Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
Крывенка Анатоль Змітравіч (1942. Мінск) “Карусь Каганец“
Ант. Адамовіч пра Каруся Каганца, або гусь як гэрб нашаніўства
- Беларускія пэрыядычныя выданьні ад часоў “Крывіча” як пачалі рабіцца збольшага адным чалавекам, рэдактарам, гэтак і далей рабіліся ў акупацыйным Менску.
Асобнік “Беларускай газэты”, пра матар’ялы якога пойдзе гаворка, пашкоджаны: ня ўсе старонкі захаваліся цалкам, няма ані году, ані даты. На старонцы 4 адно з паведамленьняў называецца “Менск памянуў свайго Каганца” і пачынаецца гэтак: “У панядзелак, 23-га траўня, беларуская грамадзкасьць Менску ўшанавала памяць Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага), жыцьцёвы шлях якога няраз праходзіў вуліцамі нашае сталіцы”.
Чатырохтамовік (у пяці кнігах) “Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя” ня толькі ня мае асобнага артыкулу, прысьвечанага Каганцу як, напэўна, з “трэцяга эшалёну” (відаць, з пляцкартаю); з гэтага выданьня нельга нават даведацца пра сапраўднае імя ці даты жыцьця пісьменьніка. Але ведама: памёр ён 20 траўня 1918 г. То ўшанаваньне было з прычыны 25 угодкаў сьмерці, а газэта, такім чынам, – за 1943 г.
У гэты час газэту фактычна рабіў і рэдагаваў Антон Адамовіч. У сваёй аўтабіяграфіі (архіў NYPL) пісаў: “З прыходам немцаў адчынілася некаторая магчымасьць друкавацца, хоць адзіная выдаваная ў Менску “Беларуская газэта” й не магла адпусьціць вялікага месца для паважнейшых працаў. Усё-ж, працуючы ў рэдакцыі гэтае газэты, мне ўдалося надрукаваць пару большых літаратурна-крытычных артыкулаў (пра кірунак “Узвышэнства” ў беларускай літаратуры, пра паэтку Натальлю Арсеньневу й інш.), а таксама шмат зацемак з галіны культуры мовы. Дзеля таго, што навуковых працаў друкаваць нельга было ў газэце, і наагул выказваць думкі ў простай форме можна было толькі тыя, якія не выклікалі пярэчаньня ў немцаў, я напаў на думку заняцца больш мастацкай белэтрыстыкай, у форме якой лягчэй было вуаляваць і супярэчныя немцам выказваньні”.
Ён падпісваўся як Д. Забранскі, С. Юстапчык ды шэрагам іншых псэўданімаў, а таксама крыптанімамі.
Акурат паведамленьне пра ўшанаваньне памяці Каганца й падпісана проста Д. : “Што праўда, памінкі ў залі кіно “Радзіма” выйшлі даволі сьціплымі: шырэйшаму прытоку грамадзянства перашкодзіла й даждлівае надвор’е й заслабая апавешчанасьць публікі аб абходзе. Зрэшты, гэта зусім не разыйшлося ізь сьціпласьцяй самотнага, адасобненага нябожчыкавага жыцьця, бальшыня якога працякла ў старэнькай, саломай крытай, без падлогі нават, сялянскай хатцы на Койданаўшчыне.
Пасьля кароткага рэфэрату аб жыцьці й дзейнасьці нябожчыка з успамінамі аб ім выступіў стары беларускі дзеяч, цяперашні старшыня г. Менску, праф., д-р інж. В. Iваноўскі. Побач ізь некаторымі характэрнымі дэталямі зь нябожчыкавага жыцьця (Каганец – майстар вырабу й кансьпірацыйнага хаваньня пячатак Беларускае Сацыялістычнае Грамады, “забіяка”, заўсёды з нажом за халявай “дзеля ўсякае нагоды” і пад.), у ўспамінах былі пададзеныя некаторыя нявысьветленыя дасюль мамэнты Каганцовае біяграфіі (прыблізная дата нараджэньня ў 1868-69 г., месца нараджэньня – Лісія Норы на Койданаўшчыне, загадваньне ў 1903-04 г. г. Менскім сіроцкім дзіцячым домам, які Каганец зьбеларушчыў, за што быў выжыты адтуль палякамі, пазьнейшая праца ў інжынэра на правядзеньні чыгункі Ваўкавыск-Ліда). Галоўнае, што ўразіла й засталося ў памяці ў праф. Iваноўскага ад фігуры Каганца, гэтага “чорнабародага, чорна-чорнага быццам гнома” – гэта ягонае “ўменьне гаварыць і думаць па-беларуску аб справах, якія належаць да інтэлігента” і надзвычайнае веданьне беларускага фальклёру, народнае беларускае мовы пры рэвалюцыйным падыходзе да яе”.
Хутчэй за ўсё ім таксама была напісаная й зацемка, разьмешчаная адразу пад гэтай, - “I – “Юлечка” №2” за подпісам Я. пра пастаноўку п’есы Э. Грубэра й Г. Грунінгера “Юлечка”. Пераклад гэтай п’есы, як і Гогалеўскага “Рэвізора”, зрабіў Адамовіч (абодва рукапісы цяпер будуць захоўвацца ў архіве NYPL).
I амаль бяз сумніву Адамовічу належыць яшчэ адзін артыкул на той самай чацьвёртай бачыне: “Бацька – сяньняшніх і заўтрашніх?”. Праз пашкоджанасьць газэты адсутнічаюць у 2-х калёнках канцавыя сказы, а зь імі разам і подпіс, але стыль, мова і, галоўнае, ідэі бясспрэчна там Адамовічавы. I што цікава – на дзіва сугучны некаторым культавым тэкстам кан. XX-пач. XXI стагодзьдзя.
Бацька – сяньняшніх і заўтрашніх?
(Крыху – мімабегам – пра Каруся Каганца)
К. Каганец і Ф. Багушэвіч
Францішка Багушэвіча ўсе ўважаюць за нашага бацьку. Адны называюць – бацькам беларускай літаратуры.
Другія – беларускага руху. Трэйція – цяпер – беларускага нацыяналізму.
Называлі і “бацькам беларускага адраджэньня”, хоць галоўны Багушэвічаў лёзунг – “каб ня ўмёрлі”, а зусім не “каб зь мёртвых паўсталі”.
Дык выходзіць, што й Каганцу Багушэвіч – бацька. Хоць на пару год, а раней за Каганца выступіў. I даволі хоць-бы параўнаць Каганцову “Прамову” (1893 г.) да Багушэвічавай “Прадмовы” (да “Дудкі Беларускае” – 1891 г.), каб, як быццам, упэўніцца: Каганец – сьледам за Багушэвічам. I проста: post hoc – ergo propter hoc (пасьля гэтага – значыцца з прычыны гэтага).
Калі-ж параўнаць глыбей – якая глыбокая й розьніца!
I Багушэвіч і Каганец аргумэнты свайго нацыяналізму чэрпаюць зь гісторыі. Але як выглядаець адтуль Беларусь Багушэвіча? “Ні Вялікая, ні Малая, ні Чырвоная, ні Чорная яна была, а Белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася”.
Абаронны, чыста абаронны нацыяналізм.
А Каганец? “Нашы дзяды-прадзяды.. няраз грэкамі.. і рымлянамі трэсьлі..”.
I ў гісторыі – шуканьне падставаў для ваяўнічага, агрэсыўнага нацыяналізму.
Гэта – адно, найгалоўнейшае.
I – другое. Багушэвічаў нацыяналізм – увесь у кульце мовы, роднае мовы.
I для Каганаца мова – шмат, вельмі шмат (тройчы ў “Прамове” варочаецца да яе), можа таксама галоўнае нават, але – ня ўсё. За двукроп’ем пасьля “ўсяго, што сваё” – стаіць: “і мовы свае, і звычаю свайго, і вопраткі свае”. А далей даходзіць і слава – “слаўных людзей” (ізноў характэрна: ня толькі “вучоных людзей”, а і “слаўных казакоў, ваявод і гэтманаў”). Яшчэ далей – і “свае сьпяванкі”. I нарэшце – “ды і красна-ж бо наша зямліца” – задушэўна-лірычнае ўсхваленьне багатае, прыгожае, павабнае беларускае прыроды. Якое прадоньне між ім і пазьнейшым прыбедненым нашаніўскім, як ні жабрацкім, лірніцтвам:
“Край наш бедны, край наш родны, гразь, балота ды пясок”…
У Каганцовым нацыяналізьме – культ поўнае нацыянальнае самабытнасьці ўва ўсім абсягу.
Дык хто больш бацька нам, сяньняшнім?
Кансэрватар-рэвалюцыянэр
Цікава спрачаліся калісь вакол Каганца нашыя “нацдэмы” і бальшавікі.
Бальшавікі крычэлі: “Архаісты! Кансэрватар! Чапляецца за старыя звычаі, нават за старую вопратку!”.
“Нацдэмы” прававаліся: “Рэвалюцыянэр! Колькі ў турмах папасядзеў! Сябра Беларускае Сацыялістычнае Грамадy!”.
I тыя і тыя рацыю мелі: адначасна быў – кансэрватар-рэвалюцыянэр.
Бо такі – кансэрватыўна-рэвалюцыйны – і кажны запраўдны (і сучасны) нацыяналізм.
[…]
... у сабе насамперш нямецкі гітлерызм, правёўшы сваю бяскроўную рэвалюцыю. I італьянскі фашызм, і гішпанскі фалянгізм, і кажны рух новых нацыянальных рэвалюцыяй.
Der Starke ist am machtigsten allein!
А Максім Гарэцкі ўсё-ж назваў бы Каганца “бацькам”: “духоўным бацькам нашаніўства і сам пачаткавы нашанівец”.
I здаецца, памыліўся. Факты адорваньня ад “Нашае Нівы”, слабога, рэдкага супрацоўніцтва ў ёй – мусіць, больш прамаўляюць на карысьць іншага меркаваньня М. Касьпяровіча.
Чаму адасабняўся, ня йшоў разам ізь “Нашай Нівай”? Можа не задавольваў ейны багушэвіцкі, абаронны толькі нацыяналізм? Згодніцтва? Прымірэнства? Палавінчастая рэвалюцыйнасьць?
А можа – глыбей – Шылераўская спрэчка зь “Вільгельма Тэля”:
Штаўффахер: У гурце падужэюць і слабыя.
Тэль: Хто дужы – найдужэйшы той адзін.
Нашаніўскае штаўффахерства можа найлепш выказаў тады Гальляш Леўчык: “і злучэмся ў шнур, як гусі, на дабро ўсёй Беларусі”.
I далей – банальная сэнтэнцыя пра венікі: лёгка зламаць па дубцу.
Гусь-жа сяньня ўяўляецца проста гэрбам нашаніўства (не памерла, жыве й сяньня). Як у іншых народаў – арол.
(I такая добрая рыфма: гусь-Беларусь. Гусі – зь Белай Русі. Абшчыпаныя гусі…).
Ня дубцом у веніку, а магутным, старэтным дубам пачуваў сябе Карусь Kаганец. I мог дазволіць сабе раскошу – быць зусім самотным, адным).
Гэрбам, пэўна-ж, меў Пагоню – гордага коньніка, што наперад імчыць таксама адзін – адзін проці цэлага сьвету.
“Хто дужэйшы – найдужэйшы адзін”. – “Der Starke ist am machtigsten allein!”.
Дзьве лініі
Гэтак выясьняюцца дзьве лініі ў беларускай літаратуры, у беларускім руху (сынонімы шмат у чым).
На аднэй – бацька Багушэвіч, “маці “Наша Ніва”. Пазьней – у палітыцы – Луцкевіцка-Лёсікаўская “Найвышэйшая рада”, згода з палякамі… А далей – із “таварышамі”. Нарэшце – “Маладняк”, выраджэньне ў савецкай беларускай літаратуры.
На другой – адзінкі із сваім шляхом, найчасьцей – проці плыні. Карусь Каганец – бацька? Сяргей Палуян – “быў, як месяц адзінокі, самотна жыў, самотна ўмёр”. Максім Багдановіч – “Страцім-Лебядзь, горды, моцны птах”. У палітыцы – урад Ластоўскага, вернасьць акту 25 сакавіка, Пётра Крычэўскі. I апошнія – узвышэнцы (узвышэнская меншасьць).
I для ўсіх іх як прыстае прысуд Карскага ў заключных словах пра Каганца:
“Вообще, он большой сепаратист и ненавистник всего русского”.
Ці-ж не такія й мы, сяньняшнія?
11 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)