Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
А. Станкевiч на партрэце П. Сергiевiча. 1940 г.
Адам Станкевіч: арышт і смерць
Імя ксяндза Адама Станкевіча паступова вяртаецца ў беларускую гісторыю (1). У 2008 г. кніжная спадчына гэтага выдатнага беларускага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў і ідэолагаў партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, выдаўцы, гісторыка і педагога, папоўнілася адразу двума зборамі твораў, выдадзенымі ў серыі “Беларускі кнігазбор” і кніжнай серыі часопіса “Arche” (2).
Лістапад 2009 г. адзначаны сумнай 60-й гадавінай смерці А. Станкевіча ў савецкім лагеры. Нягледзячы на даволі вялікую колькасць сведчанняў і дакументаў, у якіх паведамляецца аб смерці ксяндза, некаторыя моманты апошніх тыдняў і дзён яго жыцця застаюцца нязнанымі.
Мэтай гэтага артыкула было якраз абагульненне і аналіз зместа вядомых сёння крыніц і артыкулаў, каб высветліць прычыны і абставіны арышту А. Станкевіча вясной 1949 г., а таксама ўзнавіць храналогію падзей, звязаных з яго смерцю.
Акалічнасці апошніх месяцаў жыцця Адама Станкевіча на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў заставаліся для беларускай грамадскасці таямніцай. Хоць ужо ў сярэдзіне 1950-х гг. кола віленскіх беларусаў ведала, што ксёндз памёр у лагеры пад Іркуцкам літаральна праз некалькі тыдняў пасля таго, як у кастрычніку 1949 г. быў вывезены з Вільні. Аб гэтым пакаёўцы ксяндза Марыі Шутовіч распавялі сведкі смерці ксяндза былыя сібірскія вязні Віктар Сікора і Казімірас Забулёніс. М. Шутовіч рупліва збірала сведчанні такога кшталту, анеўзабаве іх апрацоўкай заняўся адзін з паплечнікаў А. Станкевіча па Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Янка Шутовіч, якому пашчасціла вярнуцца СА сталінскіх лагераў. Незадоўга да сваёй смерці Я. Шутовіч абагульніў сабраныя звесткі пра жыццё і апошні шлях А. Станкевіча ў невялічкім нарысе, некалькі варыянтаў машынапісу якога захоўваюцца ў Аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў бібліятэкі імя Я. Коласа Акадэміі навук Беларусі (3). У гэтым самым сховішчы дакументаў захоўваюцца таксама сабраныя М. Шутовіч лісты і ўспаміны сведкаў смерці А. Станкевіча (4).
На аснове гэтых матэрыялаў Л. Этэнка напісала артыкул “Арышт і смерць ксяндза Адама Станкевіча”, які быў надрукаваны ў сакавіку 1992 г. у “ЛіМе” як юбілейны матэрыял да 100-годдзя з дня нараджэння ксяндза (5). У тым самым нумары газеты была апублікавана адна з афіцыйных даведак аб смерці ксяндза, прысланая з Іркуцкага абласнога УУС6. Яшчэ за год да гэтага, у самым пачатку 1991 г., часопіс “Спадчына” апублікаваў іншую даведку падобнага зместу, атрыманую галоўным захавальнікам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Гродне Нінай Ляшчонак (7).
Цягам наступных гадоў пабачыла свет даволі вялікая колькасць прац аб жыцці і дзейнасці А. Станкевіча, у некаторых публікацыях паведамляліся невядомыя раней падрабязнасці апошніх месяцаў жыцця ксяндза, быў надрукаваны яго асабісты дзённік (8). Тым не менш аўтары агульных работ аб жыцці А. Станкевіча не прысвячалі належнай увагі абставінам арышту і смерці ксяндза, як правіла, абмяжоўваючыся цытаваннем апублікаваных раней афіцыйных даведак (9). З’явілася таксама непацверджаная фактамі інфармацыя аб верагодным забойстве А. Станкевіча ў лагеры(10).
Неабходнасць раставіць кропкі над “і” ў храналогіі апошніх месяцаў жыцця А. Станкевіча патрабуе больш дэталёвага вывучэння яго біяграфіі на аснове новых крыніц, якія сталі даступнымі літаральна на працягу некалькіх апошніх гадоў.
Падчас нямецкай акупацыі 1941–1944 гг. ксёндз А. Станкевіч адмовіўся ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. Матываваў ён гэта прычынамі як ідэйнага (непрыняцце ідэалогіі нацыянал-сацыялізму), так і практычнага (рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва і каталіцкіх святароў, адсутнасць дазволу на стварэнне беларускага школьніцтва і паўнамоцных дэмакратычна абраных прадстаўнічых беларускіх органаў і інш.) характару. Гледзячы па ўсім, яму ўдалося пераканаць адмовіцца ад актыўнага супрацоўніцтва з немцамі і частку былых беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, з якімі ён працягваў падтрымліваць стасункі. А. Станкевіч, рызыкуючы жыццём, выратаваў некалькіх віленскіх савецкіх актывістаў і былых заходнебеларускіх камсамольцаў, падтрымліваў сувязь з антыфашыстамі. Разам з Я. Шутовічам ратаваў калекцыі віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча (11). Вясной 1944 г. ён прыняў канчатковае рашэнне застацца ў Вільні ў выпадку вяртання савецкай улады (12).
Наступныя некалькі гадоў жыцця ксяндза А. Станкевіча можна ўзнавіць пры дапамозе яго дзённікаў – “Каляндарных нататак”, адшуканых і ўпершыню надрукаваных маладзечанскім краязнаўцам і даследчыкам беларускай літаратуры Міхасём Казлоўскім.
Дачакаўшыся прыходу савецкіх войскаў, А. Станкевіч стаў перад фактам “банкроцтва ў Беларусі польскага каталіцтва”. Што ён разумеў пад гэтым выказваннем? У часы міжваеннай Польскай рэспублікі касцёл праводзіў на землях Заходняй Беларусі польскую нацыяналістычную прапаганду. Калі ж пасля вайны ў БССР ён трапіў пад пераслед, то не змог злучыць людзей і стаць сімвалам нацыянальнага змагання, як гэта было ў Літве і Польшчы. “З БССР змушаюць палякоў ксяндзоў выяжджаць у Польшчу. Яны запісаліся на выезд самі і агітавалі беларусаў на гэта. Вось вынікі палітыкі Ялбжыкоўскага і агулам польскага касьцёла. А каб было ў каталіцкім касьцёле ў БССР беларускае карэньне, як бы ўсіх ён аб’яднаў,” – напісаў у сваім дзённіку А. Станкевіч(13).
Беларускі святар звярнуў у сваіх нататках увагу на адну вельмі важную акалічнасць, якая, здаецца, можа прыдацца любому гісторыку ў ацэнцы рэлігійнай сітуацыі ў паваеннай БССР. Ён параўноўвае тагачасны стан рэчаў з рэлігійнай палітыкай расiйскіх улад у 40-х–80-х гг. ХІХ ст.: “Нігіль нові… Каталікі гэта палякі ў БССР, а правасл. – гэта рускія. Такі бальшавікоў пагляд.
Як даўней, так і цяпер”(14). Савецкія ўлады ставяцца да прадстаўнікоў розных канфесій не аднолькава, праваслаўная царква, як і стагоддзі таму, працягвае заставацца правадніком нацыянальнай палітыкі Масквы (г.зн. фактычна русіфікацыі), за што карыстаецца падтрымкай улады. У сваю чаргу каталіцтва ў вачах бальшавікоў застаецца “польскай верай”. І яны рэпрэсіямі, як і сто гадоў таму царская ўлада, кідаюць беларусаў-каталікоў у абдымкі польскім ксяндзам-шавіністам. А. Станкевіч гаворыць, што беларусы-каталікі пішуцца палякамі і ад’язджаюць у Польшчу, бо панічна баяцца савецкай улады, а летам 1947 г. ксёндз нават вымушаны з горыччу канстатаваць: “Беларусі і беларускасьці народ у БССР (Зах. Бел.) цярпець ня можа, ён у сваёй цемнаце і нясьведамасьці ідэнтыфікуе Беларусь з бальшавізмам, каторага ненавідзіць усёй душой і ад каторага аж стогне…”(15)
Аднак самым важным момантам, закранутым А. Станкевічам у сваіх дзённіках, з’яўляецца гісторыя яго перамоваў з савецкімі спецслужбамі на прадмет стварэння асобнай каталіцкай адміністрацыйнай адзінкі ў БССР. Аб гэтым крыху напісала ў сваіх успамінах Паўліна Мядзёлка, якая летам 1949 г. размаўляла з Марыяй Шутовіч: “Марыя Шутовіч расказала мне, што савецкія ўлады абяцалі яму [А. Станкевічу. – А.В.] поўную недатыкальнасць, абяцалі прабоства ў катэдральным касцёле або ў Вострай браме, толькі з умовай, што ён не будзе прызнаваць Рымскага папу, а створыць новы народны касцёл, незалежны ад Рыму. Кс. Адам не мог прыняць такой умовы, бо гэта ўжо будзе не Рыма-каталіцкі касцёл, а якісь іншы, і веруючыя каталікі не прызнаюць яго”(16). Дадзены кавалак успамінаў П. Мядзёлкі быў надрукаваны яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гг., але чамусьці не звярнуў на сябе ўвагі гісторыкаў. Між тым у дзённіках А. Станкевіча мы знаходзім даволі падрабязнае апісанне ўсёй гэтай гісторыі.
А. Станкевіча ўпершыню арыштавалі ў снежні 1944 г. Знаходзячыся ў турме, бачачы разгубленасць польскіх ксяндзоў, якія нацыянальным шавінізмам губілі касцёл у Заходняй Беларусі, а зараз панічна ўцякалі з БССР, і негатыўна ацэньваючы русіфікатарскую палітыку савецкай улады, ён выступіў з прапановай стварэння на тэрыторыі БССР асобнай каталіцкай дыяцэзіі, кананічна падпарадкаванай толькі Ватыкану. Ідэяй ксяндза зацікавіліся. Так у яго жыцці з’явіўся афіцэр спецслужб, якога ксёндз кліча імем фаустаўскага д’ябла – “Мефістофель”. У “Каляндарных нататках” ён апісвае каля дваццаці сустрэч з супрацоўнікамі апарата МГБ, якія прапанавалі яму выкласці свае погляды на справу каталіцтва ў Беларусі. У канцы 1944–1945 гг. А. Станкевіч напісаў некалькі праектаў рэформы каталіцтва на Беларусі, якія прадставіў уладам. Ён даказваў, што касцёл даўно, прынамсі з XVI ст., быў сродкам паланізацыі беларусаў, таму неабходна падпарадкаваць беларусаў-каталікоў непасрэдна Рыму, без сувязі з Польшчай і пачаць паступовую беларусізацыю каталіцкага жыцця ў БССР. Такім чынам паступова знішчылася б мяжа паміж беларусамі каталікамі і праваслаўнымі, а ўлада заспакоіла б рэлігійныя патрэбы грамадзян (17). Яго зразумелі па-свойму. Ужо восенню 1945 г.
А. Станкевіч атрымаў прапанову ўзначаліць беларускі “аўтакефальны” каталіцкі касцёл, які не прызнаваў бы Ватыкан і рымскага папу. Гэта была грандыёзная задумка савецкіх спецслужб, якая фактычна капіравала справу ксяндза Ф. Сенчыкоўскага, які ў 1860-х гг. з падачы расійскага ўрада спрабаваў русіфікаваць каталіцтва.
Перад А. Станкевічам адкрылася перспектыва свабодна рэалізаваць многія свае ранейшыя задумкі. Аднак, застаючыся каталіцкім ксяндзом, ён выдатна ведаў, што хутка пераўтворыцца ў марыянетку савецкіх спецслужб і нічога, акрамя шкоды, беларускаму народу і касцёлу не прынясе. Ён спрабаваў пераканаць савецкіх спецслужбоўцаў, што патрэбны кананічны каталіцкі касцёл, падпарадкаваны непасрэдна Ватыкану.
Часам А. Станкевічу здавалася, што яго аргументы могуць быць пачутымі: “Візыт у м-сто. Прыязны, бітая штука. Ужо прапазык недарэчных няма. Наадварот, трэба выступіць да кананічнага (з прызнаньнем Папы) упарадкаванага каталіцкага касьцёла ў БССР... Калі гэта гаворыцца шчыра, дык гэта ўжо нешта новае і яго недацэніваць ня можна. Дай, Божа, сьвятла і сілы” (18). Але дарма, “Мефістофель” заўсёды вяртаўся да свайго – нармалізацыi каталіцкага жыцця і яго беларусізацыi толькі пры ўмове непрызнання Рыма.
А. Станкевіч выйграць гэтую гульню не мог. Ды ці выйграваў хто гульні з Мефістофелем? Але ксёндз ішоў да канца. Апошнія запісы: “...Я ім нічога не дапамог, і яны ня маюць да мяне даверу. Кіраўнік бел. касьцёлам мусіць быць агентам НКГБ... Мой адказ: біскупства і паліцыйная агентура выключаюцца і няма што аб гэтым гаварыць”; “М-сто сказаў выразна: “Нет с вас никакой пользы”. Як жа гэта мяне радуе. Мой адказ быў: “Не забывайте, что у меня есть совесть”. Чым гэта ўсё скончыцца, – адзін Бог ведае”(19).
А. Станкевіч катэгарычна адмовіўся ад прапановы ўзначаліць “аўтакефальны” каталіцкі касцёл на тэрыторыі Беларусі, які павінен быў дзейнічаць, не прызнаючы юрысдыкцыю Апостальскай сталіцы. Мы, на жаль,не ведаем, як складваліся адносіны А. Станкевіча і супрацоўнікаў МГБ з чэрвеня 1948 г. да моманту яго арышту (дзённікавыя запісы А. Станкевіча гэтага часу не захаваліся), аднак можна з пэўнасцю сцвярджаць, што яны да лепшага не змяніліся.
Неабходна таксама адзначыць, што пачынаючы з моманту вызвалення ў лютым 1945 г. да другога арышту ў красавіку 1949 г. А. Станкевіч афіцыйна лічыўся асведаміцелем МГБ. Думаецца, згода на супрацоўніцтва была абавязковай умовай яго вызвалення з турмы. А. Станкевіч, які акурат пачынаў спрабаваць пераконваць савецкія органы ў неабходнасці беларусізацыі каталіцкага жыцця ў БССР, пагадзіўся на супрацоўніцтва, не маючы іншага выйсця. Канешне, праца А. Станкевіча як асведаміцеля на працягу ўсяго перыяду 1945–1949 гг. насіла чыста фармальны характар. Галоўным матывам кантактаў ксяндза і афіцэраў савецкага МГБ былі яго спробы распачаць працэс рэформы касцёла ў БССР. Контрагенты А. Станкевіча ўсведамлялі гэта і некалькі гадоў, нягледзячы на поўную бязвартаснасць матэрыялаў, якія ён ім паведамляў як асведаміцель, працягвалі карыстацца яго паслугамі. Калі ж А. Станкевіч сказаў сваё апошняе слова, прынцыпова адмовіўшыся ўзначальваць псеўдакаталіцкі касцёл, яго лёс быў, па сутнасці, вырашаны. Само веданне аб планах савецкага ўрада для яго рабілася смяротным прысудам.
А. Станкевіч быў арыштаваны 13 красавіка 1949 г. на сваёй кватэры на вул. Полацкай у Вільні. Трэба меркаваць, што ксёндз, які да гэтага часу вычарпаў усе магчымасці супрацоўніцтва з савецкімі спецслужбамі, ужо чакаў свайго арышту.
Магчыма нават, што А. Станкевіча яшчэ як мінімум некалькі разоў спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, непасрэдна пагражаючы арыштам. Не выключана, што яму нават паказвалі выпісаную яшчэ 16 сакавіка 1949 г. пастанову аб яго арышце, выкарыстоўваючы яе як апошні аргумент у размове.
Цяжка іначай патлумачыць той факт, што пастанова аб арышце была складзена 16 сакавіка, падпісана 31 сакавіка, а сам арышт адбыўся амаль праз месяц, толькі 13 красавіка(20).
Фактычна Адам Станкевіч ніякай пагрозы для савецкага ладу не ўяўляў. Палкоўнікам МГБ, з якімі яму перыядычна даводзілася размаўляць, гэта было добра вядома. Амаль пазбаўлены кантактаў з аднадумцамі, бо кантактаваць пасля эміграцыі 1944 г. і чыстак другой паловы 1940-х гг. у Вільні проста не засталося з кім, ён жыў на вул. Полацкай, зрэдку сустракаючы там старых знаёмых і цікаўных да яго раней незнаёмых асабіста гасцей. Кожны яго крок, безумоўна, кантраляваўся ўладай, хаця сачыць за кантактамі вікарнага ксяндза Вострай Брамы было сапраўды няпроста, бо і ў пасляваенныя гады на Вострабрамскай заўсёды было мноства людзей: і віленчукоў, і гасцей з падвіленскай Беларусі.
Сёння мы ведаем некаторыя падрабязнасці арышту А. Станкевіча, якія ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі даведаўся ад Марыі Шутовіч і пераказаў пасля Міхасю Казлоўскаму. Яна распавядала, што А. Станкевіч, перад тым як пакінуць пад канвоем сваю кватэру, папрасіў афіцэра МГБ, які прыйшоў яго арыштоўваць, праслухаць пласцінку з песняй Міхася Забэйды-Суміцкага.
Атрымаўшы дазвол, ён паставіў пласцінку і, слухаючы песню, расплакаўся. Як выглядаў гэты 57-гадовы чалавек, які, закрыўшы твар рукамі, плакаў у прысутнасці сваіх блізкіх і некалькіх афіцэраў МГБ? Дэталёвае апісанне знешнасці А. Станкевіча, якое знаходзім у “Анкеце арыштаванага”, складзенай у дзень арышту, дае нам рэдкую магчымасць уявіць знешні выгляд ксяндза.
Сярэдняга росту – ад 165 да 170 см, сярэдняга целаскладу з апушчанымі ўніз плячамі, Адам Станкевіч мала чым адрозніваўся ад сваіх аднавяскоўцаў з яго родных Арлянят. Рысы твару таксама выглядалі проста – прамы высокі лоб, шэрага колеру вочы пад выгнутымі дугой шырокімі брывямі, невялікі рот з поўнымі вуснамі, на якіх быццам застыла добрая і крыху іранічная ўсмешка… Апісанне знешнасці было настолькі падрабязным, што мы можам даведацца аб тым, што А. Станкевіч не меў шкодных звычак (напрыклад, не грыз пазногці), не меў на целе шрамаў і татуіровак, затое вушы ў яго былі вялікія, трохкутнай формы з “верхняй аддапыранасцю”. Іапошняе –у момант арышту А. Станкевіч быў ужо зусім сівы(21).
Большасць асабістых рэчаў былога лідэра беларускай хадэцыі складалі прадметы вопраткі, пералік якіх, думаю, выкліча цікавасць у чытача. У маёмасць “аднаго з лідэраў беларускіх буржуазных нацыяналістаў” каталіцкага ксяндза Адама Станкевіча ўваходзілі: тры касцюмы (у вопісе маёмасці педантычна занатавана – адзін новы, адзін стары і адзін “б/у”), чатыры палітоны, некалькі сутанаў, па некалькі пар чаравiкаў, галёшаў і туфляў, адна пара ботаў, каракулевая зімовая шапка, кепка і тры капелюшы. Мэблі ў пакоі ксяндза Адама было зусім мала: металічны з сеткай ложак, пісьмовы стол з пяццю скрынкамі, канапа, абцягнутая зялёным плюшам, а таксама жоўтая этажэрка для кніжак. Яшчэ ў Адама Станкевіча канфіскавалі друкавальную машынку “Рэмінгтон”, стары скураны партфель жоўтага колеру, чарнільны прыбор, пятнаццаць карцін у рамах і галоўнае яго багацце – пяць шафаў з кнігамі. Шафы былі апячатаныя, а Марыя Шутовіч дала падпіску, што пад пагрозай адказнасці будзе захоўваць у сябе рэчы ксяндза, бо кнігі, большую частку дакументаў і асабістыя рэчы А. Станкевіча эмгэбісты пакінулі на Полацкай.
Забралі толькі адзін залаты царскі імперыял (манету вартасцю ў 15 рублёў) і залаты пярсцёнак з датай 1908 г., якія належалі ксяндзу. Апячатаныя шафы з кнігамі і дакументамі засталіся на старым месцы. І хаця падчас следства функцыянеры МГБ зазіралі ў іх яшчэ неаднойчы, аднак большасць матэрыялаў ксяндза так і не перавандравала на Лукішкі. Гэты выключна рэдкі ў дзейнасці савецкіх спецслужб “пракол” стаў пачаткам цэлай эпапеі барацьбы за захаванне архіва А. Станкевіча (22).
Следчым па справе А. Станкевіча быў прызначаны старэйшы следчы 1-га Аддзела Следчай часткі МГБ ЛССР капітан Трубачыстаў. Ён і дапытваў ксяндза. Допыты былі працяглыя і цяжкія, хаця не насілі характару “канвеера”, як гэта прыктыкавалася ў сярэдзіне 1930-х гг.: 15–16 красавіка – з 21. 30 да 6. 30, 16 красавіка – з 14. 05 да 17. 20, 21 красавіка – з 22. 00 да 4. 15 і г.д. Ужо 27 красавіка ксяндзу было прад’яўлена абвінавачванне, тэрмін утрымання пад вартай некалькі разоў пасля падаўжаўся (23).
Расследаванне было дастаткова фармальным, паколькі інфармацыяй аб дзейнасці ксяндза ў 1920–1930-х гг. савецкія органы валодалі яшчэ з матэрыялаў следчай справы 1944–1945 гг., якая была падшытая да новай справы. Тым не менш выкананне фармальнай следчай працэдуры патрабавала далучэння да справы нейкіх канкрэтных рэчавых доказаў “антысавецкай” работы ксяндза. Найперш цікавіў перыяд нямецкай акупацыі.
Збор матэрыялаў абвінаваўчага характару праводзіўся на “шырокую руку”. Да справы былі падшыты паказанні каталіцкага святара, паплечніка А. Станкевіча па БХД Язэпа Германовіча. Цікава таксама адзначыць, што важныя сёння толькі для гісторыкаў “бэнээраўскія” фонды мінскіх і віленскіх архіваў выкарыстоўваліся ў той час у першую чаргу для збору абвінаваўчага матэрыялу супраць беларускіх дзеячаў. Напрыклад, у даведцы Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літвы паведамлялася аб дзейнасці А. Станкевіча ў Таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, Віленскім Беларускім нацыянальным камітэце, а таксама паездцы А. Станкевіча разам з беларускім дзеячам М. Кахановічам восенню 1920 г. у Каўнас да літоўскіх парламентарыяў (24).
Сваё “заключэнне” аб працы А. Станкевіча далі і былыя яго суразмоўцы з МГБ Літвы. Паколькі ніякай цікавасці для іх ён ужо не ўяўляў, ксяндза “здавалі” ўчыстую, падсумаваўшы нават вынікі яго “працы” як асведаміцеля савецкіх спецслужб. Даведка, якую прыводзім ніжэй, з’яўляецца адзіным вядомым дакументам, які прыадчыняе гэтую старонку біяграфіі Адама Станкевіча:
Сов. секретно.
СПРАВКА
Агент “БЕЛОРУС” – СТАНКЕВИЧ Адам Викентьевич, 1891 года рождения завербован в январе 1945 года на компрометирующих материалах, как один из организаторов и руководителей белорусского националистического движения, направленного на отторжение Белоруссии от Советского Союза и создания “независимого” буржуазного белорусского государства.
За время работы с органами МГБ Лит. ССР с января 1945 года по апрель 1949 года агент “БЕЛОРУСС” показал себя с отрицательной стороны. Располагая обширными связями среди белорусской интеллигенции, а так же польского и литовского католического духовенства, материалов заслуживающего оперативного внимания не давал, вёл себя неискренне, двурушничал, от выполнения конкретных заданий по выявлению вражеского элемента из среды католического духовенства отказывался. Кроме того саморасшифровался перед Управляющим Вильнюсской епархии и другими служителями курии.
ЗАМ НАЧАЛЬНИКА 0-ГО ОТД-Я ОТД. “0” МГБ ЛССР
СТ. ЛЕЙТЕНАНТ [Подпіс] (МИХЕЕВ)
6/VII 1949 г. (25)
Можна меркаваць, што менавіта старэйшы лейтэнант Міхееў і быў тым “Мэфісто”, якога згадваў у сваіх дзённіках ксёндз Адам. Ён не прынёс ніякай карысці для савецкіх спецслужб.
Тым часам акт абвінавачвання быў ужо гатовы. Ён складаўся з фраз агульнага зместу. Фактычна адзіным дакументальным доказам “супрацоўніцтва” А. Станкевіча з нямецкімі акупантамі быў пераклад знойдзенага ў мінскім архіве СД зварота да акупацыйных улад, дзе ксёндз быў прапанаваны на пасаду баранавіцкага вікарыя рэфармаванай структуры каталіцкага касцёла на тэрыторыі Беларусі (26). Гэтага, аднак, аказалася дастаткова для вынясення самага жорсткага прысуду: “З 1919 да 1941 года быў адным з кіруючых удзельнікаў буржуазна-нацыяналістычнай партыі “Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў”, “Беларускага нацыянальнага камітэта”, удзельнічаў у распрацоўцы і адпраўцы замежным дзяржавам антысавецкіх зваротаў з патрабаваннем адарваць Беларускую ССР ад Савецкага Саюза, асабіста напісаў шэраг антысавецкіх кніг і размяшчаў у газеце “Крыніца” і ў часопісе “Хрысціянская Думка” артыкулы антысавецкага зместу, падчас акупацыі Літоўскай ССР немцамі выступаў у касцёле перад веруючымі з антысавецкімі казаннямі і да арышта захоўваў у сябе на кватэры розную антысавецкую літаратуру”(27).
Матэрыялы судовай справы Адама Станкевіча былі накіраваны ў Маскву, дзе ў Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР засядала Асобая нарада – пазасудовы орган, які штодзень у завочнай форме (г. зн. без прысутнасці абвінавачанага) выносіў па некалькі сотняў прысудаў. 27 верасня 1949 г. у Вільні атрымалі выпіску з пратакола нарады ад 31 жніўня, у якой адзначалася, што А. Станкевіч “за прыналежнасць да контррэвалюцыйнай арганізацыі і антысавецкую агітацыю” павінен быць заключаны ў лагер тэрмінам на 25 год. Да выпіскі з пратакола прыкладалася паведамленне начальніку аддзела “А” МДБ ЛССР палкоўніку Грышыну аб тым, што адпаведна персанальнаму нараду ГУЛАГа зняволены Станкевіч павінен быць накіраваны ў Азёрны лагер (28).
25 кастрычніка 1949 г. этапам Адама Станкевіча перавязлі з перасыльнай турмы на віленскі вакзал. Марыя Шутовіч, нейкім чынам даведаўшыся аб ад’ездзе этапа, таксама прыйшла туды. Літоўскі баксёр Казімірас Забулёніс, які быў разам з А. Станкевічам у апошнія дні яго жыцця, выбраўшыся з лагераў і ўжо ў сярэдзіне 1950-х гг. наведаўшы М. Шутовіч, расказваў ёй, як яны разам з А. Станкевічам плакалі, убачыўшы праз закратаваныя вокны вагонаў і шэраг сініх фуражак энкавэдыстаў знаёмую жаночую постаць (29).
Жыць яму заставалася крыху больш аднаго месяца. Аднак ніякіх сумніваў у правільнасці выбранага жыццёвага шляху ў А. Станкевіча не было. “Я счастлив, что страдаю за такие возвышенные идеалы”, – прачытала М. Шутовіч у яго апошнім лісце, напісаным за суткі да таго, як ксёндз назаўсёды пакінуў Беларусь (30).
Асобыя лагеры, ці, як іх скарочана называлі, “особлаги” (а Азёрлаг, дзе павінен быў адбываць зняволенне А. Станкевіч, адносіўся да гэтай катэгорыі падраздзяленняў ГУЛАГа), ствараліся галоўным чынам для размяшчэння ў іх асуджаных па палітычных артыкулах крымінальнага кодэкса. Фактычна большую частку зняволеных складалі гэтак званыя “буржуазныя нацыяналісты” з новадалучаных да СССР земель Прыбалтыкі, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Асабліва шмат было ўкраінцаў, найчасцей западозраных у спачуванні Украінскай паўстанцкай арміі, палякаў і прыбалтаў – удзельнікаў антысавецкага супраціўлення ці спачуваючых гэтаму руху, а таксама малдаван, крымскіх татар, прадстаўнікоў народаў Каўказа, грэкаў і, канешне, рускіх з ліку “недабітых” трацкістаў, меншавікоў, замежных шпіёнаў. Асоблагі былі ў сістэме ГУЛАГа адной з самых страшных і цяжкіх для зняволеных частак, разлічанай галоўным чынам на фізічнае знішчэнне палітычных “зэкаў”.
Працытуем гісторыка І. Джуху, які ў сваёй кнізе, прысвечанай рэпрэсіям супраць савецкіх грэкаў, стварыў даволі пераканаўчую карціну жыцця ў асоблагах: “Рэжым у новых лагерах набліжаўся да катаржнага: краты, запоры, канвоі з сабакамі. Баракі зачыняліся на ноч, зняволеным забаранялася выходзіць з баракаў у непрацоўны час. Асаблівасць новых лагераў была яшчэ і ў тым, што ў іх не трымалі крымінальнікаў (тут аўтар не зусім мае рацыю, крымінальнікі ў асобых лагерах утрымліваліся, але колькасць іх была сапраўды невялікай. – А.В.), а толькі 58-ы артыкул. Зняволеным давалі пяцізначны нумар (“бубновы туз”), апраналі ў паласатую вопратку і выкарыстоўвалі толькі на цяжкіх працах. Нумары, каторыя цяпер замянялі зняволеным імёны, прышываліся на сарочкі, на спіне ватовак, на калене нагавіц, на рукаве і на шапцы. Катаржнікі прачыналіся а 5-й ранку. З работы вярталіся ў 6 вечара. Змены па 12 гадзін працягваліся да 1953 г. Кармілі іх так, як самыя катаржнікі вызначалі сваё меню: “Хопіць, каб не памерці, але не хопіць, каб жыць”. Усяго было арганізавана 12 асобых лагераў – ва ўсіх частках ГУЛАГа. Ім далі самыя паэтычныя назвы: Рачны, Горны, Берагавы, Мінеральны, Азёрны, Лугавы. Часцей, аднак, іх называлі на гулагаўскі манер: Рэчлаг, Горлаг, Берлаг, Мінлаг, Азёрлаг…”(31).
Азёрлаг, куды быў накіраваны А. Станкевіч, знаходзіўся ў Іркуцкай вобласці паміж Тайшэтам і Брацкам. Падарожжа на ўсход заняло амаль месяц.
Ужо падчас этапа А. Станкевіч моцна захварэў. Паколькі кармілі зняволеных галоўным чынам селядцамі, а дастатковай колькасці вады не было, у ксяндза абвастрылася хвароба нырак. Дало аб сабе знаць і хворае сэрца (32). К. Забулёніс як мог апекаваў А. Станкевіча, аднак ніякай кваліфікаванай дапамогі ксяндзу аказаць ён у тых умовах не мог. Не нашмат палепшыла становішча і прыбыццё ў лагер: на лагерных пунктах, як правіла, не было нават баракаў. Зняволеныя пры 20-градусным марозе жылі ў палатках, а ваду здабывалі, растопліваючы снег.
Праз некалькі дзён пасля прыбыцця ў лагер А. Станкевіч быў блізкі да смерці.
У ноч з 29 на 30 лістапада 1949 г. А. Станкевіча не стала. Сведкамі смерці ксяндза былі тры чалавекі: літовец Казімірас Забулёніс, паляк ксёндз Пшыялкоўскі і беларус Леанід Харлап. Пшыялкоўскі, які спавядаў А. Станкевіча перад смерцю, падазраваў, што прычынай скону магла быць дызентэрыя (33).
Трошкі асабняком ад рэляцый Забулёніса стаяць запісаныя С. Яршом і надрукаваныя ў газеце “Наша Ніва” ўспаміны Віктара Сікоры пад назвай “Апошні шлях Адама Станкевіча”. В. Сікора расказвае аб тым, што ўжо не пабачыў жывога А. Станкевіча, аднак прымаў удзел у яго пахаванні (34). Каб больш дэталёва высветліць акалічнасці смерці ксяндза, звернемся да дакументальных сведчанняў.
Аўтар гэтай працы мог карыстацца трыма афіцыйнымі дакументамі, у якіх канстатуецца факт смерці ксяндза Адама Станкевіча. Два з іх вядомыя ўжо з пачатку 1990-х гг. і маюць падобнае паходжанне. Першы – паведамленне Іркуцкага абласнога ўпраўлення МУС СССР аб смерці і месцы пахавання ксяндза, датаванае 25 верасня 1990 г., якое было даслана ў адказ на запыт супрацоўніцы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Гродне Н.І. Ляшчонак; другі дакумент – такое самае паведамленне Інфармацыйнага цэнтра УУС Іркуцкага аблвыканкама, складзенае прыкладна ў канцы 1991 – пачатку 1992 г. і дасланае на адрас Н. Янкоўскай, супрацоўніцы Іркуцкага мемарыяла ахвяр палітычных рэпрэсій. Трэці дакумент – гэта не апублікаваны дасюль акт аб смерці з асабістай справы А. Станкевіча, якая захоўваецца ў Літоўскім асобым архіве (Архіве-музеі КДБ) у Вільні.
Першы дакумент утрымлівае толькі самую агульную інфармацыю аб смерці А. Станкевіча: “Памёр 4.ХІІ.1949 г. ад атлушчэння сэрца. Пахаваны на могілках Азёрлага каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага раёна, магіла № 3-43” (35).
У другім знаходзім дадатковую інфармацыю аб даце прыбыцця ў лагер і месцы смерці ксяндза: “Прыбыў 21.11.1949 г. Памёр 4 снежня 1949 г. (у калоне № 026). Пахаваны на могілках цэнтральнай бальніцы каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага р-на, магіла абазначана знакам №3-43” (36). Трэці дакумент (Акт аб смерці) храналагічна найбольш блізкі да падзеі і не друкаваны раней, таму лічым неабходным прывесці яго цалкам:
Зап. Упр. строительства БАМ МВД СССР
Личн. дело № б/н*
АКТ О СМЕРТИ 4432/3-43
“4.ХII” 1949 г. Центральная б-ца Озерлага
Мы, нижеподписавшиеся, начальник ЦБО майор Круглов [неразборліва] капитан м/сл Нельга врач деж з/к Диллс Я.Я. представитель УРЧ Инспектор по учёту Рожков представитель [неразборліва] составили настоящий акт о том, что з-к
1. Фамилия, имя и отч. Станкевич Адам Викентьевич
2. Год и место рожд. 1891 Белорусской ССР
3. Национальность белорусск
4. Соц. положение [кат. св.]
5. Местожительство
6. Кем и когда осуждён ОСО 31/VIII.49 г.
7. Ст. УК 54 4 10 Срок 25 лет.
8. Прочие приметы
* Словы, пададзеныя курсівам, упісаны ад рукі чарнільнай ручкай у бланк Акта аб смерці.
9. Время и место смерти 4.ХII. кол. 026.
10. Диагноз
11. Причина смерти Ожирение сердца
12. Примечание Труп доставлен в ЦБО из кол 026 4.ХII.49 г.
[Подпісы складальнікаў Акта і пячатка] (37)
Звесткі з усіх прыведзеных вышэй дакументаў: А. Станкевіч прыбыў у Азёрлаг 21 лістапада 1949 г. і памёр праз два тыдні 4 снежня ў лагпункце (лагернай калоне) № 026. У той самы дзень Яго цела было дастаўлена ў Цэнтральную бальніцу Азёрлага, дзе камісія канстатавала факт смерці ксяндза ад “атлушчэння сэрца”. Праз нейкі час (магчыма, у той самы дзень) цела А. Станкевіча было пахавана на могілках Цэнтральнай бальніцы Азёрлага каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага раёна. Пахаванне атрымала нумар 3-43.
Даследчыкі даўно звярнулі ўвагу на цынічную прычыну смерці ксяндза, запісаную ў афіцыйных даведках. З іх меркаваннем нельга не пагадзіцца, паколькі ўласна атлушчэнне сэрца ў любым выпадку не магло быць непасрэднай прычынай смерці, яно магло выклікаць інфаркт міякарда, які прывёў бы да смерці. Аднак, як мы пабачым далей, падобны дыягназ не меў нічога агульнага з рэчаіснасцю.
Больш важным падаецца несупадзенне афіцыйнай даты смерці А. Станкевіча і даты, якую паведаміў цытаваны вышэй сведка смерці ксяндза
Пасведчанне аб смерцi А. Станкевiча
(Асобы архiў Лiтвы)
К. Забулёніс: ноч з 29 на 30 лістапада паводле К. Забулёніса і 4 снежня паводле афіцыйных дакументаў.
Яснасць у справу ўносіць нататка Марыі Шутовіч, зробленая ёй яшчэ ў ліпені 1956 г., адразу пасля візіта К. Забулёніса: “Памёр з 29.ХІ на 30.1949 г. Выдалі цела (курсіў мой. – А.В.) 4.ХІІ. пасля 6.ХІІ, 8.ХІІ, 10.ХІІ пахаранілі.
На пытанне маё, дзе ж магіла нашага Дарагога змагара за справядлівасць і Хрыстовую і беларускую ідэю, адказ Забулёніса быў: невядома, бо там так хаваюць, каб людзі не ведалі…” (38) Такім чынам, 4 снежня цела даўно памерлага ксяндза было толькі “выдадзена”, і сам Забулёніс, гледзячы па кантэксце яго выказвання, у пахаванні Станкевіча ўжо не ўдзельнічаў і нават не ведаў, дзе яго магіла. Адказ на пытанне, куды было “выдадзена” цела А. Станкевіча і чаму ў афіцыйных дакументах дата смерці ўказана на 4 дні пазней, дае знаёмства з геаграфіяй Азёрлага.
Азёрны лагер на карце Сібіры выглядае, як маленькая кропачка, аднак насамрэч ён займаў велізарную прастору, памерам не меншую за сучасную Брэсцкую вобласць. З захаду на ўсход ад Тайшэта да Брацка ўздоўж трохсоткіламетровага адрэзка БАМа (Байкала-Амурскай магістралі) было размешчана больш 40 “лагерных пунктаў” (або “лагерных калон”) з палітычнымі зняволенымі, а таксама лагеры крымінальнікаў, японскіх ваеннапалонных, упраўленні ўчасткаў лагернай адміністрацыі, перасыльныя і жаночыя лагеры і многія іншыя ўстановы, неабходныя для функцыянiравання гэтай маленькай частачкі вялізарнай краіны пад назвай “Архіпелаг ГУЛАГ”.
Зняволеныя працавалі на лесанарыхтоўках, заканчвалі будаўніцтва чыгункі, пачатае яшчэ ваеннапалоннымі японцамі, пачыналі будаўніцтва Брацкай ГЭС на Ангары, дарэчы, найбуйнейшай у свеце гідраэлектрастанцыі.
Месцам смерці ксяндза Адама Станкевіча і ў афіцыйных дакументах, і ў паведамленні К. Забулёніса ўказаны лагпунт № 026. Забулёніс нават пакінуў для М. Шутовіч адмысловую карту, дзе пастараўся адлюстраваць знаходжанне гэтага лагпункта: 272 кіламетры на ўсход ад Тайшэта да станцыі Віхараўка, далей прыкладна 20 км да 22-га раз’езда, у раёне якога і знаходзіўся лагпункт № 026. Да Брацка, крайняга ўсходняга пункта Азёрлага, адтуль заставалася не больш за 35 км (39). Інфармацыя літоўскага сябра А. Станкевіча супадае з вынікамі даследаванняў гісторыкаў, якія размясцілі лагпункт № 026 Азёрнага асоблага прыкладна ў тым самым месцы.
У сваю чаргу Цэнтральная бальніца Азёрлага, месца пахавання ксяндза і месца, дзе быў складзены акт аб яго смерці, знаходзілася каля чыгуначнага раз’езду Тапарок Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці. Фактычна раз’езд Тапарок і в. Шаўчэнка, пра якую згадваецца ў прыведзеных вышэй даведках, – гэта адно і тое ж месца, прыкладна ў 50 км на ўсход ад Тайшэта (40). Ужо некалькі гадоў таму тайшэцкія школьнікі і краязнаўцы адшукалі могілкі Цэнтральнай бальніцы Азёрлага і ўсталявалі на іх крыж. Актыўны пошук у гэтым рэгіёне вядуць польскія і літоўскія спецыялісты, якія спрабуюць высветліць месцы пахаванняў сваіх суайчыннікаў.
Атрымліваецца, што лагерная калона № 026, у якой памёр А. Станкевіч, размяшчалася ў той час амаль у 250 км ад месца пахавання яго цела. Гэта пераканаўча паказаў Забулёніс. У выніку можна з высокай доляй верагоднасці сцвярджаць, што пасля смерці ў ноч з 29 на 30 лістапада цела Станкевіча да 4 снежня знаходзілася ў лагернай калоне № 026. Пасля яно было дастаўлена ў Цэнтральную бальніцу Азёрлага каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага раёна. Там быў складзены акт аб смерці ксяндза, і праз нейкі час яго цела было пахавана.
Канешне, у такім выпадку высветліць прычыну смерці як “атлушчэнне сэрца” на трупе чалавека, якіпамёр некалькісутак таму іўвесь гэты час ляжаў на моцным марозе, было проста немагчыма. Агляд цела і вызначэнне прычыны смерці, безумоўна, насілі выключна фармальны характар.
У сваю чаргу можна дапусціць, што В. Сікора прымаў удзел менавіта ў пахаванні А. Станкевіча на тэрыторыі бальніцы Азёрлага і таму не мог сустрэцца з К. Забулёнісам і яго сябрамі. Магчыма, некаторыя акалічнасці гэтай падзеі, запісанай праз паўстагоддзя, былі ім моцна пераблытаны. На гэта паказвае, напрыклад, жудасны эпізод з разбіваннем галавы мёртваму А. Станкевічу молатам, паколькі пасля такой “працэдуры” ў пяць дзён таму памерлага чалавека наўрад ці магла пацекчы кроў, як успамінаў В. Сікора. На жаль, праверыць і ўзгадніць з іншымі фактамі расказанае В. Сікорам ужо немагчыма, паколькі гэты ветэран беларускага нацыянальнага руху памёр летам 2008 г. Аднак няма сумненняў, што В. Сікора бачыў цела ксяндза А. Станкевіча. Ён яшчэ 19 лістапада 1955 г. наведаў М. Шутовіч і асобна ад К. Забулёніса паведаміў ёй аб смерці ксяндза(41).
Гісторыя з перавозам цела зняволенага на такую вялікую адлегласць выглядае даволі нестандартна. Гэта пацвердзіў выкладчык Іркуцкага дзяржаўнага універсітэта А. Афанасаў, аўтар дысертацыйнага даследавання, прысвечанага Азёрлагу. У лісце да аўтара гэтага артыкула ён адзначыў: “Перавозіць труп зняволенага на такую адлегласць для складання Акта аб смерці маглі толькі ў выключных выпадках, таму ў дадзеным выпадку можна толькі меркаваць, з якой мэтай гэта магло быць здзейснена. Тут і Вашае меркаванне аб адсутнасці ў яго асабістага нумара (г. зн. фармальнай прыналежнасці да кантынгента Азёрлага) можа падысці. А можна звязаць і з незвычайнай асобай А. Станкевіча, г. зн. справа тычылася не звычайнага зняволенага, а даволі вядомага ў пэўных колах чалавека, лёсам якога, у тым ліку фактам смерці, у наступным маглі зацікавіцца вышэйстаячыя ворганы ці адказныя асобы”(42).
А. Станкевіч сапраўды не паспеў атрымаць лагернага нумару. Прынамсі, гэта вынікае з таго факта, што нумар асабістай справы ксяндза не пазначаны на прыведзеным вышэй Акце аб смерці. Нельга таксама пакінуць па-за ўвагай версію А. Афанасава аб тым, што А. Станкевіч мог быць у лагеры на нейкім асаблівым уліку. Гэтаму ёсць дадатковы доказ: пасля смерці ксяндза К. Забулёніс вырашыў паведаміць аб смерці А. Станкевіча на волю і напісаў ліст М. Шутовіч. Неўзабаве ён быў выкліканы да лагернага кіраўніцтва, ад якога атрымаў загад спаліць свой ліст, што і вымушаны быў выканаць(43).
Праведзеныя па маёй просьбе пошукі больш дакладнай інфармацыі аб А. Станкевічу ў сібірскіх архівах пацвердзілі большасць выказаных меркаванняў. Прывядзём цытату з ліста краязнаўцы і гісторыка Яўгенія Селязнёва, які жыве ў Тайшэце і займаецца гісторыяй Азёрлага: “Сапраўды, места пахавання [А. Станкевіча. – А.В.] Тапарок, недалёка Шаўчэнка, цэнтральная бальніца Азёрлага, калона 02. Магілу знайсці нерэальна, нумары не існуюць ужо… Калона Азёрлага 026 4-е лагаддзяленне знаходзілася у 1950 г. на 291-м км. Займалася лесаэксплуатацыяй, колькасць зк 588 чалавек...бальніцы Азёрлага былі і бліжэй да 026 калоны на 180-м км, 116, 316…”(44)
Можна спадзявацца, што будучыя архіўныя знаходкі, а таксама супрацоўніцтва з сібірскімі гісторыкамі дадуць магчымасць даведацца аб новых акалічнасцях апошніх дзён жыцця А. Станкевіча. Не выключана, што ў перспектыве можна будзе нават паспрабаваць адшукаць магілу аднаго з лідэраў беларускага хрысціянскага руху. А паколькі гэта бадай што адзіны выпадак, калі мы ведаем даволі дакладную інфармацыю аб месцы пахавання дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага руху такога маштабу, што сталі ахвярамі камуністычных рэпрэсій, пошук яго магілы і перазахаванне на Радзіме маглі б стаць справай гонару для каталіцкага касцёла, улад Беларусі і беларускай грамадскасці як сімвал ушанавання памяці аб тых, хто так шмат зрабіў для ўмацавання беларускай дзяржаўнасці і чые безыменныя магілы раскіданы па абшарах былога “Архіпелага ГУЛАГ”.
Заўвагi
1 Сідарэвіч А. Ксёндз Адам Станкевіч і яго справа: Да 100–годзьдзя з дня нараджэньня // Хрысьціянская думка. 1992. № 1. С. 20–34; Луцкевіч Л., Войцік Г. Адам Станкевіч. Вільня, 2002; Конан У. М. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. Мінск, 2003; Вашкевіч А. Ксёндз Адам Станкевіч // Куфэрак Віленшчыны. 2005. №1 (10). С. 4–5; Станкевіч А. Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла. З яго жыцця і працы // Спадчына. 1989. № 2. С. 26–29; Станкевіч А. Вітаўт Вялікі і беларусы // Спадчына. 1990. № 4. С. 14–20; Станкевіч А. Беларусы як нацыянальная меншасць у Польшчы // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 2. С. 109–119; Ксёндз Адам Станкевіч: праблемы каталіцтва ў Беларусі // Скарыніч. № 5. Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. С. 161–190; Станкевіч А. У аспэкце соцыяльнай справядлівасьці // Куфэрак Віленшчыны. 2003. №1. С. 141–149.
2 Станкевіч А. Выбранае. Мінск: Беларусі кнігазбор, 2008; Станкевіч А. З Богам да Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008.
3 Аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі (ЦНБ) імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Ф.1, воп. 1, ад.з. 383.
4 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 4, воп. 1, ад. з. 45.
5 Этэнка Л. Арышт і смерць ксяндза Адама Станкевіча // ЛіМ. 1992. 6 сакавіка. С. 14–15.
6 Ад рэдакцыі // ЛіМ. 1992. 6 сакавіка. С. 15.
7 Памёр ад “ожирения сердца”… // Спадчына. 1991. № 1. С. 45.
8 Зайка В. Прадмова // Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. Мінск: Маст. літ., 1993. С. 48–53; Станкевіч А. Каляндарныя нататкі // Куфэрак Віленшчыны. 2004. №1 (9). С. 149–185.
9 Луцкевіч Л., Войцік Г. Адам Станкевіч. Вільня: Рунь, 2002. С. 18; Конан Ул. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. Мінск: Про Хрысто, 2003. С. 4.
10 Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і ўспамінах. Мінск: Энцыклапедыкс, 2001. С. 339.
11 Вабішчэвіч А. Захавальнік спадчыны: Янка Шутовіч // Куфэрак Віленшчыны. 2001. №1 (3). С. 12; Есакоў А. Дзве сустрэчы // Голас Радзімы. 1967. Люты. С. 6; Малецкі Я. Пад Знакам Пагоні // Спадчына. 1994. № 4. С.130; Мікуліч М. Максім Танк. На скразняках стагоддзя. Мінск: Мастацкая літаратура, 1999. С. 87.
12 Карасэвіч В. Ксёндз Віктар Шутовіч праўдзівы патрыёт і добры пастыр // Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. Жыццяпісы. Мартыралогія. Успаміны / Аўтар–уклад. Ю. Гарбінскі. Мінск; Мюнхен, 1999. С. 478.
13 Станкевіч А. З Богам да Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. С. 856.
14 Тамсама. С. 867.
15 Тамсама. С. 863.
16 Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця // Полымя. 1993. № 5. С. 184.
17 Станкевіч А. З Богам да Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. С. 813–836.
18 Тамсама. С. 859.
19 Тамсама. С. 868.
20 Lietuvos ypatingasis archyvas (далей LYA). Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, арк. 2-4. Матэрыялы следчай справы ксяндза Адама Станкевіча з Літоўскага асобага архіва адшуканы і прадстаўлены для выкарыстання аўтару ў рамках даследчай праграмы Інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ “Беларусістыка ў архівах і бібліятэках Вільні”.
21 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, арк. 6.
22 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, Маёмасная справа, арк. 1–3.
23 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, Маёмасная справа, арк. 24, 28, 33, 37.
24 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, Рэчавыя доказы па следчай справе №15896 па абв. Станкевіча Адама Вікенцьевіча, арк. 1.
25 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, арк. 225-1.
26 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, Рэчавыя доказы па следчай справе №15896 па абв. Станкевіча Адама Вікенцьевіча, арк. 223-38–223-43.
27 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, арк. 211.
28 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, арк. 216.
29 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф.1, воп. 1, ад. з. 383, арк. 5.
30 Тамсама. Ф.1, воп. 1, ад. з. 383, арк. 12.
31 Джуха И. Греческая операция. Матэрыялы сайта: http://www.greek-martirolog. ru/1937/gr_oper_part2_gl8.php. Дата доступа: 12.12.2008 г.
32 Зайка В. Прадмова // Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. Мінск: Маст. літ., 1993. С. 52.
33 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 1, воп. 1, ад. з. 383, арк. 12.
34 Сікора В. Апошні шлях Адама Станкевіча // Наша Ніва. 1999. 13 снежня. С. 9.
35 Памёр ад “ожирения сердца”… // Спадчына. 1991. №1. С. 45.
36 Ад рэдакцыі // ЛіМ. 1992. 6 сакавіка. С. 15.
37 LYA. Ф. К-1, воп. 58, ад. з. P-12505-Li, арк. 218.
38 Этэнка Л. Арышт і смерць ксяндза Адама Станкевіча // ЛіМ. 1992. 6 сакавіка. С. 15.
39 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 4, воп. 1, ад. з. 45, арк. 94.
40 Афанасов О.В. Особенности медицинского обслуживания заключенных в Озерном лагере (1948–1963). Матэрыялы сайта: http://stipendiat.memo.ru/afanasov/afanasov_medobslughivanie.html. Дата доступа: 12.12.2008 г.
41 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 4, воп. 1, ад. з. 45, арк. 94.
42 Ліст А. Афанасава захоўваецца ў аўтара артыкула.
43 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ф. 1, воп. 1, ад. з. 383, арк. 8.
44 Ліст Я. Селязнёва захоўваецца ў аўтара.
Homo Historicus, 2009.
19 лютага 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)