Друкаваць Камэнтары (1) RSS

Крытыка




Аб беларускай нацыянальнай ідэі і "беларускай інтэлектуальнай прасторы"

Анатоль Астапенка

На старонках некаторых выданняў некаторыя сучасныя літаратары і палітолагі выступаюць з прэтэнзіяй стварэння так званай «беларускай інтэлектуальнай прасторы» і новага падыходу ў рамках гэтай «прасторы» да нацыянальных праблем. Сярод гэтых творцаў варта адзначыць найперш галоўнага рэдактара «ARCHE» Валера Булгакава, «філёзафа» Валянціна Акудовіча, манаха Пётры Рудкоўскага і іншых.

Выданьні, якія абмяркоўваюцца ў артыкуле:


Булгаков, Валер. История белорусского национализма. — Вильнюс: Институт белорусистики, 2006. — 331 с.


Рудкоўскі Пётра. Паўстаньне Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. — 252 с. (Кнігарня «Наша Ніва»).


Сучасная філасофская думка развівалася на постсавецкай прасторы, і нельга чакаць векапомных твораў, якія б дэманстравалі істотна новыя падыходы да праблемы беларускай нацыянальнай ідэі і нацыяналізму. Аднак на старонках некаторых выданняў (у першую чаргу часопіса «ARCHE») некаторыя сучасныя літаратары і палітолагі выступаюць з прэтэнзіяй стварэння так званай «беларускай інтэлектуальнай прасторы» і новага падыходу ў рамках гэтай «прасторы» да нацыянальных праблем. Сярод гэтых творцаў варта адзначыць найперш галоўнага рэдактара «ARCHE» Валера Булгакава, «філёзафа» Валянціна Акудовіча, манаха Пётры Рудкоўскага і іншых.


Адносна антынавуковага падыходу да праблемы беларускай нацыянальнай ідэі В. Акудовіча я ўжо выказваўся ў артыкуле «Беларускі нацыяналізм: учора, сёння, заўтра» (Дзеяслоў. 2007. № 2 (27). С. 245—254).


У гэтым артыкуле я паспрабую прааналізаваць вартасць поглядаў іншых творцаў «беларускай інтэлектуальнай прасторы» і ў першую чаргу В. Булгакава, які падсумаваў свае творчыя пошукі ў кнізе «История белорусского национализма». Артыкул быў напісаны адразу пасля выхаду кнігі, але з некаторых прычынаў не быў надрукаваны па свежых слядах. Пасля выхаду кнігі П. Рудкоўскага «Паўстаньне Беларусі» і напісання крытычнага артыкула па матэрыялах гэтай кнігі я вырашыў аб’яднаць абодва артыкулы ў адзін пад новай назвай «Аб беларускай нацыянальнай ідэі і «беларускай інтэлектуальнай прасторы».


1. СІКАВЫ БУРБУЛІК, АБО РАЗВАГІ ПА ПРАЧЫТАНЬНІ КНІГІ В. БУЛГАКАВА «ИСТОРИЯ БЕЛОРУССКОГО НАЦИОНАЛИЗМА»


Сапраўды, менавіта такія, што ў загалоўку, пытанні ўзнікаюць, калі пазнаёмішся з кнігай Валера Булгакава «История белорусского национализма». Такое ўражанне, што куды ні глянь, у які час ні зазірні, а беларускага нацыяналізму і беларускага нацыянальнага руху наагул альбо няма зусім, альбо ён непаўнавартасны, нейкі «мужыцкі», ці «прарасійска-прапольскі»... Вось ва ўкраінцаў нацыянальная ідэя ёсць, у палякаў дык наагул па вышэйшым разрадзе, а ў беларусаў нічога вартага, каб прапанаваць Вечнасці, і не назіраецца.


Але пачну спачатку. Згаданая кніга выклікала ў мяне з аднаго боку вялікую цікавасць, бо тэматыка, звязаная з беларускім нацыяналізмам, даўно хвалюе мяне, а з другога боку — выклікала вялікае здзіўленне. Дакладней — тры здзіўленні. Першыя два кідаюцца ў вочы адразу: кніга пра беларускі нацыяналізм напісаная на рускай мове і другое — кошт кнігі, які надзвычай малы для такога аб’ему і якасці выдання. Трэцяе здзіўленне прыходзіць ужо пасля чытання кнігі. Рэч у тым, што змест кнігі не адпавядае яе назве. Пра гісторыю беларускага нацыяналізму, як гэта было заяўлена ў назве, у самой кнізе амаль нічога не гаворыцца.


Аўтар адразу імкнецца ўразіць чытача арыгінальнасцю сваіх думак і, гаворачы тэрміналогіяй, якую вельмі любіць аўтар, — прапануе сваю наратыву беларускага нацыяналізму. Слова «наратыва» чытач будзе бачыць амаль на кожнай старонцы. Згодна з булгакаўскай наратывай, адразу ж мы можам даведацца, што першым беларускім нацыяналістам быў... манархіст, імперскі гістарыёграф і праваслаўны рэакцыянер Міхаіл Каяловіч (с. 41), «чей вклад в «белорусскую национальную идею» был сопоставимым, если не большим, чем Винцента Дунина-Марцинкевича». Вось што напісана адносна М. Каяловіча ў «Энциклопедии имперской традиции русской мысли»:


Профессор М. О. Каялович первым в научной русской литературе исследовал историю русского самосознания... не был заряжен тогда уже набиравшим силу местечковым сепаратизмом, твердо стоял за православие, русское единство.


Кніга М. Каяловіча «История русского самосознания» — настольная кніга любога рускага нацыяналіста, але ніяк не беларускага. Магчыма, аўтар «Гісторыі беларускага нацыяналізму» хацеў нагадаць, што Каяловіч быў з паходжання беларус і некаторыя ягоныя творы тычацца Беларусі — «Літоўская царкоўная унія», «Чытанні па гісторыі Заходняй Расіі». Але ўсе гэтыя творы закліканыя да фармавання ідэалогіі Вялікай Расіі, дзе Беларусі адводзіцца роля правінцыі — «Паўночна-Заходняга краю».


Кніга В. Булгакава складаецца з «Предисловия» (с. 6—14), «Введения» (с. 14—48), трох раздзелаў асноўнага зместу, «Заключения»(с. 270—311) і «Послесловия» (с. 311—331). Цікавы падзел, праўда? А калі ўлічыць, што першы раздзел тычыцца агульных разважанняў пра канцэпцыю нацый і нацыяналізмаў, а трэці раздзел «Ф. Богушевич и миф белорусского возрождения» прысвечаны разгляду творчасці аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры ХІХ ст. Францішка Багушэвіча (як сам аўтар прызнаецца, гэты раздзел узяты з яго кандыдацкай дысертацыі па філалогіі), то на ўсю гісторыю беларускага нацыяналізму застаецца, фактычна, толькі другі раздзел «Первые националисты» (с. 109—190). У гэтыя восемдзесят старонак, канечне, можна ўкласці нейкія тэзісы, але чытач і ў гэтых радках мала што возьме па заяўленай тэме — гісторыі беларускага нацыяналізму.


Нездарма на вокладцы кнігі аўтар змясціў, на першы погляд, не надта прыемныя адносна сябе словы з лекцыі Ю. Барысевіча:


Сергей Дубовец и редактор «ARCHE» Валерка Булгаков... пытаются создать новый канон национальной литературы — из-за этого вычеркивают из истории писателей чуть ли не целыми поколениями...


Я дадам — В. Булгакаў выкрасліў з гісторыі не толькі пісьменнікаў, але і навукоўцаў, гісторыкаў, рэлігійных дзеячоў, палітыкаў — мноства выдатных дзеячоў беларускай гісторыі, культуры і думкі. Ягоную гісторыю сапраўды можна змясціць на васьмідзесяці старонках. І таму зразумелай становіцца вялікая колькасць дадатковых раздзелаў — у выніку кніга атрымалася на ўсе 330 старонак!


Але зазірнем у гэтую звышкароткую гісторыю Булгакава.


Ну, па-першае, ягоная дамадэрная гісторыя Беларусі пачынаецца не з часу Полацкага і Тураўскага княстваў. І не з Вялікага Княства Літоўскага. А з часу расейскага перыяду нашай гісторыі, якая сягае ўжо пачатку ХІХ ст. Так што пра час залатога веку беларускай культуры і пра сапраўдных першых нацыяналістаў — першадрукара беларускага слова Францішка Скарыну, лацінскамоўнага патрыёта Беларусі Міколу Гусоўскага, праваслаўнага дзеяча, кананізаванага царквой Афанасія Філіповіча і ўніяцкага мітрапаліта Язафата Кунцэвіча і многіх іншых — у кнізе пра беларускі нацыяналізм мы не пачуем нічога. Затое мы даведаемся, што на пачатак ХІХ ст. нашая беларуская зямля і беларуская мова былі ў гаротным стане. Як вынікае з шматлікіх цытат, нашую мову ганьбілі ўсе, каму толькі хочацца, — і палякі, і рускія: «варварский язык... смесь более или менее плотная польских выражений и слов с русскими» (с. 109. цыт. паводле Языкава Дз.). На с. 122 аўтар піша: «для него [Адама Мицкевича] белорусский язык был наречием польского». Для Булгакава А. Рыпінскі цікавы не тым, што быў адным з першых рупліўцаў беларускамоўнага пісьменства, а сваім стаўленнем да беларусаў: «Белорусы Рыпинского — убогие, любящие Польшу мужики». А Яну Чачоту беларусы «представлялись полудиким, выпавшим из культурного прогресса племенем» (с. 121).


У заключэнні да кнігі аўтар працягвае ганьбіць беларускі народ (свой родны народ!) з новым уздымам, выкарыстоўваючы ўжо іншых дзеячоў нашай гісторыі. Так, Яну Станкевічу аўтар прыпісвае думкі аб адсутнасці ў беларускага этнасу жыццёвай энергіі і недахопу гаспадарчых рэсурсаў, якіх ледзь хапае для простага ўзнаўлення насельніцтва, а не тое што для культурніцкай дзейнасці. Ці згадваецца польскі даследчык Рышард Радзік, які пра беларускую мову гаворыць як пра «лишенный изящества то ли язык, то ли переходный диалект между польским и русским языками», а таксама падкрэслівае «умственное убожество белорусов». І як апафеоз цытуецца выказванне Эмы Еленьскай «Абстрактные понятия вообще не имеют доступу к их разуму» (с. 289).


Складваецца ўражанне, што аўтар «Гісторыі...» атрымлівае нейкую мазахісцкую асалоду, цытуючы на кожным кроку тэксты аб занядбаным беларускім народзе і іх бяздарнай мове. Чаму аўтар «Гісторыі...» не цытуе цудоўных выказванняў пра нашу мову шэрагу вядомых людзей таго ж часу? «Цудоўнае гэта адгалінаванне славянскай мовы — крывіцкі дыялект!» — гаварыў У. Сыракомля. Ці вось: «Знаёмства з Беларуссю падобнае адкрыццю Новага Свету» (І. Аксакаў). Вось гэта і ёсць штрыхі да беларускай нацыянальнай ідэі. А вось і больш праграмны тэкст з кнігі Доўнара-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выдадзенай у 1919 г., дзе ўжо выразна фармулюецца крэда беларускага нацыяналізму:


Беларусы — гэта бадай адзіны народ (мо толькі апрача палякаў), які з прадвечных часоў жыве ў сваёй старонцы, ніскуль сюды не прыходзіў, дык і не набраўся чужыцкіх элементаў... беларусы становяць найбольш чыстае славянскае племя, захаваўшае і зьверхні выгляд славянскі, і шмат адзнак яго псіхікі і быту.


Вось яна — кароткая гісторыя беларускага нацыяналізму! Гаворачы пра нацыяналізм сваёй нацыі, любы сябе паважаючы нацыяналіст будзе гаварыць пра сваю нацыю толькі ў станоўчым вымярэнні, будзе вылучаць самыя выдатныя рысы сваёй нацыі і памкнецца забыць, ці хоць неяк абмежаваць, адмоўныя выказванні пра свой народ. У Булгакава мы бачым якраз адваротнае. Зразумела, навуковы тэкст павінен імкнуцца да максімальнай аб’ектыўнасці, але ў нашым выпадку назіраецца нейкая гіпербалізацыя, выпукленне негатыва.


Нават параўноўваючы гістарычныя шляхі роднасных нацый — беларусаў і ўкраінцаў, Валер Булгакаў значна перабольшвае спазненне фармавання беларускай нацыі адносна ўкраінскай і дае лічбу адставання: «прыкладна 60—80 гадоў» (с. 303). Будзіцелем украінскага народу прынята лічыць Івана Катлярэўскага (1769—1838), які напісаў выдатную паэму «Энеіда» на ўкраінскай мове ў 1798 г. Аналагічны твор, беларуская «Энеіда навыварат», напісаны быў, згодна Доўнару-Запольскаму, у 1790-я гг., і «ёсць падставы думаць, што беларуская Энеіда з’явілася або самастойна, або нават раней за ўкраінскую» (М. Доўнар-Запольскі. Гісторыя Беларусі. — Мінск, 1998). Аднак цэнтральнай фігурай новай украінскай літаратуры з’яўляецца, безумоўна, «геній і прарок» Тарас Шаўчэнка (1814—1861), чый знакаміты «Кабзар» выйшаў у 1840 г. Але што маем у нас, беларусаў, у той час? Дык у тыя ж 40-я гады ХІХ ст. адбываецца напісанне Дунінам-Марцінкевічам спачатку беларускага лібрэта «Ідылія» (выйшла ў друк у 1846 г.), многіх вершаў, а з 1855 да 1858 гг. выходзяць аж чатыры друкаваныя зборнікі — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны», «Цікавішся? — Прачытай!» і «Беларускі Дудар». Незразумелым і нелагічным з’яўляецца адмежаванне Булгакава ад ключавой фігуры новай беларускай літаратуры ХІХ ст. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Таму, відаць, і паўстае гэтае «адставанне», якога насамрэч няма! Магчыма, колькасна ўкраінская літаратура пераўзыходзіць беларускую, але ж гэта і зразумела, бо сама Украіна пераўзыходзіць Беларусь тэрытарыяльна і насельніцтвам. Аднак працэсы нацыянальнага адраджэння і фармавання нацыі ў нас цалкам аналагічныя. Іншая рэч — цяперашні занядбаны стан нашай мовы і культуры наагул, але гэта ўжо, як гавораць, другая гісторыя.


Але хопіць пра сумнае. Што ж мы маем у пазітыве кнігі «Гісторыя беларускага нацыяналізму»? Найперш грунтоўнае даследаванне творчасці Багушэвіча, што як самастойная каштоўнасць і можа быць выкарыстана гісторыкамі беларускай літаратуры. Акрамя таго, аўтар дае чытачу надзею на перспектывы беларускага нацыяналізму. Ён слушна сцвярджае, што нават поўнае знішчэнне беларускай мовы не азначае краху беларускага нацыяналізму. Трэба пагадзіцца са сцвярджэннем, што нацыянальная ідэнтыфікацыя пасля 1995 г. змясцілася з прац тэарэтыкаў у сферу ппрактычнай дзейнасці. Не адмаўляе аўтар «Гісторыі...» і магчымага адраджэння беларускай мовы. Ён падкрэслівае, што пры дэмакратычным кіраванні ў Беларусі ў культурных расістаў і моўных прыгнятальнікаў будзе мала шанцаў захаваць за беларускай мовай цяперашні яе сацыяльны і функцыянальны статус.


Але эксперыменты эксперыментамі, а да такой вялікай і высакароднай працы, як беларуская нацыянальная ідэя, мінулае і будучыня беларускай нацыі, трэба ставіцца паважна і адказна. Нельга адрываць прымардыяльнага складніка беларускага нацыяналізму ад мадэрнага канструявання нацыі, што яшчэ не завяршылася і ў наш час. Відавочна адно — законы развіцця грамадскай супольнасці аб’ектыўныя і шлях кожнага народа ідзе праз стварэнне нацыі. Не абміне гэты працэс і нас. Але і мы не мусім стаяць у баку ад працэсу гэтай творчасці, і мы павінны быць удзельнікамі гэтага касмічнага працэсу нацыятварэння. Інакш замест гісторыі беларускага нацыяналізму, калі выкарыстаць адну з «каштоўных» знаходак Валера Булгакава адносна беларускай мовы, можа атрымаецца нейкі «сікавы бурбулік»...


P. S. Ужо пасля напісання гэтага артыкула ў адной мясцовай кнігарні аўтар убачыў беларускамоўны варыянт разгляданай кнігі, аднак, я мяркую, ад гэтага сказанае не зменіцца, а некаторыя высновы нават і ўзмацняцца.


2. «ПАЎСТАНЬНЕ БЕЛАРУСІ» П. РУДКОЎСКАГА


Значная частка кнігі («Частка першая. Сінявокая Беларусь з чыровона-зялёным тварам») аддадзеная зусім не патрэбнаму занятку — аналізу кніг-падручнікаў, прысвечаных ідэалогіі беларускай дзяржавы (У. А. Мельник. Государственная идеология Республики Беларусь: Концептуальные основы. — Минск, 2004; Я. Яскевич. Основы идеологии белорусского государства: Мировоззренческие ценности и стратегические приоритеты. — Минск, 2003; Н. Канашевич. Политика. Идеология. Менталитет: Курс лекций. — Могилев, 2003). Усе гэтыя творы напісаныя на замову, прысвечаныя абгрунтаванню правільнасці сучаснага палітычнага курсу ўраду Беларусі і маюць мала агульнага і з філасофскай беларускай думкай, і з беларускай паліталогіяй. Таму мне шкада часу, змарнаванага на «ідэалогію» маладым і перспектыўным манахам-філосафам.


Большую цікавасць мае другі раздзел кнігі «Відарысы новай Беларусі». Адразу відаць, што аўтар «Паўстання...» у свой час быў пад вялікім уплывам Зянона Пазьняка. Ён, праўда, асмельваецца крытыкаваць «патрыярха», але неяк няўпэўнена, па-дзіцячаму. А часам крытыка і неабгрунтаваная.


Так, Пётра Рудкоўскі спрабуе дыскутаваць адносна тэзы «ВКЛ — беларуская дзяржава». Гэтая тэза, як я не аднойчы тут пісаў, зусім і не пазьнякоўская. Так лічыў найперш Мікола Ермаловіч, так мяркуюць і многія іншыя гісторыкі. Рудкоўскі ж піша: «Калі ВКЛ было жмудска-ліцьвінска-рускай дзяржавай, то на якой падставе яго называць «Беларускай дзяржавай?». Сапраўды, калі пагадзіцца з першай часткай гэтага выказвання, то Рудкоўскі мае рацыю. Але навошта манах-філёзаф паўтарае зацяганы міф аб поліэтнічнасці ВКЛ? Трэба заўсёды зыходзіць з фактаў, а не меркаванняў. А факты такія: няма ніякіх пісьмовых сведчанняў пра прысутнасць «жмудскага» элементу ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ, літоўская мова не была дзяржаўнай мовай Княства. Фактычна, няма і літаратурных помнікаў, напісаных гэтай мовай. З таго часу нам засталася ў спадчыну толькі беларуская мова, якая тады звалася «русінскай», альбо «ліцьвінскай». Вядома, ёсць людзі (найперш цяперашнія літоўцы), якім не выгадная такая праўда і якія бароняць тэзу аб тоеснасці тагачаснага тэрміну (ХV—XVI стст.) «ліцьвін» і сучаснага слова «літовец». А тады, прыняўшы такія фантазіі на веру ды яшчэ ўбіўшы ў голаў гэта кожнаму літоўскаму дзіцяці, лёгка прыйсці да ідэі магутнай Літоўскай імперыі, прычым і ў часе (ад ХІІ—ХІІІ стст. і дасюль), і ў прасторы (ад Балтыйскага і да Чорнага мора).


Але ж мы беларусы — і хіба варта нам паўтараюць такую лухту? Аспрэчваць тэзу пра тое, што ВКЛ не беларуская дзяржава, а нейкая жмудзінска-літоўска-руская ці яшчэ нейкая, гэта значыць здраджваць сваёй Радзіме, здрадзіць свайму народу, яго славутаму мінуламу і перспектыўнай будучыні.


І няма тут ніякага «парадокса Зянона», і нельга разводзіць зусім пустыя — а, можа, нават і абразлівыя разважанні пра нейкую выдуманую пазьнякоўскую «Беларускую імперыю», пра што ніколі Пазьняк не казаў. Ці стварыць, напрыклад, праблему існавання «пераходнасці» паміж «ліцьвінам» і «беларусам». Што гэта яшчэ за неандэрталец такі пераходны? Насамрэч гэтыя два тэрміны існуюць для абазначэння аднаго і таго ж этнасу. Але імі карысталіся ў розны час. А спасылка П. Рудкоўскага на В. Булгакава, які, маўляў, паказаў нешта на прыкладзе Ф. Багушэвіча, наагул не вартая абмеркавання, бо Булгакаў не паказаў нічога! Ён толькі выконваў нечы загад дзеля дыскрэдытацыі беларускай думкі. Але пра Валеркаву творчасць я ўжо пісаў.


Насамрэч ліцьвін ёсць ліцьвінам. Гэта жыхар ВКЛ, які гаворыць на беларускай мове, карыстаецца дакументамі, напісанымі на беларускай мове, спявае беларускія песні і жыве згодна з традыцыямі і звычаямі продкаў — г. зн., робіць усё тое, што і цяперашні беларус. А пра жмудзінаў я не магу нічога такога сказаць, не ведаю… Нічога не нясе «выснова» Пётры Рудкоўскага, што «ліцьвін» — гэта «протабеларус», «проталітовец», «протаўкраінец». Можа яшчэ і «протарускі»? Бо «ліцьвін» і «русін» існавалі тады недзе паралельна, і апошні тэрмін таксама азначаў жыхара ВКЛ. Лухта ўсё гэта. Ідучы шляхам такой логікі, можна сказаць яшчэ прасцей: чалавек ці нават Адам — вось сапраўдны «протабеларус».


Хацелася б закрануць яшчэ адзін момант. Пётра Рудкоўскі піша: «канцылярская мова нідзе, бадай, у гістарычных дакументах не называецца беларускай». А якой называецца? Старабеларускай? Ліцьвінскай? Таму, хто быў зацікаўлены прынізіць ролю нашай мовы ў напісанні дакументаў ВКЛ, і трэба было называць мову дакументаў інакш, у розных варыянтах, але толькі не беларускай. І калі мы не сустракаем тэкстаў, дзе не адзначаная іх беларускасць, то нашая задача зрабіць гэта, а не плакацца — «вось той назваў гэтак, а іншы назваў інакш»...


А вось з крытыкай Рудкоўскага (с. 90) пазьнякоўскага бачання расійскага праваслаўя я мушу пагадзіцца. Каля паслухаць Зянона, дык аказваецца, што праваслаўныя гэта наагул не хрысціяне, а нейкія расійскія агенты. «Супрацьпастаўленне хрысціянства хрысціянству — гэта не хрысціянскі занятак», — піша Рудкоўскі, і гэта вельмі слушна.


Ёсць у кнізе шэраг цікавых разважанняў пра Беларусь. Але разам з тым, чытаючы Рудкоўскага, мяне ўвесь час не пакідала адчуванне нейкай «дзіцячасці», наіўнасці ў думках аўтара. Напрыклад, ён любіць цытаваць невядомых, маладых аўтараў. У прынцыпе гэта не забараняецца, але, на жаль, цытаваныя аўтары мала чаго істотнага гавораць на разгляданыя тэмы, бо не маюць на тое ні адукацыі, ні ведаў. Вось, напрыклад, ідзе абмеркаванне ліберальнага нацыяналізму (с. 96). Аднак сутнасць канфлікту паміж нацыянальнай і ліберальнай ідэалогіямі ў кнізе Рудкоўскага чамусьці выкладаюць не спецыялісты-вучоныя, а сацыёлаг А. Манаеў і журналіст Ю. Дракахруст — і не ў сур’ёзных выданнях, а ў самвыдатаўскай газеце «Согласие» за 1990 г. Самае цікавае, што з цытатаў гэтых аўтараў ніяк не вынікаюць тыя глабальныя высновы, да якіх прыходзіць Рудкоўскі: напрыклад, яны, самі таго не ведаючы, развівалі думкі Ісаі Берліна.


Зыходзячы са сваіх назіранняў, Пётра Рудкоўскі прыйшоў да разумення таго, «наконт чаго ўдалося паразумецца беларускім мыслярам і інтэлектуалам». Гэта, аказваецца, — «памежны характар беларускай тоеснасці». Ну, я, напрыклад, заўсёды падкрэсліваў сваю нязгоду з гэтым тэзісам. Можа, я і іншыя яшчэ не дараслі да таго, каб называцца «беларускім мыслярамі і інтэлектуаламі», затое ў Рудкоўскага мы сустракаемся з «глубакадумнымі» выказваннямі нейкай «мысляршы» Вольгі Шпарагі: «Сітуацыя памежжа... набліжае нас да ілюзіі схавання на сваім баку».


____________________________________________


Анатоль Астапенка — палітык, публіцыст. Цікавіцца праблемамі нацыі і нацыяналізму. Некалькі гадоў таму ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор» выйшла яго кніга «Нацыяналізм у сучасным сьвеце».




21 лiстапада 2008




Камэнтары(1)


Монро:

25 лiстапада 2008

Анатолий Остапенко- политик? Не знаю такого политика. Он из БЫВШИХ политиков.


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код