Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Крытыка




Наўздагон

Алег Дзярновіч

Заўвагі на палёх кнігі Анджэя Раманоўскага "Пазытывізм у Літве: польскае культурніцкае жыцьцё на літоўска-беларуска-інфлянцкіх землях у 1864—1904 гадах"

Выданьне, якое абмяркоўваецца ў артыкуле: Romanowski, Andrzej. Pozytywizm na Litwie. Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904. — Kraków: Universitas, 2003. 485 s. (Z prac Katedry kultury literackiej pogranicza Instytutu Polonistyki Uniwersytetu Jagiellońskiego. T. 5).

 


ПАЗЫТЫВІЗМ ВАРШАЎСКІ

 


У 1871 г. журналіст Аляксандар Сьвентахоўскі апублікаваў у варшаўскім выданьні «Przegląd Tygodniowy» артыкул-маніфэст «Мы і вы» [1]. Гэта быў гімн нават ня нейкаму новаму грамадзкаму кірунку, а зусім іншаму грамадзкаму сьветаўспрыманьню. Аўтар прапаноўваў адысьці ад «асабістых раздражненьняў» ды «вызначыць мэты барацьбы». «Вы» ў Сьвентахоўскага — гэта «вялікія, высакародныя, вучоныя, паважаныя, пакрыўджаныя і перасьледаваныя», якія


 

зьнітаваныя паміж сабою тысячамі нябачных ніцяў, падкрадваецеся са сваімі прынцыпамі нясьмела, жадаеце ў літаратуры спакою, нерухомасьці, кажаце ўсім углядацца ў мінуўшчыну, шанаваць нават яе памылкі… Вось вашая заслуга!

 


Сьвентахоўскі дапускаў, што «вы», як і «мы», прагнуць усеагульнага дабра і хочуць яму служыць, але іхны

 


розум страціў пачуцьцё новых патрэбаў, думка лянівая, пазбаўленая жыцьця, круціцца толькі ў коле даўніх мэтаў, а сьвежых распазнаць ня ўмее.

 


У сучасьнікаў не было сумневаў адносна аб’екту крытыкі Сьвентахоўскага — гэта былі ідэі рамантызму і паўстаньняў. Тое, што ў многім вызначыла этас і вобраз палякаў, ставілася пад сумнеў. І якое права меў Сьвентахоўскі, які толькі год перад тым скончыў расейскамоўны Варшаўскі ўнівэрсытэт, так інтэлектуальна зьневажаць сваіх папярэднікаў, што прайшлі праз казацкія нагайкі і гасьцінную Сібір?

 


Натуральна, калі маем на ўвазе сваё грамадзтва, кожны павінен увогуле старацца найперш дзеля ўзросту інтэлектуальных сілаў, дзеля паскарэньня яго [грамадзтва] сьпеласьці, дзеля пабуджэньня яго да працы, веды, зразуменьня свайго становішча і сваіх жаданьняў.

 


Вось гэтае разуменьне «становішча і жаданьняў» тут прынцыповае:

 


Пытаюся, чаго найбольш у той меры зрабілі вы, апекуны сэнтымэнтальнага раману і палітыкі, якая забівае цьвікі ў мазгі?

 


Такім чынам, артыкул Сьвентахоўскага быў маніфэстам варшаўскага пазытывізму, гэткага «бунту мадэрнізацыі». Безумоўна, Сьвентахоўскі рэпрэзэнтаваў ягоную радыкальную плынь. Але новапаўсталы пазытывізм увогуле зьмяняў разуменьне грамадзтва — яно разглядалася як цэльны арганізм, розныя часткі якога мусяць гарманічна супрацоўнічаць. Першапачаткова найбольшае абурэньне крытыкаў выклікала тое, што пазытывізм увогуле прапаноўваў адмовіцца ад ідэі незалежнасьці краю як актуальнай палітычнай мэты.

 


Для польскай думкі пазытывізм — гэта ня проста кірунак у філязофіі і нават не эпоха, а прынцыповая чалавечая пазыцыя [2]. Пра рэалізм жа гаворыцца без энтузіязму, бо гэтае вызначэньне замацавалася за тымі, хто ў ХІХ і ХХ стст. «прымірыўся з рэчаіснасьцю», імкнуўся «не нарывацца», стаў ляяльным грамадзянінам імпэрыі. Для пазытывістаў расейскае панаваньне заставалася чужым і глыбока варожым. Але яны былі праціўнікамі ня толькі ўзброеных паўстаньняў, але і любой рамантычнай адмовы «працаваць на роднай глебе» толькі таму, што палітычным гаспадаром гэтай «глебы» быў расейскі цар ці нямецкі кайзэр.

 


Пазытывісты прапагандавалі ідэі «арганічнай працы», пачынаючы зь «першаасноваў», настойвалі на неабходнасьці разьвіцьця нацыянальнай гаспадаркі, культурных інстытутаў, асьветных установаў — насуперак і чужынскаму панаваньню, і рамантычнаму «ўсё альбо нічога». Такім чынам, пазытывізм быў пра¬грамай «малых справаў», накіраваных на захаваньне і разьвіцьцё нацыянальнага эканамічна¬га патэнцыялу і нацыянальнай культуры. Шматгадовая ўпартая праца пазытывістаў па прымнажэньні нацыянальнага багацьця адбывалася ў няроўнай барацьбе з магутнай стыхіяй русіфікацыі. Хоць гэтая барацьба не выключала падпольных варыянтаў дзейнасьці, пазытывісты рашуча адкідалі мэтады ўзброенага змаганьня ды зь недаверам ставіліся да праяваў храбрасьці толькі дзеля яе самой.

 


Безумоўна, у дэкляраваных зыходных пастулятах пазытывізму мы бачым пэўны мэханіцызм і разумеем, што рана ці позна ён, як грамадзкі рух, быў асуджаны сысьці з сацыяльнай практыкі. Але застаюцца пытаньні: наколькі пазытывізм у свой час меў посьпех? Якія супольнасьці і як зь яго скарысталіся? А якія так яго і не перажылі, не ўвабралі ў свой сацыяльны досьвед?

 


ЦІ ІСНАВАЎ ЛІТОЎСКІ ПАЗЫТЫВІЗМ?

 


Выкладзенае вышэй датычыць гісторыі пазытывізму ў яго мэтраполіі — Каралеўстве (ці Царстве) Польскім, якое знаходзілася пад кіраваньнем Расеі, але нават і пасьля паўстаньняў яшчэ захоўвала пэўныя прыкметы палітычнай аўтаноміі. Як жа было на нашых тэрыторыях, землях Вялікага Княства Літоўскага, складовай часткі былой Рэчы Паспалітай? Ці існавалі тут рэгіянальныя адрозьненьні альбо дадатковыя матывацыі? Адказы на нашы пытаньні зацікаўлены чытач знойдзе ў працы польскага гісторыка літаратуры, прафэсара Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве Анджэя Раманоўскага «Пазытывізм у Літве: Польскае культурніцкае жыцьцё на літоўска-беларуска-інфлянцкіх землях у 1864—1904 гадах». Сёньня Анджэй Раманоўскі зьяўляецца галоўным рэдактарам «Polskiego Słownika Biograficznego». Я мяркую, гэта зусім не выпадкова, што дасьледчык, які займаецца гісторыяй пазытывізму, кіруе выданьнем аднаго з найлепшых біяграфічных выданьняў на сьвеце.

 


Сваю ж чарговую кнігу А. Раманоўскі вырашыў распачаць з парадоксу — першы яе сказ наступны: «Гаворка тут вядзецца ані пра пазытывізм, ані пра Літву». Гэтую шматзначнасьць тэрмінаў аўтар мусіць патлумачыць чытачам — у памеры, уласьцівым Варшаве, альбо нават Галіччыне, пазытывізм у Літве ў 1864—1904 гг. не існаваў «і існаваць ня мог» (с. 15, 451). Папросту не было для гэтага варункаў: не выходзіла тут польская прэса, ня дзейнічаў польскі тэатар, польскія выдавецтвы былі нешматлікія і звычайна ледзьве ліпелі. Такім чынам, за малым выключэньнем, не было дзе тут выдаваць кніжкі, публікаваць тэксты, разгортваць палеміку, ствараць праграмы. І калі пазытывісцкая праграма даводзілася ў Варшаве «праўдай і працай», то ў Вільні і Менску рабілася гэта толькі «працай», альбо — чынам.

 


Мясцовая шляхта разглядала гаспадараньне ў сваіх маёнтках у пасьляпаўстанцкі пэрыяд як арганічнае супрацьстаяньне наступу расіянаў на абшары Вялікага Княства. Як адзначаюць дасьледчыкі, у спалучэньні са спэцыфічна ліцьвінскім стаўленьнем да зямлі гэтае гаспадараньне і было для шляхты рэалізацыяй яе місіі, выкананьнем грамадзянскага абавязку перад Краем [3]. Але ў адрозьненьне ад Каралеўства Польскага, багатыя ліцьвінскія земляўласьнікі толькі ў малой ступені ўспрынялі лёзунгі варшаўскага пазытывізму аб актыўнасьці сярод ніжэйшых станаў грамадзкага арганізму.

 


ЦЯПЕР ПРА ЛІТВУ

 


«Літва» для аўтара азначае Літву гістарычную, альбо Вялікае Княства Літоўскае перад падзеламі Рэчы Паспалітай, — тое, што за расейскім часам называлася «Северо-Западный край» (с. 17). Але ж у сфэру дасьледаваньня трапляюць таксама прылеглыя і павязаныя з ВКЛ тэрыторыі Інфлянтаў і Курляндыі, гэта значыць тэрыторыя Латвіі і часткова Эстоніі. Больш за тое, аўтар са знакам клічніка (вядома, для польскага чытача) адзначае, што да тэмы належаць нават кавалкі Польшчы і Расеі — Беласточчына і Смаленшчына.

 


У кнізе даецца досыць цікавая інтэрпрэтацыя панятку «крэсы», якая не супадае са стэрэатыпнымі поглядамі беларусаў, паўсталымі на працягу ХХ ст. І са¬праўды, Віленшчына не была і не магла быць для Чэслава Мілаша «зямлёй крэсовай». У ХІХ ст. таксама не былі крэсамі ні Горадня, ні Менск. Тое, што мы цяпер успрымаем як нейкую адзнаку другаснасьці, першапачаткова мела цалкам канкрэтны палітычна-геаграфічны сэнс. А менавіта, панятак «крэсы» ахопліваў памежныя тэрыторыі шляхецкай Рэчы Паспалітай, гэта значыць: Віцебшчыну, Магілёўшчыну, Інфлянты, Курляндыю (с. 19). Як люстраны адбітак тэрмі¬ну «крэсы» ўзьнікла вызначэньне «па-за крэсамі» — тэрыторыі, якія перад падзеламі Рэчы Паспалітае ўжо не ўваходзілі ў склад дзяржавы, але на якіх адчуваўся яе культурна-гаспадарчы ўплыў і дзе існавалі сталыя групы жыхароў-выхадцаў з Рэчы Паспалітай (для Раманоўскага — палякі): Рыга, Дорпат (Тарту), Смаленск. (Вельмі цікава, што гэткую ж генэалёгію часам прыпісваюць назьве Ўкраіна — зямлі «ў края» Рэчы Паспалітай, тэрыторыі на яе паўднёвым усходзе. Паступова гэтая назва стала пазначаць цэлую краіну) [4].

 


Але нашыя гістарычна-геаграфічныя падарожжы мы мусім працягнуць, бо для кнігі вельмі важны яшчэ адзін тэрмін — «забраныя землі». Вядзецца пра землі, якія адміністрацыйна-тэрытарыяльна былі адлучаныя ад аўтаномнай часткі Рэчы Паспалітай, вядомай як Каралеўства (Царства) Польскае. Такім чынам, у XIX ст. тэрыторыя даўнейшага Вялікага Княства Літоўскага была «землямі забранымі».

 


Вось тут прыхаваная часьцінка адрозьненьняў паміж «пазытывізмамі». Пазытывізм літоўскі, падобна як і пазытывізм варшаўскі, вучыў жыцьцю ў няволі: «З той толькі розьніцай, што навука гэтая адбывалася ў сытуацыі пазбаўленьня ўсялякай спадчыны, нават мовы» (с. 451). Што яшчэ можна сказаць пра тыя тысячы людзей — мужчынаў, а найперш нават кабет, — якія з мужнасьцю і рашучасьцю пагаджаліся заставацца грамадзянамі другой катэгорыі...

 


Дык што ж здолеў захаваць літоўскі пазытывізм? Напэўна, зямянства — гэта ня проста мясцовая шляхта, а шляхта маёмасная, якая мела фальваркі і сядзібы, што былі асяродкамі гаспадарчага і культурніцкага жыцьця ў правінцыі. А захоў¬ваючы зямянства, пазытывізм літоўскі захоўваў традыцыі былой Рэчы Паспалі¬тай, захоўваў памяць пра гістарычную Літву. Хоць, вядома, гэтая традыцыя падважвалася народжаным літоўскім нацыянальным рухам, які ўжо выказаў прэтэнзіі да палякаў за ўцягненьне літоўцаў у паўстаньне 1863 г., і будучым беларускім. Але супольнасьць гістарычнай Літвы ўсё яшчэ існавала, што выяўлялася і ў шматколькаснай у варшаўскай прэсе пэрыяду пазытывізму карэспандэнцыі «з-над Нёману» і «з-за Нёману» (Эліза Ажэшка, Ян Карловіч), у віленска-менскіх канцэртах Ігнацыя Яна Падэрэўскага. Урэшце, безь літоўскага пазытывізму не паўстаў бы фэномэн Чэслава Мілаша.

 


НАРЭШЦЕ, ПРА ХРАНАЛЁГІЮ

 


Храналёгія тут дапамагае вызначыць, ці былі 1864—1904 гг. самастойным пэрыядам у гісторыі культуры, ці толькі пераходным? Абедзьве крайнія даты маркіруюцца палітычна. 1864 — гэта год заканчэньня эпохі паўстаньняў, гераічных высілкаў і паразаў. Пасьля 1904 г. таксама наступіў новы пэрыяд — лібэралізацыі і эканамічнага ўздыму Расейскае імпэрыі. Сёньня не да канца можна зразумець маштабы пераўтварэньняў, таму варта зрабіць некалькі параўнаньняў — тагачасная Дзяржаўная дума Расеі сапраўды фармавалася на канкурэнцыйнай аснове і дамаглася ў вызначэньні ўрадавай палітыкі куды большых паўнамоцтваў, чым сёньняшні Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусі, а сацыяльнае жыцьцё мела ўстойлівую тэндэнцыю да падвышэньня стандартаў, адрозна ад ска¬рачэньня сацыяльнай абароненасьці ў сучаснай Беларусі. Вось у гэтых камфортных варунках пачатку ХХ ст. і здолеў разьвіцца беларускі праект.

 


Але ж і краёвая ліцьвінская культура, лацінская цывілізацыя і польскі асяродак дасягнулі ў названы пэрыяд сапраўдных посьпехаў:

 


У Заходняй Беларусі, каталіцкай Латгаліі, а асабліва ў Аўкштайці і Жамойці, расейская культура страціла пасьля 1905 г. дамінантныя пазыцыі (хоць, звычайна, захавала і тут сваю прыцягальную сілу) (с. 453).

 


У сутычцы з расейскай культурай бітва адбывалася за само існаваньне — гэткай ступені пагрозы ня ведаў ані рамантызм, ані пазытывізм варшаўскі. За канчатковае ўратаваньне была заплачаная найвышэйшая цана. Літоўскі пазытывізм, выратоўваючы тагачасную мясцовую культуру, што працавала на польскай мове, мусіў яе разам з тым прысудзіць да кансэрватызму. Але яшчэ болей — польскамоўная культура гістарычнай Літвы была асуджаная да правінцыялізацыі. У ХХ ст. на месцы рамантычных «цэнтру пальшчызны» і сэрца Рэчы Паспалітай зьявяцца «польскія крэсы».

 


З гэтага стану рэчаў, зразумела, будуць рабіцца спробы выйсьця. Зьявіцца «краёвая» ідэалёгія, але яна выявіцца маргінальнай. Зьявіцца бальшавіцкая ідэалёгія (паддасца ёй ліцьвінскі шляхціч Фэлікс Дзяржынскі), але яна выявіцца чарговым расейскім імпартам. Гэта дадасьць патэнцыялу нацыянальным літоўскаму і беларускаму рухам, што разглядалі свой край (адпаведна розныя часткі гістарычнай Літвы) як уласную культурную мэтраполію.

 


ЗАМЕСТ ПОСТСКРЫПТУМУ

 


У красавіку 2008 г. у Кракаве, у рэдакцыі «Polskiego Słownika Biograficznego» мне ўдалося шчасьліва спаткацца з Анджэем Раманоўскім і паразмаўляць пра ягоную кнігу. Маё галоўнае пытаньне: «Ці ўсё ж быў літоўскі пазытывізм пасьпяховым?» Аўтар меў тут адназначны адказ: «Не. Бо дзе сёньня там польская культура?!»

 


Я мяркую, такі адказ сапраўды справядлівы з пазыцыі сучаснай польскай культуры. Але калі зыходзіць з інтарэсаў нашага краю, то мусім прызнаць — на ўзроўні вобразаў, а тое і канкрэтных ведаў, памяць пра гістарычную Літву перададзеная нам праз эпоху пазытывізму, якая не дазволіла ў час пасьляпаўстанцкага заняпаду зусім здэградаваць думцы ды адмовіцца ад незалежніцкіх памкненьняў.

 


________________________________________________

 


1. Programy i dyskusje literackie okresu pozytywizmu / Oprac. J. Kulczycka-Saloni. — Wrocław: Ossolineum, 1985.

 


2. Щукин, Василий. Pro et contra «честной чичиковщины» (Рец. на кн.: Romanowski A. Pozytywizm na Litwie: Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904. — Kraków, 2003; Оляшек Б. Русский позитивизм: идеи в зеркале литературы. — Łódź, 2005) // Новое литературное обозрение. 2006. № 1.

 


3. Jurkowski R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza. Warszawa, 2001. S. 82.

 


4. Гл. падрабязьней: Яковенко Н. Нарис історії середньовічної та ранньомодерної України / 2-ге вид., перероблене та розшир. Київ, 2005. С. 20—23.

 


______________________________________

 


Алег Дзярновіч
— гісторык, выдавец. У 2003 г. у выдавецтве «Atheneum» выйшла яго кніга «...in nostra Livonia»: Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцы XV — першай палове XVI стагоддзя: Сістэматызацыя і актавы аналіз» (Том 1). Апошнія кнігі, выдадзеныя пад яго рэдакцыяй: «Нонканфармізм у Беларусі, 1953—1985: даведнік» (Том 1) і «Віцебска-Рыжскія акты XIII—XVII ст. Дагаворы і службовая карэспандэнцыя паміж органамі кіравання горада Віцебска і ганзейскага горада Рыгі (з былога комплекса Ruthenica Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі)». Укладальнік папулярнага зборніка «Найясьнейшая Рэч Паспалітая: Цывілізацыя. Культура. Рэлігія. Палітыка. Авантура. Героіка. Успамін» (2007).




11 лiстапада 2008




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код