Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Эсэiстыка




Сага аб Палестры

Алесь Белы

Я хачу стварыць новы жанр: Эпітафіі ненапісаным кнігам. Штосьці накшталт праваднікоў па даўно разбураных вайной, вулканам і землятрусам, і ў дадатак залітых вадой, гарадах даўно забытых цывілізацый. Або дзённікаў ненароджаных, праз аборт, немаўлятаў.

Я даволі доўга марыў весці рубрыку рэцэнзента ў салідным тоўстым літаратурным часопісе. Або ў літаратурным дадатку да агульнанацыянальнай газеты, накшталт «Times Literary Supplement». А калі зразумеў, што патрэбных для такой працы кніг у РБ амаль не выдаюць (таму што і не пішуць), дык увесь час хацеў сам напісаць нешта такое, і браўся ўжо быў збіраць матэрыялы і рабіць накіды, для добрых двух тузінаў патрэбных мне кніжак, якія так і засталіся ў чарнавіках, — нейкія гатовыя на 5 %, нейкія на 60 %. Відавочна, што гэтыя нясвоечасовыя кнігі ніколі не будуць напісаныя. І таму я хачу стварыць новы жанр: Эпітафіі ненапісаным кнігам. Штосьці накшталт праваднікоў па даўно разбураных вайной, вулканам і землятрусам, і ў дадатак залітых вадой, гарадах даўно забытых цывілізацый. Або дзённікаў ненароджаных, праз аборт, немаўлятаў. Або, можа, накшталт славутага рэестра сумных маркесаўскіх курваў?

 

Такія кнігі не могуць быць напісаныя і выдадзеныя ў Беларусі. Як на першы погляд — у бліжэйшыя гады, але па пэўным разважанні — ніколі. У такой кнігі няма: матываванага аўтара, зацікаўленага выдаўца, кваліфікаванага рэдактара, разважлівага дыстрыбутара, эрудзіраванага рэцэнзента. На перадапошнім этапе — у кнігарні — няма адукаванага прадаўца, як, зрэшты, няма і самога сучаснага раздробнага кніжнага гандлю, нават у параўнанні з усімі суседнімі краінамі. Але самае галоўнае — у такой кнігі няма чытача, які ўжо нешта ведае па тэме, мае нейкія культурныя «зачэпкі», і хоча скласці ў сваёй свядомасці цэласную карціну пэўнай культурнай з’явы, элементы якой трапляліся яму ў разрозненых, няўзгодненых паміж сабой крыніцах.

 

У гэтым і заключаецца галоўная праблема. Як няма Чытача — дык няма і сэнсу выкладацца, сядзець гадамі ў архівах і бібліятэках, карпатліва зводзіць у адно раскіданыя па выпадковых месцах кавалкі мазаікі, узор якой не намаляваны на скрынцы серыйнага пазла, бо гэтага не ацэніць беларускі чытач — ані сваім кроўным шэлегам, ані гэтак каштоўным для любога творчага аўтара сапраўдным эмацыйным інтарэсам. Такія кнігі ў іншых краінах даўно ўжо напісаныя, у некаторых некалькі дзесяцігоддзяў таму. Час пайшоў далёка наперад, а самае цяжкое ў жыцці — гэта чакаць і даганяць. Святы Аўгустын сказаў некалі, што паміж вяртаннем у школьнае дзяцінства і смерцю не вагаючыся выбярэ апошняе, настолькі глыбока прыніжае гэтае ўсведамленне безнадзейнай адсталасці, неабходнасць у невядома каторы раз заставацца ў абрыдлай вязніцы розуму і волі, на каторы ўжо год, sorry — стагоддзе!

 

Мова? Нельга сказаць, што беларускамоўны чытач РБ лепей падрыхтаваны да ўспрыняцця абстрактных iдэй, чым рускамоўны. Магчыма, нават наадварот, — прафесійна пастаўлены трэцясектарнымі трэнерамі снабізм, характэрны для свядомых, выклiкае з памяцi славутую песню ў выкананнi А. Ярмоленкi: «І не трэба нас вучыць, абуваць у лапці!».

 

І наш Ахілес ніколі не дагоніць чарапаху. Дакладней, некалі дагоніць, адным вялізарным скачком, у той момант, калі ўжо і заходні чытач, або рачэй глядач, у сваёй бясконца глыбокай нірване, назаўжды страціць інтарэс да такіх кніг, да такіх сюжэтаў, рэчаў і лёсаў. Гэты момант ужо недалёка, як сведчыць і звыклы ўжо поспех нашых цудоўных дзетак на «Еўрабачанні»: пакаленне сённяшніх 10—12-гадовых ужо нічым не саступае сваім гламурным заходнім равеснікам. Такія кнігі ніколі не будуць напісаныя, бо гэтым сённяшнім 10—12-гадовым ніколі не заманецца іх чытаць — ані ў 30-гадовым, ані ў 60-гадовым узросце. Як некалі Манголія скочыла ў сацыялізм, мінаючы капіталізм, так сёння Беларусь упэўнена скача ў постмадэрнісцкае Адкрытае Грамадства, мінаючы фазу фальшывай, бунюэлеўскай, дробнабуржуазнай утульнасці. Ці не надыходзіць час нам самім ствараць для Захаду постмадэрнісцкія культурныя мадэлі, як гэта ўпэўнена робіць расійскае «Тату»?

 

А ненапiсаныя кнiгi, будзем суцяшацца, маюць над напiсанымi i апублiкаванымi, прынамсi, тую перавагу, што не зводзяць лясоў-лёгкiх планеты i не павялiчваюць парнiковых выкiдаў у атмасферу. Ну што ж, вось прапаную на суд чытача чарнавы канспект першай з серыi шчаслiва ненароджаных.

 

* * *

 

Даўно заўважыў, што шмат хто з бацькоў-заснавальнікаў беларускай культурнай традыцыі (хаця цяпер шмат хто аспрэчвае іх ролю, пра што крыху будзе ніжэй) быў юрыстам. Калі ласка, вось толькі некалькі імёнаў, для пачатку:

 

— Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, сёлетні 200-гадовы юбіляр — каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда;

 

— Францішак Багушэвіч — выпускнік Нежынскага юрыдычнага ліцэя, шматгадовы судовы следчы, адвакат;

 

— Максім Багдановіч — выпускнік юрыдычнага ліцэя ў Яраслаўлі.

 

Задумаўшыся некалi над гэтым супадзеннем, пачаў шукаць і супастаўляць іншыя факты. Як звычайна, на тле утапічнай мары некалі напісаць кнігу — гэтым разам кнігу пра ролю юрыстаў у паўстанні беларускай нацыянальнай ідэі. На жаль, абмежаваныя магчымасці набываць новыя кампетэнцыі не далі ўсур’ёз даступіцца да гэтай задачы. Не маючы сур’ёзнай падрыхтоўкі ў гісторыі юрыспрудэнцыі, «з наскоку» такой кнігі не напісаць. Прынамсі, мне. Хто з беларускіх гісторыкаў права мог бы ўзяцца за такую — Вячаслаў Шалькевіч, Таісія Доўнар? А стымулы? Глядзіце прадмову. Калi гiсторыю права ў нас яшчэ сяк-так вывучаюць, дык гiсторыя тых людзей, якiя тое права ахоўвалi i дастасоўвалi, — для мяне амаль белая пляма.

 

I папраўдзе кажучы, мяне цiкавяць не толькi тыя, хто ўвайшоў у моцна прэпараваны канон беларускай культуры. Я хачу ведаць, чым жылi i чым дыхалi лiтвiнскiя юрысты XVIII—XIX стст. як карпарацыя ў цэлым. Нават калi яны нiяк не ўдзельнічалі ў Беларускім руху. Хай адны толькi сумленна працавалi паводле сваёй асноўнай прафесii, а iншыя (якiх мо было не так i мала), дзеля нейкага hobby, або нейкiх iншых, больш цi менш высакародных матываў, спрабавалi знайсцi ключ да розумаў i сэрцаў прыгонных сялян. Мне ж карцiць зазiрнуць у мiнулае, якiм яно было насамрэч, i аднавiць тыповую карцiну. Уявiць карпарацыю як пэўны жывы арганiзм. Iх клопаты, рытуалы, прафесiйныя забабоны, анекдоты, фобii. На Захадзе цяпер мода на такiя даследаваннi, якiя прынята называць празапаграфiчнымi. Празапаграфія (ад грэц. Prosopoeia — фiгура ў класiчнай рыторыцы, у якой адсутная або неiснуючая асоба ўяуляецца слухачамi праз яе характарыстыкi) — гэта ўзнаўленне карцiны жыцця пэўнай сацыяльнай групы, чые iндывiдуальныя бiяграфii, кожную паасобку, цяжка прасачыць ува ўсiх падрабязнасцях, шляхам вывучэння вялiкай колькасцi розных прыватных выпадкаў і фіксацыі пэўных агульных заканамернасцяў. Рысы празапаграфічнага даследавання ўтрымлівае, напрыклад, кніга А. Смаленчука пра лiтоўскiх палякаў. Прытым, геаграфiя такога даследавання не мусiла б быць замкнёная ў межах сучаснай РБ, бо моўная, прававая i сiмвальная прастора ў час, пра якi тут вядзецца, была яшчэ адзiнай на ўсёй тэрыторыi былога ВКЛ — i было б цiкава даведацца, якi ўклад унесла нефармальная адвакацкая карпарацыя ў культуру будучай Лiтоўскай Рэспублiкi, пазней таксама ўвагнаную ў пракруставыя рамкi прымардыялiсцкай этнаграфii.

 

Адвакацкая карпарацыя Рэчы Паспалiтай неафiцыйна называлася палестра. У Старажытнай Грэцыі так называлі школу барацьбы і боксу (ад pale — барацьба), а ў эпоху залатых шляхецкiх вольнасцяў назву ўжывалi да тых, хто займаўся прадстаўленнем у судах чужых iнтарэсаў на прафесiйнай, платнай аснове. Са свядомасцi польскага грамадства тэрмiн нiколi не знiкаў — i сёння прафесiйны часопiс польскай адвакатуры мае назву «Palestra». А што гэтае слова кажа паспалiтаму беларусу?

 

* * *

 

Улады Маскоўскай дзяржавы, а потым Расiйскага царства, i ўрэшце — імперыi, заўжды былi настроеныя скептычна ў дачыненнi да пiсанага права, асаблiвую ж непрыхiльнасць выклiкала ў iх адвакатура. Кажуць, калi Пётр I у 1698 г. наведаў Англiю, дык у Вестмiнстэр-Холе быў здзiўлены шматлiкасцю тамтэйшых «праўнікаў», у мантыях i парыках, саркастычна паведамiўшы аслупянелым англiчанам, што ўва ўсёй Расii толькi два прафесiйныя юрысты. Прычым адзiн з iх, маўляў, ажэнiцца з шыбенiцай адразу ж па вяртаннi цара-цеслi дадому. Кацярына II, якая руплiва, кавалак за кавалкам, збiрала землi былой Рэчы Паспалiтай, думала рыхтык так сама. «Адвакаты i пракуроры ў мяне законнасць не вызначаюць (не законодательствуют) і вызначаць яе (законодательствовать) не будуць, пакуль я жывая, а пасля мяне будуць наследаваць мае прынцыпы». Сапраўды, так i здарылася. Мiкалай I, той самы, што задушыў паўстанне 1831 г., зачынiў Вiленскi унiверсiтэт i скасаваў Унiю, разбурыўшы пры тым «вiнаватае» ў ёй Берасце, рэзка пярэчыў князю Галiцыну, якi прапаноўваў увесцi адвакатуру: «пакуль я буду цараваць, Расii не патрэбныя адвакаты. Пражывём i без iх». Таму Лiтва, з яе шакуюча адрознымi прававымi традыцыямi, не магла не раздражняць цара-салдафона, i абсалютна заканамерна, што Лiтоўскi статут пры iм перастаў дзейнiчаць: у 1831 г. ва ўласна Белай Русi, г. зн. у Прыдняпроўi, а ў 1840-м i ў самой Лiтве.

 

Шок, агiда i роспач лiтвiнаў ад гэтага бясконцага шэрагу балючых абразаў для нашчадкаў захавалi нашы славутыя лiтаратурныя творы. Самы славуты з iх — «Пан Тадэвуш» Адама Мiцкевiча, гэта паэма пра юрыдычны казус, напiсаная з веданнем, нават са смакаваннем, усiх нюансаў юрыдычных працэдур старой Лiтвы. Дык жа аўтар, сын паважанага наваградскага адваката, столькi чуў гэтых гiсторый у дзяцiнстве ад бацькi! Якi, дарэчы, быў настолькi паспяховы i ганарысты, што цi не першым у сталiцы ваяводства пабудаваў прыватную цывiльную мураванку — «адвакацiшка» выперадзiў магнатэрыю, заставiўся а паставiўся!

 

А вось i яшчэ адзiн лiтаратурны твор часу Мiкалая I «Палкiна», i iзноў — своеасаблiвы юрыдычны казус. Дакладней, пародыя на юрыспрудэнцыю, увасобленую ў станавым прыставу Кручкову:

 

Дзярэ каза ў лесе лазу,

Воўк ужо дзярэ казу,

А ваўка — мужык Iван,

А Iвана — ясны пан.

Пана ўжо дзярэ юрыста,

А юрысту — д’яблаў трыста!

 

Iзноў жа, «Пiнская шляхта» не паводле чутак напiсаная. А вось цiкава, цi выпадкова Вiнцэнт Дунін-Марцінкевіч перапынiў кар’еру дробнага судовага клерка ў 1840 г., пераехаўшы ў вёску — у тым самым годзе, калi Лiтоўскi статут канчаткова страцiў моц у імперыi? Што канкрэтна, у дэталях, значыла скасаванне дзеяння Літоўскага статута? Рэзка знізілася патрэба ў кваліфікаваных юрыдычных кадрах? Або на вуліцу амаль нікога не выкідалі, але юрыспрудэнцыя канчаткова ператварылася ў фарс, і чалавеку, выхаванаму ў лацінскай прававой традыцыі, больш немагчыма было гэта выносіць? Да сораму, маіх ведаў недастаткова, каб адказаць на гэтае пытанне — а яно ж мае нейкі, досыць канкрэтны, адказ. Колькi яшчэ такiх небаракаў засталося без працы ў тым годзе? З юрыстаў — хiба што ў лiтаратары падацца, на прыклад песняра Адама, калi ўжо ўсё адно не плацяць. Ну i калi ласка — яшчэ прыклад з гэтага ж шэрагу: наваградскi адвакат Iгнацы Яцкоўскi, таксама ўблытаны ў паўстанне 1831 г., цi то публiкатар, цi то нават сапраўдны аўтар верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы», якi звычайна прыпiсваюць П. Багрыму. Вось так: магчыма, беларуская нацыянальная свядомасць сапраўды паходзiць ад патранаванай расiйскiм Генштабам этнаграфii; але першыя тэксты новабеларускай, (каб не сказаць — лiтвiнскай) лiтаратурнай традыцыi створаныя не вернымi цару этнографамi, але мяцежнымi лiтвiнамi-юрыстамi! I карпарацыя iх, палестра, не вымерла з палкiнскiмi рэпрэсiямi.

 

А вось яшчэ адно блiскучае, хаця i незаслужана забытае iмя — лепяльчанiн Язафат Агрызка (1825—1890). Не проста юрыст, але i публiкатар поўнага зводу законаў Рэчы Паспалiтай «Volumina Legum». За што i паплацiўся: уцягнуты ў паўстанне 1863 г. досыць павярхоўна, але дэмагагiчна абвiнавачаны што «Volumina Legum», навуковае выданне, на тое i друкавалася ў Пецярбургу, каб паслужыць пасля перамогi зводам законам адноўленай Польшчы! Небарака атрымаў смяротны вырок, у апошнi момант заменены сiбiрскай катаргай. А сапраўдная прычына нямiласцi была зусiм iншая: за колькi гадоў да таго Агрызка, з уласцівай яму прыдзiрлiвай юрыдычнай дакладнасцю, выкрыў карупцыйныя аферы будучага ўсмiрыцеля Лiтвы i Польшчы Мураўёва. Так i не «расхлябаўся» Агрызка са сваiм праўдалюбствам да самага канца жыцця. У 1866 г., падчас гэтак званага Акатуйскага бунта сібірскіх катаржанаў, у ягонай камеры наглядчыкі знашлi восем старонак нататак алоўкам з асуджэннем Нерчынскай адмiнiстрацыi, якая адмаўляла ў сваёй практычнай дзейнасці «ўсе агульначалавечыя i хрысціянскія правы ссыльных». Каменданта нерчынскiх заводаў Варанцова ўразіла, наколькі юрыдычна беззаганна былi напісаныя гэтыя нататкі. Натуральна, Агрызка з яго юрыдычнай адукацыяй i вялікім досведам працы ва ўрадавых установах стаў для яго ледзьве не найбольш небяспечнай фiгурай. I, дарэчы, не выпадкова следчыя, якія расследавалі гэты iнцыдэнт, зрабілі пасля такую выснову:

 

Галоўным завадатарам усіх беспарадкаў у Акатуеўскай турме ёсць... Агрызка, які паміж палiтычнымі злачынцамі карыстаецца вялікай павагай i маральным уплывам.

 

І нават у 1883 г., калi новы цар Аляксандр III памілаваў Язафата Агрызку і той нарэшце атрымаў пашпарт на свабоднае пражыванне па ўсёй Расійскай імперыі, новы генерал-губернатар Анучын загадаў забраць у Агрызкі ўжо выдадзены яму пашпарт. Анучын меркаваў, што міласцівы царскі маніфест тычыўся толькі палякаў, а Агрызка быў беларусам — і тым самы, «здраднікам удвая большым».

 

* * *

 

Да сярэдзіны 1850-х грамадская думка Расійскай імперыі даспела да неабходнасці эканамічных, адміністрацыйных і іншых рэформаў, чаму спрыяла і ганебнае паражэнне ў Крымскай вайне. Смерць Мікалая І «Палкіна» зрабіла гэтыя рэформы магчымымі. Закон аб заснаванні судовых статутаў, грамадзянскага i крымiнальнага судаводства, падпісаны Аляксандрам II 20 лістапада 1864 г., паклаў пачатак вялікай судовай рэформе, якая карэнным чынам змяніла «прававы клімат» у Расійскай імперыі і зрабіла магчымай як эмансіпацыю шырокіх пластоў насельніцтва, вызваленых ад прыгоннай залежнасці, так і бурлівы эканамічны рост. Пачатак чыгуначнага будаўнiцтва, з’яўленне акцыянерных таварыстваў i фiнансавых устаноў быццам аўтаматычна патрабавалі ўвядзення галоснага, спаборнiцкага суда з удзелам прысяжных засядацеляў, а значыцца — i заснавання саслоўя прысяжных павераных.

 

Звяртае на сябе ўвагу дата афіцыйнага пачатку рэформы: відавочна, што лібералізацыю адкладалі да канчатковага вырашэння польскага пытання. Пакуль авантурнае (асабліва на беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх землях) паўстанне 1863—1864 гг. не было разгромленае, «адпускаць лейцы» было немагчыма. Крах паўстання і ўсёй той эканамiчнай i культурнай мадэлі, якая стаяла за гэтай роспачнай спробай захаваць намаляваную ў «Пану Тадэвушу» ідылію, не даў Беларусі і Літве скарыстацца плёнам рэформаў у поўнай меры. Тая праслойка, якая б магла атрымліваць ад іх карысць, і назапашваць фінансавы, тэхналагічны і гуманітарны капітал для ўсяго краю, знаходзілася пад цяжарам справакаваных авантурай рэпрэсій, а часова камандзіраваныя ў край імперскія чыноўнікі, адчуваючы нетрываласць свайго становішча, былі заклапочаныя найперш уласным абагачэннем.

 

Аднак, парадаксальна, ці не самыя славутыя старонкі ў гісторыю расійскай судовай рэформы ўпісалі менавіта выхадцы з літвінскай і беларускай палестры. (Але не дома, не ў Лiтве i Лiтоўскай Русi.) Дзiва што, адкуль было самой Расii, без анiякiх традыцый адвакатуры, узяць адпаведныя кадры? Вось i падсаладзiлi пiгулку некалькiм сотням цi тысячам беспрацоўных (пашанцавала яшчэ, што жывым) лiтвiнаў, даўшы магчымасць ужыць паводле прызначэння мазгi, натрэнiраваныя многiмi пакаленнямi студый Лiтоўскага статута. Сярод зорак расiйскай адвакатуры таго часу выдзяляюцца, памiж iншым, ураджэнец Рэчыцы Уладзімiр Спасовiч (1829—1906) i Фёдар Плявака (1842—1908), якi нарадзiўся ў Арэнбургскай губерні, але быў пазашлюбным сынам лiтвiна, што шукаў царскага хлеба ва ўральскiм стэпе пасля падаўлення папярэдняга паўстання, 1831 г. На рахунку Плявакi дзесяткi блiскуча паспяховых грамадзянскiх i крымiнальных спраў, i, мiж iншым, пераклад на рускую мову i выданне курса рымскага грамадзянскага права Пухты. Спасовiч жа ўвогуле праславiўся не толькi як практыкуючы юрыст, але i выкладчык, якi падрыхтаваў многiя сотнi квалiфiкаваных юрыстаў для імперыi, якой досыць верна служыў, баронячы пры гэтым для польскамоўнай культуры сваё месца ў тых няпростых варунках. Блiскучы лiтаратурны крытык i публiцыст, выдавец знакавага для польскамоўнай публiкi Расiйскай iмперыi часопiса «Край», Спасовiч прыцягнуў да супрацоўнiцтва ў iм, мiж iншым, i малодшага калегу па прафесii, малапрыкметнага адваката з Вiльнi Францiшка Багушэвiча, якi ўрэшце найбольш праславiўся не як адвакат, а як класiк новабеларускай лiтаратуры. Ды i калега Багушэвiча па вiленскай адвакацкай калегii, Тадэвуш Урублеўскi, «малiмончык наш Тадэўка», зусiм не чужы лiтвiнска-беларускаму слову чалавек. Ну i яшчэ адзiн класiк, выхаваны калi i не беспасрэдна ў традыцыях лiтвiнскай палестры, дык прынамсi, у атмасферы, у якой iмёны Спасовiча i Плявакi былi такiмi сама культавымi, як для савецкiх пiянераў iмёны М. Казея i З. Касмадзям’янскай: Максiм Багдановiч. Мала хто над тым задумваўся, але пэўна ж высокiм iнтэлектуальным i эстэтычным узроўнем ягоных вершаў мы абавязаныя, не ў апошнюю чаргу, добрай юрыдычнай адукацыi. На закладзеным лiтвiнамi рускага падданства цывiлiзацыйным падмурку латва i надзейна было будаваць годную культуру…

 

Але што можа зрабiць нават праведнiк, калi падмуркi разбураныя? Вось i гэтая сцiплая нататка аб лiтвiнскай палестры — не сапраўднае даследаванне, не падмурак нiякi, а хiба толькi шчарбатая цаглiна з яго. Уявiць, якiм мог бы быць той гмах — можна, а прайсцiся ягонымi калiдорамi, населенымi зданямi славутых прадстаўнiкоў лiтвiнскай палестры — нiяк. Спрэчка памiж руска-беларускай этнаграфiяй i польска-лiтвiнскай юрыспрудэнцыяй, такая вострая ў XIX — пачатку XX ст., скончылася татальнай перамогай першай, якая сёння манапольна рэпрэзентуе вобраз некалi культурна неаднастайнага краю. У пераможанага была ўзятая толькi мова, без згадкi аўтарства (бо i аўтарскае права, уласна кажучы — элемент чужынскага лацiнскага культурнага кода), без прызнання выключных заслуг менавiта палестры, а не заходнярускiх этнографаў, у яе кадыфiкацыi. Ды i мову, урэшце, пераможцы таксама адкiнулi як непатрэбную.

 

Валер Булгакаў нядаўна адным з першы звярнуў увагу на пераемнасць, калi не iдэнтычнасць, заходнерусiзму i сучаснай беларускай нацыянальнай iдэi (крыху пазней, у яшчэ больш апалагетычным да заходнерусiзму духу, выказалiся Алег Латышонак i Iгар Марзалюк). Але пра цану, заплачаную за блiскучую перамогу этнаграфiчнай самабытнасцi, звычайна маўчаць, як i пазбягаюць дакладнага вызначэння яе няўдалага канкурэнта. Хаця намёк на гэта можна знайсцi ўжо i ў Булгакава:

 

Акурат тут, у абсягу права, Багушэвіч праводзіць культурную мяжу, якая аддзяляе ягоных наратараў з іх праўнай свядомасцю, развітай Літоўскім статутам і працяглым быццём іх зніклай дзяржавы ў праўнай еўрапейскай прасторы, і карумпаваную, бяздушную расійскую бюракратыю, якая рэалізуе на практыцы якасна іншае паняцце права, пазычанае з усходніх дэспатыяў. Рэгулярнае, цынічнае і бесцырымоннае парушэнне права — лейтматыў творчасці Багушэвіча… Наратар Багушэвіча пастаянна перажывае сацыяльныя канфлікты ў выніку парушэння ўладай права, што вызначае ягонае сацыяльнае жыццё.

 

Вось што было б адным з самых цiкавых раздзелаў ненапiсанай кнiгi пра палестру: дуэль расійскай імперскай акадэмічнай навукi і літвінскай юрыспрудэнцыi за паглядную даму, беларускую нацыянальную ідэю — the winner takes it all!

 

Сапраўды, Багушэвіч перажываў бязлітасны гвалт расійскай, «візантыйска-туранскай», дзяржаўнай машыны супольна са сваім наратарам і быццам бы салідарна з усім парэформавым сялянствам. Безумоўна, ён усведамляў умоўнасць такой пабудовы. Рэальны мужык не меў настолькі развітых апарата лагічнага мыслення і сістэмы этычных катэгорый, каб думаць у такім ключы. (А ці набыў дагэтуль?) Хутчэй за ўсё, гвалт у ягоным успрыманні быў чымсьці безасабовым і безадказным, арганічным, падобным да хваробы, натуральнай смерці або неспрыяльнага надвор’я. Багушэвіч маляваў карціну пажаданай свядомасці мужыка, якая магла б стаць рэальнасцю пры наяўнасці разгалінаванай сістэмы адукацыі. Але «калі б» не з’яўляецца прадметам вывучэння гісторыі.

 

Рэальная гісторыя Беларусі ХХ—ХХІ стст. засведчыла працэс ператварэння беларускага мужыка — прататыпа ідэалізаванага наратара Багушэвіча — у свядомага і паўнапраўнага ўдзельніка «карумпаванай, бяздушнай расійскай бюракратыі». Тым больш што за гэты час сістэме ўдалося цалкам убудававаць любыя віды эканамічнай і духоўнай актыўнасці ў бюракратычны апарат. Любое працоўнае месца зрабілася бюракратычным, фармальным, цалкам пазбаўленым асабістай адказнасці, aле разам з тым — патэнцыйнай прыступкай у бюракратычнай кар’еры, нават калі гэта шараговая рабочая або сялянская пасада. Павышэнне дабрабыту і сацыяльнага статусу магчымае толькі ў выніку прасоўвання па гэтай лесвіцы, а не ў выніку найлепшага выканання абавязкаў на сваім месцы, найлепшай эксплуатацыі індывідуальна даступных рэсурсаў коштам уласных кемлівасці, самадысцыпліны і працавітасці. Упершыню ў масавым маштабе гэтыя якасці беларускага сялянства праявіліся падчас Другой сусветнай вайны, хаця ўжо апавяданне Гарэцкага «Рускі», з папярэдняй вайны, рэзка кантрастуе з ідылічнай пейзанскай вобразнасцю. Яшчэ больш яны ўзмоцніліся ў другой палове ХХ ст.

 

Той традыцыi сага пра палестру не патрэбная….

 

______________________________________

 

Алесь Белы — гісторык. Неўзабаве ў выдавецкай сэрыі "Кнігарня "Наша Ніва" выйдзе яго кніга "Наша страва", прысьвечаная аўтэнтычным беларускім культурным традыцыям.

.


11 лiстапада 2008




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код