таму ён хутчэй бачыць, як сучасны свет павінен быць зменены паводле традыцыйных ідэалаў (ці, яшчэ лепш, разбураны), чым як традыцыяналізм будзе адаптавацца пад сучасныя каштоўнасці. Галоўная праца Юліуса Эволы называлася «Паўстанне супраць сучаснага свету», якое ўжо тут можа быць «убудовай у сучасны свет».
Выключэннем можна лічыць перакананне, што спрадвеку ўласцівае беларусам паганства найбольш адэкватнае сучасным ідэям плюралізму (с. 22).
Толькі гэта хутчэй знешняя інтэрпрэтацыя, чым нейкае інтэлектуальнае дасягненне ў межах «Крыўскага праекту». Паганцам начхаць, ці адпавядаюць яны сучасным ідэям плюралізму.
Па сутнасці ж самавызначэнне беларусаў у свеце звязваецца з завяршэннем дэкаланізацыі, пазбаўлення ад «русскости», якое павінна адбыцца праз змену назвы краіны і этноніма (с. 22).
Так, але «дэкаланізацыя» — гэта не канцавая мэта «Крыўскага праекту», так было, можа, толькі ў Вацлава Ластоўскага (паводле Андрэя Казакевіча, у перыяд канцэптуалізацыі крыўскае ідэі). Цяпер гэта толькі адзін з патрэбных этапаў да поўнай рэстаўрацыі традыцыйнага светагляду.
Такім чынам, што датычыць «Крыўскага праекту», то крытыка ў гэтай кнізе засталася шмат у чым павярхоўнай, прынамсі, такім выглядае абвінавачанне ў ігнараванні пытанняў нацыі і нацыянальнай дзяржавы.
Куды больш важкім каменем у «крыўскі» агарод было б абвіначанне ў слабой рэпрэзентатыўнасці гэтых ідэяў у сацыяльна-палітычнай сферы. Пакуль што яны цалкам існуюць ў інтэлектуальнай і мастацкай прасторы, і таму «Крыўскі праект» застаецца практычна незаўважным пры паліталагічных ці сацыялагічных апісаннях.
Ліберальна-дэмакратычны праект уяўляе сабою сукупнасць ідэй, у якіх пажаданая будучыня Беларусі і беларускага народу падаецца ў катэгорыях «сучаснай еўрапейскай нацыянальнай дзяржавы» і развітай грамадзянскай супольнасці як асновы нацыі. Этнанацыянальная мадэль нацыі прызнаецца неадпаведнай сучаснасці, а галоўнай кансалідоўнай ідэяй вызначаецца грамадзянства. Носьбітамі выступаюць рускамоўныя інтэлігенты, што нагадвае левы дыскурс у рэдакцыі Рудкоўскага. З усіх пералічаных праектаў гэта адзіны, які паводле апісання скіраваны на будучыню (а гэта быў адзін з асноўных крытэраў для ацэнкі перспектыўнасці нацыянальных праектаў). Аднак і тут не абышлося без праблемаў, паколькі выкарыстанне ўжо гатовых тэарэтычных мадэляў яшчэ патрабуе працы дзеля адаптацыі, стварэння механізмаў пераносу на беларускую глебу. Пакуль што відаць толькі рэпрадукцыю шаблонаў і лозунгаў, і як вынік — «ліберальна-дэмакратычны праект не адэкватны задачам нацыянальнага будаўніцтва».
Постмадэрнісцкі праект апісваецца як сукупнасць інтэлектуальных пошукаў сучаснай беларускай ідэнтычнасці, дзе сучаснасць разглядаецца з пазіцый постмадэрнізму і посткаланіялізму. Як і дзяржаўны праект, ён зыходзіць з актуальнасці сітуацыі, але яе асэнсаванне адбываецца з дапамогай катэгорый («памежжа», «каланізацыя», «крэольства»), пазычаных з замежнай гуманітарыстыкі. Нягледзячы на значны інтэлектуальны патэнцыял, гэты інтэлектуальны кірунак не мае нейкіх прагматычных памкненняў, а таму наагул не можа быць успрыняты як канцэптуалізацыя Беларусі, беларускага грамадзянства і нацыі. На наш погляд, не варта было яго наагул адносіць да праектаў беларускай ідэнтычнасці менавіта з-за свядомага і прынцыповага адмаўлення прадстаўнікоў гэтай інтэлектуальнай плыні ад магчымасцей практычнай рэалізацыі.
Такім чынам, у версіі Агенцтва гуманітарных тэхналогій інтэлектуальнае поле Беларусі куды больш разнастайнае, чым у схеме Рудкоўскага (праўда, аўтары «Станаўлення нацыі» ў сваю чаргу праігнаравалі цэнтрысцкі дыскурс, ад імя якога так пранікнёна прамаўляе Рудкоўскі). Толькі вось «ні ў адным праекце няма змястоўных і адэкватных адказаў на патрабаванні часу» (с. 24). Жорсткая і прынцыповая крытыка наяўных інтэлектуальных праектаў беларускай нацыі і нацыянальнай ідэнтычнасці пакінула пасля сябе пустэчу, якая павінна ў ідэале быць запоўненая новымі канцэптуальнымі распрацоўкамі.
Толькі ў далейшым тэксце брашуры аўтары пераключаюцца на вызначэнне панятку «грамадзянін» і на змену ўяўленняў пра грамадзяніна і грамадзянства на працягу гісторыі, што не дае нейкіх ясных адказаў, а што нам трэба рабіць з нашай краінай ды як дабудоўваць нацыю.
Заяўка на фармулёўку нацыянальнага праекту зроблена (у прынцыпе, яна прагучала яшчэ ў кнізе «Беларусь: вопреки очевидности»), але ж пакуль што мы маем толькі востракрытычнае асэнсаванне наяўных праектаў беларускай нацыі.
У цэлым, дадзены тэкст, як і кніга Рудкоўскага, нагадвае інтэлектуальнае вынішчэнне магчымых апанентаў, якія могуць прэтэндаваць на ганаровае месца на чале будаўніцтва беларускай нацыі.
_________________________________________
1. На нашу думку, найбольш узважана апісвае розныя праекты беларускай ідэнтычнасці Грыгоры Ёфэ. Гл.: Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя // Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце. Варшава, 2006. С. 149—164.
2. Падрабязней гл.: Sutherland C. Nation-building through discourse theory // Nations and Nationalism. 11 (2). 2005. P. 185—202.
3. Праўда, робіць гэта ён зноў жа непаслядоўна.
4. Трэба адзначыць, што Рудкоўскі выкарыстоўвае тэрміны «нацыяналізм» і «нацыяналістычны» не ў сучасным значэнні ідэалогіі і практык пабудовы нацыянальнай дзяржавы, а ў састарэлым атаясамліванні з этнакультурным нацыяналізмам.
5. Гл. напрыклад: Рудкоўскі П. Парадоксы Зянона, або Як Пазьняк стаў закладнікам Гісторыі // Паўстаньне Беларусі. Вільня, 2007. С. 78—91.
6. Напэўна, усіх сучасных палітолагаў, якія ўсё ж разводзяць дэмакратыю і лібералізм, таксама трэба спісаць туды ж, куды і Пазьняка — на сметніцу гісторыі.
7. Трэба сказаць, што ў іншым месцы Рудкоўскі спрабуе разабрацца з дзяржаўнай ідэалогіяй, але нас цікавіць той момант, што ў гэтай кніжцы пра беларускую нацыянальную ідэю афіцыйны дыскурс прынцыпова праігнараваны. Гл.: Рудкоўскі П. Сінявокая Беларусь з чырвона-зялёным тварам // Паўстаньне Беларусі. Вільня, 2007. С. 15—70.
8. Адзначым, што назва параграфа не зусім адэкватная, паколькі слова «утопіі» ў тэксце, акрамя назвы, не згадваецца, гаворка ідзе толькі пра праекты.
9. Гэты праект па апісанні супадае з правым дыскурсам у версіі Рудкоўскага.
____________________________________________
Аляксей Ластоўскі нар. у 1979 годзе ў вёсцы Лукашова Пастаўскага раёну. Сацыёляг, кандыдат сацыялягічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі. У сфэру яго навуковых зацікаўленьняў уваходзяць нацыянальная ідэнтычнасьць, гістарычная памяць, а таксама моладзевыя субкультуры. Друкуецца ў «ARCHE» ўпершыню. Аўтарская назва тэксту — «Разборкі за тое, хто і як будзе будаваць беларускую нацыю».
16 сьнежня 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Стажыроўкі ў Польшчы
Святочная вечарына «Збіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”»
Літаратурныя чытанні з “ПрайдзіСветам”-2: Несіметрычныя музы А. Хадановіча
Усе абвесткі



Камэнтары(0)