Апублікавана ў Arche (http://www.arche.by)

Розныя бакі ўзаемадзеяння з адзінай Еўропай


15.03.2010 г.

old2.svabodaby.net

old2.svabodaby.net

За два мінулыя тыдні на вонкавапалітычным кірунку найбольш прыкметнымі былі дзве падзеі, якія так ці інакш датычылі адносінаў нашай краіны з аб’яднанай Еўропай. Па выпадковым збегу абставінаў і адбыліся яны ў адзін дзень – 10 сакавіка.

Чаму Лукашэнка адмовіўся ад візіту ў Літву?

 

Першаю стала інфармацыя пра адмову Аляксандра Лукашэнкі ад удзелу ў святкаванні 20-годдзя незалежнасці Літвы, на якое яго запрасіла прэзідэнт гэтай краіны Даля Грыбаўскайце. Здавалася б, гэта менавіта тое, за што столькі часу змагалася нашыя ўлады, рэальны вынік няхай яшчэ не скасавання вядомых візавых санкцыяў Еўразвязу, аднак увядзення на іх мараторыю: магчымасць сустрэцца адразу з шэрагам еўрапейскіх лідэраў вышэйшага ўзроўню. І каб у сваёй краіне былі нейкія надта тэрміновыя справы, дык быццам не. Атрымліваецца, дарэмна толькі патрывожылі генерала Усхопчыка…

 

Сапраўды, знайсці тлумачэнне гэтаму рашэнню даволі няпроста, хоць розныя аналітыкі і прапанавалі шэраг версіяў. Найбольш пераканаўчым ёсць меркаванне, што, як і ў выпадку з устаноўчым самітам праграмы “Еўрапейскае партнёрства”, які адбыўся ў Празе летась у траўні, кіроўныя колы зразумелі, што далёка не ўсе астатнія ўдзельнікі будуць у захапленні ад перспектывы сустрэчы з беларускім калегам. Адпаведна, была не выключаная магчымасць аказацца ў нейкай не вельмі зручнай сітуацыі.

 

Беларускае кіраўніцтва не жадае слухаць заклікаў да ажыццяўлення дэмакратычных пераўтварэнняў

 

Вядома, зусім не абавязкова, што была толькі адна прычына. Сваю ролю магла адыграць, напрыклад, яўная адсутнасць у беларускага кіраўніцтва жадання зноў слухаць заклікі да ажыццяўлення дэмакратычных пераўтварэнняў або адказваць на пытанні пра будову атамнай электрастанцыі, што непакоіць усіх нашых паўночна-заходніх суседзяў.

 

Як вядома, спадарыня Грыбаўскайце таксама не надала вялікага значэння таму, што адбылося. Паводле яе, вельмі важным быў сам факт афіцыйнага віншавання, чаго Вільня “дачакалася ўпершыню за апошнія гады”. У выніку ў гэтым выпадку ўсе, як кажуць, засталіся пры сваіх: і запрашэнне мела месца як знак павагі, і магчымых няёмкасцяў абодвум бакам удалося пазбегчы.

 

Рэзалюцыя Еўрапарламенту па Беларусі аказалася больш жорсткаю, чым раней

 

Аднак другая падзея – прыняцце Еўрапейскім парламентам чарговай рэзалюцыі па Беларусі – была для афіцыйнага Мінску відавочна непрыемнаю, што засведчыла нервовая рэакцыя беларускага вонкавапалітычнага ведамства. Так, дакумент насамрэч аказаўся больш жорсткім, чым аналагічныя папярэднія, ухваленыя еўрадэпутатамі цягам апошніх двух гадоў. У першую чаргу з-за таго, што ў ім утрымліваецца пагроза ўвядзеньня санкцыяў, калі ў Беларусі не адбудзецца пэўных зрухаў.

 

Праўда, згаданая рэзалюцыя, як нехта падлічыў, стала ўжо 29-й, прынятай за апошнія 15 гадоў у дачыненні нашай краіны. Яны былі рознай ступені жорсткасці, але, як бачым, на ўнутрыпалітычнае становішча ў Беларусі асабліва не паўплывалі, бо ўлады добра разумеюць абмежаванасць магчымасцяў Еўрапарламенту.

 

Аляксандр Казулін лічыць, што ЕЗ толькі пачынае бачыць рэальную сітуацыю ў Беларусі

 

Больш за тое, няшмат спосабаў уплыву і ў Еўразвязу ў цэлым. Таму можна не пагадзіцца з Аляксандрам Казуліным, які выказаў меркаванне, што еўрапейцы толькі цяпер пачынаюць асэнсоўваць, што “ёсць словы, а ёсць рэаліі, ад якіх нікуды не дзенешся”. Трэба адзначыць, што цяпер яны ўжо выдатна разумеюць усё, вось толькі зрабіць мала што могуць. Асабліва ва ўмовах, калі значная большасць нашых суграмадзянаў, на жаль, не дэманструюць моцнай прыхільнасці да пераменаў.

 

Дзеянні ЕЗ, аднак, не трэба ўспрымаць як марныя. Наадварот, цалкам імаверна, што калі б іх не было, дык стан справаў тут быў бы яшчэ горшым. Але ж, як ні шкада, і пра дасягненні казаць не выпадае.

 

Такім чынам, ізноў яскрава пацвердзілася, што адносіны паміж афіцыйным Мінскам і Еўрапейскім Звязам застаюцца надзвычай складанымі, і разлічваць, што супраца паміж імі пачне ў хуткім часе наладжвацца, падставаў мала. Тым не менш, баюся, іншага шляху не існуе, нават калі рух па ім і надалей будзе ажыццяўляцца вельмі павольна і непаслядоўна.

 

n-europe.eu