Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
www.ucpb.org
Дыскурсы беларускіх студэнтаў
Студэнцкая супольнасць, як і ўся моладзь увогуле, разглядаецца ў палітычнай тэорыі і з’яўляецца на ўзроўні палітычнай практыкі адной з найбольш істотных мэтавых груп для стварэння, а таксама сімвалічнага абгрунтавання ўнутранай палітыкі любой дзяржавы. Беларуская сітуацыя і беларуская моладзь не з’яўляецца ў гэтым выпадку выключэннем.
Неабходна вызначыць дастаткова спецыфічныя як унутрана-, так і замежнапалітычныя ўмовы, якія ўплываюць на фармаванне светапогляду супольнасці беларускіх студэнтаў. Спроба выяўлення спецыфікі дадзенага светапогляду паўстане на падставе аналізу інтэрпрэтацый паняцця «дэмакратычны светапогляд» у дыскурсіўных практыках кожнай з вылучаных у дадзеным артыкуле дыскурсіўных плыняў і супольнасцей, што фармуюцца на іх падставе.
Даследчыкі (напрыклад, Андрэй Казакевіч, Імке Гансэн) падзяляюць палітычную і публічную прастору Беларусі на два мэйнстрымавыя дыскурсы: афіцыйны і апазіцыйны. Можна сказаць, што першы з іх накіраваны на абгрунтаванне і далейшае замацаванне існым беларускім рэжымам прааўтарытарных камунікацыйных практык і спецыфічных інтэрпрэтацый такіх каштоўнасна-арыентаваных паняццяў, як «свабода» і «дэмакратыя». Паралельны «апазіцыйны дыскурс» утварае ўмовы дзеля фармулявання тых самых паняццяў на падставе больш шырокага еўрапейскага кантэксту альбо з карысных дзеля яго стварэння праеўрапейскіх інтэрпрэтацыяў, адначасова далучаючы вымярэнне нацыяналістычнай арыентаванасці.
Зыходзячы з вызначанага вышэй падзелу, можна казаць і пра два мэйнстрымавыя кірункі ў развіцці паняцця «дэмакратычны светапогляд» у моладзевым студэнцкім асяроддзі. Менавіта студэнцкая моладзь, якая традыцыйна разглядаецца як найбольш прывабная мэтавая аўдыторыя для забеспячэння людскога рэсурсу для тых альбо іншых ідэалагічных плыняў, становіцца своеасаблівым цэнтрам увагі як для прадстаўнікоў цяперашняга рэжыму, так і для апазіцыйных дзеячаў.
Разам з тым, нягледзячы на відавочную наяўнасць ідэалагічных і каштоўнасных адрозненняў, фармаванне абодвух вышэй азначаных дыскурсаў у Беларусі адбываецца паводле падобных схемаў і імкнецца хутчэй да замацавання «ідэалагічна слушных» і неабходных дзеля далейшага палітычнага дзеяння ўзораў, чым дзеля сапраўднай змены каштоўнасцей. То бок, фармаваныя дыскурсы «дэмакратычнага» светапогляду на сучасным этапе развіцця палітычнай сістэмы Беларусі трэба разглядаць хутчэй як метады палітычных тэхналогіяў, чым як сапраўдныя светапоглядныя змены ў асяроддзі беларускіх студэнтаў. Ускосным доказам дадзенай тэзы з’яўляецца той факт, што моладзь і ў межах «афіцыйнага», і ў межах «апазіцыйнага» дыскурсаў з’яўляецца не толькі і не столькі суб’ектам фармавання сваіх светапоглядных каштоўнасцей, колькі аб’ектам успрымання прапанаваных іншымі палітычнымі суб’ектамі сэнсаў. Моладзь, хутчэй, успрымае і рэалізоўвае навязаныя ім каштоўнасці і мадэлі паводзінаў, а не займаецца іх утварэннем.
Істотная розніца паміж афіцыйным і апазіцыйным дыскурсамі палягае ў тым, што ў першым выпадку моладзь дастаткова асэнсавана (і далёка не заўсёды шчыра) успрымае і рэалізуе прапанаваныя ёй дзяржаўнай ідэалогіяй асновы мадэлі паводзін, атрымліваючы за гэта, перш за ўсё, матэрыяльныя бонусы (напрыклад, ільготы пры аплаце навучання ў ВНУ, атрыманне льготных крэдытаў). Другім, не менш значным, стымулам да «гульні» ў сэнсавых межах акурат афіцыйнага дыскурсу з’яўляюцца прымусовыя ўладавыя практыкі. Утварэнне нейкіх самастойных сэнсаў альбо інтэрпрэтацый не будзе ў гэтым выпадку мець асаблівага сэнсу альбо, нават, можа стаць небяспечным для тых, хто іх прадукуе. «Паказальныя» пакаранні за нелаяльнасць у выглядзе выключэння студэнтаў з ВНУ з палітычных матываў з’яўляюцца пераканаўчым узорам для шэрагу студэнтаў, якія не жадаюць ставіць свае перакананні вышэй за права на адукацыю.
У межах жа дыскурсу апазіцыйнага — матывацыя адпаведнасці прапанаваным моладзі ўзорам мае на сённяшні дзень найперш сімвалічную каштоўнасць. У сваю чаргу гэта ўплывае на ўзровень даверу і шчырасць успрымання прапанаваных дыскурсіўных высноў, які значна вышэйшы ў параўнанні з дыскурсам афіцыйным. Між тым, неабходна адзначыць, што дадзены тып мабілізацыі ў значнай ступені абумоўлены не такой значнай (у параўнанні з дзяржаўнай) сістэмай фінансавых, арганізацыйных і інфармацыйных магчымасцей, а таксама амаль поўнай немагчымасцю ўжывання забарончых практык. Другі істотны момант, які дае падставы гаварыць пра вышэйшы ўзровень «ідэйнасці», — гэта тое, што прапанаваныя рознымі апазіцыйнымі плынямі сэнсы ключавых паняццяў (у тым ліку і паняцця «дэмакратыя») з’яўляюцца больш прывабнымі ў сувязі з тым, што не маюць падабенства з ідэалагічнымі практыкамі былога СССР, прапаноўваючы больш прыцягальныя для значнай часткі студэнцтва праеўрапейскія і прабеларускія ідэі дэмакратыі і дэмакратычнага ладу жыцця (які таксама можа тлумачыцца як вольны/свабодны).
Зыходзячы з прапанаванага дыхатамічнага дыскурсіўнага падзелу, трэба згадаць адну істотную акалічнасць — за межамі ідэалагізаванага і палітызаванага моладзевага падзелу існуе яшчэ адна дастаткова моцная плынь, якую можна ўмоўна пазначыць у тэрмінах «абыякавасць» як да тых працэсаў і з’яваў, што адбываюцца ў палітычнай сферы сённяшняй Беларусі, так і да «дэмакратычных каштоўнасцей». Для гэтай плыні ідэалагічная пазіцыя (а таксама разуменне дэмакратыі) увогуле не з’яўляецца істотнай альбо неяк уплывае на разуменне публічнай рэчаіснасці. У гэтым выпадку студэнты ставяцца да абодвух дыскурсаў альбо як да «бессэнсоўнага марнавання часу», альбо як да «фармальнага абавязку». Яшчэ адной магчымай інтэрпрэтацыяй гэтай з’явы можа быць стаўленне да «дэмакратыі» і яе каштоўнасцей як да ўмоваў альбо сімвалічнага «праязнога квітка» на шляху да заходняга ладу жыцця, альбо проста для жыцця ў іншай краіне свету. У гэтым выпадку можна гаварыць пра тое, што «свабода быць іншым» змяняецца «свабодай быць нікім» [1].
МЕТАДАЛОГІЯ
Спроба аналізу паняцця «дэмакратычны светапогляд» будзе праводзіцца на прыкладах аналізу беларускіх медыяў і інтэрнет-крыніцаў, вынікаў апытанняў студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту ў Вільні, а таксама на падставе параўнання наступных якасных і колькасных паказчыкаў:
· агульнае апісанне дыскурсіўнай плыні;
· прастора і інстытуты яе замацавання;
· сродкі замацавання дыскурсу ў публічнай прасторы;
· распаўсюджанасць дыскурсу ў моладзевым студэнцкім асяроддзі.
«АФІЦЫЙНЫ ДЫСКУРС»
Агульнае апісанне
Дадзены тып дыскурсу характарызуецца агульным разуменнем паняцця «дэмакратыя» як напоўненага наступнымі істотнымі сэнсамі:
· «асаблівы шлях» Беларусі;
· «беларуская мадэль развіцця»;
· «пошук самастойных каштоўнасных падставаў» для развіцця праекту беларускай дзяржавы [2].
Дадзеныя сэнсы з’яўляюцца адлюстраваннем стаўлення афіцыйнай беларускай улады да дэмакратыі і прапанаваных ёю каштоўнасцей як з’явы, якая хоць і з’яўляецца, можа, і істотнай, аднак не першараднай. Так, у падручніку па дзяржаўнай ідэалогіі ў частцы «Светапоглядныя асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» само паняцце «дэмакратыя» з’яўляецца толькі бліжэй да сярэдзіны часткі і разглядаецца як бы паміж іншым.
Такім чынам, вяршэнства закона, плюралізм меркаванняў, шматпартыйнасць, шматстайнасць формаў уласнасці як вызначальныя вартасці ў фармаванні светапоглядных прыярытэтаў грамадзян Беларусі… даюць падставы сцвярджаць аб фармаванні ў грамадскай свядомасці парадыгмы дэмакратычных вартасцяў, палітычнай спеласці і высокім узроўні правасвядомасці…[3]
У апошнія два гады паняцце «дэмакратычны светапогляд» усе больш і больш падмяняецца альбо ў значнай ступені дапаўняецца паняццем «патрыятычнае выхаванне», якое павінна спыніць «палітычны экстрэмізм» і накіраваць маладых грамадзян на шлях рэалізацыі «пазітыўных моладзевых ініцыятыў». Характэрна, што ў якасці пазітыўных ініцыятыў у дадзеным выпадку разглядаюцца тыя, якія «адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі».
Дадзенае ссоўванне сэнсавых значэнняў можа сведчыць пра спробы змяніць матэрыяльную і прымусовую матывацыю падтрымкі афіцыйнай рыторыкі на сімвалічную і светапоглядную, калі студэнцтва насамрэч будзе ўспрымаць афіцыйныя мэсіджы як частку свайго светапогляду. Падстаў дзеля такой змены можа быць некалькі. Перш за ўсё, большая абмежаванасць у фінансавых сродках і меншыя магчымасці выкарыстоўваць ільготы ў якасці «ўдзячнасці» тым студэнтам, хто падтрымлівае ўладу, што звязана з агульным эканамічным становішчам Беларусі. Па-другое, адносна працяглы тэрмін актыўнага распаўсюджання паняццяў і практык афіцыйнага дыскурсу (пачынаючы прыкладна з 2002 г.) на ўсіх ступенях адукацыі, а таксама ў СМІ мог выклікаць змены ў каштоўнасных характарыстыках студэнцкай моладзі. Дадзеная перспектыва падаецца магчымай, паколькі большасць маладых людзей з прычыны свайго сацыяльнага ўзросту (і, перш за ўсё, перыяду сацыялізацыі) не мае аніякіх магчымасцей дзеля параўнання з іншымі ўзорамі. Прывабнасць жа для гэтай групоўкі «апазіцыйных» каштоўнасцей застаецца пад пытаннем.
Разам з тым неабходна падкрэсліць ідэалагізацыю самаго дыскурсу і ўжываных ім паняццяў праз выкарыстоўванне разнастайных інстытуцыянальных падставаў. То бок, існаванне палітычных інстытуцыяў, неабходных дзеля актуалізацыі карысных уладзе паняццяў. Падрабязней гаворка пра гэты феномен пойдзе ў частцы, дзе разглядаюцца прастора і інстытуты дыскурсіўнага замацавання. Цяпер жа трэба звярнуць увагу на тое, што ў якасці інстытуцый для замацавання дадзенага паняцця «дэмакратыя» выкарыстоўваюцца як усе існыя ўстановы (напрыклад, адукацыйныя ўстановы, вайсковая служба, СМІ і інш.), так і новыя інстытуты, створаныя і падтрымліваныя афіцыйнай уладай (БРСМ, структуры па ідэалагічнай працы і г. д.).
Як было паказана раней, моладзь у межах дадзенага дыскурсу ўжывае ў публічным вымярэнні свайго жыцця прапанаваныя з боку ўлады мадэлі ўспрымання палітычнай рэчаіснасці, узнаўляючы чаканыя практыкі лаяльнасці. Будучы аб’ектам уплыву і мэтавай групай моладзевай дзяржаўнай палітыкі, лаяльная да рэжыму студэнцкая моладзь гатовая пагадзіцца на тое, каб рэалізоўваць запраграмаваныя афіцыйнымі ўладамі каштоўнасныя ўстаноўкі дзеля забеспячэння сваіх адукацыйных і сацыяльна-эканамічных правоў. Прыкладам такога роду «пагаднення» можа быць удзел у мерапрыемствах БРСМ як умова рэкамендацыі з боку БРСМ на зніжэнне платы за навучанне ў ВНУ, рэкамендацыі з боку адміністрацыі ВНУ (пры ўмовах лаяльнасці) пры працаўладкаванні і г.д.
ПРАСТОРА І ІНСТЫТУТЫ ЗАМАЦАВАННЯ АФІЦЫЙНАГА ДЫСКУРСУ
Прастора, у якой распаўсюджваецца афіцыйнае разуменне паняцця «дэмакратычны светапогляд», па межах прыкладна супадае з інфармацыйнай прасторай Беларусі, а таксама ахоплівае шэраг адукацыйных і грамадзянскіх інстытуцыяў, сярод якіх неабходна вылучыць:
1. адукацыю: увядзенне абавязковага ідэалагічнага элементу;
1.1. вышэйшыя навучальныя ўстановы: кантроль лаяльнасці, праца ўладавых структураў з адміністрацыямі універсітэтаў, а таксама абмежавальныя і забарончыя практыкі (выключэнне з ВНУ, права адсылаць на вайсковую службу адлічаных паводле палітычных матываў студэнтаў) [4];
2. заканадаўчыя ініцыятывы і заканадаўчую базу для замацавання «ідэалагічна слушных» паняццяў. Адным з найбольш яскравых прыкладаў з’яўляецца Рэспубліканская праграма «Моладзь Беларусі», а таксама мерапрыемствы для яе рэалізацыі;
3. ідэалагічныя ўстановы: курсы па ідэалогіі, стварэнне суполак для ідэалагічнай працы з моладдзю;
4. СМІ, якія забяспечваюць трансляцыю і рэтрансляцыю асноўных вымярэнняў стварэння сэнсаў;
5. утварэнне і развіццё «псеўдаграмадзянскіх» (фэйкавых (ад fake — падробка (англ.)) лаяльных моладзевых арганізацый (БРСМ).
СРОДКІ ЗАМАЦАВАННЯ АФІЦЫЙНАГА ДЫСКУРСУ Ў ПУБЛІЧНАЙ ПРАСТОРЫ
Дзеля замацавання дадзенага тыпу дыскурсу ў публічнай прасторы выкарыстоўваецца шэраг сэнсавых і інстытуцыяналізаваных сродкаў. Гаворачы пра першыя, трэба згадаць:
· Трансляваны афіцыйнымі ўладамі вобраз моладзі як асновы «будучыні нацыі». Так, дастаткова тыповым прыкладам ужывання гэтага вобразу з’яўляецца стаўленне да моладзі ў дакуменце пад назвай «Асноўныя напрамкі рэспубліканскай праграмы «Моладзь Беларусі», дзе гаворыцца:
Увасабленне ў жыццё палажэнняў праграмы таксама дазволіць умацаваць здароўе і павысіць узровень фізічнай падрыхтоўкі моладзі, адрадзіць вартасць і значнасць сям’і ў грамадскай свядомасці, умацаваць сям’ю, павялічыць нараджальнасць, кансалідаваць грамадскі маладзёжны рух у мэтах пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі.
· Супрацьпастаўленне лаяльнай уладзе (альбо ўспрыманай у дадзенай якасці) моладзі «афіцыйнай» — моладзі «апазіцыйнай». Прыкладам можа быць паўтораная шэрагам інфармацыйных агенцтваў выказванне А. Лукашэнкі:
Скажу шчыра, што апазіцыя, якая існуе за замежныя грошы, — гэта не апазіцыя, а баявыя атрады для правядзення чужых інтарэсаў і палітыкі ў нас у краіне.
Сімвалічна, што дадзенае выказванне было агучана менавіта падчас сустрэчы з студэнтамі БДУ.
· Прыўнясенне ў светапогляд моладзі і студэнцтва дзяржаўных навучальных установаў дыхатаміі «свой-вораг», у якой ворагам можа быць не толькі ўнутраная альбо замежная апазіцыя, але і альтэрнатыўныя інтэрпрэтацыі паняцця «дэмакратыя» і «дэмакратычнае развіццё». Так, пасля закрыцця Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску А. Лукашэнка заявіў, што ЕГУ ў Мінску спрабаваў выхаваць
новую беларускую эліту, якая павінна была б з цягам часу прывесці Беларусь на Захад. Выйшла, што заходнікі ў цэнтры Мінска рыхтуюць будучых кіраўнікоў, эліту. …Іх папярэджвалі, што ў гэтай ВНУ павінны рыхтаваць студэнтаў так сама, як у Брэсце і Мінску. Калі не, то нам такая ВНУ не патрэбная.
Аналітычная значнасць гэтага выказвання ў тым, што праведзены і артыкуляваны падзел паміж «правільнымі» студэнтамі і «няправільнымі», якія адпаведна выхоўваюцца «добрымі» дзяржаўнымі альбо «благімі» праеўрапейскімі ВНУ, а таксама тымі светапогляднымі ўстаноўкамі, якія яны прапануюць моладзі.
У якасці інстытуцыяналізаваных сродкаў рэалізацыі дадзенага тыпу дыскурсу і яго каштоўнасных паняццяў ужываюцца наступныя. Перш за ўсё, фінансавая і метадычная падтрымка праўрадавых моладзевых арганізацый (БРСМ) і СМІ (газеты «Переходный возраст», «Зорька», «Знамя юности», радыёстанцыя «Пилот FM»). Па-другое, забеспячэнне функцыянавання інтэрнет-парталаў (напрыклад, «Молодежь Беларуси»). Па-трэцяе, выпуск прома-матэрыялаў (бордаў, улётак, плакатаў і г. д.), якія ўвасабляюць асноўныя сэнсавыя вымярэнні прапагандаваных афіцыйнымі ўладамі каштоўнасьцей. Трэба нагадаць і яшчэ адзін дастаткова істотны сродак — выкарыстанне дзяржаўных СМІ дзеля распаўсюду негатыўнай інфармацыі пра апазіцыйны дыскурс і тую моладзь, якая выкарыстоўвае і падтрымлівае яго. Прыкладамі тут могуць быць сюжэты БТ пра студэнтаў «праграмы Каліноўскага» альбо публікацыі агенцтва БелТА адносна студэнтаў ЕГУ.
Можна казаць пра дастаткова высокую ступень распаўсюджанасці дадзенага дыскурсу, якая забяспечваецца яго інстытуцыяналізаванай прысутнасцю (у той ці іншай форме) амаль ва ўсіх звязаных з выхаваннем і адукацыяй моладзі інстытуцыях, а таксама актыўным ужываннем СМІ. Можна таксама сцвярджаць, што колькасць асоб, якія ў той ці іншай ступені ўключаныя ў дадзены дыскурс, прыкладна супадае (альбо накладаецца) з колькасцю сяброў БРСМ. Цікава, што афіцыйны сайт БРСМ не дае дакладных лічбаў адносна колькасці студэнтаў, якія ўваходзяць у склад дадзенай арганізацыі.
АПАЗІЦЫЙНЫ ДЫСКУРС: АГУЛЬНАЕ АПІСАННЕ
Гаворачы пра ўплыў «апазіцыйных сэнсаў» на моладзь, трэба паказаць іх значна меншыя (колькасна) магчымасці ўплыву як на публічную прастору Беларусі ўвогуле, так і на моладзь як мэтавую групу. Магчымасці распаўсюджваць інфармацыю праз адукацыйныя ўстановы, грамадскія аб’яднанні і медыйныя сродкі дастаткова абмежаваныя, як і сама сфера ўплыву гэтых інстытуцый на беларускае грамадства. Апазіцыйнаму дыскурсу ўласцівая ідэйная (альбо ідэалагічная) неаднароднасць, то бок існаванне шэрагу разнастайных плыняў і суб’ектаў, што ўвогуле можа ставіць пад пытанне саму магчымасць іх аб’яднання. Сярод найбольш уплывовых і акрэсленых можна вылучыць ліберальны, нацыяналістычны і левы (пратэстны) дыскурсы, якія будуць разгледжаныя далей. Пры гэтым мы зыходзім з таго, што
- уключэнне дадзеных дыскурсаў у адну групу носіць дастаткова ўмоўны характар, бо разуменне і інтэрпрэтацыі імі паняцця «дэмакратыя» маюць у сваім фокусе розныя вымярэнні, дзеля аналізу якіх трэба праводзіць асобныя даследаванні;
- разгляд гэтых дыскурсаў у адзінай групе і перспектыве абумоўлены іх пазіцыянаваннем у публічнай прасторы Беларусі. То бок, тым месцам, на якім яны аказваюцца ў выніку іх фактычнай маргіналізацыі, прыдушэння іх афіцыйнымі палітычнымі структурамі;
- найбольш істотным сярод акрэсленых дыскурсаў з’яўляецца нацыяналістычны, у якім паняцце «дэмакратыя» набывае элементы неакансерватыўнага і неаліберальнага вымярэнняў.
Неабходна дадаць, што аналіз вызначаных плыняў ускладняецца яшчэ і тым фактарам, што не ўсе яны маюць відавочных суб’ектаў іх утварэння. Каштоўнасныя асновы дадзенага дыскурсу маюць дастаткова дысперсныя крыніцы ўтварэння і распаўсюджання, што ў значнай ступені перашкаджае даследаванням гэтай прасторы.
Ліберальны дыскурс характарызуецца распаўсюджаннем ідэй еўрапейскай дэмакратыі ў краіне, якая цяпер знаходзіцца па-за межамі Еўрапейскага Звяза. Уплыў на студэнцкую моладзь мае не толькі і не столькі інстытуцыяналізаваны характар, колькі ўспрыманне так званых «еўрапейскіх демакратычных ідэй» як светапогляднай асновы, якая, паміж іншым, можа забяспечыць дастаткова высокі сацыяльна-эканамічны ўзровень жыцця. Моладзь у гэтым выпадку разглядаецца як «актыўная сацыяльная групоўка», якая ў будучыні зможа дабіцца пераменаў у Беларусі на падставе агульнадэмакратычных каштоўнасцей. Пры гэтым студэнты пазіцыянуюцца ў публічнай прасторы менавіта як «носьбіты дэмакратычных ідэй», якія ўспрымаюць і асэнсоўваюць дэмакратычныя ідэі і змогуць данесці іх да беларусаў. Прыкладамі ўжывання і распаўсюджвання менавіта такога стаўлення да моладзі і ўжывання ліберальнага паняцця «дэмакратыя» могуць быць выказванні шэрагу еўрапейскіх палітыкаў падчас сустрэч са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Адзін з прыкладаў — сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента спадаром Потэрынгам.
Кансерватыўна-нацыяналістычны дыскурс альбо нацыяналістычны дыскурс, у падмурку якога таксама знаходзіцца разуменне дэмакратыі як агульнаеўрапейскай каштоўнасці, але побач з гэтым значная ўвага надаецца хрысціянскім і нацыяналістычным каштоўнасцям. Менавіта гэтыя каштоўнасці разглядаюцца і выносяцца ў якасці найбольш істотных для сучаснай моладзі. Прыкладам можа быць праграма «Маладога фронту», у якой адзначаецца:
Базавая каштоўнасць — нацыянальная ідэя. Задачы: пабудова незалежнае дэмакратычнае еўрапейскае дзяржавы, выхаванне новага пакалення й ажыццяўленне духовага Адраджэння ў грамадстве. Светапоглядная сутнасць маладзёвага нацыянальнага руху — найлепшая, самая сучасная беларушчына, заснаваная на хрысціянскіх прынцыпах…
Левы (альбо лявацкі) дыскурс, які таксама падзяляецца ў сваіх інтэрпрэтацыях на: сацыялістычны (сацыял-дэмакратычны), антыглабалісцкі, анархісцкі і г. д. Дадзеныя плыні (перш за ўсе з прычыны сваёй маргіналізаванасці) маюць невялікі ўплыў у студэнцкім асяроддзі. Між тым, менавіта прадстаўнікі дадзенага дыскурсу з’яўляюцца аднымі з найбольш каштоўнасна-арыентаваных, бо існуюць найперш дзякуючы ўпэўненасці ў патрэбнасці той дзейнасці, якую ажыццяўляюць. Што да іхняга разумення і стаўлення да «дэмакратыі», то яно залежыць ад той ідэалагічнай плыні, да якой яны далучаюцца. Напрыклад, беларускія анархісты (арганізацыя «Аўтаномнае дзеянне»)16 , пратэстуючы супраць «спажывецкага грамадства» і «любых формаў улады», увогуле не аперуюць паняццем «дэмакратычны светапогляд», а, калі б і разглядалі яго інтэрпрэтацыі, то ставіліся б негатыўна. Сацыял-дэмакраты (БСДП «Грамада»), і ў прыватнасці, яе моладзевая плынь акцэнтуе ўвагу на сацыяльна-эканамічным вымярэнні дэмакратыі, але ў той жа час выступае з прапагандай абароны палітычных правоў, што было б нетыповым для заходнееўрапейскіх партыяў падобнага кшталту.
ПРАСТОРА І ІНСТЫТУТЫ ЗАМАЦАВАННЯ АПАЗІЦЫЙНАГА ДЫСКУРСУ
Прастора распаўсюджання апазіцыйнага дыскурсу значна меншая ў параўнанні з афіцыйнай плынню. Фактычна ён выціснуты ў дастаткова маргінальную сферу апазіцыйных СМІ і інтэрнет-прасторы, зведзены да ўзроўню асобных груповак моладзі ў межах дзяржаўных ВНУ і праграм для моладзі, якая з палітычных абставінаў не можа працягваць адукацыю ў беларускіх ВНУ і з’язджае ў іншыя краіны (прыклад «праграмы Каліноўскага»). Свайго роду выключэннем тут з’яўляецца ЕГУ, студэнты якога ва ўмовах адсутнасці курсаў па ідэалогіі апынаюцца ў сітуацыі сутыкнення разнастайных палітызаваных дыскурсаў. Неабходна адзначыць дастаткова высокі інтарэс студэнтаў да палітыкі і палітычных падзеяў [5] і стаўленне да такіх базісных дэмакратычных паняццяў, як «абарона грамадзянскіх правоў і свабод» і «неабходнасць удзелу ў прыняцці палітычных рашэнняў» як да найбольш істотных. Разам з тым, існуе відавочны падзел і барацьба паміж разуменнем дэмакратыі як «еўрапейскай каштоўнасці» і «нацыянальнага шляху Беларусі», то бок паміж (як мінімум) дзвюма азначанымі плынямі ў межах апазіцыйнага дыскурсу.
СРОДКІ ЗАМАЦАВАННЯ АПАЗІЦЫЙНАГА ДЫСКУРСУ Ў ПУБЛІЧНАЙ ПРАСТОРЫ
Сімвалічнымі і сэнсавамі кірункамі замацавання «апазіцыйнага» разумення «дэмакратыі» з’яўляецца супрацьпастаўленне «сябра-вораг» у некалькіх вымярэннях. Перш за ўсё, з паняццем «дэмакратыя», якое транслюецца з боку ўлады. Па-другое, з паняццямі, якія ўводзяцца з боку прысутных у самім дадзеным асяроддзі поглядаў. Неабходна адзначыць лепшую (больш якасную?) у параўнанні з «афіцыйным дыскурсам» паводле сваёй формы камунікацыю ў дадзеным кірунку. Нацыянальнае і моўнае пытанні выступаюць як сродкі, так і як каштоўнасныя асновы афармлення дадзенага віду дыскурсу. У значнай ступені вымушанае ўжыванне яскравых сімвалаў, якія ва ўмовах недастатковасці рэсурсаў з’яўляюцца магчымасцю аказваць больш значны ўплыў на моладзевае асяроддзе.
Гаворачы пра распаўсюджанасць гэтага дыскурсу, неабходна адзначыць, што ў параўнанні з афіцыйным дыскурсам колькасць яго прыхільнікаў меншая. Часткова гэта можна патлумачыць абмежаванай колькасцю інстытуцыяў, дзе ён існуе і можа існаваць. Пры гэтым паводле шэрагу знешніх праяваў апазіцыйны дыскурс бывае нават больш відавочны ў параўнанні з афіцыйным (прыклад: падзеі на Кастрычніцкай плошчы пасля прэзідэнцкіх выбараў). Яшчэ адна асаблівасць у тым, што існуе дастаткова моцная падтрымка, найперш фінансавая і арганізацыйная, з боку знешніх палітычных суб’ектаў і ўтвораных імі сэнсаў. Напрыклад, тэлеканал «Белсат», на якім працуюць некаторыя беларускія студэнты, падтрымліваецца шэрагам еўрапейскіх структураў.
АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ДА МЭЙСТРЫНМАВЫХ ДЫСКУРС.
АПІСАННЕ СІТУАЦЫІ
Альтэрнатыўны альбо «абыякавы» дыскурс з’яўляецца адным з найбольш цяжкіх для даследавання, бо амаль немагчыма прывесці нават яго фармальныя (якасныя альбо колькасныя) характарыстыкі. Разам з тым, праз шэраг ускосных паказнікаў можна сказаць, што дадзеная групоўка аб’ядноўвае як студэнтаў дзяржаўных навучальных установаў, так і частку студэнтаў, якія вучацца ў замежных ВНУ. Адзін з асноўных матываў дадзенага дыскурсу — адукацыя без ідэалогіі. Каштоўнасці «дэмакратыі», «свабоды», «актыўнай грамадзянскай пазіцыі» прызнаюцца і вылучаюцца ў якасці істотных і наяўных, але разам з тым яны нібыта не патрабуюць актыўнай дзейнасці альбо нейкага ўплыву з боку грамадзянскай супольнасці. З іншага боку, існаванне «абыякавага» дыскурсу можа азначаць стомленасць маладых людзей ад палітызаванай рыторыкі беларускай публічнай прасторы і жаданне не дапускаць у сваю асабістую прастору аніякіх палітычных паняццяў.
Прастора дадзенага дыскурсу — гэта прастора «няўдзелу», якая ўтвараецца падчас ігнаравання грамадзянскіх актыўнасцяў. То бок, падлічыўшы тое, колькі людзей не ўдзельнічае ў нейкіх звязаных з афіцыйным альбо апазіцыйным дыскурсам мерапрыемствах, можна прыкладна зразумець прастору існавання. У якасці інстытуту можа выступаць амаль што любая інстытуцыя, якая займаецца адукацыяй альбо працай з моладдзю.
Сімвалічны сродак замацавання дыскурсу — пазіцыянаванне сябе як выключэнне з мэйнстрымавых плыняў. Адасабленне ад існуючых у іх вызначэнняў паняцця «дэмакратыя».
Што да распаўсюджанасці дыскурсу ў моладзевым студэнцкім асяроддзі, то атрымаць колькасныя дадзеныя тут дастаткова складана. З іншага боку, няўдзел у грамадскім, а тым больш, палітычным жыцці сведчыць пра існаванне дадзенага настрою і неабходнасць яго аналітычнага ўліку.
ВЫСНОВЫ
Падводзячы рысу пад разглядам пытання пра «дэмакратычны светапогляд» сярод беларускіх студэнтаў, можна зрабіць выснову пра значную палітызаванасць студэнцкага асяроддзя, якая ўтвараецца коштам:
а) дзяржаўнай скіраванасці на ўключэнне ідэалагічнага вымярэння ў адукацыю;
б) існавання апазіцыйнага праекту распаўсюджання каштоўнасцей, сярод якіх «дэмакратыя» і «дэмакратычны светапогляд».
Асноўныя дыскурсы, што існуюць вакол паняцця «дэмакратычны светапогляд», заснаваныя найперш на бінарных супрацьпастаўленнях «сябар-вораг», а таксама «правільнае-няправільнае» разуменне дэмакратыі. Сама пабудова паняцця «дэмакратыя» зыходзіць (прынамсі, у двух асноўных дыскурсах) з іх супрацьстаўлення адзін аднаму. Адным з вынікаў акрэсленага дыскурсіўнага падзелу з’яўляецца ўзнікненне асобнага «маргінальнага» студэнцкага дыскурсу, які, успрымаючы існаванне дэмакратычных каштоўнасцей, ні ў якім разе не імкнецца да іх рэфлексійнага ўспрымання, а таксама не мае аніякіх намераў рэалізоўваць іх на ўзроўні палітычнага дзеяння. Студэнцкая моладзь (у сваёй большасці) незалежна ад дыскурсійных плыняў, з’яўляецца хутчэй сродкам распаўсюджання ідэй, чым сапраўдным суб’ектам утварэння самастойных светапоглядных сэнсаў.
____________________________________________
1. Ігар Бабкоў. Чатыры вэрсіі ідэі свабоды.
2. Основы идеологии белорусского государства: Учебное пособие для вузов. Под ред. С. Князева, С. Решетникова. Минск: Академия управления при президенте РБ, 2004. С. 327—341.
3. Основы идеологии белорусского государства: Учебное пособие для вузов. Под ред. С. Князева, С. Решетникова. Минск: Академия управления при президенте РБ, 2004. С. 355.
4. Тут трэба ўдакладніць, што фармальна ў такіх выпадках выключэнне з ВНУ адбываецца альбо з прычыны «акадэмічнай непаспяховасьці», альбо праз «парушэнне ўнутранага распарадку» ВНУ. Заканадаўчае абргунтаванне прызыву на вайсковую службу ў дадзеным выпадку — артыкул 32 Закону РБ «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».
5. Больш за 60 % пры выбарцы са 133 удзельнікаў апытання.
________________________________________
Тацяна Чуліцкая - палітоляг, выкладчыца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Аўтарская назва тэксту — «Аналіз паняцьця «дэмакратычны сьветапогляд» у дыскурсе беларускіх студэнтаў».
16 сьнежня 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)