Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Крытыка
Памяць ахвяраў і памяць катаў
Катынь (Katyń)
Польшча, 2007, каляровы, 118 хв.
Рэжысэр: Анджэй Вайда
Ролі выконваюць: Артур Жміеўскі, Мая Асташэўска, Анджэй Хыра, Данута Стэнка, Ян Энглерт, Павал Малашынскі, Магдалена Чалецка, Агнэшка Глінска, Мая Камароўска, Уладыслаў Кавальскі, Сяргей Гармаш, Станіслава Цалінска
Апэратар: Павал Эдэльман
Кампазытар: Кшыштаф Пэндэрэцкі
Жанр: Гістарычны рэквіем паводле сцэнара Анджэя Вайды, Уладыслава Пасікоўскага, Пшэмыслава Навакоўскага паводле аповесьці Анджэя Мулярчыка «Post Mortem»
Спачатку быў дым. Ёлкі, цяжкі, густы. Дым, у якім патанула мінулае. Дым вайны поўз над зямлёй, над мостам, над людзьмі, якія з болем углядаліся ў сваё прышлае.
Людзі крычалі й беглі. Адныя крычалі: «Немцы!» — і беглі на Ўсход; другія душыліся ў натоўпе: «Там саветы! Саветы!..»
Дым. Чорная зямля.
Разгубленасьць. Параненыя ля касьцёлу. Сьмерць.
Пад шынялём зьдзёртая з крыжа фігура Хрыста.
З прымача даносіцца ўрачыстая прамова Молатава. «Польшчы болей няма!»
Саюзьнікі — нацыст і чэкіст — схіліліся над мапай.
Палонныя жаўнеры Войска Польскага.
Да аднаго з афіцэраў прабіваецца жонка з дачкой. Але вязьняў ужо саджаюць у эшалёны, якія ідуць на Ўсход.
Героі болей ня ўбачацца. Будзе толькі дым, чорная зямля, якой засыпаюць целы, — і пакутлівае чаканьне.
Нападам Гітлера на Польшчу 1 верасьня 1939 году пачалася Другая сусьветная вайна. Згодна з таемнай дамовай, падпісанай паміж Нямеччынай і Савецкай Расеяй, 17 верасьня ўсходнюю тэрыторыю Польшчы заняла Чырвоная Армія.
Згодна з пастановай Палітычнага Бюро Камуністычнай партыі СССР, падпісанай Сталіным 5 сакавіка 1940 году, увязьненыя польскія афіцэры былі расстраляныя вясной 1940 году ў катынскім лесе, а таксама ў засьценках НКВД у Смаленску, Цьвяры і Харкаве [1].
Гэта адзіны паясьняльны надпіс у апошняй карціне Анджэя Вайды «Катынь». І гэта вельмі асабістая стужка польскага рэжысэра, які доўга не наважваўся брацца за пякучую тэму.
Я мог бы зрабіць фільм пра Катынь, зьвяртаючыся да гісторыі майго бацькі, капітана Якуба Вайды, які загінуў у лягеры, альбо распавядаць пра гэтую падзею з гледзішча маёй маткі, якая чакала ягонага вяртаньня,
— прызнаўся Вайда журналістам, калі прыступаў да здымак.
Мама Анджэя Вайды чакала ягонага бацьку да самай сьмерці. У сьпісе ахвяраў Катыні ёсьць прозьвішча Вайды, але зь імем Кароль (ваенны чын супадаў), і таму мама да апошняга верыла, што муж вернецца.
Так чакаюць сваіх родных і гераіні карціны. Ганна (Мая Асташэўска) спадзяецца ўбачыць свайго мужа Анджэя (Артур Жміеўскі); у інтэлігентнай старой (Мая Камароўска) ён адзіны сын. У жонкі генэрала (Данута Стэнка) зьнібее душа; а дзьве сястры (Магдалена Чалецка і Агнэшка Глінска) ня ведаюць пра лёс брата (Павал Малашынскі).
Бессань, марныя спадзяваньні на званок у дзьверы, выплаканыя ад болю вочы — і туман няведаньня.
Прозьвішчаў ахвяраў Вайда не пазначае (у тым ліку й дзеля таго, каб быць максымальна тактоўным да сем’яў загінулых). Ёсьць імёны, якія супадаюць з імёнамі актораў, і ёсьць абагульненыя вобразы — кожны мае некалькі прататыпаў.
У Казельску, адкуль адправіўся расстрэльны цягнік, было некалькі генэралаў (сярод іх ураджэнец Горадні Браніслаў Багатырэвіч). А вобраз, створаны расейскім акторам Сяргеем Гармашам, абапіраецца на дзьве сапраўдныя падзеі. Так, адзін савецкі афіцэр прапаноўваў жанчыне шлюб, каб выратаваць яе ад дэпартацыі ў Казахстан; другі схаваў польскую сям’ю, калі па яе прыйшлі чэкісты.
Урыўкі зь дзёньніка Анджэя — гэта запісы маёра Адама Сольскага. Рэчы, як сьведкі памяці, граюць вялікую ролю ў фільме Вайды (прафэсійная праца касьцюмераў і мастакоў).
Генэральская шабля, пацеркі, гузікі. «Гузікі. Ад нас застануцца адны толькі гузікі, звычайныя армейскія гузікі!» — ускліквае адзін з герояў. А судовы экспэрт з роспаччу заўважае: «Іх тут болей за ўсё, нават болей за куляў».
Кадры, зьнятыя з поўнай лічбавай апрацоўкай Паўлам Эдэльманам, манумэнтальна-ляканічныя і праўдзівыя ў кожнай дэталі. Нат амаль плякатная сцэна, калі савецкія жаўнеры разрываюць польскі сьцяг на анучы (пякучая згадка і пра беларускую ганьбу), пацьвярджаецца гістарычнымі фактамі.
Карціна Анджэя Вайды — гэта рэквіем па забітых, зьняты ў стрымана-акадэмічных традыцыях польскай школы. Польская школа паказвае лёс людзей праз ваенную трагедыю. Вайда прызнаўся, што для стужкі яму прыйшлося польскую школу рэанімаваць. Надмагільны камень сьлёзаў, болю, жэстаў і позірку, калі на халодную зямлю падае сьнег, — і становіцца зразумела, што блізкі чалавек ня вернецца ніколі. Гэта права на памяць і каята памяці.
Найдакладнейшая акторская гульня, клясычная рэжысура, пранізьлівая музыка Кшыштафа Пэндэрэцкага (хаця яна часам і нагадвае саўндтрэк да фільму «Зьзяньне») служаць гэтаму чалавечаму праву на памяць.
Афіцэры ў разбуранай царкве, дзе іх трымаюць як арыштантаў. Ідзе сьнег на забароненыя Каляды — і натоўп людзей у кадры стварае крыж. Пацеры, споведзь пад прыкрыцьцём савецкай газэты «Правда» — целы будуць зьнішчаныя і ўпотайкі пахаваныя, але душа мае жыцьцё вечнае.
Твары вязьняў перад расстрэлам зьзяюць, як абразы. Ананімна-дзелавітая машына сьмерці. Роў з сотнямі забітых. Бульдозэры, якія зграбаюць чорную зямлю. Дзесяць пакутлівых хвілінаў фіналу — і рука з пацеркамі, якая з магілы цягнецца да неба.
Таталітарныя машыны — савецкая і нацысцкая — дзейнічаюць сынхронна. Фашысты арыштоўваюць выкладчыкаў Кракаўскага ўнівэрсытэту, сярод іх бацька Анджэя (Уладыслаў Кавальскі). Саветы разьмяркоўваюць вязьняў для забойства. Жонка прафэсара атрымлівае з Заксэнгаўзэну скрынку з попелам мужа.
Два таталітарныя рэжымы сьвядома і пасьлядоўна вынішчаюць інтэлігенцыю Польшчы.
Але карціна Вайды зусім не пра тое, як немцы і расейцы мардавалі палякаў (зрэшты, станоўчы герой Сяргея Гармаша — расеец).
Машыны забойства ня маюць нацыянальнасьці — і ня маюць твару. Ніякіх культурніцкіх — чалавечых — адметнасьцяў. Ніякіх гармонікаў, балалаек, сьпеваў, усьмешак. Толькі мундзіры, пісталеты, свастыка — і чырвоныя сьцягі. Гэта чыстае зло — мэтафізычнае і банальнае. І пэрсанажы стужкі падзяляюцца на людзей і вінцікі злой машыны, якая пнецца людзей скарыць і раздушыць.
Але калі гвалт — сэрца зла, то мана — ягоная дымавая заслона.
Прапагандысцкія фільмы пра катынскае забойства, зьнятыя саветамі і нацыстамі, тоесныя ў хлусьлівым патасе. Тыя ж магілы з расстралянымі, чарапы з кулямі, жменька зямлі з Польшчы (у нямецкім варыянце — зямлі з генэрал-губэрнатарства), ксёндз, які адпявае памерлых, — і бадзёры голас дыктара, які гучна абвінавачвае ў забойствах нядаўніх хаўрусьнікаў па расчляненьні Польшчы.
Акурат таму генэральская жонка адмаўляецца выступаць з заяваю на нямецкім радыё (хаця нацысты сказалі праўду, што злачынства зьдзейсьніў Савецкі Саюз). Але яшчэ большае абурэньне выклікае ў яе савецкі фільм, дзе правіны ўзвальваюцца на фашыстаў. «Гэта мана! Гэта хлусьня!» — крычыць яна кіроўцам кінаперасоўнага бартавіка, рызыкуючы трапіць пад арышт.
Стужка Вайды — гэта фільм пра катынскае злачынства і пра катынскую хлусьню. Але гэта ня першы фільм, дзе творца гаворыць пра фальсыфікацыю памяці. Катынскі рэквіем працягвае тэму ключавой стужкі Вайды «Чалавек з мармуру», дзе рэжысэр паказаў убоства таталітарнай прапаганды і мэханізмы, з дапамогай якіх рэжым нявечыць людзей.
Для таталітарных машынаў праўды не існуе, але ёсьць мэтазгоднасьць забойства і патасу. Прыватны чалавечы лёс — толькі нагода (ці перашкода) для ўрачыстага таталітарнага дыскурсу. Чалавек — сыравіна для Молаха прапаганды, які фармуе яго на свой капыл (з мармуру, з жалеза — ці з магільнай гліны, якую забаронена згадваць).
Супрацьпастаўляецца таталітарнай мане толькі прыватная памяць, чалавечая годнасьць, слабы і нязломны дух — бяз зброі, фанфараў, мітынгаў і мундзіраў.
Таталітарная машына пнецца зламаць прыватную чалавечую памяць, падмяніць памяць ахвяраў памяцьцю катаў.
Ёсьць розныя варыянты гэтай падмены — і амаль усе яны прадстаўленыя ў фільме.
Урачыстая памяць катаў, якая не хавае сваіх злачынстваў, — гэта эсэсавец, што разганяе Кракаўскі ўнівэрсытэт. Чорны мундзір, увязьненая прафэсура, ляскат зброі.
Нацысты адкрыта ганарацца злачынствамі і выхоўваюць «радасьць нажа». І яны шчодра дзеляцца гэтай «радасьцю» з сваімі ахвярамі, дасылаючы жывым попел забітых.
Самая «катынская» падробка памяці — гэта глухое маўчаньне і фальшаваньне сьведчаньняў, калі чужыя злачынствы прыпісваюцца іншым.
Ежы, герой Анджэя Хыры, даў фальшывае сьведчаньне пра катынскія забойствы — і застаўся жывы. Ён спадзяецца служыць «новай Польшчы», але сумленьне не дае спакою — і ён страляецца.
Маўчаньня патрабуе і дырэктарка інстытуту, у якой брат загінуў у Катыні. Жанчына зламаная страхам, што «Польшча ніколі ня будзе вольная». І яна просіць юнака, які паступае вучыцца, каб той выправіў у анкеце дату сьмерці свайго бацькі. Але хлопец не жадае адмаўляцца ад катынскай памяці — і гіне (як герой «Попелу й дыяманту»), уцякаючы ад патруля.
Правыя польскія журналісты папракнулі Вайду тым, што ён сам не паступіў, як гэты юнак, і ў кінашкольнай анкеце не падаў поўных зьвестак пра свайго бацьку. Фільм Вайды — найлепшы адказ на абвінавачаньне.
Дзьве сястры з «Катыні» — гэта Ісмэна і Антыгона старажытнагрэцкай трагедыі. Калі першая пагаджаецца зь дзяржаўнай хлусьнёй пра забойствы, то другая мкнецца ўшанаваць памяць пра свайго брата — і падаць на надмагільным помніку катынскую дату. Помнік будзе разьбіты, а дзяўчына зьвезеная ў катавальні службы бясьпекі проста з могілак. Ёй параяць маўчаць — і пагадзіцца з афіцыйнай вэрсіяй. Акрамя маўчаньня таталітарная машына прапануе яшчэ адзін прыём супраць праўды.
«Самі вінаватыя!» — няяўная інтанацыя ўсіх развагаў пра «новую Польшчу» з савецкім тварам. Расстраляныя — людзі «старога сьвету», дык лепей забыць іх, пахаваць — і будаваць «новае і народнае» з чыстага аркуша. Але гераіня не паддаецца хлусьні і абірае права «быць з забітымі, а не з забойцамі».
Права на памяць, права аплакаць сваіх памерлых — ня з гэтага сьвету. І з гэтым салідарныя нават тыя пэрсанажы, якім, здавалася, назаўжды падмянілі памяць, прымусілі замаўчаць. Лейтэнант Ежы перад сьмерцю просіць судовых мэдыкаў перадаць родным рэчы забітых. Былая служанка (Станіслава Цалінска), якую пралетарскія ўлады ўзьнесьлі на вяршыню, прывозіць старой гаспадыні генэральскую шаблю. І сястра, якая намаўляе забыць пра ахвяры, гатовая дапамагчы няскоранаму студэнту, каб ён вучыўся — і (употайкі) памятаў, і, можа быць, потым…
Карціна Вайды — гэта мэтаноя Катыні, каята, вяртаньне праўды — і адмова ад суўдзелу ў няпраўдзе, ад якой пакутавала польскае грамадзтва доўгія гады. Ва ўмовах, калі ўсё болей людзей, у тым ліку палякаў, пра Катынь ня ведаюць (а абыякавасьць — апошні бастыён маны, почасту маскаванай маральным рэлятывізмам і постмадэрнісцкай іроніяй, найтыповейшы прыклад чаго — зьдзеклівы артыкул расейскага кінакрытыка Дзяніса Гарэлава), фільм Вайды — элегія памяці.
Гэта плач над памерлымі і малітва.
І да гэтага плачу маюць дачыненьне і беларусы.
«У Катыні і Медным побач зь целамі польскіх афіцэраў ляжаць тысячы расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў, расстраляных у канцы 1930-х, падчас сталінскіх чыстак, — кажа Анджэй Вайда. — Палякаў мы адкапалі, а гэтыя ахвяры забытыя». А ўвязьненыя афіцэры забітыя і пахаваныя ня толькі ў Катыні і Медным, а, магчыма, і ў Курапатах.
Трагізму дадае тое, што беларусы былі ня толькі ахвярамі, але і катамі.
Водгукі на «Катынь» — і ў яшчэ большай ступені маўчаньне пра гэтую стужку — яскрава сьведчаць, чыя памяць у Беларусі пераважае і хто вядзе рэй.
«Фільм зь яго лютай нянавісьцю да Чырвонай Арміі пашыты паводле лекалаў гёбэльсаўскай прапаганды», — выкрывае ворага журналіст газэты «Во славу Родины» Ўладзімер Кажэўнікаў. (Газэта — Цэнтральны орган Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.) «Радасьць нажа» — а калі быць дакладным, то ў нашых умовах радасьць энкавэдэшнай кулі — спалучаецца ў артыкуле з зацятым адмаўленьнем фактаў і прыпісваньнем злачынства фашыстам.
Больш «памяркоўны» доктар гістарычных навук Барыс Ляпешка, які выступіў на старонках галоўнай афіцыёзнай газэты «Беларусь сегодня». Ён прытрымліваецца завязанай на маральным рэлятывізьме стратэгіі «Самі вінаватыя!»:
Той жа канцлягер у Бярозе-Картускай: чаму не праглядаецца жаданьня сказаць усю праўду ў гэтым аспэкце? — запытваецца Ляпешка і дадае свае прэтэнзіі (складзеныя на чысьцюткай расейскай мове): — Калі ў майго бацькі рукі ў дзяцінстве былі чорнымі таму, што польскі настаўнік лупіў яго мэталёвай лінаркай па пальцах шторазу, калі той неспадзявана пераходзіў на беларускую, пра гэта таксама трэба маўчаць?
«Гістарычная ісьціна заўжды множная — адной, на ўсе часы, няма і быць ня можа», — падсумоўвае Ляпешка.
Надзвычай знаёмыя аргумэнты.
Усе гэтыя стратэгіі перакручваньня праўды — добра вядомыя зь фільму Вайды.
І рэжысэр даў адказ, як паступаць у такой сытуацыі: абапірацца на сумленьне, на асабістую памяць, сьведчыць.
Памяць катынскіх ахвяраў перажыла памяць катаў — і перажыла менавіта як асабістае сьведчаньне, як забаронены прыватны ўспамін. Мая бабуля, у дзявоцтве Яўгенія Ўдалова, яшчэ ў савецкі час распавядала, як падчас акупацыі немцы вазілі іх у Катынь. І яна бачыла мноства целаў, якія ўжо разлажыліся. А наконадні вайны, калі яна пайшла ў катынскі лес па грыбы (раней іх там зьбіралі), то яе спыніў энкавэдэшнік — і катэгарычна забараніў у гэты лес хадзіць.
Сёньня ў Беларусі нават прыватны прагляд стужкі Вайды — гэта мэтаноя, пакаяньне.
Вакол — злавесная цішыня.
Але якой слабой ні здавалася б памяць ахвяраў — ёй належыць вечнасьць.
_________________________________________
1. Факсыміле дакумэнтаў з сакрэтнай «Адмысловай тэчкі № 1» (прапанова Берыі Сталіну аб расстрэле; вынятка з пратаколу паседжаньня Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г.; лісты 9 і 10 з пратаколу паседжаньняў Палітбюро за сакавік 1940; запіска Шалепіна Хрушчову з прапановай зьнішчыць катынскія дакумэнты) — даступныя на сайце http://katyn.chat.ru/. Падрабязная бібліяграфія матэрыялаў, прысьвечаных катынскай трагедыі (2026 назваў): Harz M. Bibliografia Zbrodni Katyńskiej: Materiały z lat 1943—1993. Warszawa, 1993. Гл. таксама сайт «Pamiętam. Katyń 1940».
____________________________________________
Андрэй Расінскі — кінакрытык.
11 лiстапада 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Вышаградская летняя школа ў Кракаве
Дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні
Серыя лекцый Уладзіміра Мацкевіча "Пра культуру і культурную палітыку" адменена
Усе абвесткі



Камэнтары(0)