Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Кароткiя рэцэнзii




baj_by

baj_by

Складанае мастацтва абыякавасці. Замест рэцэнзіі

Ігар Жалткоў

Гэты прынцып дапамог Фіхтэліўсу здабыць славу, асабліва пасля таго, як яго журналісцкае расследаванне ледзьве не знішчыла абаронны комплекс Швецыі.

Панядзелак не надта спрыяльны дзень для спатканняў з аўтарытэтамі еўрапейскага маштабу. Класічны недахоп вольнага часу ў гэты дзень, які збольшага абумоўлены спадчынай мінулага тыдня, не дае наладзіцца на адэкватнае ўспрыманне неўміручых ісцін. Мусіць, таму 15 лютага на сустрэчу з Эрыкам Фіхтэліўсам, "залатым пяром" шведскай журналістыкі сабралася не болей за два дзесятка журналістаў з "правільных" і няправільных" перыядычных выданняў. Трэба адзначыць - калегі паводзілі тактоўна, ўзаемных кпінаў сабе не дазвалялі.

 

Эрык Фіхтэліўс праславіўся перад усім, як аўтар нашумелага падручніка "Дзесяць запаветаў журналістыкі". Падручнік выдалі ва ўсіх краінах Еўрасаюзу, а тым часам натхнёны поспехам мэтр зрабіў адаптацыю тэксту для постсавецкай медыапрасторы. Уласна, з нагоды прэзентацыі расейскамоўнага выдання "Запаветаў" ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў быў зладжаны вышэйзгаданы выступ, абвешчаны як "публічны выклад".

 

Крыху пра стыль. Мэтр шведскай журналістыкі нагадваў часамі місіянера ў Экватарыяльнай Афрыцы. Словы пра "сэрца чытача" і "адчуванне навіны душой" гучалі як "упусці ў сэрца Джызуса" альбо "Госпад любіць цябе, брат!". Дый знешне пан Фіхтэліўс быў падобны да элегантнага пратэстанцкага пастара з каналу god.tv, хоць як прамоўца яўна саступаў апошнім. Адчуўшы сябе студэнтам я не надта высока ацаніў выкладчыцкія здольнасці Фіхтэліўса, які няўдала спрабаваў імправізаваць і не трымаўся логікі аповеду. Ну дык і мы - не шведскія студэнты, а дарослыя калегі, нам пальца да рота не пхай.

У расейскім варыянце, падладжаным пад расейскія рэаліі, кніжка носіць доўгую назву: "Новости. Сложное искусство работать с информацией". Назва не павінна засмуціць - гэта чысты досвед пана Фіхтэліўса без якой-кольвечы прэтэнзіі на навукападобнасць. Практычны дапаможнік для "чайнікаў". Аказалася, што ў еўрапейскіх універсітэтах такіх падручнікаў амаль няма. Тэорыі шмат, а практыка - навобмацак з гузамі ды сінякамі. Мэтр гэта заўважыў і не паставіўся да праблемы абыякава.

 

Я нездарма прыгадаў місіянераў ды іх выступы. На самым пачатку Эрык Фіхтэліўс спрабаваў пераканаць нас, што кожную інфармацыю трэба прапускаць праз сэрца і душу, нібыта ўсё, пра што пачуў, адбылося з табою. Толькі тады навіну запомняць і будуць доўга абмяркоўваць людзі. Слушная заўвага. Такая парада асабліва карысная тым, хто займаецца імітацыяй журналісцкай дзейнасці, спрабуючы зрабіць сенсацыю з чарговых "дажынак" ды надаць статус грамадскай праблемы №1 распаўсюду флікераў. Рэпарцёры незалежных СМІ кожную навіну прапускаюць праз сябе apriori, бо іначай існаванне такога выдання не мае сэнсу.

 

Аднак прапусціўшы навіну праз сваё сэрца/ныркі/пячонку і абрынуўшы яе на слухача/гледача/чытача варта адключыць усе пачуцці, каб не пераймацца наступствамі. Мэтр свята верыць у тое, што каштоўнасць праўдзівага факту вышэйшая за іншыя маральныя каштоўнасці. Журналіст - што хірург: разрэзаў -зашыў - забыўся. Маўляў, Платон - мой сябрук, аднак ісціна мне даражэй? Фіхтэліўс вырашыў звольніцца ад маральнага цяжару, праўда з агаворкамі, наступствы не датычацца маёй сям'і і блізкіх людзей.

 

Гэты прынцып дапамог Фіхтэліўсу здабыць славу, асабліва пасля таго, як яго журналісцкае расследаванне ледзьве не знішчыла абаронны комплекс Швецыі. Мэтр дакапаўся да гісторыі з велічэзным хабарам, які - не без удзелу нябожчыкаў Улафа Пальме і Раджыва Гандзі - заплаціў гігант шведскай прамысловасці Bofors, каб падпісаць мільярдны вайсковы кантракт з Індыяй. У мове хіндзі пасля гэтага слова "буфорс" стала сінонімам хабару, а Фіхтэліўса на Радзіме абвясцілі "ворагам нацыі №1". Цяжка нават уявіць, што было б з мэтрам, калі месца Швецыі заняла б Беларусь. Пытанне пра маральныя межы рэпарцёра нават пасля бурнай дыскусіі засталося адкрытым, бо гарачых прыхільнікаў "поўнай абыякавасці" пан Эрык сярод беларусаў не спаткаў.

Выснова даволі павярхоўная, зрэшты як і сустрэча. Памятаючы пра вядомае прыслоўе з удзелам смерці, расейцаў і немцаў - сваякоў шведаў па германскай моўнай сям'і, можна сцвярджаць, што ад той кніжкі беларусу недзе пасярэдзіне - ані смерць ані цалкам добра. Гэта абумоўлена гістарычна і ментальна. Беларусы паспелі пабываць як у складзе Расеі, так і Швецыі (ja-ja, Кейданская унія, калі хто забыўся на айчынную гісторыю), таму ім "усё карысна" абы на здароўе пайшло. Настольнай кнігай твор пана Фіхтэліўса не стане, аднак часам зазірнуць туды варта. Асабліва калі едзеш рабіць рэпартаж з "дажынак".

 

susvet.info




9 сакавiка 2010




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код