Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Эсэiстыка




kamunikat.org

kamunikat.org

Уліс як вяртанне да сябе

Ігар Кузьмініч

Мова - адзіны паказчык, які можа аддзяляць і праводзіць мяжу паміж адной культурай і другой, адной літаратурай і другой. Мову, як паказчык прыналежнасці да асобнай культуры, не заменіць ні змест, ні форма.

Сёння скончыў чытаць “Уліс” Джэймса Джойса. Не буду казаць, колькі разоў проста намаганнямі волі прымусіў сябе вяртацца да больш як пяцісотстаронкавага твору. Па вялікім рахунку гэта першая кніга, дзе мне было больш цікава чытаць каментары і тлумачэнні, чым сам твор.


Магчыма, калі б я жыў на пачатку дваццатага стагоддзя ў Дубліне і асабіста ведаў усіх персанажаў, ці, дакладней, тых з іх, хто быў рэальным, то мне было б больш цікава. Можа па-ангельску ён выглядае больш цікавым, цяжка сказаць. Але для сябе я вырашыў, што змест не можа для мяне асабіста быць менш значным, чым форма твора, нават самая эксперыментальная.

 

Цікавымі падаліся некаторыя паралелі з беларускай рэчаіснасцю, дзе ў нашых сённяшніх умовах таксама, як і ў пачатку дваццатага стагоддзя ў Ірландыі, большасцю насельніцтва, як мне падалося, сваё ўласнае, ірландскае, дакладна неразмежаванае з чужынскім, прыўнесеным, ангельскім. Гэтая неразмежаванасць вынікае з выказванняў салдатаў ці матросаў, якія не аддзяляюць сябе ад брытанскай імперыі, за якую служылі і паміралі. Вынікае са  знешняга асяроддзя, ў якім жывуць тубыльцы: помнікі Нэльсану, пастаянныя звароты да ангельскай рэчаіснасці Вільгельмаў Аранскіх. Розніца з Беларуссю толькі ў тым, што час апісаны Джойсам да атрымання Ірландыяй незалежнасці, а ў Беларусі ўжо паспела выгадавацца першае маладое пакаленне за незалежнасцю.

 

Але пытанне, якое мяне асабліва хвалюе пасля прачытання Уліса: да чыёй - ангельскай, ці ўсё ж ірландскай літаратуры належыць гэты твор? Можа гэтае пытанне прыналежнасці твору з’яўляецца для некага неістотным, і можна сказаць, што ён проста належыць чалавецтву, а ні якай з асобных літаратур. Але мне адказ на гэтае пытанне ўяўляецца вельмі важным, паколькі, на маю думку, кожны творца праяўляецца толькі і выключна праз прызму нейкай канкрэтнай культуры. І ў сваю чаргу сваёй творчасцю ў першую чаргу ўзбагачае менавіта гэтую культуру, у якой праяўляецца. Калі ірландскай, то што твор робіць ірландскім? Асаблівая форма выкладання матэрыялу? Асаблівыя падзеі, апісанне сітуацыі ў Ірландыі? Раскрыццё спецыфічных ірландскіх характараў? Раскрыццё спалучэння іўдэя-хрысціянскай і эліністычнай сутнасці ірландскай культуры? Каталіцкасць ірландцаў? Як на маю думку, ніводнае з пералічаных палажэнняў не можа сведчыць пра тое, што дадзены твор належыць ірландскай літаратуры.

 

Стварыўшы твор па-ангельску, аўтар узбагачае формамі, тэрмінамі, мовай, падзеямі, поглядамі, меркаваннямі, характарамі ў першую чаргу ангельскую літаратуру. Нават калі ставіў сабе мэтай - уявім сабе такую магчымасць - прыкласціся да развіцця літаратуры і культуры ірландскай. У выніку ангельская мова атрымала яшчэ адну сферу пашырэння ангельскай мовы, новую тэматыку, новы погляд на яшчэ адну частку свету, а ірландцы яшчэ больш пачалі ўсведамляць ангельскае.

 

Мова - адзіны паказчык, які можа аддзяляць і праводзіць мяжу паміж адной культурай і другой, адной літаратурай і другой. Мову, як паказчык прыналежнасці да асобнай культуры, не заменіць ні змест, ні форма.


ikuzminich.livejournal.com




17 сакавiка 2010




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код