Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Пасля парламенцкіх выбараў: трансфармацыя без дэмакратызацыі
Адсутнасць перспектывы ўнутрыпалітычнага прарыву робіць натуральнымі спробы пошукаў дыялогу з беларускімі ўладамі, і беларускія дэмакраты мусяць быць гатовыя да таго, што гэты дыялог будзе весціся на прагматычных і не заўжды прынцыповых падставах.
ЛОГІКА ТРАНСФАРМАЦЫІ ЛУКАШЭНКАЎСКАЙ УЛАДЫ
Парламенцкія выбары 2008 г. праходзілі ў паваротны час для беларускага рэжыму. Сёлетнія падзеі, а менавіта сусветны фінансавы крызіс і расійска-грузінская вайна, абвастрылі неабходнасць трансфармацыі лукашэнкаўскай сістэмы для яе ж самавыжывання. З аднаго боку, вайна на Каўказе паказала, што галоўны знешнепалітычны саюзнік і донар старой лукашэнкаўскай сістэмы цяпер гатовы да сілавых інтэрвенцый з мэтай змены ўлады ўнутры краіны. З іншага, падзеі ў сусветнай эканоміцы могуць прывесці да таго, што ў хуткім часе разлічваць на Расію як адзінага выратавальніка беларускай мадэлі будзе ўжо цяжка.
Унутраная сацыяльная і эканамічная дынаміка стала таксама вымагаць трансфармацыі рамкавых варункаў сістэмы. Трэба, аднак, агаварыцца, што любыя перамены, на якія ідзе афіцыйны Мінск, ажыццяўляюцца з адной мэтай — максімальна пазбегнуць неабходнасці палітычных зменаў, гэта значыць, дамагчыся прарыву з міжнароднай ізаляцыі без сур’ёзных палітычных паслабленняў.
Гэтая задача была развязаная шляхам прафесійна зладжанай піяр-кампаніі, цягам якой беларускія ўлады прэвентыўна пайшлі на пацяпленне палітычнага клімата (напрыклад, вызваленне палітычных вязняў) і стварылі ў заходніх гульцоў уражанне, што і парламенцкія выбары могуць быць праведзеныя пры пэўным забеспячэнні дэмакратычных стандартаў. Атрымаўшы ў якасці авансу абяцанне зняць санкцыі, беларускія ўлады правялі выбары паводле звычайнага для сябе сцэнара. Запозненая крытыка выбараў была прадстаўленая афіцыйнай прапагандай як сведчанне падвойных стандартаў.
Паколькі ЕС і ЗША загадзя паказалі, што дыялог ім важны больш, чым афіцыйнаму Мінску, на вызначэнне стаўлення да выбараў паўплывала і шантажаванне «спыненнем дыялогу», што магло расшыфроўвацца і як вяртанне да палітычных рэпрэсіяў.
Адсутнасць перспектывы ўнутрыпалітычнага прарыву робіць натуральнымі спробы пошукаў дыялогу з беларускімі ўладамі, і беларускія дэмакраты мусяць быць гатовыя да таго, што гэты дыялог будзе весціся на прагматычных і не заўжды прынцыповых падставах. Беларуская апазіцыя, якая пераўтварылася ў пераважна знешнепалітычнага гульца, магла б паўплываць на ход і парадак дня дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і ЕС, але не здолела зрабіць гэтага праз адсутнасць унутранага адзінства і знешнепалітычнай стратэгіі.
У выніку выбараў і знешнепалітычнага дыялогу адбылося пэўнае пацяпленне палітычнага клімату. Аднак гэтым палітычныя здабыткі кампаніі і вычэрпваюцца, віной чаму стала адсутнасць у знешнепалітычных гульцоў адзінага сцэнара паводзінаў. Паколькі працяг дыялогу з беларускімі ўладамі падаецца непазбежным, галоўнай яго мэтай мусіць стаць замацаванне тых пазітыўных зрухаў, якія дасягнутыя за апошні час. Дзеля гэтага неабходная кантраляванасць дыялогу, зарукай якой мусіць стаць паступовае вяртанне да пакрокавай стратэгіі і выстаўленне жорсткай абумоўленасці наступных дзеянняў пры кантактах з беларускімі ўладамі. Кожны крок афіцыйнага Мінска і крок у адказ з боку Захаду павінен мець дакладна вызначаныя і прапісаныя крытэры ацэнкі.
ЧАМУ ЗАХАД ПАЙШОЎ НА ЗБЛІЖЭННЕ З БЕЛАРУСКІМ РЭЖЫМАМ?
Улетку 2008 г. стала відавочна, што ў ЕС і ЗША склалася палітычная кан’юнктура на нармалізацыю адносінаў з афіцыйным Мінскам. Пры гэтым Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Саюз мелі неаднолькавыя матывы, якія прымусілі іх перайсці да палітыкі нармалізацыі стасункаў з афіцыйным Мінскам.
Адной з галоўных прычынаў таго, што ЕС пайшоў насустрач беларускім уладам, стала няўдача усіх папярэдніх вонкавых стратэгіяў дэмакратызацыі Беларусі. Бадай, за дванаццаць гадоў ЕС паспрабаваў усе магчымыя падыходы, якія, праўда, не характарызаваліся паслядоўнасцю і эфектыўнасцю.
Апошняя спроба Еўрасаюза сфармуляваць стратэгію ў адносінах Беларусі мела сваім вынікам публікацыю «недакумента» «Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі», дзе пералічваліся 12 патрабаванняў да ўладаў Беларусі, пасля выканання якіх мог аднавіцца паўнавартасны дыялог Мінска з Бруселем. Крытычнай памылкай ЕС было не столькі выстаўленне абсалютна непрымальнага для беларускіх уладаў патрабавання рэфармаваць палітычную сістэму, а прапанова дужа расплывістых і неканкрэтных выгадаў, якія б мелі месца пасля выканання выстаўленых патрабаванняў. Адсутнасць дакладна прапісанай абумоўленасці і пакрокавага модусу выканання 12 пунктаў сталіся прычынай таго, што гэтая стратэгія таксама аказалася невыканальнай. Гэта стала відавочна ўжо адразу пасля яе абнародавання, калі афіцыйны Мінск недвухсэнсоўна даў зразумець Еўропе, што ён не збіраецца выконваць 12 пунктаў ЕС.
Падзеі 2007 г. і першай паловы 2008 г. паказалі, што ў беларуска-расійскіх адносінах працягвалі назапашвацца крызісныя з’явы, якія падштурхоўвалі беларускія ўлады палепшыць дачыненні з Еўрапейскім Саюзам. Акурат у гэты перыяд прэзідэнт Лукашэнка санкцыянуе адкрыццё прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Мінску. Разам з тым, беларускія ўлады даюць зразумець еўрапейцам, што яны хочуць палітычнага збліжэння з ЕС, але не збіраюцца ісці на радыкальны перагляд унутранай палітыкі і не будуць выконваць ніякіх ультыматумаў.
Акцыя выгнання амерыканскіх дыпламатаў сёлета ўвесну была шмат у чым паказальная. Апрача ўсяго іншага яна мела прадэманстраваць Бруселю контрпрадуктыўнасць палітыкі санкцыяў і недапушчальнасць умяшання замежных прадстаўніцтваў ва ўнутрыбеларускія справы. Палітычныя эліты ЕС прачыталі гэты сігнал адэкватна і былі вымушаныя адмовіцца ад выстаўлення папярэдніх умоваў для пачатку дыялогу з беларускім рэжымам.
Спроба паўплываць на паводзіны беларускіх уладаў праз увядзенне санкцыяў таксама не прынесла чаканага выніку. Абмежаваныя эканамічныя санкцыі не зрабілі адчувальнай шкоды беларускай эканоміцы, але былі выкарыстаныя беларускай прапагандай супраць самога ж ЕС. Неўключэнне Беларусі ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства адмоўна адбілася на беларускіх грамадзянах, якія вымушаныя плаціць 60 еўра за шэнгенскія візы і маюць абмежаваныя магчымасці падарожнічаць па Еўропе і параўноўваць узровень жыцця ў сваёй краіне з узроўнем жыцця ў ЕС. З іншага боку, сярод назіральнікаў умацавалася адчуванне, што персанальныя санкцыі мелі нават больш значны ўплыў, чым эканамічныя.
Яшчэ адной прычынай, якая падштурхнула ЕС да пачатку дыялогу з беларускім рэжымам, стала неэфектыўнасць выкарыстання беларускай апазіцыі ў якасці пасярэдніка паміж Еўрасаюзам і беларускім грамадствам. За гады аўтарытарызму беларуская апазіцыя ператварылася ў знешняга актара, моцна страціла папулярнасць сярод беларускіх грамадзян і аказалася няздатнай мабілізаваць беларусаў на масавыя акцыі пратэсту, неабходныя для «каляровай рэвалюцыі». Таму Захад пачаў ставіць пад сумненне выкарыстанне апазіцыйных партыяў як эфектыўнага інструмента дэмакратызацыі краіны. Пачаўся пошук іншых каналаў уздзеяння на ўнутрыбеларускую сітуацыю, разам з палітычнымі кантактамі на высокім і вышэйшым узроўні.
Акрамя таго, бізнес-колы асобных еўрапейскіх дзяржаваў праяўлялі інтарэс да ўдзелу ў прыватызацыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і да інвеставання ў беларускую эканоміку. Асабліва гэты інтарэс пачаў выяўляцца пасля адмены інстытуту «залатой акцыі» і спрашчэння падаткаабкладання. Нагадаем, што шэраг беларускіх кампаніяў (у прыватнасці, аператар сотавай сувязі Velcom і завод «Мотавела») ужо былі прыватызаваныя з удзелам аўстрыйскага капіталу. Бізнесоўцы лонданскага Сіці таксама выявілі зацікаўленасць у прыходзе ў Беларусь. А для гэтага неабходна навязаць устойлівыя палітычныя адносіны, якія б забяспечвалі стабільныя правілы гульні.
Такія залежныя ад беларускага транзіту краіны, як Латвія і Літва, ужо дастаткова даўно спрабуюць наладзіць палітычны дыялог з беларускім урадам, не чакаючы дазволу з Бруселя. Да прыкладу, яшчэ да ўваходу ў Шэнгенскую зону Латвія адмяніла візавы збор для беларускіх грамадзян, а Літва з Беларуссю мелі сталыя кантакты на ўзроўні міністэрстваў і рэгулярна праводзілі эканамічныя форумы з удзелам дзелавых і палітычных колаў абедзвюх дзяржаў. У літоўскім Сойме ўжо шмат гадоў існуе камітэт сувязяў з Беларуссю (яго ўзначальвае этнічны беларус Вацлаў Станкевіч), які выступае за пашырэнне стасункаў з афіцыйным Мінскам. Літва разам з Польшчай не раз заяўлялі пра свой намер быць «адвакатам Беларусі» ў інстытутах ЕС. Рухавік еўрапейскай інтэграцыі, Нямеччына, таксама зацікаўленая ў інвеставанні ў Беларусь, пра што, у прыватнасці, недвухсэнсоўна заявіў амбасадар д-р Гебхардт Вайс.
Акрамя пералічаных прычынаў, у еўрапейскіх уладных калідорах існуе і стомленасць ад «беларускага пытання», якога Еўрапейскі Саюз не можа вырашыць ужо за больш як дзесяць гадоў. «Беларускае пытанне» мае для Еўрасаюза значную псіхалагічную нагрузку, бо дэкларуючы сябе глабальным актарам, які прасоўвае дэмакратыю і стабільнасць у бліжэйшым замежжы, ён не здолеў яго развязаць, за што неаднойчы яго крытыкавалі Злучаныя Штаты.
Паколькі выпрабавання Беларуссю знешняя палітыка ЕС не прайшла, пастанавілі пазбавіцца ад «беларускага пытання» шляхам прызнання рэжыму і ўсталявання кантактаў на вышэйшым узроўні. Гэтае рашэнне, натуральна, даволі рызыкоўнае, бо азначае аднабаковую саступку з боку Еўрапейскага Саюза і не гарантуе трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі. На працягу першай паловы 2008 г. ЕС фактычна адмовіўся ад ранейшай стратэгіі 12 пунктаў і звёў папярэднія ўмовы пачатку дыялогу з афіцыйным Мінскам да вызвалення палітычных вязняў і правядзення адкрытых і справядлівых выбараў, што не пацягнула змены ўнутрыпалітычных правілаў гульні ў Беларусі.
Апошнім штуршком, які запусціў механізм прызнання беларускага рэжыму Еўрапейскім Саюзам, стаў канфлікт у Грузіі. Паводзіны Мінска падчас гэтага канфлікту мелі прадэманстраваць Захаду незалежнасць ад Масквы і жаданне нармалізацыі стасункаў з ЕС і ЗША. Новая геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне і чарговы крызіс у адносінах Расіі і Захаду адчынілі унікальнае акно магчымасцяў для таго, каб аслабіць залежнасць Беларусі ад Крамля.
Палітыка ЗША ў дачыненні Беларусі зазнала яшчэ больш радыкальны паварот, чым палітыка Еўрапейскага Саюза. Новы курс адміністрацыі Дж. Буша ў стасунках з афіцыйным Мінскам можна назваць сенсацыйным і беспрэцэдэнтным у гісторыі беларуска-амерыканскіх адносінаў апошняга дзесяцігоддзя. Сапраўды, ад краіны, якая паслядоўна падтрымлівала беларускую апазіцыю, не ўстрымлівалася ад рэзкіх заяваў і ўвядзення санкцыяў у дачыненні да Беларусі, даволі цяжка было чакаць радыкальнай змены палітычнай лініі. Аднак яна адбылася. І, мяркуючы паводле тых падзеяў, на якія ў першую чаргу рэагаваў Вашынгтон, прычыны зменаў ягонай палітыкі да Беларусі палягаюць зусім не ў лібералізацыі беларускага рэжыму, але ў знешнепалітычным кантэксце і геапалітычнай сітуацыі, што склалася пасля вайны ў Грузіі. Напрыклад, ЗША часткова знялі эканамічныя санкцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў у адказ на непрызнанне Мінскам Абхазіі і Паўднёвай Асеціі акурат у той дзень, калі гэтае пытанне выносілася на абмеркаванне на саміце АДКБ.
Апошнія заявы часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джонатана Мура сведчаць хутчэй пра жаданне перакупіць Беларусь у Расіі, чым пра імкненне змяніць палітычны рэжым у краіне. Выглядае, што вызваленне палітычных вязняў ёсць для ЗША ўсяго толькі фармальнай падставай для нармалізацыі стасункаў з Мінскам, пры тым, што існуе разуменне рызыкоўнасці такога кроку пры адсутнасці юрыдычных абавязанняў з беларускага боку.
Беларуская апазіцыя, якую дагэтуль ЗША паслядоўна падтрымлівалі, сталася закладніцай новай амерыканскай палітыкі стрымлівання Расіі. Яе не толькі вымусілі ўдзельнічаць у несправядлівых парламенцкіх выбарах для атрымання дадатковай падставы для прызнання новага парламенту, але ёй нават не паведамілі пра сутнасць перамоваў паміж Захадам і беларускім рэжымам, не кажучы ўжо пра перспектыву ўдзелу ў перамовах як пасярэдніка. Гэткую палітыку адыходзячай амерыканскай адміністрацыі варта прызнаць недальнабачнай, бо яна цяпер сваімі дзеяннямі фармуе больш праблем, чым вырашае. У прыватнасці, такая палітыка вядзе да яшчэ большай маргіналізацыі беларускай апазіцыі і росту недаверу да заходніх партнёраў у вачах яе лідэраў.
УНУТРЫПАЛІТЫЧНЫ КАНТЭКСТ
Перыяд «пацяплення» ў беларуска-еўрапейскіх адносінах праходзіць у кантэксце эвалюцыі беларускай сістэмы пад знакам «трансфармацыі без дэмакратызацыі». Эканамічныя рэформы і знешнепалітычнае пацяпленне ажыццяўляюцца акурат для таго, каб не выпускаць апазіцыю з рэзервацыі, у якую яна трапіла ў апошнія гады.
Ва ўнутрыпалітычным жыцці працягваецца дысідэнцкі перыяд, які па выніках выбараў (пры новым цалкам стэрылізаваным парламенце) мае перспектыву зацягнуцца на нявызначаны час. Пытанне пра дасканаласць палітычнай стратэгіі і тактыкі важнае, калі гутарка ідзе пра доўгатэрміновую перспектыву палітычнай перамогі. Ва ўмовах закрытасці каналаў камунікацыі з грамадствам, агульнай грамадскай апатыі і пэўнай руцінізацыі безнадзейнасці (стане грамадства, калі сама палітычная дзейнасць лічыцца чымсьці ірацыянальным), апазіцыйны асяродак скараціўся да некалькіх тысячаў ветэранаў дысідэнцкага руху. Нават чаканні палітычнага прарыву ад гэтага асяродку больш падобныя да летуценняў. Да таго ж, сама палітычная сітуацыя праграмуе апазіцыю на барацьбу за тыя мэты, якія не знаходзяць падтрымкі ў «рацыянальнага» выбаршчыка, заклапочанага найперш уласным дабрабытам. Змаганне за сімпатыі выбаршчыкаў мае няшмат сэнсу, калі апазіцыя не можа рэалізаваць сваіх, хай нават і прывабных, платформаў. Таму на парадак дня для апазіцыі натуральна выходзіла пытанне правілаў гульні і празрыстасці выбарчых працэдураў — якое акурат і не з’яўляецца нейкім вызначальным ці прыярытэтным для грамадства.
Усе спробы «вынайсці» новую апазіцыю, якая б замяніла «заезджанае» апазіцыйнае кіраўніцтва апошніх гадоў, закончыліся няўдачай, аднак акурат у перадвыбарны сезон у шэрагу апазіцыйных партыяў абвастрылася барацьба за лідэрства. З іншага боку, на паводзіны апазіцыйнага кіраўніцтва наўпрост уплывала адчуванне «стомленасці» ад Беларусі на Захадзе і ўсё выразнейшы курс на супрацу з Лукашэнкам.
Падрыхтоўка апазіцыі да выбараў часткова складалася з рэфлексіўнага паўтарэння апрабаваных палітычных сцэнароў, што не заўжды адыгрывала адмоўную ролю: у прыватнасці, АДС здолелі вылучыць адзіны спіс кандыдатаў і вызначыцца з перадвыбарным пасланнем, якое, аднак, так і не было развіта ў змястоўную перадвыбарную праграму. Апазіцыя так і не вызначылася, дзеля чаго былі гэтыя выбары. Не было адзінага месіджа, які б рэзанаваў на ўсю краіну, ці вызначанага шэрагу праблемаў, пра якія гаварылі б усе кандыдаты. Нават самыя перспектыўныя апазіцыйныя кандыдаты, якімі былі рэгіянальныя актывісты, вялі кампанію, абапіраючыся пераважна на мясцовыя праблемы.
Яшчэ да таго, як абвясцілі выбары, іх «знешнепалітычны» аспект стаў для апазіцыі вызначальным. Галоўным стала пытанне, як удзел апазіцыі ў выбарах можа паўплываць на міжнародны статус рэжыму Лукашэнкі і на статус самой апазіцыі. Гэта цалкам заканамерна. У «дысідэнцкі» перыяд апазіцыя — найперш знешнепалітычны гулец, чыя роля ў грамадстве залежыць ад таго, як яна можа ўплываць на знешнепалітычных актараў, якія ўзаемадзейнічаюць з уладамі праз уціск ці дыялог. Маючы на ўвазе, што ажыццяўленне любых палітычных апазіцыйных стратэгій (акрамя, бадай, мясцовых грамадскіх) ва ўмовах заблакаванай палітычнай і грамадскай прасторы і сацыяльнай пасіўнасці ёсць хутчэй летуценніцтвам, магчыма, адзіным шанцам дасягнуць адчувальнага палітычнага выніку на гэтых выбарах для апазіцыі было б акурат мадэраванне дыялогу Захаду і афіцыйнага Мінска праз выпрацоўку яго парадку дня. Пад гэтым мы разумеем шэраг канкрэтных патрабаванняў, выкананне якіх дазволіла б пашырыць палітычную і грамадскую прастору для альтэрнатыўнай дзейнасці і стварыла б варункі для рэальнай палітычнай канкурэнцыі. Набор з трох-чатырох варункаў мог бы мець на ўвазе выключэнне з выбарчага права найбольш адыёзных практык (датэрміновае галасаванне і г. д.) і адмену антырэвалюцыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксе. Платай за такія змены мусіў быць частковы выхад рэжыму Лукашэнкі з міжнароднай ізаляцыі і, кажучы мовай апазіцыйных партый, яго легітымізацыя. Няма ніякай гарантыі, што акурат такая стратэгія прывяла б да лепшага выніку. Аднак у апазіцыі і Захаду быў бы адзіны парадак дня, які вывеў бы «дыялог» асобых заходніх актараў з рэжыму сакрэтных сепаратных перамоваў і выключыў бы адвольную трактоўку «прагрэсу», дасягнутага за час выбараў.
Выстаўленне такіх умоваў, дарэчы, цалкам адпавядала б «дыялогавай» стратэгіі АДС, якую прынялі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў у траўні 2007 г. Цікава, што сам факт існавання гэтай стратэгіі быў праігнараваны АДС, пра што сведчылі, напрыклад, атакі кіраўніцтва БНФ на Аляксандра Мілінкевіча, пасля таго, як ён прапанаваў распрацаваць кароткатэрміновы варыянт вядомага еўрапейскага паслання Беларусі як грунту для пачатку дыялогавага працэсу. Пры гэтым АДС ніколі не заяўлялі пра змену стратэгіі і тактыкі.
Напярэдадні парламенцкіх выбараў таксама назіраліся:
— абвастрэнне супярэчнасцяў паміж «партыйнай» і «вулічнай» апазіцыяй, на якую наклалася пакрыўджанасць асобных палітычных структураў. Спроба абвяшчэння байкоту выбараў «Хартыяй-97» і «Маладым фронтам», з аднаго боку, паказала, што аргументацыя за байкот з вуснаў спадароў Саннікава ці Дашкевіча нічым не адрознівалася ад аргументаў за байкот, якія мы чулі восем гадоў таму. Паказальна, што пераважная большасць апазіцыі праз нейкі час прызнала байкотную тактыку памылковай. Рэанімацыя байкоту праз восем гадоў стала магчымая дзякуючы палітычнай недасведчанасці новага пакалення апазіцыйнай моладзі, якім скарысталіся тыя, хто быў зацікаўлены ў перафарматаванні палітычнага кіраўніцтва;
— канфлікт пакаленняў і нарастанне супярэчнасцяў паміж «мінскай» і «рэгіянальнай» апазіцыяй, якія выразна выявіліся пры спробе абвяшчэння байкоту кіраўніцтвам БНФ. У структурным плане палітычная апазіцыя сёння — гэта некалькі груповак у Мінску, якія прадстаўляюць кіраўніцтва палітычных партый, і некалькі дзесяткаў рэгіянальных асяродкаў, якія пераважна гуртуюцца вакол моцных рэгіянальных лідэраў. Для шмат каго з апошніх удзел у выбарах — гэта працяг збольшага грамадскай дзейнасці, у якой абранне дэпутатам важны, але не вызначальны чыннік павышэння ўплыву ў сваёй супольнасці. Аднак лакальныя кампаніі — гэта хутчэй праца на перспектыву асобных палітычных постацяў, якая не ўплывае наўпрост на змяненне глабальнага палітычнага кантэксту. А вось жа няўдача на выбарах для «цэнтральнай» мінскай апазіцыі кожны раз ставіць пытанне пра яе палітычную адэкватнасць;
— пэўная супярэчнасць паміж апазіцыяй і яе знешнімі сімпатыкамі, што прывяла да таго, што некаторыя заходнія дыпламаты сталі публічна выказвацца пра пытанні апазіцыйнай стратэгіі і тактыкі.
Абвешчаныя ўладамі вынікі не могуць быць крытэрам для вызначэння сілы ці слабасці тых ці іншых палітыкаў. Наадварот, выбары засведчылі даволі высокі ўзровень падтрымкі некаторых з іх. З іншага боку, адсутнасць выніку ў выбарах дадае матывацыі палітычным лідэрам не ўдзельнічаць у кааліцыйных працэсах, а спрабаваць знайсці шчасця паасобку. Без пераасэнсавання сутнасці апазіцыйнай дзейнасці ў дысідэнцкі перыяд апазіцыя можа падысці да 2011 г. у стане самага глыбокага арганізацыйнага і маральнага крызісу за ўсю сваю гісторыю. Відавочна, што гэты крызіс цяпер падштурхоўваецца радыкальнымі сіламі дзеля «змены ўлады» ў апазіцыйным лагеры.
ЧАМУ АЦЭНКА БЫЛА ТАКАЯ, ЯКАЯ БЫЛА?
Як мы прагназавалі раней, назіральная місія АБСЕ не прызнала парламенцкіх выбараў у Беларусі адпаведнымі стандартам гэтай арганізацыі, адзначыўшы пры гэтым «нязначныя паляпшэнні» выбарчага працэсу. Аднак гэтая апошняя фраза стала падставай для фактычнага прызнання еўрапейскімі краінамі вынікаў выбараў і працягу дыялогу з беларускімі ўладамі.
Паводле заявы прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, Злучаныя Штаты расчараваныя выбарамі ў Беларусі, але «маюць намер падтрымліваць дыялог з беларускімі ўладамі і народам». Пры гэтым жаданне працаваць з уладамі Беларусі тлумачыцца намерам адміністрацыі Дж. Буша накіраваць іх «на правільны шлях».
Віцэ-старшыня ПА АБСЕ і кіраўнік місіі назіральнікаў ПА АБСЕ на выбарах у Беларусі Ан-Мары Лізэн 29 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла, што з боку ЕС павінен быць «рух наперад» у адносінах да Беларусі. А дзейны старшыня АБСЕ падчас свайго візіту ў Мінск наагул выказаў меркаванне, што «Беларусь рухаецца ў правільным кірунку».
Еўрапейскі Саюз таксама захаваў генеральную лінію на нармалізацыю стасункаў з афіцыйным Мінскам. 30 верасня камісар ЕС па знешняй палітыцы Беніта Ферэра Вальднер заявіла: «Я ўзяла да ўвагі папярэднія высновы місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі, што ўтрымліваюць як пазітыўныя паказнікі, так і некаторыя негатыўныя элементы». Заўважым, што выраз «нязначныя паляпшэнні» (minor improvements) з дакладу назіральнай місіі АБСЕ ў заяве камісара ЕС ужо ператварыўся ў «пазітыўныя паказнікі і некаторыя негатыўныя элементы», што можа сведчыць пра тое, што першапачатковая прывязка нармалізацыі стасункаў ЕС з беларускім урадам да вынікаў парламенцкіх выбараў была дастаткова ўмоўнай. 9 кастрычніка 2008 г., пасля абмеркавання палітычнай сітуацыі ў Беларусі, Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой прапануецца працягнуць дыялог з Мінскам, прыпыніць на паўгода дзеянне візавых санкцыяў у дачыненні да вышэйшых беларускіх чыноўнікаў і спрасціць працэдуру атрымання шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Прадстаўнікі асобных дзяржаў-сяброў ЕС таксама выступілі за працяг і пашырэнне дыялогу з беларускімі ўладамі пасля парламенцкіх выбараў.
Чаму ацэнка выбараў і наагул сітуацыі ў Беларусі з боку Захаду была менавіта такая?
Па-першае, паляпшэнне стасункаў з Беларуссю было ўжо вызначаным курсам, які мог змяніцца толькі ў выпадку экстраардынарных паводзінаў беларускіх уладаў. Паколькі ніякіх неспадзяванак з боку афіцыйнага Мінска не было, то і далейшая нармалізацыя працягвалася адпаведна са сваёй унутранай логікай.
Па-другое, адсутнічаў і адсутнічае агульны парадак дня для дыялогу — было зразумела, што цалкам свабодных і справядлівых выбараў дамагчыся за адзін раз немагчыма, неабходна было вызначыць крытэры прагрэсу, якімі можна было абумовіць нармалізацыю.
Па-трэцяе, пры адсутнасці адзінства было немагчыма ажыццяўляць стратэгію абумоўленасці (сonditionality), пры якой прагрэс вымяраецца зыходзячы з крытэраў, што вызначаныя пэўнымі каштоўнасцямі і якія не з’яўляюцца прадметам перамоваў. Пры гэтым прынцыповая пазіцыя не парушаецца, калі адказам на мінімальны прагрэс з’яўляецца адпаведна мінімальны ўзровень ангажавання. Замест гэтага была стаўка на палітычны гандаль, пры якім самі крытэры нармалізацыі ёсць прадметам перамоваў. Пытанне працэсу замянілі пытаннем нібыта гарантаванага прадстаўніцтва некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі ў Палаце прадстаўнікоў. Такія варункі знівелявалі маральны аспект перамоў, бо зрабілі іх прадмет аб’ектам рынкавай здзелкі.
Па-чацвёртае, адсутнічае агульная культура дыялогу. Для Захаду дыялог —сродак дасягнення кампрамісу і вызначэння прасторы супольных каштоўнасцяў. Для беларускіх уладаў дыялог — гэта, па-першае, нагода для дэманстрацыі слабасці апанента, па-другое, спосаб уцягнуць яго ва ўласную піяр-кампанію. Заходнія назіральнікі настолькі былі ўсцешаныя сігналамі палітычнай адлігі (якія не мелі амаль ніякага дачынення да выбараў), што прынялі іх за прыкмету прагрэсу ў іншых галінах, уключаючы выбарчую. Каб заахвоціць гэты прагрэс, яны ўстрымліваліся ад крытыкі, што дало глебу афіцыйнай прапагандзе абвясціць, што ход выбараў не выклікае нараканняў, і прыгатаваць контратаку пасля галасавання (маўляў, вызначэнне выбараў як неадпаведных стандартам АБСЕ ёсць прыкметай падвойных стандартаў).
Як вынік, ацэнка выбараў стала прадметам палітычнага шантажу, калі назіральнікам заявілі, што іх рэзкая крытыка можа выклікаць вяртанне да палітычных рэпрэсій.
У той жа час прыхільнікі дыялогу могуць сцвярджаць, што іх лінія прыносіць пэўныя вынікі і таму яе варта праводзіць, дарма што прагрэсу ў галоўным пытанні на парадку дня ў 2008 г. — пытанні выбараў — так і не дасягнулі. Як відавочны вынік дыялогу падаецца і вызваленне палітвязняў, і прыпыненне палітычных рэпрэсій (хоць гэтыя станоўчыя тэндэнцыі не змянілі нормаў і практык, якія рабілі магчымымі існаванне палітвязняў і рэпрэсіі), і пэўныя крокі ў бок эканамічнай лібералізацыі (хоць апошнія не выкліканыя ўласна дыялогам, заходнія актары могуць сцвярджаць, што лагоднейшы падыход да беларускіх уладаў заахвочвае іх).
Лукашэнка не марнаваў часу, каб зрабіць уражанне, што гэткая пазітыўная дынаміка можа быць замацавана акурат праз дыялог і палітычныя саступкі. На працягу тыдня пасля выбараў былі агучаныя такія рашэнні, як падатковая рэформа, амбітная прыватызацыйная праграма пры пашырэнні ўдзелу замежнага капіталу ў прыватызацыі і дазвол на куплю зямлі замежнікамі. Нават больш сенсацыйным і, магчыма, у доўгатэрміновай перспектыве важным было рашэнне пра адстаўку кіраўніка брыгады СОБР Дзмітрыя Паўлічэнкі. Яго зняццё, разам з адстаўкай Шэймана, можа быць прыметай кампраміснага развязання праблемы самага праблематычнага з 12 патрабаванняў ЕС, што ўмагчыміць ужо зусім іншыя сцэнары эвалюцыйнай трансфармацыі беларускай сістэмы. Пакуль што беларускія ўлады не марнуюць часу, каб пераканаць Захад, што «перамены праз ангажаванне» ў Беларусі магчымыя — хай і не ў палітычнай сферы.
ВЫСНОВЫ
Ацэньваючы працэс пацяплення ў стасунках Беларусі і Захаду, варта падкрэсліць яго некалькі асаблівасцяў, якія могуць паўплываць на вынікі перамоваў і ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі.
Па-першае, Еўрапейскі Саюз у сваім жаданні нармалізаваць стасункі з Мінскам пайшоў на аднабаковыя саступкі без выстаўлення канкрэтных умоваў дзеля лібералізацыі палітычнай сістэмы і змянення заканадаўства, якія б папярэднічалі дыялогу. Рэжым разглядае такія паводзіны ЕС як слабасць і, верагодна, будзе патрабаваць далейшых саступак і шантажаваць разрывам дыялогу і больш шчыльнай інтэграцыяй з РФ. Пагрозы з боку Еўрасаюза афіцыйны Мінск не будзе ўспрымаць усур’ёз, бо ЕС ужо прадэманстраваў няздатнасць адстойваць свае пазіцыі і дамагацца выканання патрабаванняў.
Па-другое, да сённяшняга дня не існуе «дарожнай карты» дыялогу паміж Беларуссю і Захадам; заходнія дэмакратыіі не выставілі крытэраў і ўмоваў, якія б гарантавалі выкананне абяцанняў і дазвалялі б ацэньваць паспяховасць ці непаспяховасць дыялогу. Фактычна цяпер ідзе аднабаковае некантраляванае прызнанне беларускага рэжыму з боку ЕС і ЗША, якое не гарантуе таго, што і надалей Мінск будзе дэманстраваць добрую волю. Патураючы беларускаму рэжыму, Захад ідзе на велізарную рызыку, бо сёння немагчыма ўпэўнена сцвярджаць, што новы беларускі парламент не прызнае Паўднёвую Асецію і Абхазію, і што не з’явяцца новыя палітычныя вязні ці не вернуцца за краты старыя.
Па-трэцяе, перамовы паміж Захадам і Беларуссю застаюцца непразрыстымі для шырокай грамадскасці. Выглядае, што цяпер ідзе шматузроўневы гандаль паміж такімі актарамі, як беларускі рэжым, ЕС, ЗША і Расія, за тое, каму ўрэшце дастанецца Беларусь і яе эканоміка. Беларуская апазіцыя сталася закладніцай палітыкі нармалізацыі і была выкарыстаная Захадам у гандлі з рэжымам. У будучым гэта можа прывесці да яшчэ большай маргіналізацыі дэмакратычнага руху і росту недаверу паміж апазіцыйнымі партыямі і заходнімі партнёрамі. Фактычна, гэта азначае, што Захад страціць апошнія рычагі ўплыву на ўнутрыбеларускую сітуацыю. Гэта будзе асабліва крытычна ў тым выпадку, калі Захад прайграе «тэндэр» на Беларусь і афіцыйны Мінск аднабакова спыніць дыялог.
Якім чынам ЗША і ЕС могуць стабілізаваць сітуацыю і збалансаваць дыялог? На нашу думку, галоўным фактарам кантраляванасці дыялогу з’яўляецца паступовае вяртанне да пакрокавай стратэгіі і выстаўленне жорсткай абумоўленасці (conditionality) наступных дзеянняў у межах дыялогу з беларускім урадам. Трэба пераадолець сённяшнюю сітуацыю, калі Захад ідзе на аднабаковае прызнанне беларускага рэжыму і здымае санкцыі ўсяго толькі ў абмен на палітычныя заявы і жэсты, не падмацаваныя інстытуцыйнымі і заканадаўчымі захадамі.
Першым этапам у выроўніванні дыялогу павінна стаць распрацоўка «дарожнай мапы», парадку дня перамоўнага працэсу з вызначэннем крытэраў паспяховасці, дзеянняў абодвух бакоў і адказнасці за невыкананне абавязанняў. Абавязковай умовай эфектыўнасці «дарожнай мапы» варта прызнаць кансалідаваную пазіцыю ЗША і Еўрапейскага Саюза ў пытаннях дыялогу з беларускім рэжымам.
Важным фактарам перамоўнага працэсу, які пакліканы забяспечыць давер разнастайных актараў унутры Беларусі да еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў, з’яўляецца празрыстасць дыялогу, яго ўмоваў і дзеянняў, якія прадпрымаюцца ў межах нармалізацыі стасункаў Беларусі з ЕС і ЗША. На далейшых этапах дыялогу неабходна далучыць да выпрацоўкі парадку дня перамоўнага працэсу ўрады суседніх з Беларуссю краін, беларускія палітычныя партыі і аналітычныя цэнтры, а таксама найбуйнейшыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
_________________________________________
Дзяніс Мельянцоў — палітоляг, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
Віталь Сіліцкі — палітоляг, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Сталы аўтар «ARCHE».
17 лiстапада 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Праграма фэсту "Magnifiat-2010"
Школа маладых менэджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае трэці набор удзельнікаў
Семінар па Еўрапейскім Саюзе
Усе абвесткі



Камэнтары(0)