Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Храм Ромувы*
Неславянскія культуры паўночнай Беларусі
Праз Вілію яно мела выхад на крэмняноснае Панямонне, праз рачныя вярхоўі — на ўсход, у Волга-Окскі басейн, нізоўямі Дзвіны — да бурштынавых узбярэжжаў Балтыкі. Паазер’е было заўсёды раскрыленае на ўсе бакі еўрапейскага свету. Нездарма ж тут пралягаў шлях «з вараг у грэкі» і ўтварылася адна з першых беларускіх дзяржаў — Полацкае княства.
Але пачнем з першавытокаў…
Заканчвалася апошняе Вялікае зледзяненне Зямлі і 15 тысячагоддзяў таму ледавік адступіў на поўнач ад Браслаўскага ўзвышша. Але яшчэ пару тысячагоддзяў Віцебшчына не надавалася для чалавечага засялення. Гліністыя марэнныя ўзгоркі і пясчана-гліністыя раўніны, скаваныя вечнай мерзлатой, амаль не мелі расліннасці і толькі пачыналі пакрывацца тундрай. Да таго ж праз усё сярэдняе Падзвінне з усходу на захад прасціралася вялізнае прыледавіковае возера шырынёй на дзесяткі кіламетраў. Яно на захадзе злучалася з Верхнебярэзінскім возерам, а далей — з Вілейскім. Гэты шырачэзны рэзервуар халоднай вады быў непераадольным бар’ерам для тагачаснага чалавека. Ды яму і не было чаго яшчэ імкнуцца на поўнач. Калі ў прыледавіковай зоне амаль не сустракалася расліннасці, то там не было і дзічыны.
На тэрыторыі Беларусі мы пакуль што не знаходзім слядоў жыццядзейнасці чалавека, пакінутых раней, чым 15—14 тысячагоддзяў таму.
Першымі пасяленцамі на Падзвінні маглі стаць групы паляўнічых на паўночных аленяў, узброеныя лукамі і стрэламі, асаджанымі крамянёвымі лістападобнымі наканечнікамі. Гэта было 12—11 тысячагоддзяў таму, у фінале старажытнакаменнага веку — палеаліту. Прынамсі, рэшткі старажытных паселі¬шчаў з падобнымі наканечнікамі археолагі знаходзяць на суседніх тэрыторыях — на паўднёвай Пскоўшчыне і Ніжнім Падзвінні, на Падняпроўі і Панямонні. Таму можна меркаваць, што чалавек у той час не мінаў і нашага Паазер’я, проста навукоўцы пакуль не знайшлі тут яго слядоў.
Ледавік адступіў, але ў зямной глыбіні, у вечнай мерзлаце засталіся меншыя і большыя, нават на сотні метраў, ледзяныя глыбы. З паступовым знікненнем мерзлаты яны ў самым канцы палеаліту вытайвалі, і на іх месцы ўтвараліся пячоры, напоўненыя вадой. І нарэшце наступаў момант, калі зямля над пустэчамі правальвалася, і тады ўтвараліся азёры і азерцы з вельмі стромкімі берагамі. Азерцы цяпер забалоціліся і атрымалі назву сярод тутэйшага жыхарства — катлоўкі.
Першапасяленцы Віцебшчыны яшчэ заспелі такія нечаканыя і палохаючыя правалы зямной цвердзі. І памяць пра іх захавалася праз усе наступныя тысячагоддзі. Яшчэ і цяпер шмат дзе вам раскажуць пра замкі і бажніцы, якія праваліліся пад зямлю і на правалах утварыліся азёры.
Калі ў фінальнапалеалітычны час пачалося істотнае пацяпленне клімату, зона тундры і лесатундры, якая займала раўніны паўднёвай Прыбалтыкі, таксама пачала перамяшчацца, але не на поўнач (там было мора), а на паўночны ўсход. Услед рухаліся статкі паўночных аленяў, а за імі — чалавечыя калектывы, якія і існавалі пераважна коштам палявання на гэтых жывёл. Такім чынам, першапачатковая засяленчая плынь у Паўднёва-Усходнюю Прыбалтыку кіравалася з паўднёвага захаду, з Павіслення праз Панямонне. Нейкія групы маглі пранікаць сюды і з поўдня — з Падняпроўя.
10 тысячагоддзяў таму апошнія рэшткі ледавіка расталі на поўначы Скандынаўскіх гораў і ў першабытнай гісторыі еўрапейскага насельніцтва пачаўся сярэдні каменны век — мезаліт. Клімат у мезалітычную эпоху паступова лагаднеў, а ў яе канцы, каля 6 тысячагоддзяў таму, стаў нават цяплейшым, чым маем сёння. Наш край пакрыўся густымі лясамі, заселенымі звычайнымі для лясной зоны жывёламі, у тым ліку зубрамі і турамі, вынішчанымі паляўнічымі ўжо ў сярэднявечны час. Тысячы азёр поўніліся рыбай, а балоты — вадаплаўнымі птушкамі. Багатая і разнастайная расліннасць таксама давала шмат спажывы тагачаснаму жыхарству. Карацей, даўняя Віцебшчына стала сапраўдным краем абяцаным для людзей, якія свой спажытак надзённы здабывалі паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам.
У мезаліце, у асноўным з нашчадкаў фінальнапалеалітычных паляўнічых на паўночных аленяў, на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкі, уключаючы і Беларускае Падзвінне, сфармавалася група плямёнаў кундскай культуры, названай так па эталоннай стаянцы каля сучаснага паселішча Кунда ў Эстоніі.
На Беларускім Падзвінні знойдзены і даследаваліся дзве стаянкі кундскага насельніцтва — каля вёскі Замошша Верхнядзвінскага раёна і каля былога хутара Крумплева Полацкага раёна. Мясцовыя мезалітычныя жыхары для вырабу прыладаў працы і паляўнічай зброі сколвалі з крамянёвых канкрэцый доўгія і роўныя пласціны. І гэта дзіўна, бо натуральных запасаў крамянёвай сыравіны на Падзвінні вобмаль. Здавалася б, дзе і на чым ім набыць умельства так дасканала апрацоўваць крэмень? А гэтае ўмельства ім перадалі ў спадчыну іх фінальнапалеалітычныя продкі, перасяліўшыся з тэрыторый, багатых крамянёвымі залежамі. Па традыцыі і кундайцы нейкім чынам — паходамі крэмнездабытчыкаў, абменам? — атрымлівалі з сваёй прарадзімы сыравіну.
Жыхары стаянак каля Замошша і Крумплева майстравалі доўгія лістападобныя наканечнікі стрэл з апрацаванымі рэтушшу вастрыямі і выдзеленымі чаранкамі для мацавання ў дрэўках. Рабілі яны таксама вастрыі з бакавой выемкай, скрабкі і скоблі, разцы, праколкі, укладышы, якія з дапамогай драўніннага клею мацаваліся ў пазах касцяных вырабаў.
Пры ўсёй пашыранасці ўмельства крэмнеапрацоўкі гэтай сыравіны было недастаткова, і яе пачалі замяняць косткай і рогам. На тарфяніковых стаянках Прыбалтыкі сустракаюцца касцяныя і рагавыя наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, масіўныя шматзубыя гарпуны для біцця буйной рыбы і звера. Падобныя гарпуны знойдзены ў азёрна-рачных адкладах вярхоўяў Бярэзіны і на возеры Окана пад Лепелем. Некаторыя касцяныя вырабы былі аздобленыя наразнымі, пераважна лукаткавымі, арнаментамі.
На ўсходзе Латвіі выяўлены і даследаваны даволі вялікі могільнік кундскай культуры. Антрапалагічнае вывучэнне шкілетаў паказала, што мясцовае мезалітычнае насельніцтва было як еўрапеоідным, так і метысным, што стала вынікам пазнейшых пранікненняў з усходу.
6 тысячагоддзяў таму на Паазер’і пачаўся новы каменны век — неаліт. Вызначальнымі рысамі для еўрапейскага неаліту лічацца з’яўленне глінянага посуду — керамікі, шліфаваных каменных вырабаў, распаўсюджанне земляробства і жывёлагадоўлі. Але неаліт Паўночнай Беларусі меў істотныя асаблівасці, абумоўленыя мясцовымі традыцыямі, асаблівасцямі ландшафтаў, расліннага і жывёльнага свету.
Ранненеалітычнае жыхарства Віцебшчыны здабывала дастаткова харчавання, скураў для вопраткі, костак для розных вырабаў з традыцыйных для лясной зоны заняткаў — палявання, рыбалоўства і збіральніцтва. Таму не было ніякіх прычынаў мясцовым людзям лесу пераходзіць да земляробства і жывёлагадоўлі, звязанымі з штодзённымі высілкамі. Вядомыя выпадкі, калі белыя пасяленцы ў Паўночнай Амерыцы кідалі земляробства і цалкам пераключаліся на дзічынулясоў і прэрый. У неаліце збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства дасягнулі росквіту і вызначаліся пэўнай планавасцю гэтых промыслаў. Мяркуючы па костках і іншых знаходках з паселішчаў, паляўнічыя не забівалі звярыны маладняк, як і цяжарных самак, птушак на гнёздах з яйкамі, пры рыбнай лоўлі карысталіся сеткамі з даволі буйнымі ячэйкамі. Збіраючы «дары лясоў і балот», напэўна аберагалі зараснікі арэшніку і ядомых дзікарослых траў. Гэта ўжо былі своеасаблівыя зачаткі жывёла- і раслінаводства.
Земляробства, дый жывёлагадоўля, патрабавалі высечкі лясоў пад палі і пашы. Для гэтай справы неабходныя былі эфектыўныя каменныя сякеры з зашліфаванымі лёзамі. Але для ранненеалітычных жыхароў Паазер’я, каб задаволіць свае няхітрыя патрэбы ў драўніне — высекчы жэрдак для хаціны ці дрэўка кап’я, зваліць сухастоіну для вогнішча, дастаткова было крамянёвай сякеры з двухбаковай аббіўкай. Такім чынам, уласна неалітычная эпоха Падзвіння пачалася з з’яўлення керамікі — глінянага посуду.
Вынаходніцтва посуду азначала важныя змены ў развіцці першабытнага грамадства, найперш у яго харчаванні. Цяпер з’явілася магчымасць спажываць самую разнастайную гатаваную раслінную ежу, якая значна лепш засвойваецца чалавекам. Пры гэтым вялікія пасудзіны служылі ёмістасцямі для запасаў харчоў, гэткімі глінянымі бочачкамі. Сярэдніх памераў — для гатавання ежы. Меншыя, місы і кубкі, былі для індывідуальнага карыстання. Яшчэ ў старажытны каменны век ведалі пра высокія пластычныя якасці гліны, як і пра тое, што яна пры абпале камянее, ператвараецца ў мінерал — кераміку. Аднак керамічны посуд тагачаснаму чалавеку быў яшчэ не патрэбны, бо расліннай ежы ў прыледавіковай зоне было мала, а мяса, якое складала аснову рацыёну, добра спажывалася і ў печаным выглядзе.
З’яўленне керамічнага посуду сведчыла і пра большую аселасць, пра існаванне доўгачасовых паселішчаў — тагачасных вёсак.
У пачатку неаліту Віцебшчыну, як і ўсю Паўднёва-Усходнюю Прыбалтыку, засялялі плямёны нарвенскай культуры, названай так паводле найперш даследаванага паселішча каля горада Нарва на паўночным усходзе Эстоніі. Многія крамянёвыя і касцяныя вырабы нарвенцаў былі вельмі падобныя да тых, якімі карысталіся іх папярэднікі, мезалітычныя кундайцы. З гэтага можна меркаваць, што на пераломе эпох на гэтых тэрыторыях не было змены насельніцтва, яно натуральным чынам успрыняла, магчыма, пад уплывам з поўдня, неалітычныя навацыі, і сярод іх найперш кераміку.
Плямёны нарвенскай культуры займалі практычна ўсю беларускую Поўнач. Найбольш заходнія іхнія паселішчы-стаянкі знойдзены пад Паставамі, на берагах Нарачы і на рацэ Нарачанка ў Вілейскім раёне. На поўдні нарвенцы займалі ўзбярэжжы Віліі, а асобныя іх групы пранікалі ажно ў раён верхняга цячэння Бярэзіны Дняпроўскай прыкладна да сённяшняга Барысава. Слабей пакуль што даследавана паўднёва-ўсходняя мяжа нарвенскай жыццёвай прасторы. Пакуль што мяркуецца, што яна заканчвалася дзесьці на Лёзненшчыне.
Археалагічныя раскопкі праводзіліся пакуль што на двух паселішчах — непадалёк ад возера Бярэшча і на паўночным краі Крывінскага тарфяніка на мяжы Сенненскага і Бешанковіцкага раёнаў. Невялікія матэрыялы нарвенскай культуры выяўлены і на перашыйку паміж азёрамі Нарач і Мястра, а таксама сярод пад’ёмнага матэрыялу з некаторых іншых археалагічных помнікаў.
На Крывінскім тарфяніку і яго ўзбярэжжах знойдзена каля дзесятка паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў. Палова з іх перакрытая торфам, пад якім запаволены працэс гніення, а таму захаваліся шматлікія вырабы не толькі каменныя, але і з дрэва, рогу, косткі, бурштыну, дрэва. Такога скаплення тарфяніковых паселішчаў з агромністай колькасцю знаходак у сотні тысяч адзінак у іншых месцах Беларусі пакуль не выяўлена.
Найбольш прадстаўнічыя матэрыялы нарвенскай культуры атрыманыя пры раскопках крывінскай стаянкі Асавец 4. Паселішча было размешчана на гравійным узгорку пры краю тарфяніка. Сярод гравію шмат вапняку, які закансерваваў арганічны матэрыял культурнага пласта. Таму тут даволі шмат касцяных і рагавых наканечнікаў стрэл, розных вострый, абломкаў плоскіх гарпуноў, сякер і цяслаў. Тут жа знойдзеная і самая старажытная на Паазер’і кераміка. Яна прадстаўлена абломкамі вастрадонных гаршкоў і авальных місачак. Сценкі пасудзін даволі порыстыя, у іх прыкметныя дамешкі валакністай расліннасці і тоўчаных ракавін, паверхні пакрытыя расчэсамі зубчастых шпатэляў. Кераміка аздаблялася адбіткамі тонказубага грэбня, насечкамі, рознымі наколамі, нарэзкамі.
У час, калі існавала паселішча нарвенцаў, замест Крывінскага тарфяніка яшчэ разлівалася вялізнае возера, злучанае пратокамі з іншымі азёрамі і ў цэлым гэта ўтварала гіганцкую сістэму з складанай берагавой лініяй і шматлікімі астравамі. Воднае люстэрка пачыналася каля вёскі Асавец на поўначы і даходзіла пад сённяшняе Сянно на поўдні, на захадзе яно ўключала тэрыторыю цяперашняга тарфяніка з пасёлкам Кастрычніцкі ў Чашніцкім раёне. Прыбярэжнае размяшчэнне вызначала і заняткі жыхароў Асаўца 4. Акрамя палявання і збіральніцтва, яны шмат увагі надавалі рыбалоўству. Мяркуючы па костках, іх асаблівай здабычай былі вялізныя самы.
Лічыцца, што нарвенцы былі еўрапеоіды. Некаторыя прыбалтыйскія даследчыкі схільныя шукаць сярод іх далёкіх продкаў сучасных індаеўрапейскіх балцкіх народаў — літоўцаў і латышоў. Аднак можна і засумнявацца ў такіх пошуках. Калі нарвенцы паходзяць ад мезалітычных кундайцаў, а тыя — ад фінальнапалеалітычных супольнасцяў, то і балты, паводле такой логікі, пачаліся ледзь не з часоў мамантаў? Але ж сама, яшчэ непадзеленая, індаеўрапейская супольнасць пачала фармавацца толькі з мезалітычнага часу.
5 тысячагоддзяў таму, а можа нават і крыху раней, адбыліся кліматычныя змены, звязаныя з пахаладаннем і пасушэннем клімату. Азёры пачалі мялець, а іх узбярэжжы забалочвацца і затарфоўвацца. Услед за адступаннем берагавой лініі перамяшчаліся і паселішчы. У пэўнай ступені змяніўся раслінны і жывёльны свет. Традыцыйныя мясціны палявання, рыбалоўства і збіральніцтва даваліменш ежы, або сталі зусім непрыгодныя для промыслаў. Такім чынам, кліматычныя змены пачалі негатыўна ўплываць на існаванне нарвенскіх супольнасцяў, якія не паспявалі хутка адаптавацца да новых умоў. І такое назіралася ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Прыбалтыцы.
Гэта была небяспечная сітуацыя, якую маглі выкарыстаць больш паспяховыя суседзі, што і сталася ў Паўднёва-Усходняй Прыбалтыцы. Менавіта ў гэты час з тэрыторый, прылеглых да Фінскай затокі на абшары цяперашніх Эстоніі і Латвіі, пачалася інвазія плямёнаў, старажытнасці якіх археолагі адносяць да культуры грабеньчата-ямкавай керамікі і звязваюць з продкамі прыбалтыйскіх фіна-вугорцаў, у тым ліку і эстонцаў.
Назва культуры гаворыць сама за сябе — яе носьбіты карысталіся таўстасценнымі кругладоннымі гаршкамі, аздобленымі па ўсёй паверхні шчыльнымі паясамі глыбокіх адбіткаў шыраказубага грэбня і яшчэ больш глыбокіх круглых ямак. Для іх прыладаў працы і зброі былі характэрныя зробленыя пераважна з адшчэпаў даволі кароткія лістападобныя і рамбічныя наканечнікі стрэл і больш масіўныя і доўгія наканечнікі коп’яў з пласцін. Перад Цэнтральнай Літвой плынь находнікаў спынілася і падзялілася на два адгалінаванні.
Паўднёва-заходняе ўздоўж узбярэжжа Балтыкі дасягнула Прусіі, а асобныя невялікія групы трапілі нават за Віслу ў Цэнтральную Польшчу. Паўднёвае адгалінаванне вузкім клінам паміж Нараччу і Лепельскімі азёрамі дапяла правабярэжжа Віліі ў Вілейскім раёне. Менавіта ў гэтым кліне археолагі знайшлі шэраг старажытных паселішчаў з грабеньчата-ямкавай керамікай — каля возера Задзеўскага пад Паставамі, на перашыйку паміж Нараччу і Мястрам, на поўдзень ад Мястры, на Сэрвачы каля Будслава, на Ліснянскіх азёрах, каля азёр Бярэшча і Окана на Лепельшчыне. Далейшыя даследаванні ў Паазер’і могуць выявіць сляды находнікаў і побач з адзначаным арэалам. Так, асобныя фрагменты керамікі, блізкай грабеньчата-ямкавай, знойдзены на беразе Віліі пад Вілейкай і ў басейне верхняга цячэння Бярэзіны Дняпроўскай.
У стэпах, дзе аснову гаспадаркі складала качавая жывёлагадоўля, якая патрабавала вялізных тэрыторый, панавалі жорсткія законы. Заваёўнікі звычайна вынішчалі мужчын і старэйшае пакаленне пераможанага племені, а маладых жанчын і дзяцей бралі ў палон. І праз якое стагоддзе ніхто не памятаў пра колішніх гаспадароў стэпу. У лясах было інакш. Паляўніча-рыбалоўна-збіральніцкая гаспадарка, нават пазней дапоўненая земляробствам і жывёлагадоўляй, дазваляла неалітычным канкрэтным калектывам абыходзіцца меншымі тэрыторыямі, чым стэпавікам. Зразумела, што і ў лясной зоне заваяванні суправаджаліся забойствамі і гвалтам, але сярод пушчаў і балот яшчэ захоўвалася шмат неасвоеных куткоў, якія маглі даць прытулак заваяваным, калі яны былі вымушаныя адступіць перад моцай находнікаў.
Археалагічныя даследаванні паказваюць, што экспансія ў Паўднёва-Усходнюю Прыбалтыку плямёнаў культуры грабеньчата-ямкавай керамікі не прывяла да істотнага фізічнага вынішчэння абарыгенаў. Паміж находнікамі (заваёўнікамі) і носьбітамі нарвенскай культуры (заваяванымі) усталяваліся розныя формы суіснавання, спачатку напэўна ж варожыя, потым больш мірныя, якія пераходзілі ў змешванне і асіміляцыю. Пры гэтым на тэрыторыі сённяшняй Эстоніі, дзе находнікаў было шмат, яны, мяркуючы паводле матэрыялаў з паселішчаў, асімілявалі нарвенцаў. На тэрыторыях на поўдзень ад Дзвіны, і асабліва на поўначы Беларусі, адносна нешматлікія групы з грабеньчата-ямкавай керамікай былі, наадварот, асіміляваныя нашчадкамі нарвенцаў. Нават асімілюючыся, находнікі аказалі вялікае ўздзеянне на тубыльцаў, істотна мяняючы іх матэрыяльную і духовую культуру. Там, дзе назіралася непасрэднае суседства двух этнасаў, узнікалі гібрыдныя формы культуры. Так, на паселішчах Нарачанска-Мястраўскага перашыйка, дзе маюцца «чыстыя» комплексы абедзвюх культур, знойдзены абломкі пасудзін грабеньчата-ямкавых па форме і арнаментацыі, але тыпова нарвенскіх па тэхналогіі падрыхтоўкі глінянай масы і вылепкі.
Археалагічную культуру, якая сфармавалася на Паазер’і на нарвенскім субстраце пры ўплыве культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, навукоўцы назвалі ўсвяцкай, па тыповых паселішчах каля горада Усвяты на Беларуска-Пскоўскім памежжы. Існавала яна прыкладна 5—4,5 тысячагоддзяў таму, а яе арэал даволі дакладна ўпісваўся ў арэал папярэдняй нарвенскай культуры.
Поўнач Беларусі сёння займае тапанімістычны раён з рэліктавымі слядамі прыбалтыйска-фінскай гідраніміі. Ён цалкам перакрываецца арэалам помнікаў усвяцкай культуры. Такім чынам, гэтыя гідронімы, верагодна, можна звязваць з існаваннем тут не толькі паселішчаў культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, але і ўсвяцкай. Носьбіты першай, як адзначана вышэй, лічацца непасрэднымі папярэднікамі пазнейшых прыбалтыйска-фінскіх этнасаў. Аднак выглядае, што і жыхарства ўсвяцкіх паселішчаў адчувала моцнае культурнае і моўнае ўздзеянне сваіх прыбалтыйскіх суседзяў. Напэўна з гэтым і звязана шырокае распаўсюджанне на поўначы Беларусі тапонімаў з фінскай асновай viera — бераг, павышэнне (Вера, Верацея, Верачата і інш.)
Магчыма, калі б ад сярэдняга неаліту на Беларускім Паазер’і этнакультурная сітуацыя заставалася нязменнай, то сёння паўднёвая мяжа Эстонскай Рэспублікі магла б быць недзе каля Вілейкі. Ну, але ў гісторыі такой доўгай «нязменнасці» не бывала.
Усвяцкае насельніцтва ўжо займалася зачаткавай жывёлагадоўляй і, мабыць, земляробствам, якія дапаўнялі традыцыйныя азёрна-лясныя промыслы. Акрамя таго яно інтэнсіўна эксплуатавала зараснікі вадзянога арэху на азёрных плыткаводдзях, якія давалі велізарныя ўраджаі смачных і каларыйных пладоў — больш як тры тоны за сезон з гектара. Усё гэта разам павялічыла запасы ежы, што дадатна паўплывала на дэмаграфічную сітуацыю. Паселішчы ўсвяццаў гусцей пакрылі азёрныя ўзбярэжжы. Напрыклад, калі на Крывінскім тарфяніку мы ведаем толькі адно паселішча нарвенскай культуры, то ўсвяцкіх знойдзена паўдзесятка.
Жыхары ўсвяцкіх паселішчаў па-ранейшаму ўжывалі кароткія лістападобныя наканечнікі стрэлаў і іншы крамянёвы інвентар, характэрны для Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкі. Аднак яго колькасць істотна зменшылася, што стала вынікам цяжкасцей у атрыманні крамянёвай сыравіны. Цяпер толькі на самым краі ўсвяцкай айкумены, у Верхнім Павіллі, засталіся невялікія радовішчы крэменю, прывязаныя да крэйдавых адорвеняў. Сувязі ж з багатым крэменем Панямоннем перарваліся, мабыць, з-за ўзрослых этнакультурных адрозненняў.
Недахоп крэменю мясцовае насельніцтва паспяхова кампенсавала косткай і рогам. З гэтых матэрыялаў вырабляліся наканечнікі стрэлаў і коп’яў, кінжалы, праколкі, гарпуны, прылады для сячэння і іншыя патрэбныя рэчы. Сярод упрыгожанняў вядомыя розныя падвескі з прасвідраваных зубоў жывёл і касцяныя трубачкі-пранізкі. Упершыню з’яўляюцца падвескі з «золата каменнага веку» — бурштыну, які трапляў на нашу Поўнач з узбярэжжа Балтыкі. Яго нашы продкі, мабыць, абменьвалі на крэмень, запасаў якога ў Ніжнім Падзвінні амаль няма.
Найбольш самабытная і маляўнічая сярод старажытнасцяў усвяцкай культуры — кераміка. Мясцовыя жыхары ляпілі шырокаадкрытыя вастрадонныя пасудзіны самых розных памераў. У фармовачную гліну дабаўлялі дробна тоўчаныя ракавіны, а паверхні сценак рабілі гладкімі. Арнаменты на посудзе найчасцей складаліся з паясоў насечак і розных наколаў. Але сярод такой аднастайнасці траплялі і розныя геаметрычныя і нават выяўленчыя матывы, якія адлюстроўвалі светапогляд і вераванні тагачаснага чалавека. Гэта былі гарызантальныя і вертыкальныя хвалістыя лініі і лукаткі, ялінкі, разеткі лістоў вадзянога арэха, выявы птушак і змей.
Пра выявы птушак неабходна сказаць больш.
Першы фрагмент керамікі з малюнкам качкі на Крывінскім тарфяніку знойдзены яшчэ ў 1960 г. Гэта быў фрагмент пасудзіны ўсвяцкай культуры, на якім характэрны, але лаканічны сілуэт птушкі перададзены здвоенай лініяй невялікіх ямчатых паглыбленняў. Пры раскопках стаянкі Асавец 2 на тым жа тарфяніку ў 2006 г. трапіўся абломак гаршка з малюнкамі дзвюх качак. Ён паходзіў ад тыповай усвяцкай пасудзіны, якая была аздоблена паясамі з качак, акуратна і рэалістычна выкананых шчыльнымі адбіткамі шыраказубага штампа. Між выяваў птушак нанесеныя гарызантальныя адрэзкі кароткіх лукатак, якія паказваюць хвалістую водную паверхню. Радыёкарбонавае датаванне нагару з паверхні чарапка з качкамі паказала яго ўзрост — мяжа 4—3 тыс. да н. э.
Малюнак качкі з Асаўца 2 у цэлым уключаецца ў кантэкст падобных твораў першабытнага мастацтва лясной зоны Усходняй Еўропы. «Класічныя» выявы качак на кераміцы наносіліся пераважна шыраказубым штампам або ўтвараліся глыбокімі круглымі ямкамі. Але такія аздабленчыя элементы цалкам адсутнічаюць на посудзе ўсвяцкай культуры Крывінскага тарфяніка. Аднак малюнак качкі з Асаўца 2 зроблены менавіта адбіткамі «чужога» для мясцовага насельніцтва шыраказубага арнаменціра. Гэтым, магчыма, падкрэслівалася кананічнасць візуальнага ўвасаблення міфалагічнага вобраза, запазычанага ад прышлых носьбітаў культуры грабеньчата-ямкавай керамікі.
Багі прускіх балтаў
Балцкія жрацы
Буйныя прыледавіковыя жывёлы былі асноўнай крыніцай харчавання для палеалітычнага чалавека Еўропы. З гэтай прычыны выявы маманта, бізона і паўночнага аленя займалі галоўнае месца ў сістэме рэлігійных вераванняў і, адпаведна, у тагачасным выяўленчым мастацтве. У пасляледавіковы час, у мезаліце і неаліце, калі сфармаваўся цёплы клімат, асабліва інтэнсіўна развівалася водная фаўна і флора. Значна павялічылася колькасць вадаплаўных птушак, асабліва качак, якія сталі для чалавека важным аб’ектам палявання. Але не толькі гэта паспрыяла таму, што птушка заняла выбітнае месца ў светапоглядзе першабытнага насельніцтва. Было звыкла і зразумела, што чалавек і большасць жывёл нараджаюць дзіцянят, падобных да іх саміх. У птушак назіралася абсалютная розніца паміж вытокам і вынікам — жыццё крылатай аперанай істоце давала гладкая сфера, напоўненая вадкасцю. Спроба асэнсаваць гэтую глыбока містычную ў разуменні тагачаснага чалавека метамарфозу і прывяла да ўзнікнення касмаганічнага міфу аб стварэнні сусвету з яйка. А калі яйка «нарадзіла» качка, то яна і ўяўлялася прамаці ўсяго існага. Да таго ж яе ранневясновы прылёт знаменаваў штогадовае «ўваскрашэнне» прыроды.
Выявы вадаплаўных птушак з Крывінскага тарфяніка павернутыя галовамі ўправа. Такая арыентацыя характэрная і для большасці падобных малюнкаў лясной зоны Усходняй Еўропы. Для першабытнага чалавека галоўнай часткай навакольнай прасторы з’яўляўся поўдзень, дзе былі святло, цяпло і сонца. А таму што сонца нязменна рухалася злева направа, то і арыентацыя выяў была пераважна правабаковая, за нябесным свяцілам.
На посудзе, часам побач з птушынымі выявамі, змяшчаліся паясы лукатак, хвалістых або гарызантальных ліній. Яны павінныя былі адлюстроўваць водную прастору. У беларускім традыцыйным ткацтве яшчэ і сёння матыў ракі перадаецца гарызантальнымі палосамі або лукаткамі. Але ж сярод аздабленчай сімволікі павінен быў быць і знак яйка — першавытоку сусвету. І такім знакам напэўна быў ромб, які прысутнічае сярод арнаментаў посуду як культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, так і ўсвяцкай. Напрыклад, на знаходцы з Асаўца 2 ромб утварае хвост птушкі. Сакральныя выявы ромба — як сімвала ўрадлівасці, плоднасці — як знака зямлі, вядомыя ў чалавечай культуры яшчэ з палеаліту. Такімі яны заставаліся і ў пазнейшыя эпохі. Падобным сімвалам «першакрыніцы жыцця і ўрадлівасці» з’яўляўся і рэальны прадмет — яйка.
У пазнейшы час калісьці сакральныя выявы птушкі, яйка і воднай стыхіі захаваліся як традыцыйныя элементы арнаментаў на тканай вопратцы і ручніках.
Адносна стабільнае развіццё плямёнаў усвяцкай культурыпарушылася каля 4,5 тыс. таму. І звязана гэта было з кардынальнымі этнакультурнымі зменамі, якія распачаліся на прасторах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дзякуючы экспансіі плямёнаў культур са шнуравой керамікай. Пакуль што дакладна невядома, у якім месцы Еўропы ўзнік эпіцэнтр гэтай экспансіі, аднак за пару стагоддзяў надзвычай дынамічныя і, відаць, ваяўнічыя шнуравікі распаўсюдзіліся ад нізоўяў Рэйна на захадзе да Сярэдняга Паволжа на ўсходзе, ад Прыкарпацця на поўдні да Скандынавіі і Фінляндыі на поўначы. У некаторых месцах, як на Сярэднім і часткова Верхнім Падняпроўі, яны сталі дамінантным насельніцтвам, у іншых складалі дэмаграфічную меншасць сярод позненеалітычных абарыгенаў.
Плямёны культур шнуравой керамікі сталі адным з важнейшых чыннікаў індаеўрапеізацыі Еўропы. Сярод іх рухаліся продкі сучасных славян, германцаў і балтаў. Частка верхнедняпроўскага неалітычнага насельніцтва, сутыкнуўшыся з наступам шнуравікоў, узброеных каменнымі баявымі сякерамі, пачала адступаць на поўнач. Але нешта стрымала іх шлях у вярхоўі Дняпра. Напэўна тое, што адсюль і далей у басейны Верхняй Акі і Волгі пачыналася нядаўна сфармаванае валадарства іншай групы шнуравікоў — плямёнаў так званай фацьянаўскай культуры. З неалітычнымі ж паазерцамі верхнедняпроўцы здаўна падтрымлівалі нейкія гаспадарчыя і культурныя сувязі, якія маглі грунтавацца на абмене бурштыну (з Прыбалтыкі) і крэменю (з Пасожжа). Праз спрадвеку асвоеныя шляхі з вярхоўяў Бярэзіны на Лепельска-Чашніцкія азёры і вузкі дняпроўска-дзвінскі вадападзел пачынаюцца перасяленні на Паазер’е. Адначасова, а можа і крыху пазней, сюды пранікаюць групы шнуравікоў, пры гэтым, як з Падняпроўя, так і з захаду — з Прыбалтыкі.
У выніку змешвання позненеалітычных падняпроўскіх находнікаў з мясцовымі ўсвяцкімі абарыгенамі, пры ўплыве трэцяга этнакультурнага кампаненту — шнуравікоў — у Паазер’і сфармавалася вельмі своеасаблівая археалагічная культура, якую навукоўцы назвалі паўночнабеларускай.
Суіснаванне находнікаў і абарыгенаў магло працягвацца даволі доўгі час. Пра гэта сведчаць шматлікія крамянёвыя і касцяныя вырабы ўсвяцкай традыцыі, якія вырабляліся носьбітамі новай культуры. Таксама і ў кераміцы захаваліся некаторыя формы мясцовага традыцыйнага посуду (шлемападобнасць з прытупленасцю вострых дноў), тэхналагічныя асаблівасці (дамешка тоўчаных ракавін, рамонтныя адтуліны ў сценках), некаторыя элементы арнаментаў (сімвалы вады, антрапаморфныя выявы). Захаваліся і мясцовыя багатыя традыцыі вырабу і выкарыстання касцяных упрыгожанняў, аб’ёмнай заа- і антрапаморфнай пластыкі.
Як і пры папярэдніх інвазіях спачатку адносіны паміж прадстаўнікамі розных культур на адной і той жа тэрыторыі павінны былі быць напружанымі, бо хто проста так дапусціць чужакоў на свае спрадвечныя тэрыторыі? Можа, пра гэта сведчаць знаходкі ў адкладах стаянак усвяцкай культуры на Крывінскім тарфяніку чалавечых костак? У напластаваннях паўночнабеларускай культуры крывінскіх паселішчаў акрамя падобных костак даволі шмат дробных пасечаных і патрушчаных кавалачкаў чалавечых чарапоў.
Гэта ўжо сведчанне нейкіх магічных абрадаў. Але якіх? На тых жа помніках сустракаюцца расцерушэнні дробных моцна перапаленых фрагментаў чалавечых костак — сведчанне наўмыснай крэмацыі. Такое назіраецца і на некаторых гарадзішчах жалезнага веку. Успомнім, што і сённяшнія нашчадкі ваяўнічых арыяў, якія ў бронзавым веку, 4 тыс. таму, заваявалі Індастан, перапаленыя парэшткі сваіх нябожчыкаў рассыпаюць па наваколлі. Можа, так рабілася і на паселішчах паўночнабеларускай культуры? Тут адзначу, што на тэрыторыі Паўночнай і Сярэдняй Беларусі пакуль што не знойдзена верагодных пахаванняў аўтахтоннага першабытнага насельніцтва. А адзінкавыя магілы позняга неаліту і бронзавага веку належаць находнікам з поўдня і паўднёвага захаду. Калі і сапраўды на позненеалітычных паселішчах Паўночнай Беларусі выяўлены сляды расцярушанай крэмацыі нябожчыкаў, то сённяшнія паазерцы маюць права выводзіць свае генеалагічныя карані ад старажытных арыйцаў.
А вось іншыя чалавечыя косткі ў культурных пластах могуць сведчыць пра існаванне сярод тубыльцаў практыкі канібалізму. І гэта вельмі верагодна, бо іхныя нашчадкі і ў жалезным веку «грашылі» такімі справамі. Пра гэта дайшлі пагалоскі нават да далёкай Грэцыі, дзе жыхароў Верхняга Падняпроўя і, верагодна, Падзвіння ў сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. называлі андрафагамі — мужаедамі. Але і прапрадзеды саміх грэкаў таксама практыкавалі рытуальнае людажэрства, як, мабыць, і ўсе старажытнейшыя народы свету.
Плямёны паўночнабеларускай культуры займалі ў асноўным цэнтральныя і ўсходнія раёны Паазер’я, уключаючы паўночны захад Смаленшчыны і поўдзень Пскоўшчыны, а таксама верхняе цячэнне Друці. Яны існавалі тут ад сярэдзіны 3 да другой паловы 2-га тыс. да н. э., гэта значыць — у познім неаліце і ў раннім і сярэднім перыядах бронзавага веку. Эканамічны патэнцыял паазерскага насельніцтва новага часу складалі традыцыйныя паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва, а таксама даволі развітыя земляробства і жывёлагадоўлю. Гэта станоўча ўплывала на дэмаграфічную сітуацыю. Напрыклад, на Крывінскім тарфяніку колькасць паўночнабеларускіх стаянак падвоілася ў параўнанні з усвяцкімі.
На сёння найбольш даследаванымі з’яўляюцца крывінскія паселішчы Асавец 2, 5, 7, Крывіна 1, 2, 3, дзе ўскрыта больш як тысяча квадратных метраў напластаванняў і выяўлена мноства рэшткаў жыццядзейнасці першабытнага чалавека. Гэта дазваляе ўсебакова рэканструяваць самыя розныя праявы ягонага існавання.
Крывінцы паўночнабеларускай культуры жылі ў чатырохкутных хацінах з двухсхілымі дахамі, якія падтрымліваліся ўкапанымі ў зямлю слупамі з расохамі ўверсе. У інтэр’ер уваходзілі сталы і лавы з часаных дошак, лежакі, а таксама адкрытыя вогнішчы. Калі паселішча размяшчалася на сухім тарфяніку, то дзеля пажарабяспекі пад вогнішчы рабіліся тоўстыя падсыпкі з пяску, падасланыя пластамі кары.
У познім неаліце аднавіліся даўнія гаспадарчыя сувязі і ўстанавіліся новыя, чаму спрыяла нівелюючая гегемонія ў Еўропе шнуравікоў. На Паазер’е пачаў паступаць крэмень не толькі з Панямоння, але і ў вялікай колькасці з Пасожжа, а таксама з Валдайскага ўзвышша. З Прыбалтыкі трапляў бурштын. Мабыць, у гэты час пачало фармавацца ўсходняе адгалінаванне Вялікага бурштынавага шляху — праз Дзвіну на Дняпро, якое вяло ў Прычарнамор’е. На паселішчах сустракаецца даволі шмат крамянёвых вырабаў, сярод якіх вылучаюцца баявыя трохкутныя наканечнікі стрэл, кінжалы, а таксама шліфаваныя сякеры і цяслы. Ва ўжытку распаўсюдзіліся і каменныя шліфаваныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі і падобныя ж матыкі.
Па традыцыі працягвалася апрацоўка рогу і косткі. Больш за тое, цяпер гэты занятак дасягнуў росквіту. Пры раскопках сустракаюцца разнастайныя наканечнікі стрэлаў, гарпуны, кінжалы, праколкі, рыбалоўныя кручкі, далоты і сякеры, рукаяткі кінжалаў, арнаменціры і лапаткі для апрацоўкі паверхні керамікі. З косткі былі нават лыжкі. З дрэва вырабляліся чоўны, вёслы, днішкі для расколвання арэхаў, посуд, не кажучы пра розныя рукаяткі, дрэўкі і дзяржанні.
Прыкладна з сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. ва ўжытку з’яўляюцца і першыя металічныя вырабы, спачатку медныя і бронзавыя шылы і плоскія сякеры, затым утульчатыя сякеры з вушкам — так званыя кельты.
Своеасаблівай была і кераміка паўночнабеларускай культуры. Выраблялі розных памераў і формаў гаршкі, міскі і кубкі. Паверхні пасудзін заштрыхоўваліся і густа пакрываліся частымі паясамі з адбіткаў грэбня, насечак, наколаў, ямчатых паглыбленняў. З’яўляюцца і адбіткі шнура пад краем венцаў. Донцы былі спачатку традыцыйна вастрадонныя, пазней распаўсюдзіўся і пласкадонны посуд, як сведчанне ўплыву шнуравікоў.
Сваё цела і вопратку тагачасныя паазерцы аздаблялі разнастайнымі пацеркамі-падвескамі з зубоў жывёл і касцяных пласцінак, каштоўнымі бурштынавымі ўпрыгожаннямі. Позні неаліт і бронзавы век на Віцебшчыне — час росквіту першабытнага мастацтва, асабліва фігурнай пластыкі. І сёння нас уражваюць дасканалыя статуэткі звяроў, птушак і змей. І асабліва выявы барадатых мужчын, якія былі для тубыльцаў увасабленнямі нейкіх бостваў і міфічных герояў. Для нас жа гэта найперш партрэтныя выявы продкаў — мужных паляўнічых і воінаў, несумненных еўрапейцаў абліччам.
Распаўсюд вытворчай гаспадаркі, пры захаванні спрадвечных прысвойваючых заняткаў, да светапогляду жыхароў лесу дадаў новыя паняцці і сімвалы, звязаныя найперш з земляробствам. Сакральнае яйка ўсё больш заступае зерне як крыніца жыцця, качку — маці-зямля. На гліняным посудзе пераважаюць ужо іншыя выявы — заштрыхаваныя спалучаныя трохкутнікі як знакі плоднасці, акружнасці і крыжападобныя фігуры як знакі агню і нябесных свяцілаў.
Пад канец 1-га тыс. да н. э. зноў істотна мяняецца клімат. Ён робіцца больш халодным і вільготным. Частыя дажджы, высокія паводкі пачалі запаўняць вадой колішнія карыты азёр, падтапляць і забалочваць узбярэжжы, і людзі вымушаныя былі шукаць для жыцця вышэйшых і сушэйшых мясцінаў. Гэта не быў біблійны патоп за «сорак дзён і начэй», але за нейкую сотню гадоў экалогія непазнавальна змянілася, выклікаўшы драматычныя змены ў гаспадарцы, матэрыяльнай і духоўнай культуры, у людскіх узаемінах. Заняпалі рыбалоўна-паляўніча-збіральніцкія супольнасці, заснаваныя найперш на эксплуатацыі азёрных басейнаў. Жыхары хутчэй пачалі пераходзіць да больш працаёмкіх, аленадзейнейшых формаў жыццезабеспячэння — жывёлагадоўлі і земляробства. Каменныя і касцяныя вырабы па-ранейшаму шырока ўжываліся, але больш пачало з’яўляцца зброі і ўпрыгожанняў з медзі і бронзы. З наступленнем жалезнага веку на Паазер’і (каля сярэдзіны 1-га тыс. да н. э.) пачалі распаўсюджвацца і жалезныя вырабы. Асабліва змянілася кераміка.
Посуд вырабляўся ўвесь пласкадонны. Але сценкі сталі тоўстыя і грубыя і амаль цалкам пазбавіліся ўпрыгожанняў. Ранейшыя керамічныя шэдэўры арнаментальнага мастацтва зніклі назаўсёды. Але гэта не значыць, што паазерскія дзяўчаты і жанчыны ў жалезным веку здзічэлі. Проста ў гэты час распаўсюдзіліся прадзенне і ткацтва, і вопратка з крапіўнага, ільнянога ці ваўнянага (суконнага) палатна стала больш удзячным полем арнаментальнай творчасці чалавека. Шкада, што нічога з гэтага не магло захавацца да нашага часу.
Назапашванне прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, будаўніцтва больш трывалых сядзіб, у якія ўваходзілі не толькі жытлы, але і розныя гаспадарчыя пабудовы, пры адсутнасці калектыўнай абароны, вымушалі кожны род самастойна дбаць пра сваю бяспеку. Цяпер паселішчы пачалі ператвараць ва ўмацаваныя гарадзішчы. Паазер’е жалезнага веку — край амаль тысячы гарадзішчаў.
Культуру канца бронзавага века і века жалезнага, якая замяніла ў Сярэднім і Усходнім Паазер’і паўночнабеларускую, навукоўцы называюць днепра-дзвінскай. І амаль без сумненняў лічаць, што яе носьбіты былі балтамі. Ад сябе дадам, што гэта маглі быць продкі пазнейшых латгалаў.
Да славян трэба чакаць яшчэ добрую тысячу гадоў. Толькі з сярэдзіны 1-га тыс. н. э. з поўдня на Паазер’е пачынаюць пранікаць групы добра арганізаванага славянскага насельніцтва, узброенага земляробчым досведам і вопытам зацятых войнаў з сарматамі, готамі і гунамі. Іх напору не змаглі супрацьставіцца раз’яднаныя балцкія роды, нават за сценамі і валамі сваіх гарадзішчаў. Варожасць між тубыльцамі і находнікамі, як гэта збольшага бывала, паступова перайшла ў суіснаванне і асіміляцыю. І нарэшце, калі казаць узнёслым стылем, недзе ў славянскай паўзямлянцы ў маладой сям’я, дзе мужам быў (смуглявы?) славянін, а жонкай блакітнавокая балтыйка, нарадзілася дзіця. І калі яно праз які год загалёкала на покуце на балцка-славянскай трасянцы, то гэта было ўжо Беларускае галёканне першага Беларуса Паазер’я (Паазер’я, але не цэлай краіны, бо «першабеларусы» пачалі фармавацца на ўсходнім Палессі і ў больш ранні час). Чым не тэма для эпічнай карціны Аляксея Марачкіна?
ГЭТЫ АРТЫКУЛ БЫЎ НАДРУКАВАНЫ Ў № 4 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.
Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:
Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.
Барысаў — Алег Лучына, п/с 714, 222120, Барысаў-1, тэл. (029) 33-99-161.
Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.
Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.
Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;
Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.
Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.
Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.
Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.
Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73
Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.
Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.
Міхась Чарняўскі — археоляг, гісторык. Нарадзіўся 7 сакавіка 1938 г. у вёсцы Круці Мядзельскага раёну. Яго апошнія кнігі выйшлі ў 2007 г. — нарыс «Як пошуг маланкі» і кніга ўспамінаў і дакумэнтаў «Ня бойцеся ахвяраў і пакут» — і былі прысьвечаны Мядзельска-смаргонскаму моладзеваму падпольлю (1947—1950) і яго кіраўніку Расьціславу Лапіцкаму (1928—1950).
Аўтарская назва артыкулу — «Археалягічная вандроўка па Беларускім Паазер’і».
18 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)