Друкаваць Камэнтары (5) RSS

Эсэiстыка




kobason.spaces.live.com

kobason.spaces.live.com

"Я ня буду перакладаць гэтую кнігу"

Марцін Полак

Фрагмент эсэ, прысвечанага кнізе Артура Дамаслоўскага “Kapuściński non-fiction”.


Полак: Я не буду перакладаць Дамаслаўскага

У мяне такое ўражаньне, што аўтар пісаў гэтую біяграфію не без перадузятасьці, так, як гэта трэба чакаць ад біёграфа, але што ён пісаў яе з канкрэтным намерам, каб скампраметаваць, раскрыць Капусьцінскага, выкрыць яго ўсьмешку, “заўсёды усьмешка, паўсюль усьмешка”, завучаная і фальшывая.

Магчыма як і многія іншыя перакладчыкі Рышарда Капусьцінскага я атрымаў нядаўна яго біяграфію, якая выйшла з-пад пяра Артура Дамаслаўскага. Мяне папрасілі даць ацэнку кнізе і паведаміць, ці хацеў бы па мажлівасьці перакласьці яе. Таму я прачытаў кнігу зь вялікай зацікаўленасьцю, бо яна ўтрымлівае шмат новага: цікавыя асаблівасьці з жыцьця аўтара, якога я ведаў шмат гадоў, але акрамя таго і мала пахвальныя для яго рэчы.

Перашкоды ў гэтым не было, я ўлічваў гэта таксама. У кожнага нешта можна адшукаць у жыцьці, што не заўсёды выстаўляе яго ў найлепшым сьвятле, аднаго гэта тычыцца больш, другога меньш – часта гэта залежыць не столькі ад чалавека, як ад часу, у якім яму давялося жыць. Рышард жыў у цяжкія часы, якія фарміраваліся таталітарнымі ідэялогіямі, пераломамі, спадзяваньнямі, расчараваньнямі і хлусьнёй, зблытаных і пераплеценых паміж сабой – тое, што гэтыя закалоты адбіліся на ягоным жыцьцяпісе, для мяне не з’яўляецца ніякай нечаканасьцю.

У аўтара біяграфіі даволі пераканаўча атрымалася прааналізаваць цяжкасьці зьвязаныя са сталеньнем ў такія часы і фармірававаньнем асобы. Я захапляюся той вялікай працай, якую зрабіў Дамаслаўскі, аб’ём матэрыялу часам проста ашаламляе, пэўных рэчаў нават і не хочацца ведаць так дакладна – і я не маю тут на ўвазе асабістыя эпізоды, хоць і сярод іх некаторыя таксама лічу залішнімі, але гэта справа густу.

Такім чынам словы прызнаньня, павагі для аўтара: вялікая значная праца. Нягледзячы на гэта падчас чытаньня прабіраюцца сумненьні і – калі я скончу чытаць рукапіс – рашэньне ўжо прынятае: Я не хачу перакладаць гэтую біяграфію.

*******

Гэта маё асабістае рашэньне, якое я не мушу ўзгадняць ні з кім апроч самога сябе, нягледзячы на гэта на падставе двух прыкладаў хачу прасьвятліць яго прычыны. Яшчэ раз адзначу што кнігу я чытаў з цікаўнасьцю, часам з прыемнасьцю. Дамаслаўскі ведае сваю справу. Але нягледзячы на гэта ад самага пачатку нешта ў ёй раздражняла мяне, псавала радасьць чытаньня.

У мяне такое ўражаньне, што аўтар пісаў гэтую біяграфію не без перадузятасьці, так, як гэта трэба чакаць ад біёграфа, але што ён пісаў яе з канкрэтным намерам, каб скампраметаваць, раскрыць Капусьцінскага, выкрыць яго ўсьмешку, “заўсёды усьмешка, паўсюль усьмешка”, завучаная і фальшывая.

Гэтае ўражаньне не рабілася меньшым падчас далейшага чытаньня, наадварот, яно ўсё больш узмацнялася. А шкада, бо праз гэта біяграфія страціла ў маіх вачах сваю вартасьць, каб ня гэта, яна магла быць дасканалай. 

Тое, што мяне ўражвае, дык гэта ня тыя, можа быць непрыемныя адкрыцьці, сацрэалістычныя вершы, ублытваньне ў польскі сталінізм, ці асабістыя слабасьці, якія Дамаслаўскі выцягвае на паверхню. Я лічу, гэта добра, што мы пазнаем вялікага аўтара з невядомага дагэтуль боку, можа гэта выкліча дыскусію, як трэба абыходзіцца з мінулым. Падобныя дэбаты трэба весьці спакойна, узважана, без абразаў, без здагадак і спекуляцый, якія ўзводзяць найгоршыя паклёпы – але менавіта гэтак і робіць Дамаслаўскі.

*******

Вось напрыклад. Ужо ад самага пачатку ён апавядае, што Капусьцінскі меў намер напісаць кнігу пра свой родны горад Пінск, праект, які – як вядома – ён ужо не здолеў рэалізаваць. Я таксама часта размаўляў з ім пра гэта, настойваў, каб пісаў, казаў што яго чытачы чакаюць гэтую кнігу, і нямецкамоўныя таксама.

Дамаслаўскі цытуе размовы, у якіх Капусьцінскі гаворыць пра горад свайго дзяцінства наступным чынам: “Думаю, што той час і атмасфера суіснаваньня, супрацоўніцтва прыязнай шматкультурнасьці Пінска вартыя захаваньня у сучасным, поўным стрэсаў сьвеце”. Ён кажа што гэтая атмасфера сфарміравала яго і што: “Гэта быў гарадок сардэчных людзей і дабразычлівых вуліц. Перад пачаткам вайны я ня бачыў там аніводнага канфлікту”.

Дамаслаўскі на гэта: “Такая ідылія на памежжы некалькіх народаў, рэлігій, культур? У той частцы сьвету ў трыццатыя гады ХХ стагоддзя, калі навокал усё кіпела ад этнічнай, рэлігійнай, клясавай нянавісьці?”.

І тут Капусьцінскі папаўся! Злавілі яго! Бо рэчаіснасьць вядома была іншай, ані сьледу ідыліі, якраз наадварот, у трыццатыя гады ў Пінску шырыліся этнічныя канфлікты, антысемытызм, польскі шавінізм. Дамаслаўскі цытуе тагачасныя крыніцы, мясцовыя газеты, з якіх у вочы б’е нянавісьць да габрэяў, непрыхільнасьць да іншых, беларусаў і ўкраінцаў. Пінск, які ўзгадвае Капусьцінскі, гэта паводле Дамаслаўскага міт. Ці гэта не “элемент пісьменьніцкага самаўвасабленьня? Міталягізацыя, якая змацавала жыцьцяпіс «тлумачальніка культур», якім ён хацеў выглядаць на мяжы свайго жыцьця?”.

Ідылія была нічым іншым, як прыдуманай Капусьцінскім легендай, сьцвярджае Дамаслаўскі, ашуканствам, як і ўсё ягонае жыцьцё. Вялікай хлусьнёй.

Але ж у часе тых размоваў Капусьцінскі распавядае пра Пінск, у якім ён жыў, калі быў дзіцём, як шасьці- найбольш васьмігадовы хлопчык. Магчыма ў тым узросьце ён нічога не адчуваў з той пагрозтлівай атмасферы, можа да яго маленькага сьвету, які ахоўваўся бацькамі, не пранікала тлеючая навокал нянавісьць? Хіба гэта так непраўдападобна? Ня думаю. Дамаслаўскі ж здаецца выключае гэта, з безумоўна настальгічных фрагментаў успамінаў ён стварае абвінавачваньне, якое кідае цень на ўсё пазьнейшае жыцьцё Капусьцінскага, на яго жыцьцёвыя дасягненьні: усё гэта міталягізацыя, уцёкі ад рэчаіснасьці.

Як Капусьцінскі паказаў бы Пінск у сваёй кнізе – а справа, думаю, сапраўды ў гэтым – невядома. Мы ня можам даведацца. Дамаслаўскі таксама ня можа. Бо Рышард не напісаў гэтай кнігі. Яна засталася ў яго галаве. Я ўжо згадваў, што гаварыў з ім пра яе і пры гэтым мы закраналі непрыемныя праблемы антысемітызму, беднасьці, змрочнай атмасферы, якая панавала ў Пінску. Ці толькі са мной ён размаўляў пра тое? Гэтага я не магу сабе ўявіць. У любым выпадку ў мяне ніколі не было ўражаньня, што ён хоча нешта прыхаваць, затушаваць, якраз наадварот, я ўпэўнены, што ён уважліва заняўся б гэтымі тэмамі ў сваёй кнізе.

Мне здаецца несумленна наводзіць падобны паклёп, як гэта робіць Дамаслаўскі, адносна кнігі, якую не напісалі, бо аўтар заўчасна памёр.

*******

Чарговы міт тычыцца бацькі, які вярнуўся з расейскай няволі. Тут мы таксама сутыкаемся з дзіцячымі ўспамінамі, Рышарду тады было сем гадоў. Гэты выпадак ён апісвае шматразова, заўсёды фрагментарна, найбольш пераканаўча ў “Імперыі”. Ноч. Раптам стук у вакно. Маленькі Рышард абуджаецца, бачыць, як бацька ўваходзіць у хату, ледзь пазнае яго. “На ім ільняная кашуля да каленяў, перавязаная радняным паяском, а на нагах лыкавыя пасталы. З таго, што ён казаў маме, разумею, што ён трапіў у савецкі палон і што іх гналі на ўсход”. Падчас паходу бацька здолеў уцячы і вярнуцца ў Пінск.

У адным з інтэрвію, якога Дамаслаўскі па незразумелых прычынах не цытуе, Капусьцінскі нават гаворыць пра “уцёкі бацькі з палону які кіраваўся ў Катынь”. Біёграфу ў гэтым аповедзе нешта здаецца падазроным, таму ён выяўляе ўпартасьць і перапытвае сястру Капусьцінскага, якая жыве ў Ванкувэры. Яна нічога ня ведае на гэтую тэму і рашуча сьцвярджае, “што бацька ніколі ня быў у савецкім палоне, што божая сіла яго сьцерагла”. А значыць гэта чарговая легенда наўмысна створаная вялікім аўтарам.

Але навошта? “Навошта Капусьцінскі дапісаў бацьку мартыралягічную рысу?” Чаго ён хацеў дамагчыся гэтым? Дамаслаўскі мяркуе, што ведае. Ці не прыдумаў аўтар гэтую легенду з канкрэтным намерам? Каб засьцерагчыся ад нападаў тых, “хто пасьля падзеньня рэальнага сацыялізму вышукваў эпізоды апрабацыі той сістэмы і супрацоўніцтва з тайнымі службамі ў жыцьці вядомых постацяў сьвету палітыкі і культуры, да якіх належыў і Капусьцінскі?”.

Гэтая непрыемная для Капусьцінскага версія здаецца Дамаслаўскаму найбольш верагоднай, таму ён разгортвае яе далей: Капусьцінскі баяўся, што ягонае бясслаўнае мінулае можа адкрыцца, ён баяўся любой крытыкі і меркаваў, што легенда падобнага кшталту будзе ў стане адвесьці кампраметуючыя даносы, бо: “Катынь ў гісторыі польскага мартыралёгу ХХ стагоддзя – гэта сьвятое. У бок Катыні цяжка кінуць камень”.

*******

Такім чынам гэта быў хлусьлівы намер. З нізкіх матываў. Капусьцінскі злоўжывае сьвятым імем Катыні, каб бараніцца ад палітычных нападаў. Вось версія Дамаслаўскага. Але ці няма гэтаму нейкага іншага, бяскрыўднага тлумачэньня?

Я ведаю з уласнага досьведу, наколькі ненадзейнай можа быць памяць. У кнізе “Мёртвы ў бункеры. Апавяданьне пра майго бацьку” я пішу пра пахаваньне майго бацькі, якога забілі у 1947 годзе на горным перавале Брэнэр і там спачатку пахавалі, праз шмат гадоў зрабілі эксгумацыю яго цела і перавезьлі ў родны горад Амштэтэн. “Я памятаю пахаваньне на могілках у ніжнеаўстрыйскім гарадку, мяне адпусьцілі са школы і я прыехаў з ваколіцаў Зальцбурга, дзе жыў у інтэрнаце”.

Інтэрнат знаходзіўся высока ў гарах, непадалёку ад Мітэрзіль, адкуль ішла вузкакалейка да Цэль ам Зэе, дзе перасаджваліся на нармальную чыгунку. Падарожжа са школы да Амштэтэну цягнулася шмат гадзін. Усё няпраўда, усё прыдумана. Праз год, пасьля таго як выйшла кніга, адзін гісторык з Амштэтэну зьвярнуў маю ўвагу, што мой бацька быў пахаваны, як я напісаў, не ў канцы пяцідзясятых гадоў, а 30 кастрычніка 1964 году, а тады я ўжо не хадзіў у школу, але вучыўся ў Вене. Адтуль да Амштэтэну дарога цягніком займае недзе каля гадзіны.

Страшная памылка! Пахавньне ўласнага бацькі! Як гэта магло здарыцца? Яшчэ сёньня мне здаецца, што ўсё стаіць перад вачыма, выходжу са школы, у Мітэрзіль сядаю ў цягнік. У сапраўднасьці было інакш. Я ня здольны патлумачыць сабе таго, як гавораць, “фальшывага ўспаміну”, і няма ніякага значэньня, ці было мне тады 14 гадоў, ці 20, бо ад гэтага ня лепш і ня горш. Аднолькава жахліва. Недаравальна.

Хіба цяжка сабе ўявіць, што з Капусьцінскім здарылася нешта падобнае, што меркаваная ўзгадка бацькі які вяртаецца з савецкага палону узьнікла яшчэ ў дзяцінстве з вобразаў і апавяданьняў якія наклаліся на сябе, і пра якія Рышард ніколі ўжо потым не распытваў?

А можа бацька сам спрычыніўся да гэтай легенды, робячы розныя заўвагі, намёкі, якія Рышард, быўшы дзіцём, падхапіў і склаў з гэтага ўяўны ўласны ўспамін? Падобныя бяскрыўдныя інтэрпрэтацыі Дамаслаўскі не бярэ пад увагу, ён жадае прыпісваць Капусьцінскаму сумнеўныя матывы, што легендай пра гераічнага бацьку ён хацеў адцягнуць увагу ад уласнага ўблытваньня ў злачынную сістэму.

*******

Гэты метад у кнізе з’яўляецца штохвілінна. Дамаслаўскі паўсюль чуе зло, не прапускае ніводнага выпадку, каб свайму Маэстра, як ён любіць называць Капусьцінскага (у такім кантэксьце гэта гучыць крыху цынічна), старанна даць па шыі, выявіць яго слабасьці і памылкі, сапраўдныя і ўяўныя, злавіць яго на недакладнасьцях, аздабленьні жыцьцяпісу, няпраўдзе. Падобна што гэта ён трактуе як сваю галоўную задачу. Але менавіта гэта, з вашага дазволу, мне здаецца несумленным і не павінна быць галоўнай мэтай біяграфіі.

Шмат гадоў таму я напісаў кнігу, якая ў польскім пракладзе называецца “Бацьказабойца” – яна мне прыйшла да галавы, калі я чытаў біяграфію пяра Дамаслаўскага. Спосаб, якім ён распраўляецца з гэтаю справай, мае таксама нешта ад бацьказабойства і здаецца, што ён паставіў перад сабой задачу спіхнуць бацьку з п’едэсталу – але гэтым сьцвярджэньнем я сам пачынаю спекуляваць і рабіць здагадкі. А паколькі яны для мяне ня маюць вартасьці як такія, адсюль гэтае рашэньне. Я ня буду перакладаць гэтую кнігу.






МАРЦІН ПОЛАК - (нар. 1944) аўстрыйскі пісьменьнік, журналіст, перакладчык польскай літаратуры (між іншым пераклаў 15 кніг Рышарда Капусьцінскага). Вывучаў славістыку і ўсходнеэўрапейскую гісторыю ў Вене і ў Варшаве. У 80х гадах быў асобай нон грата для ўладаў ПНР і яго не пускалі ў Польшчу. Быў карэспандэнтам штотыднёвіка “Der Spiegel” у Вене і ў Варшаве. Аўтар кніг “Па Галіцыі. Пра хасідаў, гуцулаў, палякаў і русінаў”, “Бацьказабойца: справа Філіпа Гальсмана”, “Мёртвы ў бункеры. Апавяданьне пра майго бацьку”, “Навошта расстралялі Станіславаў” і інш.

 

 

Пераклаў з польскай на беларускую мову Яўген Салейчук

 

salej.livejournal.com




9 сакавiка 2010




Камэнтары(5)


Вацлаў:

9 сакавiка 2010

А нам варта б перакласьці.


Lynglimt:

19 сакавiка 2010

Дамаслоўскі сам сабе рыхтуе пастку, бо яго біёграф выліе яго гразь на яго галаву!


lynglimt:

19 сакавiка 2010

Дамаслоўскі прынцыповы ў дачыненні да фактаў біяграфіі Капусцінскага?У такім разе трэба праявіць прынцыповасць і ў дачыненні да вызначэння жанру яго кнігі.Ці гэта біяграфія? А мо данос?


Lynglimt:

19 сакавiка 2010

мы разрушим до основанья, а затем...

Дамаслоўскі - тыповы прадстаўнік новай генерацыі.Гэтыя людзі атрымліваюць асалоду ад аплёўвання. спляжвання ўсяго і ўся.Калі следаваць іх логіцы, то ўсе - нягоднікі,а вось іх місія - гэта даказаць.

Гэта той выпадак, калі стала шмат свабоды настолькі, што аж невядома, што з ёй рабіць.Але яны пагарджаюць геніяльным выказваннем Канфуцыя, падтрыманым і Скарынай: не рабі іншым таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе!

Якую спадчыну па сабе пакінуць гэтыя нізвяргальнікі?


Андрэй Катлярчук:

22 сакавiка 2010

Дамаслоўскі мае рацыю калі крытыкуе ідэялістычны погляд Капусьцінскага на даваены Пінск.

Такі погляд на існаваньне нібыта "атмасферы суіснаваньня, супрацоўніцтва прыязнай шматкультурнасьці" характэрны для ўсіх палякаў з якімі я спаткаўся і размаўляў (укл. Капусьцінскага), падкрэслю этнічных палякаў што гадаваліся на беларускіх і украінскіх землях да вайны.

Дамаслоўскі тут дзейнічае як сапраўдны навуковец, які падымаецца над ўласнай этнічнай абмежаванасьцю ды ставіць халодныя пытанні. Выснова: кніга вартая да чытаньня.


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код