Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
svaboda.org
Аўтабіяграфія А. Адамовіча
Я нарадзіўся 26 чэрвеня 1909 г. (26.06.1909) у г. Менску ў сям’і службоўца (бухгальтара). Хрышчаны ў рымска-каталіцкім веравызнаньні.
У 1924 скончыў сямігадовую школу, у 1928 педагагічны тэхнікум (сярэдняя педагагічная асьвета), у 1931 г. Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт у Менску на Літаратурна-лінгвістычным аддзеле Пэдагагічнага факультэту (дыплём Нр. 261).
Яшчэ на школьнай лаўцы, у 1921 г. уступіў у "Беларускі Хаўрус Моладзі" у Менску беларускую нацыянальную арганізацыю моладзі, за год па тым разагнаную бальшавікамі. Тады-ж, пачаўшы цікавіцца беларусаведай і беларускай літаратурай асабліва, наведваў летнія курсы беларускае літратуры, чытаныя ў Менску прыежджым зь Петраграду ведамым беларусаведам, акадэмікам Е.Карскім, і вытрымаў у яго калёквіум наймалодшым зь ягоных слухачоў.
У 1926 г. я пачаў пісаць і друкаваць у беларускіх часопісах літаратурна-крытычныя рэцэнзіі. У тым-жа годзе ўступіў у згуртаваньне беларускіх пісьменьнікаў "Узвышша". У 1928 г. надрукаваў у часопісу “Узвышша” найбольшую сваю літаратурна-крытычную працу манаграфію аб творчасьці пісьменьніка заснавальніка беларускай мастацкай прозы Максіма Гарэцкага (“Максім Гарэцкі. Спроба манаграфіі аб творчасьці” часопіс “Узвышша”, ад Нр.1 па Нр.10 за 1928 г., усяго каля 10 друкаваных аркушаў). У гэтай працы, апрача аналізу творчасьці пісьменьніка, спрабаваў разьвязаць і агульную літаратураведную праблему аб “пануючым тыпе ў мастацтве”, закранутую ўпяршыню ведамым мастацтваведам Гіпалітам Тэнам.
Наступнымі гадамі былі надрукаваныя яшчэ дзьве мае большыя літаратурна-крытычныя працы, прысьвечаныя аналізу творчасьці маладых беларускіх пісьменьнікаў: “Паўлюк Трус” (“Узвышша”, 1929 г., асобным адбіткам) і “Хада на ўсход” (разгляд творчасьці Васіля Кавыля, “Узвышша”, 1930 г.). У тым-жа часе надрукаваў я ў тым-жа часапісе “Узвышша” рад літаратурна-крытычных рэцэньзіяў (значнейшыя на “Тэорыю санэту” праф. А.Баршчэўскага, на ІІ том збору твораў клясыка беларускае літаратуры Максіма Багдановіча і інш.), а таксама колькі зацемак з галіны лінгвістыкі, прысьвечаныя паасобным дробным пытаньням беларускае літаратурнае мовы (у ваддзеле “Культура мовы” часопісу “Узвышша”).
Мае працы, таксама некаторыя публічныя выступленьні, выклікалі адмоўную рэакцыю з боку бальшавіцкае крытыкі, як ідэялёгічна й палітычна варожыя камуністычнай ідэялёгіі й марксызму (асабліва “Паўлюк Трус”). У часопісе “Полымя” за 1931-32 г.г. зьявіўся вялікі артыкул, прысьвечаны “разгрому” маіх працаў, пад загалоўкам “Буржуазная мэтадалёгія ў літаразнаўчых працах Ант. Адамовіча” (аўтар Куніцкі). Шмат увагі прысьвяціў мне й О.Канакоцін у сваёй кніжцы “Літаратура зброя клясавай барацьбы” (Менск, 1931 г., б.81 і інш.). Ставілася мне ў віну навет тое, што некаторыя мае выступленьні былі падтрыманыя ў Польшчы ў “буржуазнай” газэце “Kurjer Wilenski”.
Па сканчэньні Ўнівэрсітэту мяне адразу-ж былі пакінулі мае прафэсары А.Барычэўскі (літаравед) і П.Бузук (мовавед) пры Беларускай Акадэміі Навукаў у Менску, дзеля падрыхтаваньня да навуковай акадэмічнай годнасьці й працы. Але ўсяго за месяц па гэтым мяне арыштавала ГПУ, вінавацячы ў беларускім нацыянал-дэмакратызьме, што выявіўся ў маіх літаратурна-крытычных працах. Разам зь іншымі беларускімі дзеячамі, вучонымі й пісьменьнікамі (усяго каля 300), абвінавачанымі ў тым-жа “нацыянал-дэмакратызьме”, я, прасядзеўшы ў турме “пад сьледсвам” 11 месяцаў, атрымаў ссылку на поўнач Расеі, якую я адбываў да 1934 г. у г.Глазаве Удмурцкае Аўтаномнае Рэспублікі, а ад 1934 г. у г. Кіраве (б. Вятка). У 1935 г. назначаны мне спачатку пяцёхгадовы тэрмін ссылкі бяз усякай матывацыі быў працягнуты яшчэ на два гады. У 1937 г., перад самым сканчэньнем гэтага апошняга тэрміну, я быў зноў арыштаваны і, пасьля канчальнага “сьледзтва”, што цягнулася 13 месяцаў, праведзеных мною ў турме, нарэшце вызвалены ад далейшых падобных пакараньняў (вызваленьню гэтаму паспрыяла “ліквідацыя перагібаў яжоўшчыны”, што якраз пачалася ў той час).
Арышт і ссылка зачынілі мне дзьверы да навуковай працы й друку. Навет выкананыя мною для “Літаратурнай Энцыклёпэдыі” ў Маскве артыкулы пра беларускіх пісьменьнікаў Лукаша Калюгу й Тодара Кляшторнага, прынятыя да друку й навет аплачаныя ганарарам, так і не пабачылі сьвету.
Аднак, не марнуючы часу на ссылцы, наколькі гэта было магчыма, я займаўся вывучэньнем эўрапейскіх моваў і падрыхтаваньнем далейшых працаў зь беларусаведы. У 1936 г. я скончыў завочна “Інстытут замежных моваў” у Маскве і атрымаў годнасьць перакладчыка вышэйшай кваліфікацыі зь нямецкай мовы (дыплём Нр. 12). Далей студыяваў завочна ў тым-жа Інстытуце ангельскую мову, але гэтыя студыі незадоўга перад заканчэньнем спыніў вышэйуспамінаны арышт НКВД. За гэты-ж час я падрыхтаваў да друку, апрача розных драбніцаў, дзьве вялікія навуковыя працы: “Гісторыя беларускай літаратуры” і “Спроба нарматыўнае граматыкі беларускае літаратурнае мовы”, выдрукаваць якія мне аднак дагэтуль не ўдалося.
Вызваленьне пасьля адбыцьця кары, паводле савецкіх звычаяў, не адчыняла мне дзьвярэй ані да друку, ані навуковай акадэмічнай працы, ані навет да выкладаньня ў унівэрсытэце ці іншых вышэйшых навучальных установах. Аж да прыходу немцаў у 1941 г. у Менск я мусіў выкладаць беларускую і расейскую мовы ў менскім Хэмічна-Тэхналёгічным Тэхнікуме Харчовае Прамысловасьці, ды навет гэтую працу ўдалося мне здабыць пасьля цэлага году беспрацоўя, калі ні водная установа не хацела браць на працу сьвежа вызваленага ссыльнага і арыштанта.
З прыходам немцаў адчынілася некаторая магчымасьць друкавацца, хоць адзіная выдаваная ў Менску “Беларуская Газэта” й не магла адпусьціць вялікага месца для наважнейшых працаў. Усё-ж, працуючы ў рэдакцыі гэтае газэты, мне ўдалося надрукаваць пару большых літаратурна-крытычных артукулаў (пра кірунак “Узвышэнства” ў беларускай літаратуры, пра паэтку Натальлю Арсеньневу і інш.), а таксама шмат зацемак з галіны культуры мовы. Дзеля таго, што навуковых працаў друкаваць нельга было ў газэце, і наагул выказваць думкі у простай форме можна было толькі тыя, якія не выклікалі пярэчэньня ў немцаў, я напаў на думку заняцца больш мастацкай бэлетрыстыкай, у форме якой лягчэй было вуаляваць і супярэчныя немцам выказваньні. Так, пад псэўданімам “Д.Забранскі”, я надрукаваў колькі імпрэсіяў, у якіх часам удавалася то правесьці завуаляваную паралель між Гітлерам і Напалеонам, конь якога ўпяршыню спатыктуўся ў Менску пры ягоным паходзе на ўсход (імпрэсія “Менск”) або мімабегам успомніць пра ведамае пабіцьцё немцаў крыжакаў пад Грунвальдам. Гэта прайшло незаўважаным, але большую маю рэч, пад тым-жа псэўданімам “Д.Забранскі” “Несантыментальнае падарожжа”, дзе я спрабаваў падаць свае сапраўдныя ўражаньні ад Нямеччыны, якую пабачыў упяршыню ў 1942 г., зьезьдзіўшы туды за перакладчыка з дэлегацыяй беларускіх сялянаў, якіх знаёмілі зь нямецкай гаспадаркай цэнзура забараніла скончыць друкам, знайшоўшы там “неразуменьне нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны”.
Давялося зьмяніць псэўданім на “С.Юстапчык”, і пад ім у тэй-жа “Беларускай Газэце” былі надрукаваныя мае аповесьці “Усяночная” (у 1946 г. выйшла асобнай брашурай) і “Трывога”, у якіх вонкава апісвалася савецкае жыцьцё, але пад камуністымі лёгка завуалёўваліся нацыстыя і асабліва некаторыя добразнаныя ў Менску фігуры іх (сам “гаўляйтар Беларусі” Вільгельм Кубэ, ягоны беларускі квісьлінг д-р Ермачэнка і інш.).
Апрача гэткае літаратурнае формы рэзістансу, ў гэтым часе я бяру ўдзел і ў падпольным антынямецкім руху. У 1942 г. разам зь іншымі, галоўна маладымі беларусамі, бяру ўдзел у заснаваньні нелегальнае антынямецкае “Беларускае Незалежніцкае Партыі”, па лініі гэтае партыі прычыняюся да падрыхтаваньня ліквідацыі нямецкага агента Акінчыца.У 1943 г., пасьля выдрукаваньня мною ў “Беларускае Газэце” тэксту “Беларускае Марсэльезы” паэты Ю.Сяргіевіча, словы якога, ськіраваныя супраць “прыблудаў” акупатаў, немцы прынялі на свой адрыс, я атрымоўваю ад нямецкіх уладаў прапанову выехаць на працу ў Нямеччыну, бо мая праца ў Менску іх “нездавальняе”. Пакуль я думаў дзень над гэтаю прапановаю, у маім стале знайшлася міна, толькі выпадкам выкрытая адным супрацоўнікам за 20 мінут да выбуху. Пасьля такіх выразных “папярэджваньняў” давялося згадзіцца на прапанову выезду ў Нямеччыну. Апынуўшыся там, я ўсё-ткі навязаў сувязі зь беларускімі газэтамі ў Бэрліне і пасылаў туды свае далейшыя бэлетрыстычныя спробы. Частка зь якіх была надрукаваная зь некаторымі цэнзурнымі купюрамі (завязка раману “Каханы горад” у газэце “Беларускі Работнік”, выйшла асобным выданьнем у 1948 г., навэлі пад псэўданімам “В.Бірыч” “Вароты скрыпяць” і “Нявольнік Дагамэі” у газэце “Раніца”).
У гэтыя і асабліва пазьнейшым часе, па капітуляцыі Нямеччыны, я ня кідаў займацца і навуковымі працамі. За гэты час мною падрыхтаваная вялікая літаратурна-крытычная праца аб творчасьці паэткі Натальлі Арсеньневае (уводныя часткі зь яе ўдалося надрукаваць ў часпісе “Сакавік”, Нр.1 за 1947 г. “Пад нацыянальным сьцягам”, Нр. 1(2) за 1948 г. “Ля вытокаў нацыянальнага”), а таксама працы з галіны гісторыі Беларусі “Гісторыя беларускага нацыянальнага руху” (некаторыя разьдзелы ў канспэктыўным выглядзе выйшлі асобнымі брашуркамі пад псэўданімам Н.Недасек “1917-1947” і “1918-1948”, а таксама ў брашуры “Белая кніга ў справе нашага нацыянальнага назову”, вып. 1, 1948 г.) і “Гісторыя Беларусі XVI XVIII ст.ст.”. Цяпер працую над гісторыяй Беларусі да XVI ст., але абставіны жыцьця ДП не дазваляюць аддацца ёй як належыць, таксама як і абставіны беларускага эмігранцкага друку не даюць ніякіх надзеяў на апублікаваньне бліжэйшым часам таго, што ўжо ёсць у рукапісах, асабліва большых агульных працаў (“Гісторыя беларускае літаратуры”, “Спроба нарматыўнае граматыкі беларускае літаратурнае мовы”, “Гісторыя беларускага нацыянальнага руху”, “Гісторыя Беларусі XVI XVIII ст.ст.”. Як і раней, больш удаецца друкаваць рэчы бэлетрыстычныя (надрукаваныя навэлі “Безруч”, пад псэўданімам “С.Юстапчык” “Сакавік”, Нр.2(3) за 1948 г., ды “Афрадыта –Ост” і “Эмігранцкая песьня” пад псэўданімам В.Бірыч” “Сакавік”, Нр.1 за 1947 г. і Нр.1(2) за 1948 г.) і публіцыстычныя (за ўвесь час мае працы выдрукавана шмат большых і меншых маіх артыкулаў гэтага характара на розныя тэмы беларускага нацыянальна-грамадзкага жыцьця).
На заканчэньне мушу зазначыць, што ад 1945 жыву ў лягерах ДП (ДП карта Нр. 840181). Са мною на маім утрыманьні старыя бацькі (Івашкевіч Паўліна ДП карта Нр. 840353 і Івашкевіч Аляксандар ДП карта Нр. 840354).
З моваў свабодна валодаю беларускай, расейскай, украінскай, польскай і чытаю ува ўсіх іншых славянскіх мовах; з эўрапейскіх моваў нямецкай, ангельскай (чытаньне блізу бяз слоўніка) і францускай (чытаньне із слоўнікам).
Ад самога заснаваньня (у 1946 г.) належу да Беларускага Навуковага Таварыства ў Нямеччыне “Крывіцкае Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны”, як сябра заснавальнік, а да 1949 г. і як сакратар. Таксама належаў сябрам да “Беларускага Навуковага Таварыства” у Менску пры немцах ад самага ягонага заснаваньня (у 1942 г.).
17 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)