Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Эсэiстыка




buntby.org

buntby.org

Выгнанне

Дзмітрый Плакс

- Выгнанне – гэта асляпляльнае святло, - кажа адзін з герояў рамана шведскай пісьменніцы Каролы Хансан “З такім імём, як маё”.
- Не, - адказвае яму іншы, - Выгнанне – гэта цемра.
Здаецца, і той, і другі маюць рацыю. Выгнанне – прамень, які дазваляе паступова, метадычна разгледзець у найдрабнейшых дэталях сябе самога, кожны куток сваёй душы. Выгнанне – цемра, куды гэтая душа валіцца пасля ўсебаковага агляду ў электрычным святле адзіноты, сфатаграфаваная ў профіль і анфас магніевай успышкай – злачынец, з нядобрым, чужым позіркам пустых чорных вачэй, ліхадзей, здраднік, які не апраўдаў даверу...

 

Фізічнае, вонкавае выгнанне натапырваецца невядомым побытам, скаліцца чужымі звычаямі, вышчэрваецца блытанінай незнаёмых завулкаў, лаецца незразумелай мовай.

 

Але прарваўшыся ўнутр, знішчыўшы старое, былое жыццё, перарваўшы кантакты, разрэзаўшы тканіну быцця, выгнанне робіць цябе свабодным тою асабліваю, апошняю свабодай, якую ведаюць і цэняць людзі, што свядома адмовіліся ад нечага – няма нічога, бо нічога й не трэба.

 

Раптам выгнанне фізічнае, ператварыўшыся ў выгнанне духоўнае, становіцца дабром і лагодай, магчымасцю пабудаваць свет з нуля, навучыцца другі раз гаварыць, думаць, бачыць.

 

Мо менавіта таму, як выглядае, выгнанне вельмі спрыяльная рэч, напрыклад, для пісьменнікаў, бо як іначай патлумачыць існаванне вялікага корпусу сусветнай літаратуры, напісанай менавіта выгнаннікамі? Прычым – не абы якой літаратуры, літаратуры найвышэйшай якасці.

 

Канечне, адвеку вядома дзе жывуць прарокі і дзе іх няма. Канечне, унутранае выгнанне не заўжды звязанае, а часцей за ўсё і не звязанае з выгнаннем фізічным. Каму пра гэта і ведаць, як не нам, народжаным у краіне, дзе ўвесь народ жыве ў выгнанні, а людзі, што ўжо які год упарта спрабуюць вярнуцца з выгнання дадому, аказваюцца ў выгнанні ўдубальт – паспрабуйце звярнуцца па-беларуску да міліцыянера ці нават лекара.

 

Што адбываецца з чалавекам, які жыве ў чужым доме ў выгнанні? Што адбываецца з народам, які жыве ў выгнанні ў сябе дома? Для чалавека цэнтральным паняццем становіцца памяць. Успаміны – сапраўдныя і прыдуманыя – займаюць розум і душу. Трэба тлумачыць хто ты і адкуль. Трэба зразумець, што ты страціў і ад чаго адмовіўся. Тая свабода ад старога ўсё роўна патрабуе ведаў – што гэта за старое такое – амнезіі звычайна не здараецца, інакш гэта ўжо выпадак клінічны. Падаецца, тое самае і з народам. Адзіным надзейна самаакупальным выданнем на беларускай мове можна, паводле знаёмых мне выдаўцоў, лічыць выданне гістарычнае. Амаль любой тэматыкі і нават не абавязкова вышэйшга гатунку. Паглядзіце на шматлікія спісы найлепшых кніг мінулага года – скрозь гістарычныя опусы. Пачытайце форумы, прысвечаныя гістарычным пытанням, – якія неабыякія жарсці! Але як растлумачыць людзям, якія не маюць з табой агульнага мінулага, што значаць тыя ці іншыя рэчы, напрыклад, “гарбаты” “Запарожац”, вусы вядучага “Міжнароднай панарамы” Аляксандра Бовіна ці гісторыя Вялікага Княства Літоўскага? А што, калі менавіта з-за адсутнасці гэтай “дамовы”, агульнай памяці, і не атрымліваецца скарыстацца “выгнаннем”, каб пачаць ствараць новае жыццё ”з нуля”?

 

Не ведаю. Ведаю, толькі, што з цягам часу мы ўсе ў пэўным сэнсе трапляем у выгнанне. Падрастаюць новыя пакаленні, якім нашы рэферэнцыі зусім чужыя – не тое, што Бовіна, Леніна не ведаюць, прынамсі так, як ведалі яго мы.

 

Няблага было б нам памятаць, што мы яшчэ можам стаць для іх агульным мінулым, тым, якое яны будуць лічыць домам, ці тым, ад якога адмовяцца...

 

n-europe.eu




5 сакавiка 2010




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код