Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
Michael Wuelfrath, Photoxpress
Страхоўка ад падману для мясцовай прэсы
Праца ў лякальных і рэгіянальных СМІ трохі нагадвае стварэньне школьных газэт. Людзі, пра якіх ты пішаш, сустракаюцца з табой пазьней, і гэта цяжкія сустрэчы. Пазытыўныя героі стамляюць сваёй удзячнасьцю. Адмоўныя палаюць прагай помсты. Нэўтральныя маюць прэтэнзіі, што пра іх замала напісалі. Аднак трэба старацца пісаць так, каб усім тром групам можна было спакойна глядзець у вочы. З гэтым няма праблемаў, калі пішаш праўду.
Празрыста і гасьцінна
У рэдакцыі "Астралэнцкага тыднёвіка" няма рэцэпцыі, ахоўнікаў, супрацьтэрарыстычных брамак і сканаваньня багажу. У мае часы было такое, што за шкляной сьцяной будынка з вуліцы можна было разгледзець, як ідзе праца ў рэдакцыі. Гэта быў такі невэрбальны сігнал чытачам – мы тут, перад вамі, мы не закрываемся ад вас, не пазьбягаем кантакту. Кожны можа сюды ўвайсьці, падзяліцца навінамі, паразмаўляць, сказаць, што ў газэце падабаецца, а што не. Запрашаем.
Акрытасьць і празрыстасьць лякальнай газэты ня мела нічога агульнага з маркетынгавымі штучкамі. Усё адбывалася па-сапраўднаму. Лякальная газэта, каб быць цікавай, павінна мець сталы і шчыльны кантакт з чытачамі. Слухаць іх думкі, скаргі і пахвалы. Калі мы ведам, чым дыхаюць нашыя чытачы, мы можам быць у меру перакананыя, што на старонках выданьня адбіваюцца сапраўдныя праблемы рэгіёну, а не выдуманыя ў рэдакцыйных калідорах ці курылках.
Мясцовая рэдакцыя, якую я ведаў і якую дапамагаў ствараць, гэта месца шумнае, поўнае народу, і яно слаба надаецца для засяроджанай працы. Звіняць тэлефоны, прыходзяць наведнікі з просьбамі дапамагчы, прыбягаюць са скандаламі незадаволеныя публікацыямі асобы, часамі прыходзяць экскурсіі са школ. Як у такіх умовах пісаць або рэдагаваць?Немагчыма! Трэба было браць працу дадому або працаваць начамі.
Але ўночы таксама прыходзілі наведнікі – самыя цікавыя інфарматары, якія вельмі дбаюць пра тое, каб іх не заўважылі пры ўваходзе ў рэдакцыю. У сярэднім раз на тыдзень сьвітанак заставаў чалавека на працы.
Сэнсацыя як перац
У кантакты з чытачамі варта інвэставаць ня толькі час і высілкі, але і грошы. Бясплатная тэлефонная бясплатная для тых, хто звоніць, але вымагае аплаты ад рэдакцыі. Аднак вартасьць інфармацыі, якая такім чынам прыходзіць – неацэнная.
Чытачы адчуваць сябе каштоўнымі і паважанымі, калі газэта ўтрымлівае такі канал інфармацыі і ў 90% звоняць з важнай інфармацыяй і думкамі. Яшчэ 10% -- гэта жарты і справы, пра якія рэдакцыя раней даведалася зь іншых крыніц. За 7 год працы я не сустрэў выпадку, каб праз тэлефонную лінію хтосьці спрабаваў нас надурыць.
Лінію можна выкарыстоўваць і для рэдакцыйных ліній з мясцовымі кіраўнікамі, старшынямі, дэпутатамі, падаткавымі спэцыялістамі, юрыстамі, якія ў вызначаны час адкажуць на пытаньні чытачоў. Тады амаль заўсёды тэлефон распальваецца да белага каленьня, а дзяжурны прадстаўнік улады або спэцыяліст выходзіць з такога дзяжурства выціснуты, як лімон. Пазьнейшыя раздрукоўкі такіх размоваў ахвотна чытаюцца на старонках газэты. Але гэта не адзіная іхная карысьць. Справы, зь якімі чытачы звоняць на гарачую лінію -- гэта сапраўдная скарбніца тэмаў. Паднесеных на сподачку, гатовых для рассьледаваньня.
Тое, што людзі хочуць па тэлефоне аблаяць кіраўніка або дэпутата, натуральная рэч, якую лёгка прадбачыць. Аднак самам вялікім хітом сярод гарачых ліній аказалася дзяжурства… варажбіткі. Бедная жанчына чатыры гадзіны практычна не адрывала слухаўкі ад вуха, і тэлефон званіў яшчэ доўга пасьля сканчэньня дзяжурства. Прызнаюся, што спачатку мяне гэта моцна засмуціла, бо я лічыў, што маё выданьне сур’ёзнае, паважнае, уплывовае і чытачы ўспрымаюць яго менавіта так. Аднак пазьней я ўсьвядоміў, што трохі магіі, шаленства і сэнсацыі ў лякальнай газэце неабходныя. Важна, каб была захаваная адпаведная прапорцыя. Рэчы такога кшталту -- гэта як прыправа ў ежы. Непрыпраўленая ежа – няспачная, аднак аднымі прыправамі чалавек не наесцца.
Калі ты ўжо не зьдзіўляесься – зьмяні прафэсію
Працуючы мясцовым журналістам, трэба вельмі дбаць пра тое, каб не патрапіць у рутыну. На месцах ня робіцца вялікая палітыка. Афёры і сэнсацыі тут таксама зьяўляюцца рэдка – хутчэй афёркі і сэнсацыйкі. Звычайна пішаш пра прыземленыя, жыцьцёвыя праблемы звычайных людзей. Трэба рабіць гэта добра і зацікаўлена. І нястомна дзівіцца сьвету. Журналіст, які перастаў дзівіцца, перастае быць журналістам. Найбольшай небясьпекай зьяўляецца павярхоўнае стаўленьне да справаў, важных для людской штодзённасьці.
Малады рэпартэр, калі ты пачнеш казаць “Але гэта ж нармальная зьява!”– гэта вельмі трывожны сігнал. Дзіркі на дарогах? Але ж яны паўсюды ёсьць. Прадпрыемства ня выплаціла заробак? Але ж гэта частая зьява. Суседнія жыльлёвыя суполкі адгарадзіліся ланцугамі і варагуюць за калак зямлі? Гэта адбываецца штодня, дзе тут праблема? Калі ты так успрымаеш сьвет, лепей пашукай сабе іншай прафэсіі, чым журналістыка.
Хтосьці, хто пастаянна дзіціцца сусьвету, звычайна задае шмат пытаньняў, дзеліць волас на чатыры часткі, а гэта ж праява дапытлівасьці – адной з самых важных рысаў добрага журналіста. Калі ты пастаянна задаеш пытаньне “А чаму?”, нават празаічныя гісторыі аказваюцца важнай справай, у дадатку цягнуць за сабой паважныя наступствы.
Справа дзяўчынкі, якую непсправядліва абвінавацілі ў крадзяжы слодычаў у супэрмаркеце, здавалася няважнай – бо памылкі здараюцца. Можна было спыніцца на паведамленьні, што такое здарылася, кіраўнік крамы перапрасіў, а паліцыя закрыла справу. У прынцыпе, пра тут пісаць, калі справа вырашаная? Аднак журналісцкая дапытлівасьць, якая межавала з нахабствам, выявіла, што ахова крамы перайшла мяжу свае кампэтэнцыі Справа скончылася працэсам у судзе. У выніку рашэньня суда ахова крамы мусіла публічна прызнацца, што злоўжывала паўнамоцтвамі, і прабачыцца перад дзяўчынкай, зьмясьціўшы нататку ў прэсе. Неўзабаве крама адмовілася ад паслуг той ахоўнай агенцыі.
Сіла друку
Здараюцца таксама публікацыі, якія зьмяняюць ход лякальнай гісторыі, хаця і патрапляюць на старонкі без асаблівага намаганьня рэдактараў і журналістаў.
Неяк настаў такі мёртвы летні сэзон, што літаральна нічога не здаралася, не было пра што пісаць! Нават крымінальная хроніка была нудная. Незадоўга да здачы нумару ў друк мясцовы пракурор раптам запытаўся, ці маглі б мы апублікаваць абвестку аб пошуках злачынцы. Зь нязмушанай размовы можна было адчуць, што органы перасьледу ня вельмі вераць у эфэктыўнасььць такіх абвестак у прэсе, таму пракурор асабліва не настойваў. Аднак ліст апублікавалі і апынулася, што злачынца празь дзьве гадзіны пасьля таго, як убачыў свой твар у газэце, зьявіўся з павіннай у паліцыю. Празь некалькі месяцаў я даведаўся, што паліцыя схіліла яго выдаць сваіх супольнікаў. Ён прытым атрымаў статус ахоўванага сьведкі. Такім чынам удалося зьнішчыць арганізаваную злачынную групу, якая больш за 10 год тэрарызавала людзей ад Цеханова і Астралэнкі аж па самы Валомін і Зомбкі.
Гісторыя гэтая паказвае, як эфэкт публікацыі можа адрозьнівацца ад нашых чаканьняў. Таму такой важнай зьяўляецца праца рэдактара над тэкстамі, чытаньне тэкстаў некалькімі рэдактарамі і пастаянны роздум над тым, ці не пацерпіць нехта нявінны ад гэтай публікацыі. Банальны прыклад – мне, яшчэ пачаткоўцу, у якасьці элемэнта тэксту была патрэбная размова з начным вартаўніком. Ужо пішучы тэкст, я вырашыў трохі перадаць атмасфэру сустрэчы фразаю “вочы вартаўніка, хаця і налітыя крывёю, выдавалі зьдзіўленьне”.
Фраза пайшла ў друк. Толькі сам вартаўнік ведае, колькі тлумачальных запісак ён мусіў напісаць начальству, чаму на працы ён меў вочы, налітыя крывёю. Потым яшчэ доўгія месяцы яго правяралі ўначы, ці ня п’е ён на працы. Ён ня піў. Я ж толькі хацеў апісаць праявы ягонага недасыпу.
Абавязковы сумнеў і прадбачаньне
Каб прадбачыць вынікі публікацыі, важна спазнаць матывацыю інфарматараў. Інфарматарам зьяўшляецца кожны, хто кантактуе з рэдакцыяй. Калі, напрыклад, дырэктар музэю запрашае на адкрыцьцё выставы, то вядома, што гэта вынікае зь ягоных службовых абавязкаў і зьмяшчэньне такой інфармацыі на старонках газэты не зашкодзіць нікому. Аднак калі нехта прыходзіць у рэдакцыю з тэчкай дакумэнтаў, зь якіх вынікае, што ва ўстанове ці фірме ўзьнікла мафія, тут ужо трэба быць вельмі асьцярожным. Людзі часта падаюць у СМІ інфармацыю пра розныя парушэньні толькі таму, што хочуць камусьці нашкодзіць. Гэта сумна, але праўда. Гэта не азначае, што мы не павінныя карыстацца паслугамі гэтых інфарматараў.
Наадварот! Аднак у такіх сытуацыях журналісцкая дапытлівасьць і крытыцызм павінна патроіцца. Бо часамі аказваецца, што інфарматар мае на сумленьні больш, чым тыя, каму ён сабраўся нашкодзіць.
Выцягваць на сьвятло дня розных парушэньняў і афёраў у лякальнай прэсе цяжэй, чым у агульнанацыянальнай. І не таму, што пад дзьвярыма рэдакцыі няма ахоўніка. У малых мясцовасьцях розныя супольнасьці часта абрастаюць паталёгіямі і становяцца вельмі закрытымі. Сацыяльныя кантакты уплывовых людзей часта не зьвязаныя з палітычнымі падзеламі, а сямейныя сувязі ідуць упоперак службовай субардынацыі, прыватнае сяброўства і сваяцтва спараджаюць абавязкі рабіць адно аднаму паслугі. Мясцовы журналіст павінны быць вельмі вытрыманым на рознага кшталту націскі і прапановы, ад якіх немагчыма адмовіцца. А такія будуць паступаць, каб журналіст ня вельмі цікавіўся пэўнымі тэмамі. Героі журналісцкіх рассьледаваньняў або выкрывальных тэкстаў больш страцяць, калі пра іх напіша мясцовая, а не агульнанацыянальная прэса. У Астралэнцкім рэгіёне мясцовую газэту выпісвае кожная другая сям’я.
Штодзённыя ж агульнанацыянальныя газэты чытаюць адзінкі. Зь іншага боку, імунітэт на націск -- вельмі важная рыса журналіста і выданьня, у якім ён працуе. Давер і пазыцыю на рынку будуюць гадамі, а страціць яе можна за адзін раз.
Журналістам вераць, палітыкам – неабавязкова
Рэпутацыя выданьня, ягоная пазыцыя на рынку засноўваецца не толькі на друку. Вельмі важная тут і невыдавецкая дзейнасьць, пачынаючы ад банальнага інфармацыйнага шэфства над рознымі імпрэзамі і заканчваючы ўласнымі пачынаньнямі, якія могуць быць найважнейшымі акцыямі ў акрузе. Прыкладаў можна прывесьці мноства. Набольш мне запомнілася, як перад мясцовымі выбарамі 2004 г. я вёў дэбаты кандыдатаў на мэра горада – дэбаты ў удзелам публікі. У 54-тысячнай Астралэнцы ў залю прыйшлі паўтары тысячы чалавек, у той час як на самыя буйныя перадвыбарчыя імпрэзы кандыдатаў і палітычных сілы прыходзілі сама больш сотні. Пасьля двухгадзіннага двубою, які публіка назірала з затоеным дыханьнем, да мяне падыйшоў незнаёмы маладзён. Ён падзякаваў за арганізацыю дэбатаў. Я спытаўся, чаму ён прыйшоў, бо моладзь звычайна ня вельмі цікавіцца палітыкай, асабліва мясцовай. Ён адказаў, што наадварот, цікавіцца, толькі трэба тлумачыць, пра што вядзецца ў гэтай справе і пільнаваць, каб спадары ў касьцюмах, якія імкнуцца да ўлады, не махлявалі.
І сапраўды, мясцовая прэса павінная тлумачыць людзям рэчаіснасьць і аберагаць ад махлярства. Калі я выйду на пэнсію, СМІ будуць кіраваць цяперашнія школьнікі. І я паціху разьлічваю, што калі я сяду ў мяккае крэсла і разгарну ўжо не папяровую газэту, а электронную мультымэдыяльную, то і тады буду мець пачуцьцё, што журналісты выданьня ахоўваюць мяне ад паўсюднай спробы палітыкаў падмануць мяне.
Яцэк Паўлоўскі - 7 гадоў быў сакратаром рэдакцыі “Астралэнцкага тыднёвіка” ("Tygodnika Ostrołęckiego") у 1999-2006 гг. Да таго працаваў рэпартэрам, выдаўцом і вядучым праграмаў у польскай секцыі BBC. Пазьней быў праграмным сакратаром і віцэ-дырэктарам III Праграмы Польскага радыё.
18 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)