Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Лiтаратура
Дом творчасьці
* * *
Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю...
А лепей ня буду.
І табе ня раю.
* * *
Я бачыў сон на кургане:
курган на мне і сьніць мяне,
а матылькі Чжуана-Цзы
сьмяюцца з гэтае шызы.
СОН РОЗУМУ…
Хто сьніў, быццам дзевак клеіў
па ўсіх nightclub’ах сталіцы…
Я сьніў, што я Мендзялееў,
якому сьніцца табліца.
Хто сьніць, быццам ён — газон,
і дзеўка ў спадніцы пройдзе…
Мне сьніцца, быццам я — сон,
які тлумачаць па Фройдзе.
* * *
Ня дай Гасподзь мне страціць клёк.
Не, лепей торба і кіёк…
(пер. Р. Барадуліна)
Ня дай мне, Божа, страціць розум.
Лепш быць галодным і цьвярозым!
Ня дай Гасподзь, каб дах мне зьнесла.
Лепш электрычнае ўжо крэсла!
Ня дай мне, Божа, зьехаць з глузду.
Ўжо лепей кій… шары і лузу!
Ня дай Гасподзь мне стаць вар’ятам.
Лепш аффтара хай пояць йадам!
Ня дай мне, Божа, параноі.
Лепш кляфэліну мне ў сьпіртное!
Ня дай Гасподзь шызафрэніі.
Лепш сам башкой аб камяні я!
Ня дай мне, Божа, у Навінкі.
Лепш маладым памру ад сьвінкі!
Ня дай Гасподзь быць звар’яцелым —
хай галава сябруе зь целам!
ОДА ПАМЫЛЦЫ
Як сьвежых вуснаў без ухмылкі,
Без граматычнае памылкі
Я мовы рускай не люблю.
(пер. А. Куляшова)
Гаворыш беларускай хіба?
А дзе твая памылка, хіба?
Чым багдановічаў і жылак чытаць —
лепш нарабі памылак!
Хутчэй пазбаўся ад граматык,
нашто нам правілы? Зашмат іх!
Не зазірай так часта ў слоўнік,
нашто нам слоўнікі? Ўсё зло ў іх!
Хто без памылак ставіць націск —
ня наш, не беларускі нацык!
Хто піша правільна апостраф —
адправіць на бязьлюдны востраў!
Хто пагарджае мяккім знакам —
даць Нобэль, разам з Пастэрнакам!
Людзей бяз хібаў вымаўленьня
паставіць вораг на калені,
а для сапраўднага змаганьня
патрэбны талент заіканьня!
Мой дзядзька — самых чэсных правіл,
а ўсё таму, што ён картавіў,
і кожнае гучала слова
абавязкова памылкова!
Ня трэба акаць, шмат ня якай —
ніхто табе ня скажа «дзякуй»!
Няхай ніколі цьвёрдым «чэ»
тваю душу не апячэ!
Хай мяккім будзе тваё «эрь»,
як у часы БССРЬ…
Каб забівала твая мова
манкуртаў вусна і пісьмова!
Каб ворагам — пісьмова й вусна! —
было агідна, брыдка, гнюсна!
ДРУЖБА НАРОДАЎ
Спытаўся ў красуні над Віслаю:
«Ці не пра мяне Вы марыце?»
І пыска ў яе стала кіслаю,
як яблыкі ў супэрмаркеце.
Глядзіць пашпартысткаю ў РАЎСе.
Распусьціш хвост — аскубе:
«І як жа ты так здагадаўся,
што не пра цябе?»
* * *
Усе, хто нас кахае ў снах,
наяве пасылаюць нах!
* * *
Адарвалі мішку лапу,
запіхнулі пад канапу.
Усё адно яго ня кіну:
у ім заначка какаіну!
ДЗЬВЕ ЗАГАДКІ ПРА АДНАГО ГЕРОЯ
1.
Узімку і ўлетку
кахае німфэтку.
2.
Улетку і ўзімку
зь німфэткай ў абдымку.
ДОМ ТВОРЧАСЬЦІ
Толькі ў роднай кватэры
напішу (я) бэстсэлер!
У. Арлоў
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Або я тут, або мне вілы!
Я. Колас
Змаганьне за жытло дастала!
Не напішу вам «Капітала»!
К. Маркс
Выселіце з дома —
не пішу пра Тома!
М. Твэн
Толькі ў сваёй роднай хаце
напішу аб Гаяваце!
Г. Лангфэла
Пра піяністку — мне ня ўсё адно! —
не напішу бяз роднага фано!
Э. Елінэк
Пра Пецьку Пустату і вочы Анкі
не напішу бяз роднае тачанкі!
В. Пялевін
Яшчэ б разок мне Болдзінскую восень —
дажыў бы і да лічбы трыццаць восем!
А. Пушкін
Закручу сюжэт (чытач прыпухне),
посуд мыючы на ЎЛАСНАЙ кухні!
А. Крысьці
Зь любімай норкі? Што ж вы робіце?!
Зраблю вас гоблінамі ў «Хобіце»!
Дж. Р. Р. Толкіен
Калі разбурана гняздо,
не дачакаесься Гадо!
С. Бэкет
Няма таго, што раньш было…
Пісьменьнік, барані жытло!
М. Багдановіч
Як апісаць на чужой тэрыторыі
дзесяць вякоў беларускай гісторыі?
Г. Сагановіч
Добра выводзіць рускія літары
у ВКЛаўскім горадзе Піцеры!
Ф. Скарына
Прыемна, калі дом твой — не дурдом!
Кен Кізі.
«Над зязюльчыным гняздом»
Ни строчки
без бочки!
Дыяген
Бяз роднага татамі
ні кніжкі!
Муракамі
Бяз роднай хаты не прышыць і гузіка,
ня тое што — Бябешку і Арбузіка!
Э. Скобелеў
Бяз родных ніў, бяз роднай хаты
пішу я толькі кампраматы!
Ананім
КАЛЯДЫ Ў ДОМЕ ЛІТАРАТАРА
Я паэт, завуся Броўка.
Ад мяне вам — паўлітроўка!
Я паэт, завуць Пэтрарка.
Ад мяне вам — іншамарка!
Я паэт, завуся Дантэ.
Мой прэзэнт зь мяшка дастаньце.
Я паэт, завуся Блок.
Ад мяне вам гэты блог.
Я паэт, завуся Шэлі.
Ад мяне вам вэрмішэлі.
Я паэт Фэрлінгеці.
Ад мяне вам спагеці.
Я паэтка, Зоська Верас.
Ад мяне вам смачны херас.
Я паэт, Пашкевіч Алаіза.
Ад мяне вам шэнгенская віза.
Я паэт, завуся Глобус.
Ад мяне ў прэзэнт аўтобус.
Я паэт, завуся Тарас.
Ад мяне ў прэзэнт «Ікарус».
Я паэт, завуць Пістончык.
Ад мяне вам рыфмы кончык.
Я паэт, завуся Скобла.
Ад мяне вам — піва й вобла!
Я паэт, завуся Быкаў.
Многа выхаваў я фрыкаў.
Я паэт Ня-Памятаю-Хто,
ад мяне вам конь у паліто!
— Я паэт, завуся Колас, я цябе аблаю ўголас!
— Вельмі добра, пан Якуб, бо маглі і выбіць зуб!
ЗА БЕЛАРУСЬ!
Мы вялікія артысты, кожны зорка і вандроўнік,
наш матыўчык прыліпае, нібы муха цэцэ.
На канцэрце для даярак нас пачуе ўвесь кароўнік,
і назаўтра ўся краіна патанае ў малацэ!
Вецер ласкава казыча нашы майтачкі ў палоску,
і на ўсіх пагранзаставах б’е трывогу палітрук.
Як казаў паэт Гамэр Вэнэры Мілоскай,
я ня бачу,
я ня бачу,
я ня бачу вашых рук!
Чуваць зашыбісь нас,
відаць зашыбісь нас!
Выклікай на біс нас,
рабі з нас
бізнэс!
Нашы постэры і дыскі разыходзяцца са сьвістам,
нас на ролі партызанаў запрашаюць у кіно.
Нам зялёныя з чырвоным шыюць тапачкі стылісты,
нам паэты-гімнапісцы пішуць лоўка і даўно!
Мы гучым у вашых сэрцах — ад народзін да паховін!
Альпіністы пад Лагойскам, не вярнуўшыся з гары,
паміраюць з нашай песьняй… Як казаў паэт Бэтховэн,
я ня чую вашых вопле… вашых воплескаў, сябры!
Чуваць зашыбісь нас,
відаць зашыбісь нас!
Выклікай на біс нас,
рабі з нас
бізнэс!
Пець бяз голасу і слыху — цяжка, самі паспрабуйце!
Гэта як мянтам — раманы, але ж пішуцца тамы!
Вашы стомленыя пальцы нас намацваюць на пульце…
Ўсё бліжэй да першай кнопкі… Добры вечар, вось і мы!
Хай зайздросьнікі гавораць, што ня тыя дупы ліжам,
што тры чвэрці нашых зорак па-ангельску зараўлі…
Гэта нашая фанэра пралятае над Парыжам,
каб вярнуцца на Палесьсе, як увесну жураўлі!
Чуваць зашыбісь нас,
відаць зашыбісь нас!
Выклікай на біс нас,
рабі з нас
бізнэс!
_________________________________________________
Андрэй Хадановіч — паэт. Як паведамляе беларуская «Вікіпэдыя», паэзія А. Хадановіча — прыкметная зьява сучаснай беларускай літаратуры, і адрозьніваецца багацьцем і разнастайнасьцю мовы, стылістычнымі экспэрымэнтамі, спалучэньнем дасягненьняў усходнееўрапейскай «кніжнай» паэзіі з элемэнтамі «нізкай» культуры (рок, рэп, гарадзкое прастамоўе).
11 лiстапада 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Жылі-былі...
Аляксей Фралоў прачытае лекцыю для магілёўцаў
Іван Бунін па-беларуску. Прэзентацыя кнігі перакладаў.
Усе абвесткі



Камэнтары(0)