Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Другая традыцыя
Для сярэдняга беларуса гісторыя яго зямлі пачынаецца досыць нядаўна, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, Кастрычніцкай рэвалюцыі або найчасьцей Вялікай Айчыннай вайны савецкага народу. Даўнейшая гісторыя бачыцца больш цьмяна і асацыюецца з кіеўскімі і літоўскімі князямі, барацьбой расейскага і беларускага народаў за ўзьяднаньне, а то і прымусовым насаджэньнем уніі. Як цьвердзяць безуважныя сацыялягічныя апытаньні, сярод любых гістарычных герояў беларускага народу — Пётар I, Кацярына ІІ і Аляксандар Сувораў. Недзе ззаду цялёпаюцца Вітаўт з Каліноўскім, сьпераду крочаць Машэраў з Лукашэнкам. Выбарным манархам Рэчы Паспалітай месца ў гэтым пантэоне ўжо не застаецца.
Камусьці гэта можа падацца цалкам натуральным, для мяне ж гэта знак таго, што з нашай памяці груба і нахабна выкрасьлены цэлы пласт гісторыі. Манархамі сваёй былой дзяржавы можна не захапляцца, але ведаць пра іх трэба абавязкова. Уяўленьні пра ўбоства беларускай мовы і адсутнасьць у беларусаў гісторыі да ўзьяднаньня з Расейскай імпэрыяй маюць супольнае паходжаньне. Яго трэба шукаць у каляніяльных і імпэрскіх ідэалёгіях XVIII — XIX ст., якія апісвалі беларусаў як абарыгенаў паўночна-заходняй ускраіны Расеі, што паслугуюцца скалечанай расейска-польскай мовай і сам факт існаваньня якіх толькі нядаўна быў устаноўлены вялікай расейскай навукай. Калі гаворка ішла пра традыцыі беларусаў, то абавязкова ў пляне народнасьці, фальклёрнасьці і звычаёвасьці. Факт, што беларусы разам з палякамі, літоўцамі і іншымі нацыямі Рэчы Паспалі¬тай падчас існаваньня гэтай дзяржавы маглі падзяляць эўрапейскі палітычны досьвед, у тым ліку высокаразьвіты на тагачасныя меркі парлямэнтарызм, грамадзянскую супольнасьць, а таксама прававую культуру, адмаўляўся. Як не пры¬знаецца цяпер, што яшчэ пару стагодзьдзяў таму назад польская культура была надзвычай прыцягальнай для беларусаў — значна болей за «общерусскую».
Так цынічна прыніжаючы разарваную на тры шматы, але ўсё яшчэ жывую (бо захаваную ў выглядзе традыцыі) Рэч Паспалітую самасьцьвярджалася Расейская імпэрыя — дзяржава, якая, паўтаруся, ставіла знак роўнасьці паміж беларусамі і народнасьцямі ўсходніх стэпаў і якой самой мадэрнізацыя патрабавалася ў значна большай ступені. Больш за тое, павышэньне агульнага ўзроўню Беларусі пастаянна дэкляравалася як легітымізацыйны прынцып расейскай прысутнасьці ў краіне. Пераробліваючы пасьля паўстаньня 1863 г. францішканскія або дамініканскія калегіюмы пад расейскамоўныя настаўніцкія сэмінарыі, гэтая ўлада рабіла выгляд, што ўпершыню нясе сьвятло навукі і цывілізацыі мадзеючым сялянам-беларусам. Хоць унутраныя расейскія губэрні былі значна больш адсталыя ў параўнаньні зь беларускімі (узяць бы такі крытэр, як канцэнтрацыя помнікаў эўрапейскай архітэктуры на тысячу квадратных кілямэтраў тэрыторыі), расейскія пісьменьнікі і этнографы апісвалі стан рэчаў з дакладнасьцю наадварот. Беларусь у іх паўставала як абшар з выміраючым насельніцтвам, з разбуранай інфраструктурай, які гібее пад апекай самаўладнай і дэспатычнай польскай шляхты.
(Парадаксальна, але і само ўяўленьне пра самастойную Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага магло ўзьнікнуць толькі пасьля істотнага ўразаньня памяці пра Рэч Паспалітую.)
Падобную палітычную тактыку скарыстоўвалі і нямецкія акупанты Беларусі ў XX ст., — маўляў, яны занялі Беларусь для таго, каб вярнуць Беларусь ва ўлоньне народаў Эўропы, адрадзіць беларускую культуру, зьнішчыўшы бальшавікоў і жыдоў. Абодва рэжымы да апошняга адмаўлялі дэмакратычнае волевыяўленьне народу і таму былі вымушаныя прыкрывацца цынічнай дэмагогіяй: дзейнічаць ад яго імя, прэтэндуючы на самае чуйнае разуменьне і выражэньне яго «законных інтарэсаў». Не выпадкова, што сёньня на тлумачэньне таго, якія кнігі і выданьні маюць «антыбеларускую» скіраванасьць, прэтэндуе такі рэлікт сталінізму, як Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.
І праз два стагодзьдзі пасьля свайго зьнікненьня на палітычнай мапе Эўропы першая Рэч Паспалітая нагадвае аб сабе ў Беларусі. Сяргей Шупа гадоў 15 таму назад пісаў, што жыхары паўночна-заходняй Беларусі без сур’ёзных на тое падставаў лічаць сябе палякамі. Як на мяне, падставы для гэтага самыя сур’ёзныя — нацыянальная сьвядомасьць гэтых людзей захоўвае памяць аб тых часах, калі ў Беларусі дамінавала польская культура. Калі мова і нацыянальная сьвядомасьць не супадаюць, гэта цалкам па-эўрапейску. Аналягічная сытуацыя ў Эльзасе, дзе аўтахтоннае насельніцтва гаворыць на дыялекце нямецкай мовы, але мае францускую палітычную сьвядомасьць.
Гэты нумар «ARCHE» задуманы не для таго, каб зводзіць гістарычныя рахункі або дэканструяваць нацыяналістычныя міты. Сапраўды, стаўленьне да беларускай мовы не было моцным бокам палітычнай эліты Рэчы Паспалітай. Зь іншага боку, ідэя Беларусі ў этнічным разуменьні больш за 150 гадоў выкарыстоўваецца для легітымізацыі недэмакратычных рэжымаў і іх лідэраў.
Гісторыя існаваньня Беларусі ў палітычнай прасторы Эўропы скончылася разам з падзеламі Рэчы Паспалітай. Няма сумневу, што «ўзьяднаньне» з Расейскай імпэрыяй азначала для беларускіх земляў калясальную затрымку на шляху да дэмакратыі, свабоды і вольнага рынку. Нейкім апраўданьнем быў клопат новай улады аб беларускай мове і культуры. Але наколькі ён быў фальшывым і каньюнктурным, паказаў вядомы рэфэрэндум 1995 г. Ён стаў вяхой у нашай гісторыі: для беларускай улады ідэя росквіту нацыянальнай культуры перастала быць падставай для палітычнай легітымізацыі. Аказалася, што беларускамоўным беларусам у незалежнай Беларусі месца адведзена ў субкультурных гета.
У абсягу «дарасейскай», сутнасна эўрапейскай гісторыі Беларусі цэнзураваньне нашай традыцыі адчуваецца наймацней, бо як палітычная эмансіпацыя, так і рух Беларусі ў эўрапейскім кірунку немагчымы без мабілізацыі гістарычнай памяці аб дарасейскай, эўрапейскай Беларусі. І наадварот, ад яе зьнявечаньня залежыць гістарычнае быцьцё ці небыцьцё аўтарытарных правіцеляў.
Эўрапейская традыцыя Беларусі — рэспубліканская, мяцежная, антыдэспатычная, заснаваная на памкеньнях гордага чалавечага духу. Як падчас паўстаньня Каліноўскага, для яе па-ранейшаму актуальным застаецца непрыняцьце эўразійскага дэспатызму і дэмантаж тутэйшага самаўладзьдзя. Акурат таму, што ў ёй закладзены вызваленчы патэнцыял, яна настойліва замоўчваецца ў школьных падручніках, з уладных трыбун і ў тэле- і радыёперадачах.
Камусьці гэты нумар прапануе падарожжа ў амаль казачны сьвет, бясконца адарваны ад цяперашняй рэальнасьці. Але ў думках я з тымі, хто знойдзе ў ім новыя матывацыі для супраціву, а таксама ключы да эўрапейскай будучыні нашага краю.
24 красавiка 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Праграма фэсту "Magnifiat-2010"
Школа маладых менэджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае трэці набор удзельнікаў
Семінар па Еўрапейскім Саюзе
Усе абвесткі



Камэнтары(0)