Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Мінскія манеўры
У Беларусі існуе адзін палітычны курс, адна (падкантрольная дзяржаве) эканоміка і адзін лідэр. На працягу чатырнаццаці гадоў кіравання Лукашэнку ўдавалася перакладаць вялікую частку расходаў для падтрымання гэтай сістэмы на Расію. Аднак пасля яго «перавыбараў» у 2006 г. «Газпром» абвясціў пра паступовае павышэнне цэнаў на газ, а Расія пачала збіраць пошліны за пастаўкі ў Беларусі сырой нафты, якая далей ішла на экспарт. Лукашэнка раптоўна ўсвядоміў, што ён апынуўся ў ізаляцыі не толькі ад кантактаў з Захадам, але і ад расійскіх грошай.
ПРЭЗІДЭНТ НА ДНІ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
Тым
не менш, і ў такіх няпэўных абставінах Лукашэнку ўдавалася сяк-так
манеўраваць паміж Усходам і Захадам — спрабуючы атрымаць як мага больш
карысці ад кожнага з бакоў. Пазбягаючы любых буйных рэформаў, хоць і
дапускаючы асобныя ліберальныя паслабленні, Мінск настойліва імкнецца
да прыцягнення прыватных інвестыцый. Не ідучы на сур’ёзныя палітычныя
саступкі, Мінск дабіваецца зменаў у палітыцы Еўрапейскага Саюза, якія
маглі б прывесці да фактычнага прызнання Лукашэнкі ў Еўропе. Для
гэтага, праўда, яму трэба паспяхова пераадолець адзін бар’ер —
парламенцкія выбары 28 верасня.
Беларускія ўлады
стараюцца скарыстаць увагу Бруселя да гэтых выбараў. Хоць 12 пунктаў
Еўракамісіі (з даклада «Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі» за
лістапад 2006 г.) па-ранейшаму застаюцца ў сіле, офісу ЕС па знешняй
палітыцы на чале з Хаўерам Саланам удалося заключыць з Мінскам
«мемарандум аб узаемаразуменні» пра асноўныя ўмовы аднаўлення больш
глыбокага дыялогу і супрацоўніцтва з Беларуссю, які складаецца з пяці
пунктаў. Сярод гэтых умоваў — рэгістрацыя на выбарах кандыдатаў ад
апазіцыі, уключэнне яе прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, дазвол
на правядзенне перадвыбарных сустрэч, прысутнасць прадстаўнікоў
апазіцыі ў новым парламенце. Апроч таго, Мінск у асобе свайго
прадстаўніка ў Бруселі паабяцаў перад выбарамі вызваліць з турмы былога
кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.
Ёсць
прыметы таго, што Мінск рухаецца да выканання гэтых умоваў, хоць яшчэ
невядома, ці ўсе абяцанні будуць ажыццёўленыя і якую менавіта колькасць
прадстаўнікоў апазіцыі ў парламенце Брусель палічыць дастатковай.
Асабліва цікава тое, ці будуць гэтыя прадстаўнікі выбраныя належным
чынам альбо Лукашэнка папросту прызначыць іх.
Як ні
дзіўна, гэтае пагадненне можа азначаць, што Беларусь, упершыню пасля
таго, як на змадэляваным рэферэндуме 1996 г. была ўведзеная моцная
прэзідэнцкая ўлада, выканае некаторыя ключавыя патрабаванні АБСЕ па
арганізацыі і правядзенні выбараў, дазволіўшы прадстаўнікам апазіцыі
ўдзельнічаць у рабоце выбарчых камісій. Хоць дэмакратычнасць такіх
выбараў можа быць усё роўна вельмі адноснай, прадстаўніцтва апазіцыі ў
парламенце сталася б відавочным крокам наперад у беларускай палітыцы.
Другі
парадокс у тым, што апазіцыя, якая, паводле ўласных сцверджанняў,
нядрэнна падрыхтавалася да гэтых выбараў, можа ў выніку байкатаваць іх
і намагацца захаваць статус-кво. Аб’яднаным дэмакратычным сілам
(праўда, без удзелу руху «За свабоду» на чале з Аляксандам
Мілінкевічам) упершыню ўдалося дамовіцца аб адзіным спісе са 110
кандыдатаў — па адным на кожную акругу. Але апазіцыйныя партыі вылучылі
чатыры ўмовы свайго ўдзелу ў выбарах і пагражаюць выйсці з працэсу,
калі тыя не будуць задаволеныя.
Дзве з гэтых умоваў —
рэгістрацыя вылучаных кандыдатаў і ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў
склад выбарчых камісій усіх узроўняў — дастаткова адназначныя, тады як
выкананне трэцяй — стварэнне належных ўмоваў для агітацыі — можа
інтэрпрэтавацца вельмі суб’ектыўна. Выглядае на тое, што апазіцыя будзе
прадстаўленая не больш як у адной трэці акруговых выбарчых камісій, а
гэта значыць, улады збіраюцца выконваць умовы ЕС толькі фармальна.
Такім чынам, дыскусія наконт байкоту, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца
падчас усёй выбарчай кампаніі і можа засланіць перадвыбарную агітацыю
апазіцыі.
НЕ ЧАС ДЛЯ БАЙКОТУ
Цяпер
апазіцыі варта распачаць сваю кампанію, не апасаючыся за канчатковыя
вынікі, тым больш ёсць шанец дабіцца сапраўды добрасумленнага падліку
галасоў. Калі замест гэтага апазіцыя вырашыць байкатаваць выбары, яна
можа цалкам дыскрэдытаваць сябе як унутры краіны, так і ў Бруселі. Такі
раптоўны байкот, асабліва калі будуць выкананыя ўмовы ЕС, можа вывесці
апазіцыю з гульні, тады як перад рэжымам запаліцца зялёнае святло для
паляпшэння ўзаемаадносін з Бруселем. Апошняе, трэба думаць, прывядзе да
падпісання з Беларуссю дагавору аб плане дзеянняў у рамках палітыкі
добрасуседства ЕС і скасавання «чорнага спісу» забароны на ўезд у ЕС
высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, уключна, мабыць, з самім
Лукашэнкам.
Крокі дзеля выканання ўмоваў ЕС выглядаюць
таксама больш імавернымі пасля выбуху 3 ліпеня выбуховага
прыстасавання, у выніку якога былі параненыя больш як пяцьдзясят
чалавек. Лукашэнка скарыстаў гэта як нагоду для звальнення двух самых
высокапастаўленых прыхільнікаў «жорсткай лініі» ў сваёй адміністрацыі.
Абодва
яны — старшыня Савета бяспекі Віктар Шэйман і кіраўнік Адміністрацыі
прэзідэнта Генадзь Нявыглас — былі звольненыя 8 ліпеня. Яны лічыліся
«старой гвардыяй» прэзідэнта і ўспрымаліся як перашкода для збліжэння з
Захадам. Хоць Шэйман быў ядром Лукашэнкавай каманды пачынаючы з 1994 г.
і старшынёй яго перадвыбарнага штаба, ён быў, магчыма, замяшаны ў
знікненне шэрагу палітыкаў у канцы 1990-х гг. Як вынік, ён узначаліў
чорны спіс ЕС. Таксама за ім замацавалася рэпутацыя цвердалобага
антызаходніка.
Ад «старой гвардыі» ўплыў пераходзіць
да маладой групы тэхнакратаў на чале з прэм’ер-міністрам Сяргеем
Сідорскім, якую падтрымлівае Лукашэнкаў сын Віктар. Сапраўды, новыя
кіраўнікі Савета бяспекі і Адміністрацыі прэзідэнта — Юры Жадобін і
Уладзімір Макей — непасрэдна лаяльныя прэзідэнту і яго сыну.
Звальненне
высокапастаўленых чыноўнікаў — яўная прымета барацьбы за ўладу паміж
рознымі групамі бюракратыі і няпоўнага кантролю над унутранай сітуацыяй
з боку Лукашэнкі. Ёсць таксама паведамленні, што спецслужбы
дэмаралізаваныя і што за выбухам у Мінску маглі стаяць агенты нейкай з
іх.
Між тым улады выкарыстоўваюць выбух для
ажыццяўлення сваёй звычайнай тактыкі ўціску апазіцыі, запалохваючы
патэнцыйных праціўнікаў і перашкаджаючы любой апазіцыйнай дзейнасці.
Нават нягледзячы на заяву Лукашэнкі аб тым, што ён не будзе «закручваць
гайкі», прэзідэнцкая газета «Беларусь сегодня» абвінаваціла апазіцыю ў
датычнасьці да выбуху, а следам пачаліся арышты апазіцыйных актывістаў.
За
ходам усіх гэтых падзей у Мінску пільна сочыць Масква. Беларусь
працягвае плаціць «Газпрому» 119 долараў ЗША за 1000 м3 газу,
нягледзячы на прынятую раней формулу павышэння цаны на газ для
Беларусі. Перагляд пагаднення прывёў да таго, што сёлета тарыфы выраслі
ўсяго на 9 долараў, хоць пасля выбараў Масква можа пайсці на куды больш
значнае павышэнне цэн. Змякчэнне палітыкі Масквы ў параўнанні з 2006
г., аднак, выразна сведчыць пра яе неабыякавасць да курсу Мінска,
асабліва ў час, калі Лукашэнка ўступіў у адкрыты канфлікт са Злучанымі
Штатамі Амерыкі. Гэта дае Лукашэнку дадатковыя рычагі для ажыццяўлення
сваёй тактыкі, пашыраючы яго магчымасці выкарыстоўваць Захад у
перамовах з Масквой і наадварот.
Ключавым застаецца
пытанне, ці хоча і ці можа Мінск пайсці на правядзенне адносна
нармальных выбараў. Дасведчаныя асобы ведаюць, што Злучаныя Штаты ў
пачатку гэтага года вялі з Мінскам перамовы, аналагічныя тым, якія
цяпер распачаў ЕС. Аднак высунутая ЗША на пачатку году прапанова пайсці
на паляпшэнне дачыненняў пры ўмове вызвалення палітзняволеных
правалілася, паколькі ўлады адмовіліся вызваліць Казуліна. Вашынгтон не
адступіўся ад сваёй пазіцыі і прыняў «удакладненні» да сваіх ранейшых
санкцый супраць дзяржаўнага нафтавага канцэрна «Белнафтахім». Гэта
прывяло да нядаўняга гучнага дыпламатычнага скандалу і скарачэння
персаналу амерыканскага пасольства.
Лукашэнка яўна
адчувае патрэбу ў ЕС, але няма ніякіх гарантый — як і ў выпадку са
Злучанымі Штатамі, — што Беларусь выканае свае абавязанні. Лукашэнкава
бачанне Беларусі на скрыжаванні паміж Усходам і Захадам, пакліканай
атрымліваць выгады ад абодвух бакоў, відаць з усяго, не змянілася. У
сваю чаргу, яго намаганні дзеля заваёвы фактычнага прызнання Захаду
добра стасуюцца з ростам уплыву групоўкі празаходніх тэхнакратаў.
Таму
ЕС павінен быць гатовы да аператыўнай рэакцыі. Ён павінен мець план
дзеянняў на выпадак несумненнага прагрэсу ў выбарчым працэсе, але яму
не варта ісці на кампраміс, калі пастаўленыя ўмовы не будуць выкананыя.
Брусель мае быць гатовы працягнуць палітыку ізаляцыі Беларусі, калі
падчас выбараў не будзе дасягнуты прагрэс.
Але
Брусель таксама мусіць падбаць пра тое, каб, імкнучыся наладзіць
узаемаадносіны з беларускімі ўладамі, не пакінуць за бортам апазіцыю.
ЕС павінен пазітыўна рэагаваць толькі на рэальны прагрэс, а не на фарс,
у ходзе якога Лукашэнка, кіруючыся палітыкай «падзяляй і ўладар»,
пасадзіць у парламент некалькіх апазіцыянераў толькі для таго, каб
зрабіць ЕС прыемнасць. Са свайго боку, апазіцыйныя партыі не павінны
сыходзіць з дыстанцыі. Байкот галасавання дазволіць Лукашэнку правесці
празрыстых выбараў без аніякай небяспекі ўбачыць сярод дэпутатаў сваіх
апанентаў.
Калі ў справе выбараў будзе дасягнуты
істотны прагрэс, гэта будзе сапраўдным шокам для Беларусі. Але мы
павінны здабыць урок з нядаўняга выбуху ў Мінску і не верыць, што ўсё
сапраўды так, як падаюць улады. Урэшце, гэта па-ранейшаму ўсяго толькі
«Лукашэнкастан».
Пераклаў з англійскай Сяргей Петрыкевіч паводле: Balazs Jarabik, Alastair Rabagliati. The Minsk Maneuver.
_______________________________________
Балаш Ярабік — палітоляг, магістар гісторыі ўнівэрсытэту імя Яна Амоса Каменскага ў Братыславе, старшы супрацоўнік вашынгтонскага Савету па палітыцы дэмакратызацыі. Навучаўся ў Калюмбійскім унівэрсытэце (Human rights advocacy course), што ў Нью-Ёрку, і ў Гарвардзкім унівэрсытэце (Conflict Management Group). Узначальвае праект «Пакт для Беларусі і Ўкраіны» ў Кіеве. Рэгулярна піша на беларускія тэмы. Аластар Джэймс Рабальяці — палітоляг і дыплямат, доктар філязофіі брытанскага ўнівэрсытэту Эксэтэр (Exeter). Аўтар кнігі аб долі беларускай і нямецкай меншасьцяў у Польшчы “A Minority Vote. Participation of the German and Belarusian Minorities within the Polish Political System 1989—1999» (Kraków: Zakład Wydawniczy Nomos, 2001). Працуе праграмным каардынатарам аддзяленьня кіраваньня і інстытуцыйнага разьвіцьця сакратарыяту Брытанскай садружнасьці ў Лёндане. Летась у “ARCHE” быў апублікаваны сумесны аналіз гэтых аўтараў пад назвай “Дыялёг з д’яблам. Аб стасунках Эўразьвязу зь Беларусьсю” (4/2007).
23 каcтрычнiка 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша"
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(0)