Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
naviny.by
Беларускі варажбіт
У беларускай літаратуры найяскравым прыкладам такога творцы можа паслужыць народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Яго творчасць усеахопная, універсальная. Няма такога паэтычнага прыёму, якім ён бы не авалодаў, няма такой з’явы, якую б ён не здолеў пераасэнсаваць, “перавыдыхнуць” пасвойму, “па-барадулінску”. Ён кіруецца эстэстыкай вышэйшага плана — эстэтыкай Слова, з дапамогай якой паэтызуе з’явы, здавалася б, зусім не паэтычныя. Патлумачыць гэты механізм немагчыма, навучыцца такому майстэрству нельга — інакш у нас быў бы не адзін Барадулін. Але ён унікальны. І ён — маг, чараўнік, жрэц.
Па ўсіх прыкметах паэты дзеляцца на дзве катэгорыі: паэты-трыбуны і паэты-самотнікі. Першыя рэалізуюць сябе праз соцыум, іх тэксты набываюць паўнавартаснасць у сяброўскіх гуртках, у шматлюдных залах, на стадыёнах. Другія — самотнікі — адасобленыя ад людзей, заглыбленыя ў першакрыніцы, іх стасункі з чытачом у большасці выпадкаў апасродкаваныя. Рыгор Барадулін цалкам не падпадае ні пад першую, ні пад другую катэгорыі, а дакладней, узвышаецца над усімі азначэннямі. Барадулінскі голас то прароча-пафасна гучыць над усім Сусветам, то адпускае барадатыя жарты падчас сяброўскай бяседы, то малітоўна шэпча, звяртаючыся да Усявышняга. І ўсюды — сапраўдны Барадулін. Кожны знаходзіць у яго творчасці нешта сваё. Безумоўна, як не бывае ідэальных людзей, так і не бывае ідэальнага паэта для ідэальнага чытача. А калі ўлічыць рознасць чалавечых густаў, уяўленняў, прыхільнасцей, то атрымоўваецца, што стаць шырока запатрабаваным паэтам практычна немагчыма. Але Рыгор Барадулін запатрабаваны. Прычым самым розным чытачом.
Ёсць людзі, пасля знаёмства з якімі з’яўляецца адчуванне, нібыта гэта твой даўні, вельмі добры знаёмы. Гэткае ж адчуванне, ведаю, у большасці чытачоў узнікае пры знаёмстве з творчасцю Рыгора Барадуліна. Гэтая першая сустрэча адбываецца без напругі, без скаванасці і насцярогі. Абраны Барадуліным тон, лад гамонкі з чытачом надзвычай лаяльны, спавядальны, даверлівы, для адных — па-сяброўску зычлівы, для іншых — па-бацькоўску дарадчы. Барадулін і ягоны лірычны герой непадзельныя. Рэдкі выпадак, бо жыццё змушае літаратараў крывадушнічаць: пісаць адно, а жыць зусім па-іншаму. Але толькі не ў выпадку з Рыгорам Барадуліным. Слову сапраўды народнага песняра верыш, яго радкі адкладваюцца ў падсвядомасці, у душы, каб пасля прарасці нечаканымі здагадкамі, адкрыццямі, высновамі. Для прыхільнікаў сваёй творчасці Барадулін — пажыццёвы псіхатэрапеўт і псіхааналітык. Ён звяртаецца да глыбінных архетыпаў, агульных для кожнага чалавека, і з іх дапамогай “перайграе” негатыў, прымушае па-іншаму зірнуць на рэчы.
Скажыце, ну чыю душу не крануць радкі, звернутыя да Той, што дала жыццё кожнаму з нас:
Вочы твае
Нада мной узышлі
Сузор’ямі цішыні.
Сусветамі дабрыні,
Пакуль ёсць яны —
Мне на зямлі
Светла, Мама!
Альбо такі незвычайны твор, напісаць які дазволена было, відаць, толькі Барадуліну — ён складаецца ўсяго з двух радкоў і называецца “Паэма”:
Мне цябе не стае
Тае…
Акрамя таго, кожны паэт — гэта свайго роду місіянер духоўнасці, інтэлекту, унутранай свабоды. Усё вышэйпералічанае ўласціва Барадуліну, з’яўляецца яго другім “я”.
“Дзіця з вачыма празарліўца…” — такую характарыстыку даў Рыгор Барадулін у адным з вершаў свайму сябру, Уладзіміру Караткевічу. Гэтыя словы можна паўтарыць і ў дачыненні да самога Рыгора Іванавіча. Каб заставацца верным сабе, паэт мусіць штодня нараджацца і пражываць гэты дзень як апошні, сваімі радкамі прадказваючы прышласць. Як той нямы хлопчык з верша Гарсія Лоркі, ён абавязаны адшукаць для кожнага слова свой уласны голас, нават калі для гэтага спатрэбіцца зазірнуць у халоднае прадонне нябыту.
Між тым, барадулінская паэзія, як і ўся класічная паэзія наогул, патрабуе асаблівай методыкі чытання. Яе нельга чытаць нахапкам, як газетныя тэксты, альбо запоем, як прозу. Нават у самага “натрэніраванага” чытача ўзнікне ў такім выпадку “эфект перанасычанасці”, стомы. Але гэта звычайная прафесійная хвароба крытыкаў, яна не мае ніякага дачынення да сярэднестатыстычнага аматара літаратуры, які не лічыць сваім абавязкам у сціслыя тэрміны прачытаць паэтычны зборнік і адрэцэнзаваць яго. Звычайнаму чытачу альбо падабаецца творчасць паэта, альбо ён надоўга адкладае томік убок. Тканка ж барадулінскай паэзіі складаецца са скразных метафар, яна працята эпітэтамі, гіпербаламі і рознымі іншымі тропамі, якім літаратуразнаўцы яшчэ нават не паспелі даць наймення. Таму наша вока, звыклае да роўненькіх напеўных радкоў беларускіх класікаў з анталогій і хрэстаматый, сапраўды бянтэжыцца ад такой шматмернасці, пярэстасці, разнастайнасці адценняў, нібыта пазіраеш на стэрэамалюнак альбо глядзіш фільм у 3D-фармаце. А менавіта такая барадулінская паэзія. Гэта не азначае, што яна лепшая за паэзію папярэднікаў, яна проста іншая, больш непаўторная і адметная. Беручы ўсё самае лепшае ад традыцыі, Барадулін стварае свой асобны паэтычны універсум, дзе ёсць месца і для класікі, і для авангарда:
Пад высветленымі дубамі
Салодкімі смягне губамі
Пасека —
Паспытак
Растрэсена —
Іосіф Бродскі ў сваёй “Нобелеўскай лекцыі” даў, на мой погляд, надзвычай трапнае вызначэнне сутнасці паэзіі: “Існуюць, як мы ведаем, тры метады пазнання: аналітычны, інтуітыўны і метад, якім карысталіся біблейскія прарокі — пасродкам адкрыцця. Адрозненне паэзіі ад іншых форм літаратуры ў тым, што яна карыстаецца адразу ўсімі трыма (схіляючыся пераважна да другога і трэцяга), бо ўсе тры закладзены ў мове {…}. Той, хто піша верш, піша яго перш за ўсё таму, што верш — каласальны паскаральнік свядомасці, мыслення, светаўспрымання. Зазнаўшы гэтае паскарэнне аднойчы, чалавек ужо не ў стане адмовіцца ад паўтарэння гэтага досведу, ён робіцца залежным ад гэтага працэсу, як робяцца залежнымі ад наркотыкаў і алкаголю. Чалавек, які знаходзіцца ў такой залежнасці ад мовы, мяркую, і называецца паэтам”.
Працытаваныя вышэй словы аднаго з найвялікшых творцаў XX стагоддзя ўражваюць не так дакладнасцю і пераканаўчасцю, як тым, наколькі проста, праўдзіва і актуальна ўсё сказана. Здавалася б, падобныя ідэі стагоддзямі вандруюць сярод мысляроў, філолагаў, лінгвістаў, літаратуразнаўцаў. Але выказаныя непасрэдным чыннікам таямніцы — самім паэтам — яны набываюць вагу золата. Кожны сапраўдны паэт — Мідас, шчаслівы ўладальнік і адначасова заложнік свайго шчасця, ахвяра свайго лёсу. Як падчас напісання прозы героі “ажываюць” і робяцца самастойнымі, пачынаючы дыктаваць празаіку далейшае развіццё сюжэта, так і ў паэзіі моўная стыхія, нібыта велізарны жывы акіян, падхоплівае “п’яны карабель” паэта і нясе ўдалеч, дзе яго можа чакаць усё, што заўгодна — і дзівосныя выспы з каралеўнамі, і нават сустрэча з Богам.
Паэт — нявольнік, ён амаль што пазбаўлены выбару. Дакладней, выбар у яго ёсць, але вельмі малы: альбо працягваць сваё неверагоднае падарожжа, альбо на нейкім этапе адцурацца мары. Рыгор Барадулін — прыклад паэта, які не адцураўся слова, нягледзячы ні на што:
Яно пачаткам маім было.
І першым слова
Было высокім яго чало.
Я траціў і набываў сяброў,
Былі са мною мае анёлы.
Але зрабіўся як вецер голы,
Знізеў з вадой
Што адно магчыма –
Са словам ціха
Разважаць пра барадулінскую паэзію, цытаваць яе можна бясконца, гэтаксама як можна бясконца знаходзіцца ва ўладзе вербальнай магіі аўтара “Нерушы”, “Рума”, “Свята пчалы”, “Вечалля”, “Кстоў” і шмат якіх іншых цудоўных кніг. Новыя грунтоўныя даследаванні творчасці паэта, упэўнены, яшчэ чакаюць свайго часу, як чакае свайго зорнага часу і выданне слоўніка мовы Рыгора Барадуліна, і слоўнікаў яго метафар і афарызмаў.
За больш чым паўстагоддзя плённага слугавання айчыннай літаратуры (а значыць і самой Бацькаўшчыне) беларускі варажбіт аздобіў нашае прыўкраснае пісьменства выдатнымі ўзорамі лірыкі, эсэістыкі, перакладамі паэзіі з незлічонай колькасці моў свету. Аўра паэта ззяе так моцна, што яе нельга не прыкмеціць і на адлегласці, таму імя Рыгора Барадуліна вядомае далёка за межамі нашай краіны.
Гэтымі днямі Рыгор Іванавіч адзначае сваё 75-годдзе. Багаты і на паэзію, і на сяброў, ён не страчвае імпэту і маладосці духу. Дзякуй Вам, дзядзька Рыгор, за тое, што Вы ёсць, здароўя Вам і натхнення на доўгія гады!
4 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)