Друкаваць Камэнтары (2) Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім
Гронский А. Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. 2008. № 2. Люты. С. 82—87.
Шматлікія артыкулы ў перыёдыцы, навуковых выданнях і, апошнім часам, на інтэрнэт-блогах, аўтары якіх заклікаюць да разбурэння міфа пра Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя, я прачытваў без асаблівых эмоцый. Занадта яскрава праглядалася ў большасці іх яўная палітычная падкладка.
Апошняя такая публікацыя, аднак, здзівіла. Не столькі сваім зместам, колькі месцам надрукавання. Усё ж «Беларуская думка» — афіцыйнае грамадска-палітычнае выданне. Дыскурс «Беларускай думкі» сёння, мабыць, адлюстроўвае афіцыйную лінію беларускай улады. Такім чынам, ідэя «дэканструкцыі» Каліноўскага выйшла на дзяржаўны ўзровень і, можа, нават паспее з’явіцца калі-небудзь у падручніках па гісторыі Беларусі (калі да таго часу гісторыю Беларусі ўвогуле не выведуць з праграмы школьнага навучання).
Па вялікім рахунку, высновы А. Гронскага пра Каліноўскага — не больш як «рэанімэ» старых тэарэтычных палажэнняў савецкага гісторыка Самуіла Агурскага, выказаных яшчэ ў далёкім 1928 г. у кнізе «Нарысы па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863—1917)», якія ў крыху камунізаваным выглядзе паўтаралі высновы работы Васіля Ратча пра Каліноўскага як «самолюбивого безумного мятежника», фанатычнага рэвалюцыянера, які адначасова быў свядомым палякам. Спрабуе А. Гронскі расшыфраваць і гісторыю паўстання міфа пра Каліноўскага, якая, на яго думку, была мэтанакіраванай акцыяй тых, каго ў савецкі час ахрысцілі «нацдэмамі», а цяпер любяць здзекліва называць «адраджэнцамі».
Праўда, і ў гэтай публікацыі можна заўважыць тыя ж супярэчнасці, што былі ўласцівыя папярэднікам А. Гронскага. Напрыклад, у адным месцы А. Гронскі піша пра Каліноўскага як пра «рэвалюцыянера-фанатыка», які хацеў бачыць Літву краінай сялянаў, што спавядаюць утапічны сацыялізм, а ў іншым падкрэслівае, што выразна сялянскія, антыпрыгонныя матывы Каліноўскі выкарыстоўваў выключна ў дэмагагічных мэтах. Словам, высновы аўтара грунтуюцца не столькі на фактах, колькі факты падбіраюцца для загадзя падрыхтаваных высноваў. У гэтым аўтар сам становіцца падобным да В. Ластоўскага, выкрываючы яго падкрэслена ненавуковую, публіцыстычную працу пра Каліноўскага.
Пра такое ж «падцягванне» фактаў да высноваў сведчаць і сцверджанні пра этнічнае польскае паходжанне Каліноўскага і яго рэлігійную індыферэнтнасць.
Галоўнай прычынай неабходнасці «дэканструяваць» міф пра Кастуся Каліноўскага А. Гронскі лічыць тое, што «исторические мифы опасны своей поразительной способностью искажать национальное самосознание и менталитет». Маўляў, нацыя не павінна мець міфаў. На першы погляд, надзвычай смелы — і, я б нават сказаў, амбітны мэсідж. Але мала звязаны з гістарычнай рэальнасцю. Еўрапейскія гісторыкі даўно давялі, што адным з галоўных элементаў нацыянальнай свядомасці любога народа з’яўляюцца больш-менш міфалагізаваныя ўяўленні пра тую ці іншую падзею, асобу ці час у жыцці сваёй Радзімы. Адсюль вядуць пачатак легенды пра «залаты век» у сярэднявечным мінулым усходнеўрапейскіх народаў, якія ў ХІХ ст. змагаліся за незалежнасць, на міфах будуецца імперская і нават рэлігійная свядомасць (узяць хоць бы цэлы атрад расійскіх праваслаўных святых, ад Аляксандра Неўскага да цара Мікалая ІІ, сярод якіх шмат людзей, далёкіх не толькі ад святасці, але і ад простай чалавечай сумленнасці). На міфах, прычым зусім нядаўняга часу (узяць хоць бы перыяд 1941—1944 гг.), пабудаваная т. зв. «ідэалогія беларускай дзяржавы». Такім чынам, нацыянальны міф — гэта не пудзіла, якім падае яго спадар Гронскі. Выглядае, што словы пра неабходнасць барацьбы з нацыянальнымі міфамі ўвогуле з’яўляюцца спробай завуаляваць сапраўдныя матывы з’яўлення гэтага артыкула. Першы такі сапраўдны матыў, тое, што ляжыць на паверхні, — канчатковы вывад асобы Кастуся Каліноўскага з кантэксту беларускай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнасці.
«Навуковая» і грамадская матывацыя гэткіх памкненняў зразумелая. У апошнія гады адрадзіўся міф пра Кастуся Каліноўскага ў сіне-зоркавым арэоле падзеяў на плошчы вясной 2006-га. Ды яшчэ пазнейшае заснаванне стыпендыі імя Каліноўскага… Словам, вобразам Каліноўскага занадта актыўна карыстаецца апазіцыя, што не можа не выклікаць негатыўнай рэакцыі ва ўлады. Да таго ж улада не надта прыхільна ставіцца да ідэй, якія прапаведаваў Каліноўскі. Чалавек, які змагаўся з панаваннем Расійскай імперыі, выступаў супраць праваслаўя, занадта падкрэсліваў незалежнасць грамадзяніна ад любой дзяржавы («не народ для ўрада, а ўрад для народа»), успрымаецца як антыдзяржаўнік і цяпер.
У дыскусію адносна пытання, кім насамрэч лічыў сябе Кастусь Каліноўскі, якім імем сябе называў, якой бачыў будучыню Беларусі і ці існавала для яго Беларусь як нейкая асобная тэрытарыяльная, нацыянальная і палітычная катэгорыя, умешвацца не буду. Паколькі пры наяўных сёння, ужо даўнавата адшуканых і ўсяляк даследаваных крыніцах нічога лепшага за «канцэптуальны» артыкул А. Гронскага (дзе на шасці старонках тэксту ці не тузін разоў сустракаюцца выразы кшталту «судя по всему», «видимо», «скорее всего», «во всяком случае») у мяне не атрымаецца. Хаця асабісты погляд на асобу гэтага без перабольшвання чалавека-легенды я, канечне, маю і спадзяюся калі-небудзь яго выказаць. Сёння хочацца звярнуць увагу на іншае. Найперш на тое, кім паспеў стаць для беларусаў Каліноўскі ўжо ў ХХ ст.
Упершыню пра Каліноўскага як беларускага патрыёта напісаў Вацлаў Ластоўскі ў 1916 г. у газеце «Гоман». Пра асобу правадыра паўстання ён, канечне, ведаў і раней, можа быць, праўда, не ў 1910 г., калі друкаваў сваю «Кароткую гісторыю Беларусі». Аднак «Наша Ніва» ў свой час не пісала пра Каліноўскага не таму, што В. Ластоўскі (паводле А. Гронскага) чакаў, пакуль памруць усе ўдзельнікі паўстання, а таму, што роля Каліноўскага ў беларускай гісторыі ў той момант не была належна асэнсаваная бадай нікім. Ды і ці забыліся мы, што «першая беларуская газэта з рысункамі» выдавалася ў тыя гады, калі ў гарадах Беларусі ўзводзіліся помнікі Мураўёву і называліся вуліцы ў яго гонар? А абвяргальнікаў тэзаў аб беларускасці Каліноўскага хапала і ў пазнейшыя дзесяцігоддзі. Як, дарэчы, і людзей, якія гэты тэзіс падтрымлівалі. Успамінаецца, напрыклад, асоба знакамітага віленскага адваката Тадэвуша Урублеўскага, вялікага сябра беларусаў, паляка, які абараняў у судзе беларусаў ад польскай дзяржавы. Маладым чалавекам Тадэвуш наведваў у Парыжы свайго роднага дзядзьку, паплечніка Каліноўскага і героя Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага. І тады вечарамі ў адной з парыжскіх кватэр стары Урублеўскі слухаў беларускія паўстанцкія песні, якія спяваў яго ардынарац, сябра па зброі Кузьма.
У 1920-я гг. пра Каліноўскага шмат пісалі ў навуковых выданнях і перыядычным друку БССР, ставілі пра яго спектаклі, а паэты-маладнякоўцы ўзвялі ягоную асобу ў ранг сімвала народнага гневу і хуткай расправы над ненавіснай ім панскай Польшчай, якая паняволіла ды прыгнятала заходніх беларусаў. Вось, напрыклад, урывак з верша Алеся Дудара 1925 г., фактычна з адкрытым заклікам да вызвалення Заходняй Беларусі:
Не сягоння было і не ўчора,
бо сягоння загоены раны.
не журыся тугой саматканай:
кінуў дзень залатыя кроплі
над заводам, над полем, над лугам...
Кастуся Каліноўскага покліч
сёння зноў — ад Вяллі да Буга.
Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,
выйдуць важыць жыццё і смерць...
Дык гучней гудзіце, заводы,
Каб нудою жыцця не мераць...
Аднак неўзабаве, ужо ў 1929—1931 гг., падчас гучных пагромаў беларускіх «нацдэмаў» ранейшае ўзвялічванне асобы Кастуся Каліноўскага было ацэненае як «нацыяналістычная фальсіфікацыя беларускай гісторыі». Пра правадыра паўстання 1863 г. належала як мага хутчэй забыцца, бо патрыятычна настроеныя беларускія камсамольцы пачыналі ўспрымаць яго як сімвал змагання не толькі з польскімі панамі, але і з русіфікатарамі. Нездарма ўжо ў 1928 г. аўтар цытаванага верша А. Дудар заклікаў накінуць «мураўёўскі гальштук» на шыі бальшавіцкім камісарам, што дзялілі Беларусь у Брэсце і Рызе, называючы іх нашчадкамі Мураўёва.
Адмовіцца ад Каліноўскага аказалася не так проста. Асабліва там, дзе беларусы змагаліся за свае нацыянальныя правы, найперш у перадваеннай Заходняй Беларусі. Пры гэтым трэба адзначыць, што Каліноўскага пазітыўна ацэньвалі прадстаўнікі бадай усіх заходнебеларускіх палітычных плыняў.
Некалькі працаў прысвяціў Каліноўскаму адзін з лідэраў беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Напрыклад, беларускія хрысціянскія дэмакраты ў 1933 г. урачыста адзначылі юбілейныя даты, зьвязаныя з жыцьцём Каліноўскага.
Найбольш цікава аднак тое, што на вышыню сапраўды ідэйна-паэтычнага абагульнення Каліноўскага ўзвялі заходнебеларускія камуністы. Тлумачэнне простае — менавіта камуністы ў даслоўным і пераносным сэнсе былі найбліжэй да Лукішак. З кім, як не з Каліноўскім было параўноўваць сябе маладому паэту-камуністу Максіму Танку, які, толькі выйшаўшы з турмы, блукаў паміж вітрынамі начных віленскіх рэстаранаў. Можна прыгадаць дыялог Максіма Танка і сакратара ЦК камсамола Заходняй Беларусі Мікалая Дворнікава, які адбыўся на віленскім бруку летам 1936 г. і які Танк занатаваў у сваіх «Лістках календара»:
Неспадзявана ён [Дворнікаў] запытаўся, што я ведаю пра Каліноўскага.
— Пацікаўся больш гэтым героем, — параіў мне. — Трэба адбіць яго ў хадэкаў. Каліноўскі — не іх святы, і дарма яны лезуць да яго ў сваякі.
Словы сябра-падпольшчыка выклікалі ў маладога паэта шчырае здзіўленне: «Няўжо ж ён не чытаў разгромных артыкулаў пра паўстанне 1863 г., пра Каліноўскага, якія друкаваліся ў Мінску?» Думаецца, што Дворнікаў гэтыя артыкулы ўсё ж чытаў і добра ведаў афіцыйную лінію КП(б)Б адносна асобы Кастуся Каліноўскага, паводле якой той лічыўся шляхецкім рэвалюцыянерам і польскім нацыяналістам. Аднак разуменне патрэбаў рэвалюцыйнай барацьбы змушала заходнебеларускіх камуністаў адыходзіць ад ідэалагічных штампаў, што накідаліся Мінскам. Беларускаму народу, які змагаўся за свае правы ў польскай дзяржаве, для ўздыму нацыянальнага духу былі відавочна патрэбныя нацыянальныя героі-сімвалы, і Каліноўскі на гэтую ролю падыходзіў. Менавіта таму галоўны герой знакамітай «Песні пра сухар» Валянціна Таўлая камуніст Паўлюк параўноўваецца з міфалагізаваным Каліноўскім-Світкай, які хоча разлічыцца з «белымі», якія здрадзілі паўстанню.
Мікалай Дворнікаў загінуў у пачатку 1938 г. у гарах Іспаніі, змагаючыся з фашызмам у інтэрнацыянальных брыгадах, і там ён, паводле сведчанняў ягоных баявых паплечнікаў, да апошніх дзён жыцця марыў стварыць асобную беларускую нацыянальную роту імя правадыра паўстання 1863 г.
Ва Усходняй Беларусі пра Кастуся ўспомнілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мабыць, усе са школьных хрэстаматый помняць верш Петруся Броўкі, які пачынаўся радкамі: «На Беларусі па вёсках ідуць пагалоскі, з’явіўся Кастусь Каліноўскі». У гэтым вершы Кастусь Каліноўскі — зборны вобраз блакітнавокага партызана-антыфашыста, мсціўцы, які з’яўляўся ў самых нечаканых месцах і заслужана караў акупантаў. І імя Каліноўскага не было пустым гукам. Напісаны ў 1943 г., гэты верш перадрукоўвалі партызанскія газеты. Асобная старонка ў вяртанні імя Каліноўскага — дзейнасць партызанскай брыгады імя правадыра паўстання 1863 г. Брыгада імя Кастуся Каліноўскага пад кіраўніцтвам ленінградскага інжынера камбрыга Вайцяхоўскага была ці не самым актыўным партызанскім злучэннем на Гродзеншчыне і Беласточчыне ў другой палове 1943-га — 1944 гг. Дзесяткі пушчаных пад адхон нямецкіх цягнікоў, сотні забітых гітлераўцаў — такі рахунак дзеянняў беларускіх партызан, ажыццёўленых з імем Кастуся Каліноўскага.
Як бачым, «канструяванне» Каліноўскага як нацыянальнага героя не было прадуктам нацыяналістычнай міфатворчасці. Хутчэй наадварот — ідэя Каліноўскага зноў і зноў рабілася актуальнай акурат у час рэальнай пагрозы для існавання беларусаў. І, трэба сказаць, дапамагала ім. У чым жа тут «небяспека» міфа пра Каліноўскага, пра якую гаворыць А. Гронскі?
Гэта становіцца зразумелым, калі ўважлівей учытацца ў тэкст артыкула:
Для существования нации нужны национальные герои, причём такие, которыми можно законно гордиться. А если этих героев нет — их создают.
Пасыл аўтара вельмі просты: каб была нацыя — трэба герояў. Няма герояў — іх трэба стварыць. А калі наадварот, то калі няма герояў — няма і нацыі. Такім чынам, развянчанне ідэі Кастуся Каліноўскага фактычна можа быць патрактаванае як доказ неіснавання або беларускай нацыі наагул, або прынамсі, беларускай нацыі ў такім сэнсе, у якім мы прывыклі яе разумець.
Спробы выкрасліць Каліноўскага са спісу нацыянальных герояў — толькі малая частка агульнага працэсу стварэння новага вобразу беларускай нацыі. Нацыі, якая вядзе гісторыю нават не ад 1900 ці 1917 гг., але ад падзеяў Вялікай Айчыннай вайны, нацыі без усялякіх інстытутаў грамадзянскай аўтаноміі ад дзяржавы, нацыі, якая павінна быць удзячная дзяржаве за сваё існаванне (а не наадварот). Нарэшце, нацыі, дзе беларуская мова, культура і гісторыя ўсё больш успрымаюцца не як фактар умацавання суверэнітэту, а як непатрэбны баласт. Магчыма, такі гістарычны шлях акурат і наканаваны беларусам?
Жаданне ўціснуць увесь час фармавання беларускай нацыі ў два-тры апошнія пакаленні жыхароў Беларусі падаецца многім прадстаўнікам уладных беларускіх эліт надзвычай зручным, паколькі гэта ўмацоўвае іх уласны «стан валодання». Сфера дзяржаўнай ідэалогіі ўсё больш і больш аддаецца на водкуп асобным «спецыялістам», якія коштам фактычна поўнага адмаўлення ад нацыянальных каштоўнасцей і традыцый спрабуюць стварыць ілюзію аб’яднаных у адзіным парыве грамадства і дзяржавы. Галоўным элементам фармавання гэтай ідэалогіі з’яўляецца жаданне пачынаць гісторыю Беларусі (яе, скажам так, міфічную частку) у 1941 ці 1944 гг., а феномен стварэння беларускай нацыі (як усіх жыхароў сучаснай Рэспублікі Беларусь) весці наагул ад 1994 г.
Дзяржава, узмацняючы свае інстытуты, аслабляе ўнутраны імунітэт грамадства, найперш грамадзянскую супольнасць (калі наагул можна гаварыць пра грамадзянскую супольнасць у Беларусі), і ўпарта не хоча зразумець, што менавіта наяўнасць грамадзянскай супольнасці і нацыянальная свядомасць беларусаў з’яўляюцца асноўнымі гарантамі існавання дзяржавы. Не нейкай канкрэтнай улады, а дзяржавы як такой.
Спробы бескампраміснай расправы з Каліноўскім, ды яшчэ і на старонках афіцыйных ідэалагічных выданняў, я расцэньваю як адмову беларускай улады ад пераемнасці патрыятычных і вайсковых традыцыяў, звязаных з асобай Каліноўскага ўжо ў ХХ ст. Каліноўскі — адна з нешматлікіх постацяў нашай гісторыі, якую нам не прыходзіцца ні з кім дзяліць. Апроч нас, беларусаў, Каліноўскі асабліва не патрэбны ні палякам, ні літоўцам, ні тым больш рускім.
А што ж сам Каліноўскі? Думаю, ягонаму месцу ў «беларускай ідэі» нічога не пагражае. Ён застаецца, так бы мовіць, «для грамадства» ў рамантычным арэоле шляхецкага дзецюка, які пераадолеў стэрэатыпы свайго сацыяльнага асяроддзя і змог — першы і, мабыць, адзіны ў сваім часе — сказаць пра «мужыцкі народ» (яшчэ не беларусы, але ўжо не тутэйшыя) як пра людзей з гісторыяй, гонарам і правам. А дзяржава і тыя, хто сёння яе ўвасабляюць, пра Каліноўскага ўспомняць адразу, калі рэальная небяспека для беларускай дзяржаўнасці прымусіць перакідаць мост у мінулае, і мільёнаў наглянцаваных языкамі ідэолагаў беларускіх партызанаў акажацца для гэтага замала.
Спадару А. Гронскаму хочацца нагадаць пра тое, што нацыянальных герояў ствараюць не палітычныя тэхнолагі і не «канструктары» няісных нацый, якімі вы спрабуце выставіць В. Ластоўскага і іншых. Гэта псеўдааб’ектывісцкі міф, які насамрэч нашмат далейшы ад рэальнасці, чым нават прывідная беларускасць Каліноўскага. Нацыянальных герояў ствараюць абставіны — калі хочаце, нават ворагі… Бо ў патрэбе змагацца за сваю Радзіму і аддаць жыццё за яе, калі ёй здрадзілі яе кіраўнікі й военачальнікі і ў вецер пераўтварыліся словы прыгожых песень пра бясконцае квітненне і вечную перамогу, чалавек шукае апору ў мінулым, якім бы неадназначным і супярэчлівым яно ні было. Ці ж не з’яўляецца асоба Кастуся Каліноўскага, пад імем якога змагаліся беларусы ў ХХ ст. і з палякамі і з немцамі, найлепшым доказам гэтага сцверджання? Ці вы думаеце, што лепшай заменай Кастусю будзе маёр Ветраў?
Горадня, ліпень 2008 г.
______________________
Андрэй Вашкевіч — гісторык, сталы аўтар «ARCHE». Аўтарская назва тэксту «Дэмантаж героя — суровая неабходнасьць ці палітычная замова?».
11 лiстапада 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
+ 1 ГеніюшВерш
Брэнд “Беларусь” – ІІ Што такое “Дзіцячая палітыка”?
Вышаградская летняя школа ў Кракаве
Усе абвесткі



Камэнтары(2)
VadziA:
4 студзеня 2009
З рапарту ґенэрал-маёра В.Ф.Ратча М.Н.Муравьеву «Константин Калиновский с настроением герценовской школы во главе честолюбивейших личностей из красных литвинов настойчиво проводил идею о самостоятельности Литвы. …Он хотел видеть Литву не с возобновленными на новый лад старыми шляхетными традициями, но Литву, которую он мог бы пересоздать с всеобщим уравнением прав и состояний, на новых началах коммунистических бредней, проповедуемых Герценом и К.. …Он понимал дело мятежа в таком смысле, что “топор не должен остановиться и над колыбелью шляхетского ребенка” и что “такой бестолковой башке, как Варшава, нельзя вверять будущую судьбу Литвы”» Каліноўскі: нарадзіўся ў Мастаўлянах, бацькі – Сымон Каліноўскі ды Вэраніка Рыбінская, навучаўся ў Пэтэрбурзе, выдаваўся па-беларуску, прыхільнік вунііі, скуль паляк?
Александр:
24 студзеня 2009
«На самом деле ничего белорусского в деятельности Калиновского не было, а апеллирование к тому, что он писал листовки на белорусском языке несостоятельно только потому, что, например, немцы в период Великой Отечественной войны тоже выпускали листовки на белорусском языке, но немцев не считают ни белорусским патриотами, ни белорусскими националистами» Гронский А. Д. Проблема белорусского национализма в начале ХХ века // Управление общественными и экономическими системами. - 2008. - № 1