Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Чорная надзея Амерыкі
Сусветны фінансавы крызіс, які закрануў самыя асновы амерыканскай эканомікі, правалы ў ажыццяўленні знешняй палітыкі і палітыкі нацыянальнай бяспекі і ўсё большая нелюбоў да амерыканцаў у свеце з такім палітычным багажом на пост 44-га прэзідэнта ЗША ўступіў Барак Абама.
«This generation of Americans has a rendezvous with destiny». Гэтыя словы належаць аднаму з самых таленавітых, мудрых і дальнабачных амерыканскіх прэзідэнтаў — Франкліну Рузвельту. Яны былі прамоўленыя больш за семдзесят гадоў таму, калі Амерыка перажывала калапс сваёй эканамічнай сістэмы. У падобных памежных сітуацыях спраўджваецца жыццяздольнасць нацыі: ці зможа яна мабілізаваць свае сілы і супрацьстаяць унутраным і знешнім пагрозам альбо ўвойдзе ў стан як эканамічнага, палітычнага, так і маральнага крызісу. Тады ў самы крытычны момант на палітычнай сцэне ЗША з’явіўся лідэр, які дзякуючы сваім прафесійным і асабістым якасцям здолеў вярнуць Амерыку на шлях дабрабыту і вызначыў перадумовы яе развіцця на бліжэйшыя паўстагоддзя.
Цяпер Амерыка апынулася на новым вітку гістарычнай спіралі, а праблемы 1920-х сталі актуальнымі і для новага ХХІ ст. Сусветны фінансавы крызіс, які закрануў самыя асновы амерыканскай эканомікі, правалы ў ажыццяўленні знешняй палітыкі і палітыкі нацыянальнай бяспекі і ўсё большая нелюбоў да амерыканцаў у свеце — з такім палітычным багажом на пост 44-га прэзідэнта ЗША ўступіў Барак Абама.
Ён увойдзе ў гісторыю амерыканскай палітыкі не толькі як першы чарнаскуры прэзідэнт ЗША, агітацыйная кампанія якога была самай дарагой у гісторыі краіны, але і як палітык, да якога з часу Франкліна Рузвельта ніводны амерыканскі прэзідэнт не сутыкаўся з такой колькасцю нявырашаных палітычных і эканамічных праблемаў. Ці дасць рады Абама гэтым выклікам, пакажа толькі час.
БАРАК АБАМА — НОВЫ «МЕСІЯ»?
Незаангажаванаму ў палітычныя гульні амерыканскаму абывацелю, які штодзень чуе пра банкруцтва нацыянальных банкаў, спад вытворчасці і масавыя звальненні, Барак Абама з ягонымі «фірмовымі» абяцаннямі рэформаў бачыцца ледзь не як светач перамен. Малады, самаўпэўнены, харызматычны, ён заклікае ўсіх амерыканцаў аб’яднацца дзеля сумеснага пошуку выйсця з крызісу. Ён пакідае праблемы нацыянальнай бяспекі, на якіх робіць акцэнт ягоны супернік Джон Макейн, на заднім плане, высоўваючы ў якасці перадвыбарнай праграмы барацьбу з эканамічнымі і фінансавымі праблемамі, якія ўцягнулі Амерыку, разам з усім астатнім светам, у віхуру эканамічнага спаду.
Абама абяцае амерыканцам, стомленым ад безвыніковай «вайны з тэрарызмам», вывядзенне амерыканскіх войскаў з Ірака і паспяховае сканчэнне вайны ў Афганістане. І дзеля гэтага выпярэджвае свайго канкурэнта, які не можа так крытычна выступаць супраць палітыкі свайго аднапартыйца Джорджа Буша.
Палітычны лексікон Абамы свабодны ад згадак пра абранасць і выключнасць амерыканскай нацыі. Наадварот, Абама апелюе да кансалідацыі ўсіх амерыканцаў і да міждзяржаўнага супрацоўніцтва, бо выключна на падставе міжнароднага кансэнсусу магчымы выхад з сучасных крызісаў.
Расчараванне ў палітыцы рэспубліканцаў перадвызначыла паразу Джона Макейна. Тым не менш, на фоне аб’ектыўных перадумоваў перадвыбарнай гульні значную ролю адыгралі агітацыйныя кампаніі саміх кандыдатаў. Перадвыбарная кампанія Абамы была бліскучая. Дасканалая сваёй прадуманасцю, тактычнасцю, энергічнасцю, яна выглядала бясспрэчна больш эфектыўна, чым спантанная і недынамічная кампанія Макейна. Малады і амбіцыёзны інтэлектуал з гарвардскай адукацыяй, цудоўны аратар, ён прыцягваў большую ўвагу, чым абцяжараны досведам вьетнамскай вайны 72-гадовы ветэран. Значнай памылкай Макейна быў і выбар Сары Пэйлін у якасці будучага віцэ-прэзідэнта: ён згубіў апошні козыр сваёй кампаніі — досвед, якога бракавала Абаму.
Тут жа варта згадаць і пра шырокае выкарыстанне камандай Барака Абамы магчымасцяў інтэрнету. Персанальны сайт Абамы быў распрацаваны Крысам Хьюзам (Chris Hughes), вядомым сваім удзелам у стварэнні міжнароднага сацыяльнага сеціва Facebook. Зразумела, што сайт Абамы насычаны самымі сучаснымі інструментамі онлайн-камунікацыі. На ім размешчаныя спасылкі на такія вядомыя інтэрнет-сэрвісы, як MySpace і YouTube. Ён мае ўласнае сацыяльнае сеціва My.BarackObama.com, а таксама ўтрымлівае сістэму онлайнавых ахвяраванняў. У сваю чаргу Джон Макейн, з яго ўласнага прызнання, толькі пачаў асвойваць функцыянаванне электроннай пошты.
Сярод важных фактараў перамогі Барака Абамы ёсць і прычыны этнакультурнага характару. Чарнаскуры прэзідэнт, у выхаванні якога бралі ўдзел сваякі з мусульманскім веравызаннем, сімвалізуе пераход Амерыкі ад белага расізму і ісламафобіі да культурнага плюралізму.
На выбарах 2008 г. актывізаваліся і лацінаамерыканцы, якія складаюць значную долю амерыканскага насельніцтва. Магчыма, такі кансенсус белых амерыканцаў, афраамерыканцаў і лацінаамерыканцаў і прывёў да ўлады Барака Абаму. Як адзначаюць эксперты, самі рэспубліканцы паспрыялі такому этнакультурнаму «меланжу», прызначыўшы на ключавыя пасады Коліна Паўэла і Кандалізу Райс. Тое, што мы назіраем сёння, гэта чарговы этап у размыванні таго, што мы прызвычаіліся ўспрымаць як «амерыканскую ідэнтычнасць», якая ад самага пачатку не адпавядала крытэрам тыповай монаэтнічнай нацыі.
ЗША ПАСЛЯ ПРЫХОДУ АБАМЫ
Калі вынікі прэзідэнцкай кампаніі з’яўляюцца адносна заканамернымі і лагічнымі, то спрагназаваць, якую палітыку будзе праводзіць у жыццё Барак Абама і прызначаная ім адміністрацыя, складана. Шмат чаго залежыць ад таго, хто насамрэч стаіць за праектам «Барак Абама», а таксама ад самога палітыка, яго мудрасці, абачлівасці і гнуткасці. Паспрабуем прасачыць некаторыя з найбольш верагодных сцэнароў.
Адным з важных момантаў палітычнай агітацыі Абамы была яго заява аб вывадзе войскаў з Ірака цягам наступных 16 месяцаў. Тым не менш, гэтае абяцанне здаецца лёгкім больш на словах, чым на справе. Занадта хуткі вывад войскаў з Ірака можа абярнуцца новымі ваеннымі і тэрарыстычнымі дзеяннямі ў рэгіёне. З іншага боку, выхад войска ЗША з Ірака азначае ўзмацненне пазіцыяў Ірана на Блізкім Усходзе, што, паводле словаў Збігнева Бжазінскага, з’яўляецца ключавым рэгіёнам для дзяржаваў, якія прэтэндуюць на сусветнае лідэрства.
Афганістан з’яўляецца іншым гарачым пунктам, які праверыць на трываласць праграму Абамы. Ён не раз у сваёй агітацыйнай кампаніі заяўляў пра магчымае пашырэнне сферы ваенных дзеянняў на тэрыторыю пражывання пуштунскіх плямёнаў у Пакістане, дзе могуць хавацца тэрарысты-талібы. Калі такія прагнозы спраўдзяцца, то ў Азіі ўзнікне адзін з самых небяспечных канфліктаў у свеце, у які будуць уцягнутыя як самыя магутныя тэрарыстычныя групоўкі, так і краіна, што валодае ядзернай зброяй.
Значнае месца ў праграме Абамы было адведзенае і наладжванню стасункаў з Іранам. Але, як адзначаюць эксперты, Махмуд Ахмадзінежад не зменіць імгненна свайго стаўлення да Амерыкі толькі таму, што яе ўвасабляць і прадстаўляць на міжнароднай арэне будзе не Джордж Буш, а Барак Абама. Як казаў калісці Троцкі, «ты можаш быць не зацікаўлены ў вайне, але вайна можа быць зацікаўленая ў табе».
Поспех ці правал у знешняй палітыцы Барака Абамы будзе галоўным чынам залежаць ад таго, як будуць пазіцыянаваць сябе ЗША ў свеце. На сённяшні дзень ЗША застаюцца самай моцнай ваеннай і эканамічнай дзяржавай у свеце, але гэтая рэальнасць усё з большай відавочнасцю змяняецца новай рэальнасцю. У ХІХ ст. сусветным лідэрам была Вялікабрытанія, у ХХ яе змянілі ЗША. ХХІ ст. вызначае іншы расклад сілаў, і акрамя ЗША на пазіцыю сусветнага лідэрства заяўляюць свае прэтэнзіі Кітай, Індыя, ЕС. Паводле ацэнак экспертаў, эканоміка Кітая можа пераўзысці эканоміку ЗША да 2030 г., а яшчэ раней, у 2025-м, Кітай можа стаць роўным ЗША сваёй вайсковай моцай.
Не ў меншай ступені ад палітыкі новай адміністрацыі ЗША будзе залежаць развязанне эканамічных праблемаў. Іпатэчны крызіс, абвалы фінансавых рынкаў і нулявы рост прамысловасці ў большасці краінаў свету сведчыць пра тое, што існая сусветная фінансавая сістэма аджыла сваё. Як зазначае аўтарытэтны амерыканскі эканаміст Ліндан Ларуш (Lindon Larouche), на яе месцы мусіць быць пабудаваная новая фінансавая сістэма ў духу Брэтан-Вудса Франкліна Рузвельта, падмурак якой павінны складаць прынцыпы ўзбагачэння праз рост вытворчасці, а не фінансавых спекуляцый, стварэнне крэдытнай сістэмы замест чыста валютнай. Ліндан Ларуш падкрэслівае неабходнасць супрацоўніцтва ЗША, Расіі, Кітая і Індыі пры ключавой ролі ЗША ў сілу сваіх канстытуцыйных прынцыпаў і выключным значэнні іх нацыянальнай валюты.
Невядома, ці пойдзе Абама такім шляхам: занадта магутнымі застаюцца фінансавыя спекулянты, для якіх такое развіццё падзеяў азначае банкруцтва і фінансавую смерць. Але і надзеі, якія ўскладаюцца на Абаму як самімі амерыканцамі, так і грамадзянамі іншых краінаў, такія ж вялікія. У любым выпадку, Абама ўвойдзе ў гісторыю ці як чалавек, які выратаваў цывілізацыю ад хаосу, ці які наблізіў яго.
БАРАК АБАМА: «МАЯ СЯМ'Я — ААН У МІНІЯТУРЫ»
У сусветным маштабе ідэалагічная прывабнасць асобы Барака Абамы — бясспрэчны факт. Афрыканцы спадзяюцца, што Абама дапаможа ўсталяваць у Афрыцы мір і парадак. Арабы ўскладаюць на яго надзеі ў падтрымцы палестынскай дзяржаўнасці, а самыя кансерватыўныя фундаменталісты ўжо не змогуць абвінаваціць чалавека, другое імя якога гучыць як імя ўнука прарока Мухамеда (Хусэйн) у нянавісці да ісламу. Урады ўсходніх краінаў бачаць у Абаму абачлівага і мудрага суразмоўцу, здольнага да кампрамісу і пошуку лепшых варыянтаў развязання міжнародных праблемаў не толькі для ЗША, але і для ўсяго свету.
Але не варта чакаць ад Абамы цудаў. Хутчэй за ўсё, ён расчаруе сваіх выбарцаў: вельмі мала прасторы існуе цяпер для яго манеўраў і занадта складаная міжнародная абстаноўка ў свеце. Да таго ж, для ўсталявання парадку ў Абамы застаецца мала часу. У 2010 г. у ЗША адбудуцца выбары ў ніжнюю палату парламенту, і калі Абама цягам наступных двух гадоў не апраўдае ўскладзеных на яго надзеяў, параза дэмакратаў немінучая. Цяпер прадстаўнікі ад Дэмакратычнай партыі пераважаюць у абедзвюх палатах амерыканскага парламенту, што забяспечвае прэзідэнта магутнай падтрымкай пры правядзенні ў жыццё ініцыяваных ім законаў. Калі на выбарах 2010 г. перамогуць рэспубліканцы, то правал дэмакратаў будзе такі ж яскравы, як і іх перамога ў 2008 г.
У асобе Абамы мы атрымалі прэзідэнта з палітычным інтэлектам Біла Клінтана і жалезнай самадысцыплінай Уладзіміра Пуціна. (Я кажу пра гэта з захапленнем.) Валодаючы такімі якасцямі, Абама зараз зойме палітычную сцэну так сама энергічна і ўпэўнена, як гэта зрабіў Рэйган, —
так выказаўся пра новага прэзідэнта ЗША адзін з галоўных палітычных экспертаў Амерыкі Чарльз Краўтхамер у газеце «The Washington Post».
У наступныя чатыры гады будзе відаць, што перамагло 4 лістапада ў ЗША: геній амерыканскіх прынцыпаў дэмакратыі, свабоды і прагрэсу ці сіла тамтэйшых іміджмэйкераў
____________________________________
Вольга Парфенчык — экспэрт у галіне міжнародных дачыненьняў. Магістар Амстэрдамскага ўнівэрсытэту. У 2007 г. скончыла аддзяленьне міжнароднага права БДУ (кваліфікацыя «юрыст-міжнароднік»).
27 лiстапада 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Літаратурныя чытанні з “ПрайдзіСветам”-2: Несіметрычныя музы А. Хадановіча
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(0)