Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Парламенцкія выбары: беларуская нуда, еўрапейская інтрыга?
Выбары праводзяцца ў ніжэйшую палату парламента — Палату прадстаўнікоў, якая складаецца з 110 дэпутатаў і не мае нават паўнавартаснай законатворчай прэрагатывы. Прэзідэнцкія дэкрэты маюць нават большую моц, чым законы, прынятыя парламентам. Беларускі парламент не мае партыйнай структуры, што падмацавана мажарытарнай сістэмай, на падставе якой праводзяцца выбары. Дэпутат падтрымлівае ў вачах грамадства свой стары савецкі статус рэгіянальнага лабіста ў цэнтральных калідорах улады, а не сапраўднага прадстаўніка выбарцаў і асобы, якая прымае рашэнні. Практычная адсутнасць інтрыгі і сур’ёзных чаканняў у адносінах да бяссільных прадстаўнічых органаў і пасіўны падыход апазіцыі да выбарчых кампаніяў не пакідае грамадству іншага выбару, акрамя як прыняць загадзя падрыхтаваную прапанову ўладаў. У прыватнасці, практычна адсутнічае супраціў кампаніям датэрміновага галасавання (працэдура, якую апазіцыя лічыць найбольш прыдатнай для фальсіфікацыяў), падчас якой да 30 % выбарцаў аддаюць свае галасы яшчэ да самой даты выбараў. У гэткай сітуацыі выбары ператварыліся ў рытуал савецкай эпохі, якога абавязкова варта прытрымлівацца, калі хочаш застацца ў добрых стасунках з уладай.
Аднак выбары 2008 г. не будуць пазбаўленыя інтрыгі, хаця яна, магчыма, і не будзе заключацца ў канфрантацыі паміж рэжымам і апазіцыяй. Прынамсі адна інтрыга ў выбарах захоўваецца: яны могуць стаць індыкатарам, паводле якога можна будзе ацэньваць прагрэс у адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
За апошнія некалькі гадоў беларуска-еўрапейскія адносіны развіваліся паводле сінусоіды, у якой перыяды «нармалізацыі» і спробаў дыялогу змяняла «пахаладанне», якое было часта выкліканае хваляй палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Апошняе такое пахаладанне адбылося ў сакавіку 2008 г., калі замест чаканага вызвалення Аляксандра Казуліна ўлады брутальна разагналі дэманстрацыю да Дня Волі, правялі ператрусы ў офісах фінансаваных Еўрасаюзам апазіцыйных медыяў і вынеслі прысуды аб пазбаўленні волі ўдзельнікам пратэстаў прадпрымальнікаў, гэтак павялічыўшы колькасць асобаў, якіх ЕС і ЗША лічаць палітвязнямі.
У папярэдніх даследаваннях мы разглядалі беларуска-еўрапейскія адносіны проста як функцыю стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй. У адпаведнасці з гэтай логікай, калі Лукашэнка здольны дамагчыся пэўных эканамічных саступак і палітычнай падтрымкі з боку ўсходняга суседа, афіцыйны Мінск губляе інтарэс да Еўрапейскага Саюза — і наадварот. З гэтага гледзішча апошні перыяд пахаладання адносінаў з ЕС і ЗША ў сакавіку практычна супаў з рашэннем Крамля пакінуць цану на газ для Беларусі ў 2008 г. на ўзроўні менш як палова ад еўрапейскай. У адпаведнасці з шматлікімі меркаваннямі, інтэнсіфікацыя канфлікту з ЗША, якая мела наступствы і для беларуска-еўрапейскіх стасункаў, была скіраваная менавіта на тое, каб не пакінуць Маскве іншых варыянтаў, апрача прыняцця такога рашэння.
Сёння, аднак, Лукашэнка мае справу з іншай асобай у Крамлі — самаўпэўненым і дзелавым Дзмітрыем Мядзведзевым разам з ягоным папярэднікам і новым прэм’ер-міністрам Уладзімірам Пуціным, які зрабіўся галоўнай персонай, што прасоўвае эканамічныя інтарэсы Расіі ў суседніх краінах, не зважаючы на дыпламатычны пратакол. І хаця ніякага канфлікту з Расіяй не назіраецца, Лукашэнку неабходна захаваць прастору для манеўру ў адносінах з ЕС.
Падаецца, што парламенцкія выбары выдатна прыдаюцца для пашырэння гэтага поля для манеўру. Па-першае, уваход апазіцыі ў парламент у любым выпадку не парушае балансу сіл у краіне, бо заканадаўчы орган застаецца малаэфектыўны. Па-другое, перамога некалькіх сяброў апазіцыі ў розных акругах, як паказвае досвед, не абавязкова вядзе да падвышэння папулярнасці і даверу да ўсёй апазіцыі. Па-трэцяе, лібералізацыя электаральных практык насамрэч не гарантуе, што апазіцыя заваюе месцы ў парламенце: у крайнім выпадку ўлады заўсёды будуць мець аргумент, што «народ вырашыў» не дапускаць апазіцыю да законатворчасці. І апошняе, само палягчэнне выбарчых практык можа выклікаць крызіс ідэнтычнасці ўнутры апазіцыі, калі больш радыкальная яе частка можа ўзмацніцца ў сваёй упэўненасці, што апазіцыя, праз падключэнне да электаральнай кампаніі, «прадаецца» рэжыму.
Задача «забеспячэння» мінімальна прымальнага ўзроўню празрыстасці выбараў да таго ж аблегчаная ўнутранымі супярэчнасцямі, апатыяй і пэўным «канфліктам пакаленняў» у стане палітычнай апазіцыі. Магчымы байкот выбараў часткай апазіцыйных сілаў можа прывесці да таго, што часткова паўторыцца сцэнар 2000 г., калі апазіцыя на парламенцкіх выбарах збольшага вяла ўнутраную барацьбу, дазволіўшы ўладзе рэалізоўваць уласныя сцэнары. Кампанія байкоту — гэта, магчыма, таксама спроба перафарматаваць палітычнае поле перад прэзідэнцкімі выбарамі 2011 г. праз павышэнне ставак тых груповак, якія выступаюць за больш радыкальны сцэнар паводзінаў апазіцыі на выбарах. Аднак, у любым выпадку, спробы байкоту толькі дададуць магчымасцяў для міжнароднай легітымізацыі выбараў уладамі.
Аднак нават пры такіх умовах лібералізацыя электаральных практык будзе азначаць трансфармацыю ўсёй гэтай добра адладжанай дзяржаўнай машыны, што можа прывесці да непажаданых наступстваў. З аднаго боку, урад добраахвотна надае пэўную вагу палітычным апанентам, што супярэчыць доўгатэрміновай палітыцы паслядоўнага разбурэння апазіцыі. Нават калі апазіцыя ўсё ж патрапіць у парламент, такая нармалізацыя можа быць нядоўгай, бо існуе больш за адзін спосаб пагоршыць палітычны клімат у краіне і такім чынам справакаваць новы перыяд «глыбокай замарозкі» стасункаў з ЕС. З іншага боку, улады рызыкуюць ператварыць электаральную арэну ў памост для «ўнутрырэжымнага плюралізму» і фракцыйнай барацьбы: у нешта, што можа быць нават больш рызыкоўным для доўгатэрміновай стабільнасці сістэмы, чым наяўнасць самой апазіцыі. Тэндэнцыя пазбягання міжфракцыйнай барацьбы найбольш яскрава выявілася ў адкладанні інаўгурацыі прапрэзідэнцкай партыі «Белая Русь», якая, на думку многіх, павінна была стаць галоўным прадстаўніком прэзідэнцкае волі падчас гэтых выбараў. Насамрэч Лукашэнка адхрысціўся ад «Белай Русі» і яе стваральнікаў таму, што тыя выкарыстоўвалі савецкія метады ў разбудове арганізацыі. Крытыка прэзідэнта на адрас «Белай Русі» вельмі паказальная, прымаючы да ўвагі той факт, што арганізацыя, на меркаванне многіх, стваралася як інструмент перадачы ўлады ад Лукашэнкі да пераемніка, якім мог стаць ягоны старэйшы сын Віктар. Пасада спікера парламента была б добрым трамплінам для далейшага росту. Аднак выяўляецца, што гэтыя прыпушчэнні былі цалкам беспадстаўныя, і схема з пераемнікам была прадуктам спекуляцыяў, не падмацаваных неабходнай інфармацыяй. Урэшце, прэзідэнт Лукашэнка сам паклаў канец чуткам, прэзентаваўшы публіцы свайго малодшага сына Мікалая і абвясціўшы, што той будзе ягоным сапраўдным пераемнікам. Такім чынам, прэзідэнт недвухсэнсоўна абвясціў пра тое, што ён не збіраецца ў блізкай будучыні адыходзіць ад
спраў. Адпаведна, парламенцкія выбары згубілі яшчэ адну інтрыгу.
КРОК НАПЕРАД — ДВА НАЗАД
Чаканні, што сёлетнія парламенцкія выбары могуць быць пераломнай падзеяй, якая прывядзе да палітычнай лібералізацыі, пакуль што засноўваюцца пераважна на афіцыйным дыскурсе, які робіць акцэнт на неабходнасці дэмакратычных і празрыстых выбараў. Прэзідэнт Лукашэнка паслядоўна паўтараў на працягу года, што планаваныя выбары пройдуць з максімальнай празрыстасцю і на «найвышэйшым еўрапейскім узроўні», і паабяцаў, што Беларусь «пакажа Захаду і Расіі, як трэба праводзіць выбары», у той час як старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына задэкларавала, што яна будзе «працаваць для дасягнення міжнароднага прызнання выбараў». Аднак трэба памятаць, што да папярэдніх выбараў таксама рабіліся падобныя заявы. Адным вартым увагі адрозненнем гэтай парламенцкай кампаніі ад ранейшых з’яўляецца тое, што ўлады, відаць, пазбавіліся страху, што апазіцыя можа паспрабаваць арганізаваць падчас выбараў «каляровую» рэвалюцыю: хаця дэманізацыя апазіцыі ў афіцыйных СМІ працягваецца, яна далёка не такая інтэнсіўная, як раней. Улады таксама пайшлі на касметычныя, але досыць эфектыўныя з гледзішча PR змены ў заканадаўстве, каб даказаць прагрэс у электаральнай сферы. Напрыклад, улады дазволілі місіі ад Офіса па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ назіраць за выбарамі, адрозна ад афіцыйнай Масквы, якая не дапусціла місію да назірання за парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі некалькі месяцаў таму. Пэўныя касметычныя крокі, да прыкладу, запрашэнне кіраўнічкай Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай прадстаўнікоў палітычных партыяў быць назіральнікамі ў ЦВК, не змяняе правілаў палітычнай гульні ў Беларусі, але стварае добры піяр-эфект для беларускіх уладаў.
Дэкларацыя прэзідэнта Лукашэнкі пра тое, што некалькі апазіцыянераў могуць стаць парламентарыямі, былі правільна інтэрпрэтаваныя аналітыкамі як запрашэнне Еўрапейскага Саюза за стол перамоваў. Робячы намёкі (аднак без аніякіх абавязанняў), што выбары пройдуць паводле трохі іншага сцэнара, афіцыйны Мінск можа паспрабаваць прамацаць глебу наконт таго, як далёка еўрапейцы могуць пайсці ў нармалізацыі стасункаў (да прыкладу, зняццё санкцыяў і візавых абмежаванняў), калі афіцыйны Мінск пацвердзіць, што апазіцыя атрымае месцы ў парламенце.
Магчыма, даследаванне прынесла нездавальняючыя вынікі, бо з чэрвеня 2008 г. усё паказвала на тое, што выбары, хутчэй за ўсё, адбудуцца паводле звычайнага сцэнара. Прапагандысцкі серыял «Сеціва», паказаны па Беларускім тэлебачанні 10—12 чэрвеня, пацвердзіў, што афіцыёзны рэпертуар застрашвання не змяніўся пасля ранейшых палітычных кампаніяў. Галоўнымі нягоднікамі ў гэтай дакументальнай трылогіі паўсталі прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў і замежных грамадскіх арганізацыяў, што падтрымліваюць дэмакратыю, — такія, як «National Democratic Institute for International Affairs». Прапагандысцкія медыі яшчэ раз нагадалі, што апазіцыя збіраецца ўдзельнічаць у гвалтоўных акцыях з мэтай скінуць урад. Адметна, што акрамя дыктара ўсе каментатары ў дакументальным фільме былі вядомымі дзеячамі камуністычнай і ультранацыяналістычнай апазіцыі Расіі, а таксама маргінальных прарасійскіх лявацкіх партыяў Украіны, але ніводнага вядомага лукашэнкаўскага прапагандыста.
Новы закон аб медыях, прыняты акурат перад пачаткам перадвыбарнай кампаніі ў чэрвені 2008 г., пацвердзіў, што да змянення палітычнага клімату ў Беларусі яшчэ далёка. Закон не ўнёс радыкальных зменаў у варункі існавання незалежнай прэсы і не ўвёў, насуперак чаканням, абмежаванняў на інтэрнэт-выданні. Але ў той жа час закон фактычна крыміналізаваў дзейнасць замежных электронных медыяў, якія вяшчаюць на Беларусь пры падтрымцы ЕС і ЗША, калі тыя будуць працаваць без рэгістрацыі. Цікава, што прыняццё закона было абстаўленае так, што першапачатковая версія змяшчала нашмат больш рэпрэсіўныя меры, чым канчатковая, якая была часткова «пачышчаная» і змененая нават з улікам рэкамендацый незалежных журналістаў і міжнародных арганізацый.
Пра тое, што выбары найхутчэй пойдуць паводле песімістычнага сцэнара, сведчаць і атакі на палітычных апанентаў улады, якія распачаліся пасля абвяшчэння выбараў. Напрыклад, шэраг апазіцыйных актывістаў згубілі працу пасля таго, як заявілі пра планаваны ўдзел у выбарах, а іншыя палітыкі і праваабаронцы адчулі на сабе ўціск падатковых інспекцыяў. Антыапазіцыйную кампанію фактычна падтрымаў прэзідэнт, які наўпрост заявіў пра асноўныя кірункі афіцыйнай контрпрапаганды, у прыватнасці, пра неабходнасць праверыць фінансавыя крыніцы існавання апазіцыі. Такім чынам, пачаў вымалёўвацца мяккі сцэнар, згодна з якім кропкавыя рэпрэсіўныя меры, у камбінацыі з інтэнсіўнай прапагандай у дзяржаўных медыях, мусілі б прывесці да дыскрэдытацыі апазіцыі ў вачах грамадства і адначасова да яе дэмаралізацыі задоўга да галасавання.
Мяккі сцэнар, аднак, быў відавочна радыкалізаваны самім прэзідэнтам Лукашэнкам, калі той выказаў у сваім інтэрв’ю расійскай газеце «Комсомольская правда» падазрэнні, што апазіцыя больш не выклікае інтарэсу на Захадзе, і што каб вярнуць гэты інтарэс, яна гатовая пайсці на розныя правакацыі, уключаючы выбухі.
Сам факт, што выбух адбыўся на наступны дзень пасля публікацыі інтэрв’ю, падчас святкавання Дня Рэспублікі ў Мінску, даў нагоду апанентам улады падазраваць саму ўладу ў правакацыі, якой можна будзе скарыстацца дзеля апраўдання рэпрэсіяў супраць апазіцыі. Аднак той факт, што галоўнай «ахвярай» выбуху стаў былы сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, якога Лукашэнка абвінаваціў у няздольнасці супрацьдзейнічаць хуліганам, паказвае, што інцыдэнт вых структурах. Падзенне Шэймана, якога лічаць прыхільнікам жорсткай лініі і правадніком расійскіх інтарэсаў у Беларусі, паказвае на тое, што ва ўладных колах усё большую вагу набывае маладое пакаленне прагматыкаў, якія гуртуюцца вакол Віктара Лукашэнкі, і якія, тэарэтычна, будуць шукаць шляхі нармалізацыі адносінаў з Захадам. Але ў той жа час, нават калі самі прадстаўнікі ўлады (а не сродкі масавай інфармацыі) і ўстрымаліся ад таго, каб наўпрост абвінаваціць апазіцыю ў арганізацыі выбухаў, менавіта яе прадстаўнікі (або, дакладней, прадстаўнікі радыкальных моладзевых груповак, нават калі апошнія і спынілі сваё існаванне пэўны час таму) аказаліся за кратамі паводле падазрэння ў датычнасці да выбухаў. Выглядае, што вінаватых у гэтым акце будуць шукаць найперш сярод апазіцыі. Больш за тое, выбух 4 ліпеня, магчыма, будзе выкарыстоўвацца як зачэпка для пераследу палітычных апанентаў — і нават па-за рамкамі перадвыбарнай кампаніі.
Выбух ужо стварыў адмысловы фон для перадвыбарнай кампаніі, паколькі беларускія ўлады, калі яны сапраўды хочуць нармалізацыі стасункаў з ЕС, цяпер мусяць, у дадатак да «хатняй працы» (правядзенне празрыстых выбараў) яшчэ і ўстрымацца ад жорсткіх захадаў у дачыненні да палітычных апанентаў і правесці аб’ектыўнае расследаванне інцыдэнту. У той жа час не выключана, што ўстрыманне ад рэпрэсіяў будзе выкарыстанае, разам з адстаўкай Шэймана, як доказ доўгачаканай лібералізацыі пры адсутнасці прагрэсу ў саміх выбарах.
За два месяцы да выбараў можна зрабіць выснову, што асноўныя палітычныя гульцы або не маюць дастатковай матывацыі, або рэсурсаў, каб змяніць звыклы сцэнар правядзення выбараў. Афіцыйны Мінск проста не будзе здольны за гэты час змяніць алгарытм дзеянняў усяго дзяржаўнага апарату і падмацаваць гэты злом інфармацыйна, лагістычна і ідэалагічна. Таму ўлады найхутчэй абмяжуюцца касметычнымі мерамі — напрыклад, дазволяць большай, чым раней, колькасці апазіцыянераў удзельнічаць у працы акруговых выбарчых камісій. Нягледзячы на тое, што выбары ператварыліся ў своеасаблівы тэст на сапраўднасць намеру нармалізаваць стасункі з Еўропай, можна зрабіць прагноз, што беларускія ўлады паспрабуюць дамагчыся гэтай нармалізацыі іншымі саступкамі — увядуць мараторый на смяротнае пакаранне ці вызваляць астатніх палітычных зняволеных. Таксама магчыма, што некаторыя з новаабраных дэпутатаў утвораць «канструктыўную апазіцыю» ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў. У любым выпадку, прызначаныя на 28 верасня выбары маюць нашмат большую міжнародную, чым унутрыбеларускую інтрыгу.
________________________
Віталь Сіліцкі — палітэканом, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, сталы аўтар «ARCHE». Летась пад яго рэдакцыяй выйшаў энкцыкляпэдычны даведнік «Historical dictionary of Belarus» (Scarecrow Press, 2007. 2nd ed.).
23 каcтрычнiка 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Праграма фэсту "Magnifiat-2010"
Школа маладых менэджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае трэці набор удзельнікаў
Семінар па Еўрапейскім Саюзе
Усе абвесткі



Камэнтары(0)