Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Гiсторыя




rudata.ru

rudata.ru

Загадкі выправы Івана Грознага на Полацк

Андрэй Янушкевіч

Рушыўшы на Полацк у 1563 г., Іван Грозны ўзяў з сабою славуты крыж Еўфрасінні Полацкай, які датуль з незапамятных часоў захоўваўся ў Смаленску. На цара зрабіў вялікае ўражанне знакаміты праклён, выгравіраваны на крыжы. Ці не тут разгадка таго, як Грознаму ўдалося захапіць Полацк гэтак хутка і нечакана лёгка?

Рушыўшы на Полацк у 1563 г., Іван Грозны ўзяў з сабою славуты крыж Еўфрасінні Полацкай, які датуль з незапамятных часоў захоўваўся ў Смаленску. На цара зрабіў вялікае ўражанне знакаміты праклён, выгравіраваны на крыжы. Распавядаючы пра гэта, Лебедзеўскі летапіс занатаваў: «Царь крест взя с собою и имея надежу на милосердого бога и на крестную силу победити враги своя, еже и бысть». Ці не тут разгадка таго, як Грознаму ўдалося захапіць Полацк гэтак хутка і нечакана лёгка? Так ці інакш, неспадзяваным чынам крыж Еўфрасінні вярнуўся на радзіму.

 

Магчыма, гэта будзе дзіўна гучаць, але выбар маскоўскага ўдару па Полацку супярэчыў ваенна-стратэгічным меркаванням і палітычнай мэтазгоднасці. Убачыць рацыянальныя матывы ў гэтым выбары вельмі цяжка. Гісторыкі спрабавалі растлумачыць яго рознымі прычынамі: важным палітычным і эканамічным значэннем Полацка, размяшчэннем горада на Дзвіне, што дазваляла аблегчыць ледзь не ўдар па Рызе (sic!), мэтанакіраванай рэалізацыяй палітыкі адарвання ад ВКЛ «рускіх» зямель і г. д. Падобная аргументацыя робіцца непераканаўчай, калі кінуць вокам на мапу. Пра пагрозу Інфлянтам з Полацка не можа быць гаворкі, таму што шлях уверх па Дзвіне быў перакрыты такімі замкамі, як Дрыса, Дзісна і Браслаў. Маскоўцы, дарэчы, нават не спрабавалі прасоўвацца ў тым кірунку. Калі б яны дбалі пра пашырэнне тэрыторыі сваёй дзяржавы і паляпшэнне ваенна-стратэгічнага балансу, то лагічна было б выбраць для нападу Віцебск. Яго ўзяцце стварала выгадны плацдарм для далейшага прасоўвання ўглыб Беларусі і надзейна прыкрывала б Смаленск, які даўно стаў найважнейшай ваенна-памежнай базай для Масковіі.

 

Як паказала далейшае развіццё падзей, авалоданне Полацкам рабіла маскоўцам паважныя цяжкасці ў камунікацыях са сваёй тэрыторыяй. На ўсходзе перашкаджаў Віцебск, скарыстацца тут дзвінскай артэрыяй не было аніякай магчымасці, а на поўначы знаходзіліся непраходныя лясы і балоты, якія ўскладнялі асваенне акупаваных зямель Полаччыны. Той клін, які паўстаў у выніку захопу Полацка, насамрэч не ствараў для маскоўцаў нейкіх сур’ёзных стратэгічных перавагаў. Што цікава, ён асабліва не пагаршаў становішча ВКЛ: пагроза для сталіцы Вільні была досыць прывіднай і рэальна яе ніхто не разглядаў. Маскоўцам так і не ўдалося стварыць з Полацка базу для ўдараў па тэрыторыі Вялікага Княства. Для гэтага папросту не было аб’ектыўных падставаў, як з гледзішча камунікацыйных праблем з Масковіяй, так і з увагі на адсутнасць належнай замкавай інфраструктуры на Полаччыне і слабыя дэмаграфічныя рэсурсы краю.

 

Чаму ж Іван Грозны атакаваў менавіта Полацк? Для нас відавочныя рэлігій­ныя матывы яго дзеянняў. Варта зірнуць на агульны кантэкст ваеннай палітыкі маскоўскага цара, каб ясна ўбачыць, што ім кіравала месіянская ідэя вы­зваліцеля праваслаўных хрысціян ад паганага бусурманства і ерэтыкоў. Адсюль — гучная выправа на Казань 1552 г., актывізацыя наступальнай палітыкі ў дачыненні да Крымскага ханства ў другой палове 50-х гг. XVI ст., вайна су­праць Інфлянтаў. Пратэстанты ўспрымаліся як ізгоі, што парушалі традыцыйны ўклад канфесійнага жыцця і ламалі «ерэтычнымі» падыходамі і поглядамі створаную за стагоддзі сістэму ўяўленняў пра ўзаемаадносіны Бога, грамадства і дзяржавы.

 

Маскоўскія летапісы сведчаць, што полацкай выправе папярэднічала шырокамаштабная акцыя рэлігійнага зместу. Характарызуючы прычыны выправы на Полацк, летапісцы тлумачылі, што яна ажыццяўляецца

 

наипаче же горя сердцем о святых иконах и о святых храмех священых, иже безбожная Литва поклонение святых икон отвергше, святыя иконы пощепали и многия поругания святым иконам учинили и церкви разорили и пожгли и крестьянскую веру и закон оставльше и поправше и люторство восприаши.

 

Звернем увагу на словы пра глумленне над абразамі і іх нішчэнне. Штосьці падобнае адбылося ў траўні 1558 г. у Нарве. Тады інфлянцы паспрабавалі спаліць праваслаўны абраз, але ён дзіўным чынам не пацярпеў у пажары, які ахапіў увесь горад. Дзякуючы «вялікаму агню» маскоўцы нечакана для сябе здолелі захапіць добра ўмацаваную крэпасць. Гэта быў першы буйны поспех Маскоўскага княства ў Інфлянцкай вайне, і гэты поспех уважалі за боскі знак. Увогуле, рацыянальнаму інтэлекту сучасніка цяжка зразумець, якім моцным быў рэлі­гійны падтэкст у гэтай складанай і доўгай вайне...

 

Абставіны полацкай выправы даводзяць, што і тут не абышлося без прамога ўмяшання канфесійных чыннікаў. У 1562 г. у Полацку разгарэўся канфлікт паміж праваслаўнай іерархіяй і мясцовымі пратэстантамі, якія мелі, без сумневу, маўклівую падтрымку з боку ўладаў. Дакладна невядома, у чым была існасць канфлікта. У лісце Жыгімонта Аўгуста да віленскага ваяводы і канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага ад 13 ліпеня 1562 г. змяшчаецца сціслая інфармацыя пра дэструктыўную дзейнасць лютэран у Полацку.

 

Кіраўніцтва краіны ўсур’ёз занепакоілася магчымасцю бунту праваслаўных жыхароў супраць уладаў.

 

Цалкам магчыма, што быў і факт іконаборства, у якім пацярпелі інтарэсы праваслаўных.

 

У гэтым кантэксце важнай робіцца інфармацыя пра існаванне нейкіх кантактаў паміж палачанамі і маскоўскімі ўладамі напярэдадні выправы Івана Грознага. Адзін з полацкіх пасланцоў быў у Івана Грознага ў Мажайску — гэта значыць, пры самым пачатку ваеннай выправы, другі ўбачыўся з маскоўскім царом у Вялікіх Луках. У Вільні меркавалі, што менавіта тады Іван Грозны прыняў рашэнне аб аблозе Полацка. На жаль, інфарматар не ведаў, хто накіраваў гэтых пасланцаў. Важны, аднак, сам факт падобных кантактаў, якія, безумоўна, паўплы­валі на развіццё падзей.

 

Хто ж мог шукаць сувязі з маскоўцамі? Хто чакаў ад іх заступніцтва і абароны? Падзеі ў Полацку пасля яго здачы непрыяцелю пакідаюць шмат цікавай інфармацыі для роздуму. Выглядае, што зусім не выпадкова адказнасць за капі­туляцыю горада ўзяў на сябе мясцовы архіепіскап. З аднаго боку, гэтая кандыдатура выглядае цалкам натуральнай, бо ж захопнікі прадстаўлялі праваслаўную краіну. Аднак ужо праз некалькі дзён пасля ўваходжання маскоўскіх войскаў у Полацк — 18 лютага 1563 г. — праваслаўныя святары падчас службы ў Сафійскім саборы падзякавалі Івану Грознаму за вызваленне «от люторского насилования», за тое, што «те люторы отпали святыя православныя веры, церкви разорили и иконам не поклонялися (sic!) и поругание чинили великое». На нашу думку, на гэтым кола замкнулася, і можна сцвярджаць, што паміж канфліктам на рэлігійнай глебе ў 1562 г., выбарам удару на Полацк і ўдзячнасцю святароў ёсць прамая прычынна-выніковая сувязь.

 

У далейшым праваслаўнае святарства наўпрост супрацоўнічала з новымі ўладамі. Адзін з пратапопаў, Феафан, і ягоны зяць Грыгоры Шчытаў інфармавалі маскоўцаў пра тое, дзе знаходзяцца межы Полацкага ваяводства. Менавіта іхныя звесткі вызначалі кірункі «пасылак» маскоўскіх вайсковых атрадаў у бок Беразвечча, Дрысы, Лукомля. З мясцовага насельніцтва толькі праваслаўным святарам было дазволена жыць у Верхнім замку. Астатнія, ці то шляхта, мяшчане альбо сяляне, маглі наведаць замкавую тэрыторыю толькі ў вялікія царкоўныя святы пры надзвычайных мерах бяспекі: «а Литовских людей в город, приезжих и тутошних, детей боярских, и землян, и черных людей, однолично не пущати». Шляхцічам і мяшчанам, якія жылі ў пасадскай частцы горада, катэгарычна забаранялася мець зброю. За мясцовым насельніцтвам усталявалі са­праўдны паліцэйскі нагляд:

 

и береженье им над теми людми держати великое, и велети смотрити и примечати, не будет ли в них какие шатости и ссылок с Литовскими людми.

 

У выпадку выяўлення «шатости» падазроных прадпісвалі адсылаць у Пскоў, Ноўгарад і Вялікія Лукі.

 

Як бачым, маскоўцы напраўду давяралі праваслаўнаму святарству. На жаль, мы пакуль мала ведаем пра жыццё Полацка падчас маскоўскай акупацыі і пра тое, як складваліся дачыненнні паміж асобнымі сацыяльнымі групамі, паміж тутэйшымі жыхарамі і прадстаўнікамі акупацыйнай улады. Ня варта, аднак, залічваць святарства да катэгорыі здраднікаў. Яно было пасіўнай сілай і не ўплывала на ход абароны замку ад аблогі. Не вітаць прыходу маскоўцаў ім не дазваляў звычайны здаровы сэнс — усё ж браты па веры, у чыёй дзяржаве праваслаўе мела статус дзяржаўнага веравызнання.

 

Супраціўленне палачан ворагу не было маналітным. Мы можам знайсці ў крыніцах заўвагі пра барацьбу поглядаў у лагеры палачан, пра своеасаблівы канфлікт паміж полацкім ваяводам Станіславам Давойнам і віленскім ваяводзічам Янам Глябовічам, пра супярэчлівыя дзеянні падчас перамоваў з маскоўцамі ў першы тыдзень аблогі. Ёсць спакуса ўявіць, што існавалі прамаскоўская і антымаскоўская партыі ў асяроддзі палачан. Некаторыя расійскія даследчыкі, прыкладам, Дз. Валадзіхін, так і робяць. Аднак уважлівы аналіз крыніц паказвае, што ў аснове неадназначных і супярэчлівых учынкаў полацкіх абаронцаў ляжала перадусім разуменне безвыходнасці сітуацыі, нястача сілаў для эфектыўнага супраціву і памылкі кіраўнікоў абароны.

 

Самі маскоўцы пазней сцвярджалі, што «правды и веры к полотцким людем, которые в Полотцку сидели, не было никоторые». Яны рабілі асаблівы акцэнт на тым, што Полацк ім удалося захапіць дзякуючы ўласнай сіле і ваеннаму майстэрству — «огнем и мечом».

 

Дарэчы, пытанне аб здрадзе палачан не абышлі ўвагай цэнтральныя ўлады ВКЛ. Цікава, што яшчэ перад аблогай С. Давойна непакоіўся, ці няма ў асяроддзі полацкіх мяшчан здрадніцкіх настрояў. Мяшчанская эліта Полацка цвёрда запэўніла ваяводу ў патрыятызме гараджан і гатоўнасці стаяць да канца ў змаганні з ворагам. Пасля страты Полацка падазрэнні ў здрадзе не пацвердзіліся. Прынамсі, нам не сустракалася дакументаў, у якіх палачане абвінавачваліся б у гэтым. Афіцыйная Вільня лічыла прычынай хуткай здачы Полацка найперш тактычныя пралікі С. Давойны, хоць адзіным адказным за страту горада яго ніхто не рабіў.

 

Ваяводу, прыкладам, не ўдалося выкарыстаць перамоваў 5—9 лютага 1563 г., меркаваныя (як падавалі афіцыйна) для высвятлення меркаванняў жыхароўгорада адносна яго лёсу. Інакш кажучы — вырашылі запытацца: здавацца альбо не здавацца? Аднак на справе полацкія абаронцы хацелі зацягнуць час, спа­дзеючыся на падыход дапамогі. Маскоўцаў імкнуліся ўвесці ў зман, кажучы ім, што «люди многие мысльми своими шатаются: иные люди бить челом хотят, а иные не хотят».

 

Падобны хітрык, досыць банальны, не прайшоў. Маскоўцы ўмела выкарысталі зацішак, каб прыцягнуць гарматы пад сцены пасада. Адказам полацкага камандавання быў адыход адтуль. Гэтая акцыя была праведзена настолькі няўдала, што пад прыкрыццём пажару маскоўцы здолелі падцягнуць пад замак цяжкую артылерыю. Гэта стала поўнай нечаканасцю для палачан і, як паказалі далейшыя падзеі, вырашыла лёс горада. Татальны абстрэл замка давяршыў справу.

 

Апісваючы сітуацыю ў Полацку пасля пачатку бамбардавання, летапісец занатаваў: «Нападе бо на них страх и ужас и ничим же противитися могуще». Вось ён — ключавы момант аблогі, калі шалі барацьбы зрушыліся на бок нападнікаў. У падобнай адчайнай сітуацыі заўсёды паўстае пытанне: ці бараніцца да канца, без усялякай надзеі на поспех, ці здацца на годных умовах, каб выратавацца ад разбурэння і разрабавання. На бліжэйшых перамовах у Маскве, якія адбыліся ў снежні 1563 г., маскоўскія палітыкі так апісвалі паводзіны полацкіх жыхароў: «и как их огонь отовселева обшел, и им было от нашие сабли померети; и они почали бити челом, живота просити, чтоб мы их побити не велели».

 

Варта адзначыць, што капітуляцыя не была безагаворачнай. І тут мы падыходзім яшчэ да адной таямніцы. Маскоўскі цар даў палачанам загадкавае «слова», якое ў далейшым стала ледзь не прычынай абвастрэння маскоўска-літоўскага канфлікту і прывяло да абапольных абвінавачанняў у ілжы і падступніцтве.

 

Гэтае «слова» датычыла вызначэння далёйшага лёсу полацкай шляхты пасля захопу горада. Літвіны сцвярджалі, што Іван Грозны парушыў дадзенае палачанам абяцанне адпусціць іх на волю. Вось як абстаўленая справа ў афіцыйным «ваенным лісце», які выйшаў з гаспадарскай канцылярыі ў 1565 г.:

 

воеводу полоцкого з многими поддаными нашими народу шляхетъского, так же и посполитых людей убезпечивши обетницою и словом своим выпустити добровольне, того не вчинил, але полоном звел народ хрестьянский.

 

У адказ маскоўскі бок тлумачыў, што ніякага «слова» не было дадзена: «тех людеи и вязней взял з божьею волею огнем и мечом, а слово никоторое не бывало». На перамовах з літоўскімі пасламі ў снежні 1563 г. маскоўскія палітыкі заявілі, што галоўнай праблемай стала «нестоятелство» палачан. У чым яно за­ключалася? Кіраўніцтва горада пры капітуляцыі прасіла толькі «живота». Ніякіх дамоваў пра тое, каб выпусціць на волю, не было. Пра гэта прасілі толькі «рот­містры» — тут меліся на ўвазе польскія жаўнеры, якіх сапраўды адпусцілі. Палачане ж пачалі вагацца, спачатку білі чалом Івану Грознаму, потым, убачыўшы прыклад палякаў, пачалі прасіцца на волю. У якасці канкрэтных прыкладаў указвалі на Луку Гарабурду і братоў Есманаў: «крест целовав на наше имя, да нам изменя, почали проситися от нас». Пасля такога павароту Іван Грозны пастанавіў паланіць гараджан і адправіць у Масковію. Цікава, што для полацкіх мяшчан права на вольны выхад маскоўцы нават не абмяркоўвалі: «мы ведь в своих людех волны, где их хотим, там и держим». Для іх гэта была катэгорыя несвабодных людзей, халопаў.

 

Так выглядала справа на дыпламатычных перамовах. Аднак у летапісах, якія, так бы мовіць, ствараліся ў Маскве для ўнутранага ўжытку, захавалася прамое сведчанне, што маскоўцы ўсё ж паабяцалі палачанам свабодны выхад з капітуляванага горада. Вось яно:

 

[Іван Грозны] велел свое жалованное слово всем людем сказывати, чтобы из города все вон вышли, а государь им милость показал, побити их не велел и дал им волю, кто куды похочет.

 

У тым, што маскоўцы паступілі падступна, нас упэўнівае і нервовая аргументацыя, з якой у Маскве даказвалі, што «слова» ніхто не даваў. Так, маскоўцы раптам згадалі пра вераломства літвінаў пасля захопу інфлянцкага замку Тарваст у жніўні 1561 г. — спачатку маскоўскіх жаўнераў паабяцалі адпусціць на волю, а потым кінулі за краты, і многія палонныя адтуль так і не выйшлі. На спробу літоўскіх дыпламатаў разгарнуць дыскусію пра «слова» яшчэ раз маскоўцы адрэагавалі досыць рэзка, заявіўшы, што ня варта шмат разоў гаварыць пра тое самае.

 

Цікава, што ў нямецкіх «лятучых лістках» гаворыцца не пра ваганні палачан, а пра зменлівасць палітыкі маскоўцаў. Маскоўскае кіраўніцтва спачатку трымала полацкіх жыхароў пад вартай:

 

[Іван IV] загадаў паставіць іх на гары, моцна ахоўваць і пяць дзён не даваць ім ніякай ежы, каб падумалі, што хоча памарыць голадам.

 

 Затым, яшчэ праз тры дні, ім было прапанавана перайсці на маскоўскую службу. Цалкам магчыма, што ў гэты момант у свядомасці палачан альтэрнатывай гэтаму бачылася толькі галодная смерць у зняволенні. Цар абяцаў адпусціць на волю тых, хто не захоча служыць, але праз нейкі час некаторых полацкіх пушкароў узялі на маскоўскую службу сілай.

 

Дзіўна выглядае гісторыя з віленскім ваяводзічам Янам Глябовічам, які быў другім па рангу палонным у Полацку пасля ваяводы С. Давойны. На перамовах у Маскве баяры заявілі, што ён «без всякого слова к нам из города приехал, и тот нашему слову и имени что поруха?». З гэтых словаў вынікае, што Я. Гляовіч здаўся на міласць ворагу без усялякіх варункаў. Пры сустрэчы з літоўскімі пасламі 21 снежня 1563 г. ён вымавіў загадкававую фразу, якую занатавала маскоўская пасольская кніга: 

 

государь царь и великий князь московский взял замок огнем и мечом, и сидели есмя и бились до горла. А о слове ведает бог да он, как пожалует попамятует.

 

Што гэта азначала? Атрымліваецца, што царскае слова ўсё-такі было дадзена, але Глябовіч не хацеў пра гэта гаварыць. З якіх прычын? Праз страх за ўласны лёс? Ці існавала нейкая дамоўленасць з маскоўскім кіраўніцтвам маўчаць пра гэта? Дакладна пра гэта пэўна ўжо не давядзецца. Аднак некаторыя факты прымушаюць задумацца. У 1566 г. Я. Глябовіч неспадзявана без усялякага выкупу быў адпушчаны на волю і вярнуўся ў ВКЛ. Земскі маршалак і жамойцкі стараста Ян Хадкевіч абвінаваціў яго ў здрадзе і шпягоўстве на карысць Івана Грознага. Віленскі ваяводзіч раскрыў карты і паведаміў, што маскоўскі цар, узяўшы ў яго прысягу на вернасць, вырашыў накіраваць яго на радзіму для перадачы вельмі пікантных прапаноў вядучым літоўскім магнатам. Гаворка ішла не больш не менш як пра спробу перахіліць іх на маскоўскі бок і ўчыніць з іх дапамогай пераход ВКЛ пад уладу маскоўскага цара. У шчырасць Глябовіча паверылі, і ў далейшым ён займаў высокія пасады ў Княстве. Дарэчы, у «артыкулах», перададзеных праз Глябовіча, згадвалася «слова» для палачан. Віленскі ваяводзіч павінен быў упэўніць, што ніякага слова цар не даваў.

 

На жаль, невядома, што пра гэтае «слова» Глябовіч апавёў па сваім вяртанні з маскоўскага палону.

 

Страта Полацка выклікала сапраўдны шок у асяроддзі шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Прага рэваншу вельмі моцна праявілася на Віленскім сойме, які адбываўся ў траўні — ліпені 1563 г. Там прынялі рэвалюцыйныя ў сваёй радыкальнасці меры дзеля арганізацыі войска і забеспячэння яго неабходнымі рэсурсамі. Аднак імпэту хапіла ненадоўга. Перамір’е з маскоўцамі ў 1563 г. працягвалася некалькі разоў, у сувязі з гэтым збор паспалітага рушання неаднаразова адкладаўся, ды ўрэшце і Жыгімонт Аўгуст не спяшаўся ўзяць удзел у ваеннай выправе. Прыкра казаць, але вялікай зацікаўленасці ў вызваленні Полацка ў палітычнай эліты ВКЛ за часам панавання апошняга Гедымінавіча не было. Гэта выявілася ў імітацыі аблогавай аперацыі ў верасні 1564 г., у нежаданні змагацца за горад у 1568 г., як гэта прапаноўваў польны гетман Раман Сангушка. Больш за тое, палітыкі ў Вільні разглядалі Полацк як разменную манету ў дыпламатычным гандлі. Аднак гэта тэма для іншай публікацыі.

 

ГЭТЫ АРТЫКУЛ БЫЎ НАДРУКАВАНЫ Ў №4 "ARCHE"  ЗА 2009 ГОД

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Барысаў — Алег Лучына, п/с 714, 222120, Барысаў-1, тэл. (029) 33-99-161.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.

 


 

Андрэй Янушкевіч — гісторык. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1998). Выкладае ў Беларускім інстытуце правазнаўства. У сфэру яго навуковых інтарэсаў уваходзяць ваенная і сацыяльна-палітычная гісторыя ВКЛ у XVI ст. Пазалетась у выдавецтве «Мэдысонт» выйшла яго манаграфія «Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558—1570 гг.».

 




12 сакавiка 2010




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код