Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Расстаноўка сілаў у беларускай апазыцыі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў
У фармаце кароткага
паведамленьня было б складана прасачыць усю плынь палітычных падзеяў,
рэакцыяў, публічных рэфлексіяў, канфліктаў і замірэньняў, што
адбываліся ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі за апошні час. Нягледзячы
на сваю адлучанасьць ад улады і мізэрны ўплыў на грамадзтва, беларуская
палітычная апазыцыя спраўна прадукуе інфармацыйныя нагоды і жыве
адносна жвавым жыцьцём, зьнешне даволі падобным да існаваньня апазыцыі
ў дэмакратычных краінах. Прынамсі, інфармацыйны шум ад апазыцыйных
палітыкаў спраўна напаўняе эфір і інтэрнэт-прастору – пры практычнай
адсутнасьці сваіх друкаваных мэдыяў пазасыстэмная палітычная
супольнасьць дае патрэбны матэрыял для працы эфірных журналістаў і
аналітыкаў зь віртуальнай прасторы. Увага з боку гэтых назіральнікаў да
апазыцыі непрапарцыйная ейнаму сапраўднаму ўплыву на грамадзтва. Гэта
істотна скажае карціну і тлумачыцца тым, што практычна ўся незалежная
мэдыйная прастора таксама выцесненая ў тое ж маргінальнае поле
пазасыстэмнага “паралельнага грамадзтва”. У гэтым аглядзе я ня буду
схіляцца ў бок аналізу канкрэтных падзеяў бягучага палітычнага жыцьця,
але агледжу асноўныя трэнды, што вызначаюць канфігурацыю апазыцыйных
суб’ектаў у палітычнай прасторы цягам апошніх двух гадоў, каб
зафіксаваць становішча ключавых апазыцыйных актораў у гэты прамежак
часу.
ІСНАВАНЬНЕ Ў РАЗРЫВЕ ПАМІЖ ПАЛІТЫЧНЫМІ КАМПАНІЯМІ
Працэсы
інстытуцыянальнага развіцьця структураў беларускай апазыцыі ў пэрыяд
2007—2008 гадоў адбываліся пад уплывам шэрагу фактараў, абумоўленых як
унутранымі праблемамі апазыцыйных структураў, так і зьнешнімі ў
дачыненьні да іх. Гэты час можна вызначыць як “міжваенны” – гэта пэрыяд
паміж дзьвюма значнымі палітычнымі кампаніямі апазыцыі, калі варта было
б пераасэнсоўваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, рабіць высновы
і рыхтавацца да старту ў новым палітычным цыкле, што уключае ў сябе
парлямэнцкія выбары 2008 году і, неўзабаве, наступныя прэзыдэнцкія
выбары.
Мясцовыя выбары 2007 году, якія прыпалі на гэты
“міжваенны” час, не былі значнай палітычнай падзеяй ані для ўладаў, ані
для апазыцыі. Але яны сталіся трывожным знакам для ўсіх, хто мае нейкія
спадзевы на палітычны патэнцыял апазыцыі. Улады звыкла правялі мясцовыя
выбары па жорсткім рэпрэсіўным сцэнары, аднак па вялікім рахунку ў
гэтым не было асаблівай патрэбы – дастаткова было б звычайнага
мадэляваньня. Гэтая кампанія сталася сумным прыкладам тактыкі “ні
байкоту, ні ўдзелу” з боку апазыцыі. Больш за тое, сам сцэнар
вылучэньня кандыдатаў быў арыентаваны на вырашэньне ўнутраных праблемаў
апазыцыі і практычна ня быў зьвязаны з барацьбой за галасы і мандаты.
Удзел у гэтых мясцовых выбарах, нават у меншай ступені за мясцовыя
выбары папярэдняга цыклу, служыў інтарэсам падрыхтоўкі да вырашальнай
прэзыдэнцкай кампаніі і быў падпарадкаваны задачам перабудовы адносінаў
унутры апазыцыі. Аднак у адрозьненьне ад папярэдняга цыклу, на гэты раз
нават другасная задача структурнага яднаньня апазыцыі не была
вырашаная.
ПЕРАРАЗЬМЕРКАВАНЬНЕ АПАЗЫЦЫЙНАГА КАПІТАЛУ
На
разьвіцьцё працэсаў у беларускай апазыцыі ўплываў вопыт маштабнай
кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Вынікі той кампаніі былі
асэнсаваныя па-рознаму і адзінай канвэнцыйна ўзгодненай яе ацэнкі не
існуе. Праз гэта ейныя здабыткі не былі засвоеныя.
Так выйшла,
што па выніках той кампаніі палітычны капітал апазыцыі разьмеркаваўся
нераўнамерна. Тварам кампаніі быў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў
Аляксандар Мілінкевіч. Нягледзячы на тое, што ягоныя рукі ў час
кампаніі былі ў значнай ступені зьвязаныя кааліцыйнымі абмежаваньнямі,
а кіраўніцтва ягонай кампаніяй фактычна знаходзілася па-за сфэрай
ягонага кантролю, на Мілінкевіча была ўскладзеная адказнасьць за вынік
кампаніі. Але адначасова з ягонай асобай былі зьвязаныя спадзяваньні
шырокіх масаў дэмакратычнага электарату: здабыўшы падчас кампаніі
агульнанацыянальную вядомасьць, Аляксандар Мілінкевіч стаўся асобай, зь
якой насельніцтва пэрсаніфікавала апазыцыю і, увогуле, дэмакратычную
альтэрнатыву.
Структурны ж рэсурс па-ранейшаму застаўся
пераважна ў руках іншага цэнтру прыняцьця рашэньняў, сфармаванага
кіраўніцтвам апазыцыйных партыяў. Суб’ектна ўвасоблены ў выглядзе
кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), гэты рэсурс ня быў спалучаны з пэрсаніфікаваным увасабленьнем тых самых дэмакратычных сілаў.
Вынікам
гэтага разьдзяленьня здабыткаў кампаніі сталася барацьба паміж
структурным цэнтрам АДС і пэрсаніфікаваным цэнтрам Аляксандра
Мілінкевіча. Апошні змагаўся за структурны рэсурс і імкнуўся да
кантролю за структурамі апазыцыі, у той час як лідэры АДС, баючыся
страціць стратэгічную ініцыятыву, супрацьдзейнічалі Мілінкевічу і
ўсяляк імкнуліся перагледзець ягоны лідэрскі статус. Менавіта гэтая
барацьба і сталася асноўным фактарам, які вызначаў разьвіцьцё падзеяў
на апазыцыйным палітычным полі ў 2007—2008 гадах.
ЗЬНЕШНІЯ ФАКТАРЫ: РАЗРАДКА, ШАНТАЖ І ШТО ЯШЧЭ МОЖА ДАЦЬ ЭЎРАЗЬВЯЗ
Фактары іншага парадку маюць у адносінах да дэмакратычных сілаў
зьнешні характар – яны вызначаныя наяўнымі ў грамадзтве аб’ектыўнымі
працэсамі сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і зьнешнепалітычнага
характару, а таксама палітыкай дзеючага ў Беларусі ўраду. Натуральна,
гэтыя чыньнікі маюць розную ступень уплыву на электаральныя працэсы,
розную працягласьць у часе, рознае паходжаньне і прыроду – у
абмаляванай мною канструкцыі іх яднае толькі тое, што яны не залежаць
альбо амаль не залежаць ад рашэньняў актараў апазыцыі.
Рознаскіраваны
зьнешнепалітычны ціск на рэжым Лукашэнкі з Захаду і з Усходу,
увядзеньне эканамічных і палітычных санкцыяў з боку Захаду на фоне
нестабільных гаспадарчых адносінаў паміж беларускім рэжымам і пуцінскай
Расеяй, здавалася б, стваралі спрыяльны фон для палітычных крокаў з
боку апазыцыі. У пэўнай ступені гэтай магчымасьцю апазыцыя скарысталася
і ейны ўплыў на развіцьцё адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам ня варта
недаацэньваць. Але пры гэтым нельга казаць, што за сталом уяўнага
дыялёгу паміж Лукашэнкам і Захадам зьявілася месца для апазыцыі. Пакуль
гэтага месца няма і апазыцыя ўсяго толькі спрабуе скарыстацца
магчымасьцю ўплываць на заходні бок праз забесьпячэньне інфармацыйнага
фону для дыялёгу. Таксама нельга назваць удалымі спробы прапанаваць
свае паслугі ўладам у якасьці суб’екта, здольнага вырашаць праблемы на
заходнім кірунку. Пакуль што працэс дыялёгу абыходзіцца бяз простага
ўдзелу апазыцыі.
Памяншэньне маштабаў рэпрэсіяў і ўдасканаленьне
дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату, пераход да больш тонкіх мэтадаў
кантролю за сытуацыяй сталіся іншым зьнешнім фактарам, да якога
апазыцыя была падрыхтаваная ня ў поўнай меры. Замест відавочна
палітычна матываваных крымінальных справаў выкарыстоўваюцца
абвінавачаньні ў крымінальных злачынствах, якія цяжка выставіць у вачох
праваабаронцаў як “палітычныя”. Правядзеньне знакавых масавых акцыяў
наўпрост не забараняецца, але праз правакацыі і стварэньне
неспрыяльнага інфармацыйнага атачэньня іх пасьпяховасьць абмяжоўваецца.
Ды, зрэшты, рэжым заўжды пакідае за сабой права вярнуцца да звычайных
брутальных дзеяньняў, рэалізуючы пагрозу зварочваньня дыялёгу з Захадам
і пазбаўленьня ад зьвязаных з тым дыялёгам абмежаваньняў ва ўнутранай
палітыцы.
Гэты непасьлядоўны працэс “закручваньня” і
“адкручваньня” гаек ня варта ацэньваць як спробы лібэралізацыі з боку
рэжыму. Тут варта было б праводзіць паралелі хутчэй з “разрадкай” у
адносінах паміж Захадам і Савецкім Саюзам у часы “халоднай вайны” – як
і тады, прычына “пацяпленьня” мае зьнешні характар. Адмова ад найбольш
жорсткіх відаў рэпрэсіяў супраць іншадумцаў выклікана не намерам
дапусіць іх да палітычнай сыстэмы, а зьяўляецца пасланьнем да зьнешняга
адрасата, пакліканае засьведчыць ласкавае зьняцьцё перашкодаў да
дыялёгу. Сымбалічна, што першая спроба вызваленьня галоўнага
палітвязьня Аляксандра Казуліна нагадвала вызваленьне савецкіх
дысыдэнтаў з наступнай высылкай. Але разрадка ў любы момант можа быць
згорнутая альбо абмежаваная адным з суб’ектаў дыялёгу. Пры гэтым
эскалацыя канфлікту са Злучанымі Штатамі не выключае працягу дыялёгу з
Эўрапейскім Зьвязам.
Вядомыя эканамічныя праблемы рэжыму і
неабходнасьць “зацягнуць паясы” выклікалі згортваньне сацыяльных
гарантыяў і не надалі палітычнага аўтарытэту ўладам. Здавалася б, гэта
давала шанец апазыцыі скарыстацца спрыяльным момантам і на хвалі
сацыяльнай рыторыкі здабыць падтрымку насельніцтва. І сапраўды, пэўны
“левы паварот” у рыторыцы адбыўся і акцэнтаваньне ўвагі на
сацыяльна-эканамічных тэзах, а не на лёзунгах каштоўнаснага пляну,
зрабілася ўласьцівым большасьці апазыцыйных суб’ектаў. Але ж па вялікім
рахунку посьпех гэтага рытарычнага сродку застаецца пад пытаньнем – ва
ўмовах ізаляцыі ад палітычнай сыстэмы апазыцыі варта спачатку дамагчыся
ўключэньня ў поле, дзе можна разважаць у катэгорыях электаральнай
падтрымкі.
Пры гаворцы пра
зьнешнія чыньнікі нельга абмінуць значэньне эўрапейскага пасланьня
народу Беларусі, вядомага як “12 умоваў Эўразьвязу”. Парадаксальным
чынам гэты дакумэнт, абвешчаны ўвосень 2006 году, замяніў АДС (і, шырэй
– усім апазыцыйным сілам Беларусі) стваральную праграму. Гэта датычна
нават тых палітычных структураў, якія трансьлююць скептычнае стаўленьне
да пэрспэктываў эўрапейскай інтэграцыі для Беларусі – яны таксама
вымушаныя суадносіць свае дзеяньні з тымі прапановамі. Пасланьне
Эўразьвязу зрабілася своеасаблівым крытэрам для ацэнкі палітычных
зьменаў у Беларусі і, шырэй, для ацэнкі любых ўнутрыпаліытчных зьяваў
унутры краіны. Фактычна, выкананьне эўрапейскіх умоваў з наступным
карыстаньнем эўрапейскімі прапановамі зрабілася праграмай шырокага кола
апазыцыйных сілаў.
АБ'ЯДНАНЫЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ СІЛЫ: ТАКТЫЧНЫ ХАЎРУС І ПАТЭНЦЫЙНЫЯ СУПЯРЭЧАНЬНІ
Структурна
ядром беларускай апазыцыі застаецца кааліцыя АДС, якая вядзе сваё
паходжаньне ад канца 1990-х гадоў, калі ўпершыню адбылося яднаньне
партыяў, адрозных па сваіх ідэалягічных дактрынах, аднак аб’яднаных
тэзай вяртаньня Беларусі да дэмакратычнага шляху разьвіцьця.
Фармаваньне кааліцыі пачалося ў 1999 годзе з падпісаньня пагадненьня
паміж лідэрамі найбуйнейшых палітычных партыяў Беларусі (Партыяй БНФ,
Аб’яднанай грамадзянскай партый, Партыяй камуністаў Беларускай, БСДП
(Народная грамада), Партыяй працы, БСДГ, БСДП) і прадстаўнікамі розных
недзяржаўных арганізацыяў. Так была створаная Каардынацыйная рада
дэмакратычных сілаў,
якая да часу прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году сфармавала Каардынацыйную
раду апазыцыйных палітычных партыяў, што дазволіла вылучыць адзінага
кандыдата ад дэмакратычных сілаў
на іх. У 2004 годзе напярэдадні парлямэнцкіх выбараў была створаная
кааліцыя "Пяцёрка плюс", у якую ўвайшлі 5 найбуйнешых палітычных
партыяў і шэраг грамадзкіх арганізацыяў. "Пяцёрка плюс" распрацавала
праграму "Пяць крокаў да лепшага жыцьця". Пасьля парлямэнцкіх выбараў
2004 году падпісаньнем аб’яднаўчага пагадненьня была пакліканая да
жыцьця Стала дзеючая нарада дэмакратычных сілаў,
у якую ўвайшлі дзесяць суб’ектаў – лідэраў апазыцыйных палітычных
партыяў (утварэньне хутка пачалі па аналёгіі называць “дзясяткай”). У
2005 годзе быў праведзены вялікі дэмакратычны форум – VI Кангрэс
дэмакратычных сілаў,
які пацьвердзіў адзінства мэтаў і каштоўнасьцяў апазыцыі напярэдадні
прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і вызначыў адзіным кандыдатам на выбарах
беспартыйнага Аляксандра Мілінкевіча, да таго вылучанага Партыяй
“Зялёных” і падтрыманага Партыяй БНФ.
Па выніках апошняй
прэзыдэнцкай кампаніі у АДС уваходзілі практычна ўсе зарэгістраваныя і
незарэгістраваныя апазыцыйныя структуры (фактычна, акрамя
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ). Аднак згаданы канфлікт з
Аляксандрам Мілінкевічам прывёў да таго, што створаны былым адзіным
кандыдатам Рух за Свабоду, фармальна ўваходзячы ў кааліцыю, стварыў
праблему падвоенай ляяльнасьці ў актывістаў апазыцыі. Рашэньні і
тактыка кааліцыі часьцяком супярэчылі тактыцы Руху Мілінкевіча, што
яскрава праявілася падчас VII Кангрэсу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў
26-27 траўня 2007 году. Па выніках таго форуму Мілінкевіч быў de jure
пазбаўлены статусу лідэра кааліцыі і апынуўся роўным сярод роўных іншых
кіраўнікоў партыйных структураў. Праблема Мілінкевіча была ў пэўнай
ступені зьнятая партыйнымі дзеячамі, але гэта не надало аўтарытэту
апазыцыйнай кааліцыі. Больш за тое, умацаваньне структуры АДС на
карысьць ўплыву моцных партыяў (БНФ, АГП, БСДПГ, ПКБ) з адпаведнай
перабудовай структуры прыняцьця рашэньняў у кааліцыі (фармаваньне
Прэзыдыюму палітрады АДС у складзе 10 асобаў-прадстаўнікоў асноўных
суб’ектаў кааліцыі і ўвядзеньне інстытуту ратацыі сустаршыняў кааліцыі)
выклікала фрустрацыі ў малых суб’ектаў кааліцыі.
Як і раней,
ідэалягічная стракатасьць кааліцыі ускладняе фармуляваньне супольнай
плятформы. Рыхлы характар кааліцыі не патрабуе ад партыяў адмовы ад
сваёй уласнай ідэалягічнай дактрыны. Партыі АДС яднаныя зусім не
ідэалягічнай блізкасьцю, а тактычнай па сутнасьці задачай зьмены
палітычнай сыстэмы і вяртаньня да канкурэнтнай палітыкі. У выніку
шматлікія спробы выпрацаваць супольную плятформу АДС застаюцца на
паперы -- Стратэгія АДС 2007 году, так званая “Малая канстытуцыя” і
эканамічная плятформа АДС не зрабіліся грамадзка значнымі дакумэнтамі.
Фактычна, нейкая адзіная дактрына можа быць выпрацаваная АДС толькі ў
межах выбарчай кампаніі і можа дзейнічаць толькі на пэрыяд выбараў.
Задача
выпрацоўкі такой дактрыны ўскладаецца на адмысловы орган -- адноўленую
Плянава-аналітычную групу АДС. Гэтая група мае характар нарады
адмыслоўцаў, дэлегаваных рознымі партыямі. Працэс выпрацоўкі рашэньняў
дазваляе ёй прапаноўваць кіроўным органам АДС узгодненыя варыянты, што
задавальняюць інтарэсы розных суб’ектаў кааліцыі і практычна заўжды
прымаюцца за аснову. На дадзены момант групай распрацаваны Пасланьне
АДС, зь якім кааліцыя пайшла на парлямэнцкія выбары ўвосень 2008 году.
Таксама ўзгоднены сьпіс 110 кандыдатаў АДС, якія балятуюцца ў парлямэнт
(адбор прэтэндэнтаў быў адкрыты для пазакааліцыйных вылучэнцаў).
РУХ ЗА СВАБОДУ АЛЯКСАНДРА МІЛІНКЕВІЧА (РЗС)
Запіс
у рух у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча пад лёзунгам “За свабоду” быў
распачаты яшчэ ўвесну 2006 году падчас грамадзкіх пратэстаў супраць
мадэляваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак структурнае
афармленьне руху адбылося пры канцы 2006 году, калі разыходжаньні
былога адзінага кандыдата з АДС зрабіліся непераадольнымі. З таго часу
РЗС двойчы спрабаваў здабыць статус легальнага грамадзкага аб’яднаньня
праваабарончага характару, аднак улады адмаўлялі яму ў рэгістрацыі.
Ініцыятары аб’яднаньня пайшлі па шляху ўпартага змаганьня за
рэгістрацыю, і на дадзены момант па трэцяй спробе рэгістрацыі ўлады
далі адтэрміноўку.
Падобна на тое, што, не выходзячы з АДС,
Рух яднае вакол сябе некалькі больш дробных палітычных утварэньняў
правацэнтрысцкай скіраванасьці і выконвае функцыю аўтаномнай
нефармальнай фракцыі ўнутры кааліцыі АДС. Асновай для такога яднаньня
зьяўляецца рэйтынг вядомасьці Мілінкевіча і ягоныя амбіцыі быць адзіным
кандыдатам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Нягледзячы на заяўленае
імкненьне далучыць да працы ў Руху непартыйных асобаў, у яго пераважна
ўваходзяць акурат сябры іншых палітычных структураў, што паслужыла
падставай для абвінавачаньня РЗС у празэлітызьме. Іншым фактарам, што
адштурхоўвае дэмакратычных актывістаў ад РЗС, зьяўляецца непразрысты
характар кіраваньня РЗС: у адрозьненьне ад АДС, працэдура прыняцьця
рашэньняў у ім нявызначная і пераважна кулюарная, ды толькі асабістыя
якасьці Мілінкевіча дазваляюць РЗС пазьбегнуць абвінавачаньня ў
недэмакратычнасьці ўнутрыарганізацыйнага жыцьця.
Калі б
апэрацыя “паглынаньня” Партыі БНФ, прадпрынятая прыхільнікамі РЗС
падчас зьезду Партыі БНФ пры канцы 2007 году ўдалася, вакол Мілінкевіча
была б сфармаваная моцная правая кааліцыя, раўназначная астатняй частцы
дэмакратычных сілаў.
Так бы мовіць, спадар Мілінкевіч атрымаў бы тады ўласную АДС і мог бы
валодаць кантрольным пакетам у дэмакратычнай апазыцыі. Парадаксальным
чынам Партыя БНФ выконвае ў дадзеным кантэксьце функцыю “залатой
акцыі”, якой на актуальным этапе пакуль карыстаецца АДС.
РЗС
адмовіўся ад вылучэньня сваіх кандыдатаў на парлямэнцкія выбары, аднак
шмат ягоных удзельнікаў вылучаюцца ў межах сьпісу АДС. РЗС па
ўзгадненьні з кааліцыяй сканцэнтраваўся на правядзеньні кампаніі “За
свабодныя выбары”, што мае за мэту спрыяць правядзеньню свабодных і
справядлівых выбараў у парлямэнт у адпаведнасьці зь беларускім
заканадаўствам і прынятымі ў дэмакратычных краінах нормамі.
Падаецца,
што асноўнай тактычнай мэтай РЗС па ранейшаму застаецца захаваньне
статусу Мілінкевіча як агульнапрызнанага лідэра апазыцыі насуперак
меркаваньню АДС. Гэта, верагодна, справакуе ў будучыні новыя канфлікты
і змаганьне за статус адзінага кандыдата ад апазыцыі: аўтарытэт
Мілінкевіча бясспрэчны, аднак паўнамоцтвы вызначэньня асобы адзінага
кандыдата застаюцца ў руках АДС.
ЭЎРАПЕЙСКАЯ КААЛІЦЫЯ
Гэтае
ўтварэньне мае яшчэ больш рыхлую структуру ў параўнаньні з АДС і РЗС.
Створанае яшчэ да парлямэнцкіх выбараў 2004 году, аб’яднаньне застаецца
туманным хаўрусам невялікіх незарэгістраваных арганізацыяў і
ініцыятываў, якія фармальна выступаюць за эўрапейскі шлях разьвіцьця
Беларусі. Суб’екты гэтай кааліцыі ў большасьці ўваходзяць у АДС, аднак
не падтрымліваюць выбарчай стратэгіі АДС і абвінавачваюць АДС у
антыэўрапейскіх настроях, хоць праэўрапейская тэма выразна
адлюстраваная ў праграмных дакумэнтах АДС.
Эўрапейская
кааліцыя заявіла, што мае сьпіс з 70 кандыдатаў, пераважна тых, хто быў
адсеяны падчас узгадненьня акругаў у межах АДС. Аднак пры гэтым такія
суб’екты Эўрапейскай кааліцыі, як “Хартыя-97” і Малады Фронт, ужо
заявілі пра намер байкатаваць выбары і канцэнтравацца на арганізацыі
масавых пратэстаў супраць выбарчых фальсыфікацыяў. Але гэта не
перашкаджае прадстаўнікам гэтых суб’ектаў, напрыклад Маладога Фронту,
балятавацца ў парлямэнт па сьпісе АДС.
Сьпікерам гэтага
палітычнага ўтварэньня выступае былы палітвязень Мікола Статкевіч.
Большасьць назіральнікаў адзначаюць, што ў дазеным выпадку Статкевіч
папросту выкарыстоўвае свой звыклы спосаб пазыцыянаваньня на палітычнай
арэне – праз разьмежаваньне зь іншымі дэмакратычнымі сіламі і пошук
свайго ўласнага шляху. Падобнае адасабленьне структураў, узначаленых
Статкевічам, назіралася і ў час байкоту парлямэнцкіх выбараў і
давыбараў 1999-2000 гадоў, і падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў 2004
году.
ДРУГАЯ СТУПЕНЬ ПАЗАСЫСТЭМНАСЬЦІ
Беларуская
апазыцыя вось ужо дзясятак гадоў існуе ў фактычнай ізаляцыі ад
сыстэмнай палітыкі: некаторыя эпізадычныя кантакты з фармальным бокам
палітычнай сыстэмы ў выглядзе асобных перамог на мясцовых выбарах альбо
раптоўнай перафарбоўкай парлямэнцкай групы “Рэспубліка” ў апазыцыйныя
калеры не дадаюць апазыцыі далучанасьці да сыстэмы прыняцьця дзяржаўных
рашэньняў, а нават у пэўным сэнсе аддаляюць ад яе, замацоўваючы наяўны
прынцыповы падзел. Аднак у коле пазасыстэмнай палітыкі паўстала свая
сыстэма – сыстэма апазыцыі, адлучаная ад улады, але з уласнымі нормамі,
колам суб’ектаў, мэтадамі дзейнасьці, канвэнцыйнымі і забароненымі
сродкамі барацьбы.
Інтэнцыя да стварэньня груповак, якія былі
б апазыцыяй да гэтай “сыстэмы апазыцыі”, ня ёсьць нечым новым для
беларускай палітыкі. Фактычна гэта ўжо традыцыя – раз-пораз зьяўляюцца
палітыкі, якія імкнуцца скарыстацца з гэтага на першы погляд такога
прывабнага рэсусрсу. Спакуса пазыцыянаваць сабе як адрознага ад старой
апазыцыі, як новую апазыцыю, не мінула Аляксандра Казуліна зь ягоным
адыёзным рухам “Воля народу”, былі і іншыя прэтэндэнты на статус “новай
апазыцыі”. Не пазьбег гэтага і Аляксандр Мілінкевіч, які аднак падышоў
да праблемы больш тэхналягічна і паспрабаваў спалучыць паўнавартаснае
карыстаньне здабыткамі і структурамі старой апазыцыйнай сыстэмы зь
бескампрамісным яе адмаўленьнем: розныя часткі ягонага руху па рознаму
ставяцца да апазыцыйнай сыстэмы, крытыкуюць яе з розных і часам
супярэчлівых пазыцыяў.
Аднак практычна ніводная з гэтых
спробаў скарыстацца рэсурсам адмаўленьня ад старых апазыцыйных схемаў
не прывяла да посьпеху. Нават былы бескампрамісны кандыдат ад “новай
апазыцыі” А.Казулін адмовіўся ад ідэі шырокага грамадзкага руху і
зрабіўся кіраўніком палітычнай партыі БСДПГ, а цяпер за ім
зарэзэрваванае крэсла ў прэзыдыюме АДС. А.Мілінкевіч, нават пазбаўлены
статусу адзінага лідэра АДС, трымаецца за партыйную кааліцыю і цешыцца
статусам лідэра аднаго зь яе суб’ектаў.
Бадай што адзіны
элемэнт беларускай палітычнай табліцы, які трывала пазыцыянуецца як
“апазыцыя за межамі апазыцыі” – гэта прарасейскія сілы. Аднак гэты
элемэнт у сваёй падвойнай віртуальнасьці можна ахарактэрызаваць як
выключна нестабільны, ягоныя ўласьцівасьці вядомыя толькі ў тэарэтычным
аспэкце дзякуючы выступам аналітыкаў і экспэртаў. Эпізадычныя праявы
гэтага элемэнту ў рэальным жыцьці (малалюдныя мітынгі за ўваходжаньне
Беларусі ў склад Расеі, скандальны маніфэст Леаніда Сініцына і
Ўладзіміра Парфяновіча) пацьвярджаюць, што ён яшчэ незапатрабаваны.
Расчараваньне
няздольнасьцю традыцыйнай апазыцыі зьмяніць сытуацыю застаецца
па-ранейшаму ласым рэсурсам, асабліва для некаторых маладых палітыкаў.
Ягоная значнасьць павялічылася за кошт далучэньня да барацьбы з рэжымам
пэўнай колькасьці новых асобаў у выніку грамадзкага пратэсту ў Менску
пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта створаная па выніках Плошчы
“Ініцыятыва”, гэта рэшткі старога распушчанага “Зубра” ў выглядзе руху
“Бунт”. Маніфэст гэтых сілаў
пад назвай “Час перамагаць” быў апублікаваны ўвесну 2007 году і пакінуў
дваістае уражаньне. Прынамсі, стратэгія дзеяньняў гэтых структураў
засталася па-за маніфэстам. Адносіць гэтыя структуры да палітычнае
апазыцыі пакуль ня варта -- функцыянальна гэта рух “негвалтоўнага
супраціву”, аднак пазбаўлены мэты і апірышча ў выглядзе палітычнай
праграмы. Пакуль яны выконваюць функцыі выключна каналізацыі
грамадзкага пратэсту. Гэткія структуры зазвычай існуюць у якасьці
спадарожных да агульнанацыянальных рухаў супраць аўтарытарызму. Іх
барацьба з дыктатурай выклікае асацыяцыі з роляй “самурая без
гаспадара” з адпаведнымі лірычным настроем і сумнымі пэрспэктывамі.
* * *
Так
бачыцца інтытуцыйная канфігурацыя апазыцыі на дадзены момант.
Прасачыўшы беларускі палітычны спэктар ад найбольш структураваных і
інстытуцыйна моцных арганізацыяў да амаль віртуальных утварэньняў, мы
можам адзначыць, што дэкляраванае адзінства апазыцыі далёкае ад
рэчаіснасьці. Пры гэтым максымальная ступень узгадненьня дзеяньняў
назіраецца ў тых суб’ектаў, якія маюць нейкае разуменьне сваёй задачы і
цьвяроза ацэньваюць свае сілы. Так, нягледзячы на пэўнае разыходжаньне
паміж АДС і РЗС, гэтыя ўтварэньні занятыя канкрэтнай дзейнасьцю, няхай
сабе і рознаскіраванай. На гэтай базе можа быць дасягнутае паразуменьне
і могуць быць узгодненыя кароткатэрміновыя падыходы, што дэманструе
наяўнае узаемадзеяньне гэтых суб’ектаў у справе падрыхтоўкі да
парлямэнцкіх выбараў. Верагодныя канфлікты, што могуць паўстаць пасьля
выбараў, могуць быць вырашаныя праз узгоднены фармат дзейнасьці, як
гэта было і падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў.
Напярэдадні
парлямэнцкіх выбараў АДС як кааліцыя палітычных партыяў застаецца
фактычна адзінай структурай, якая мае нейкія акрэсьленыя задачы ў межах
гэтай палітычнай кампаніі. Усе астатнія структуры зьвязваюць свой удзел
альбо няўдзел у выбарах не з магчымасьцю доступу да парлямэнцкай формы
палітычнай барацьбы, а зь пераразьмеркаваньнем сілаў унутры апазыцыі і атрыманьнем больш зручнай стартавай пляцоўкі напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў.
Юры Чавусаў – палітоляг, сталы аўтар “ARCHE” . Гэты тэкст быў упершыню агучаны на канфэрэнцыі „Канфлікт пакаленьняў, або беларускія адрознасьці ў мэтах, каштоўнасьцях і стратэгіі”, адбытай 3-6 чэрвеня 2008 г. у варшаўскай Вышэйшай школе гандлю і права імя Р. Лазарскага.
23 каcтрычнiка 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Пошук артыкулаў
Стажыроўкі ў Польшчы
Святочная вечарына «Збіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”»
Усе абвесткі



Камэнтары(0)