Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Гiсторыя




 34mag.net

34mag.net

З гісторыі платнага кахання ў Менску

блогер Капялюш

Гістарычна-эратычная рэтраспектыва.
Мы зазірнулі ў мінулую эпоху, каб паглядзець, наколькі свабоднаю была сексуальная сфера жыцця тагачаснага менчука.

Бурлівае ХХ стагоддзе стала эрай не толькі актыўнага развіцця сучасных тэхналогій, сусветнай глабалізацыі, барацьбы з “усясветным пацяпленнем”, але таксама гэта быў век лібералізацыі сексуальных зносін. Не стала выключэннем і Беларусь. Мы зазірнулі ў мінулую эпоху, каб паглядзець, наколькі свабоднаю была сексуальная сфера жыцця тагачаснага менчука.

 

Прастытуцыя


Прадстаўніцы найстаражытнейшай прафесіі не былі для Менска вялікай экзотыкай. Нават наадварот: прастытуцыя напрыканцы ХІХ – пач. ХХ ст. знаходзілася ў росквіце. У 1893 г. у сталіцы налічвалася 152 путаны. Большая частка з іх лічылася так званымі “адзіночкамі” ці “кватэрнымі прастытуткамі”, і толькі 26 размяшчаліся ў трох “дамах цярпімасці”. Апроч таго існавала яшчэ цэлая армія “нелегальных” жрыц кахання, якія не былі ўлічаны ні медыцынскімі, ні паліцэйскімі службамі Расійскай імперыі.

 

Абыдзеннасць тагачаснай менскай прастытуткі была досыць цяжкай і незайздроснай. “Заработная плата” была мізэрнай: адна путана зарабляла ў сярэднім каля чатырох рублёў. Астатняе ішло ў кішэню да гаспадынь прытонаў, на хабар урадным асобам, на адзенне, харчаванне і т. п.

 

Найбольшая актыўнасць прастытуцыі прыпадала звычайна на вясенне-летнія месяцы. Гэта было звязана з дыслакацыяй войск. Напрыклад, “адзіночкі” ахвотна ладзілі падарожжы ў Бабруйск і Баранавічы, дзе размяшчаліся летнія ваенныя лагеры.

 

Характэрна, што, згодна з тагачаснай статыстыкай, папоўніць шэрагі путан маладых менскіх дзяўчат прымушала ў першую чаргу патрэба і галота (41,6 %)! Толькі 0,8 % ішлі ў прастытуцыю з мэтай ўзбагаціцца, 7,2 % бралі прыклад з сябровак.


Калі весці гаворку пра “этнічны склад” менскіх жрыц кахання, можна прыкмеціць, што найбольшая колькасць прыходзілася на габрэек – ажно 50,5 %. Маладыя беларускі складалі ў адсоткавых суадносінах 35 %, полькі – 7,4 %, рускія – 5,4 %.

 

Венерычныя захворванні


Натуральна, што сексуальнаму бізнесу спадарожнічалі шматлікія венерычныя захворванні. Гэтак, на працягу 1893 г. ад такіх хвароб пакутавала 99, 3 % менскіх прастытутак. У сувязі з гэтым, шматлікія медыцынскія ўстановы сталі пільна сачыць за станам здароўя жрыц кахання. У 1898 г. быў створаны спецыяльны камітэт, які назіраў за жанчынамі з сацыяльнага дна. Пад яго наглядам знаходзілася 12 “дамоў цярпімасці” з 223 жанчынамі. У Татарскай слабадзе ў Менску (сённяшні раён каля гасцініцы “Юбілейная”) была адкрыта бальніца для прастытутак на 27 месцаў, дзе было арганізавана бясплатнае лячэнне.

 

 34mag.net

34mag.net

 

Раён, дзе размяшчаўся камітэт па нагляду за станам здароўя менскіх прастытутак


“Ліга свабоднага кахання”


На пачатку ХХ ст. сярод моладзі характэрнай з’явай стаў пошук свабоднага кахання і нічым неабмежаваных палавых зносін. У выніку прагі да сексуальнай уседазволенасці ў 1905 г. была створана арганізацыя з назвай “Ліга свабоднага кахання”. Стаць сябрам Лігі маглі толькі здаровыя, маладыя і зграбныя юнакі і дзяўчаты.


На свае “пасяджэнні” сябры Лігі збіраліся на кансператыўнай кватэры. Навічкі не ведалі імя ніводнага з прысутных: кожны атрымліваў уласную мянушку. Найчасцей гэта былі гучныя імёны гістарычных асоб: Карл Вялікі, Атыла, Марыя Медычы і т. п.


Першая частка “пасяджэння” была дыскусійнай: ішлі спрэчкі наконт такіх гарачых тэм, як гомасексуалізм, парнаграфічная літаратура, сексуальныя вычварэнствы і інш. Падчас дэбатаў разносіліся напоі, якія яшчэ больш узбуджалі маладых людзей. Крыху пазней наступала другая частка: крэслы і сталы замяняліся канапамі, гучаў званок і па чарзе ў залу запрашаліся папарна дзяўчыны і мужчыны. Пары займаліся сексам на вачах адзін у аднаго. Задаволеўшы фізіялагічныя патрэбы, дамы і кавалеры ў адным споднім распачыналі “інтэлектуальныя гутаркі, якія былі заключным акордам усяго мерапрыемства.

 

Век сацыяльных пераўтварэнняў


Сітуацыя ў сексуальнай сферы каардынальна змянілася з прыходам савецкай улады. Бальшавікі актыўна ўзяліся за культуру палавых зносін. Першыя гады ўлады саветаў сталі эрай сапраўднага свавольніцтва сексуальнага жыцця. Меркавалася, што цяпер, у час наступлення ўсеагульнага камунізму, не будзе патрэбы ў сям’і, як сацыяльным інстытуце грамадства. Таму палавая ўседазволенась была цалкам безпакаранай, сексуальныя зносіны з рознымі партнёрамі не выходзілі за рамкі маралі, якой фактычна не існавала да наступлення 20-х гг. ХХ ст.

 

Становішча цалкам змянілася з перыяду першай паловы 1920-х. Савецкі ўрад актыўна ўзяўся за “маральнае выхаванне” сваіх грамадзян. Была распрацавана цэлая сістэма захадаў, што мелі на мэце, у першую чаргу, актыўную барацьбу з прастытуцыяй. Пачалі закрывацца бардэлі, жрыцы кахання сталі пераследвацца.

 

Аднак, атмасферу, што панавала на менскіх вулках у 20-я гг., нельга параўнаць з той, што прыйшла ў 30-я гг. ХХ ст. Усё ж такі тады час быў больш-менш “дэмакратычны”. Прынамсі, канчаткова прастытуцыя ў 1920-я гг. не знікла. Пра гэта сведчаць нататкі з дзённіка беларускага паэта Паўлюка Труса, датаваныя 1927 г.: “Пасля 12 гадзін вяртаўся з кіно. Ішоў па Савецкай вуліцы. На кожным кроку сустракаў людзей, якія прадавалі сваё цела за грошы. Людзі доўга з імі гандляваліся”.

 

“Нямецкі парадак” у цэнтры Менска


Пасля “засухі” 1930-х гг. сексуальнае жыццё Менска актывізавалася толькі ў часы нямецкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны. У самым цэнтры сённяшняй беларускай сталіцы, у будынку Акружнога Дома Афіцэраў, для нямецкіх жаўнераў быў арганізаваны бардэль. У час бамбёжак правае крыло збудавання было разбурана, а ў левым быў наладжаны “Зольдатэнхайм” (жаўнерскі клуб). Апроч публічнага дома, тут размяшчаліся рэстаран і кінатэатр. Пасля адступлення ў чэрвені 1944 года будынак планавалі разбурыць цалкам, аднак гэтага зрабіць не паспелі.

 

 34mag.net паводле Менск стары і новы” , ГАУС Мінгарвыканкама  і rodich2007.


21 лiпеня 2010




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код