Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
Слова да чытача
Зьмешчаныя ў гэтым томе артыкулы пісаліся доўга, больш за чвэрць стагодзьдзя. Першы зь іх я напісаў для падпольнага бюлетэню беластоцкай „Салідарнасьці” ў сакавіку 1982 году. Неўзабаве, 28 сакавіка, за саўдзел у выдаваньні і распаўсюджваньні гэтага бюлетэню мяне арыштавала Служба бясьпекі, як называлася тады ў Польшчы тое, што ў Беларусі і цяпер называецца КГБ. Восем месяцаў я займаўся турэмнай творчасьцю, зь якой большасьць прапала, бо злодзей–рэцыдывіст, які сядзеў з маімі сябрамі, да якіх я адправіў пасланьні ад імя фіктыўнай арганізацыі “Патрыятычнае таварыства „Таргавіца””, палічыў гэтую пісаніну вельмі важнай і перадаў яе турэмнай службе, а тая — пракурору. Той, кажуць, чытаючы гэта, так сьмяяўся, што ледзьве ня ўпаў з крэсла. На жаль, ён быў апошнім чытачом маіх пасланьняў.
Пасьля выхаду з турмы я займаўся навукай, і толькі пад канец 1980–ых гг. стаў пісаць артыкулы для нелегальных часопісаў пра беларусаў і Беларусь. Час быў такі, што публіцы трэба было тлумачыць, што гэта такое. Цяпер часы нібыта іншыя, але я па–ранейшаму безупынна мушу тлумачыць палякам, што ўяўляе зь сябе Беларусь сёньня.
Вялікім штуршком да пісаньня пра палітычныя падзеі на зломе 80–тых і 90–тых мінулага стагодзьдзя стала мая дзейнасьць як сябра–заснавальніка Беларускага клюбу. Гэты нефармальны клюб меў рыхтаваць беларускую эліту да палітычнай дзейнасьці, але не пасьпеў — падзеі разьвіваліся так хутка, што мы справіліся толькі вырашыць пра наш удзел у першых, яшчэ ня цалкам свабодных выбарах у Польшчы ў 1989 годзе. Пасьля я стаў нават старшынём праўленьня Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня, адзінай у Польшчы партыі нацыянальнай мяншыні. Большасьць публіцыстычных артыкулаў я напісаў, калі тры гады быў журналістам „Нівы”. Пісаць даводзілася пра самыя розныя рэчы, і, натуральна, сюды далёка ня ўсё патрапіла. Аднак падаецца, што мае допісы і рэпартажы адлюстроўваюць тыя настроі, якія панавалі на Беласточчыне пад канец мінулага тысячагодзьдзя.
Частка рэпартажаў перадае мае ўражаньні як беластоцкага беларуса з побытаў на Беларусі — краіне, з аднаго боку, быццам бы роднай, а з другога — часам для беларускага госьця з Польшчы дзіўнай і нават крышку ў сваёй іншасьці чужой...
Асобна зьмяшчаю некалькі артыкулаў пра беларускую эміграцыю, якую я пазнаваў вокам перш за ўсё дасьледчыка, але ў той жа час і сябра заморскіх і заакіянскіх беларусаў. Яны былі для мяне ня толькі ахоўнікамі традыцыі, але адкрылі перада мной шырокі сьвет і значна спрычыніліся да фармаваньня маіх поглядаў на яго.
Пра сьвет я пісаў мала. Не скажу, каб ён мяне не цікавіў — пра тое, што ў ім адбываецца і адбудзецца, я магу разважаць гадзінамі. Тое, што будзе, цікавіць мяне ня менш за тое, што было. Янка Запруднік, паслухаўшы мяне, калісьці сказаў, што мне трэба быць футурыстам, а не гісторыкам. Але ў цэнтры маёй увагі як гісторыка і публіцыста заўсёды застаецца беларушчына. Пра сьвет мы штотыдзень гутарым за кубкам чаю–гарбаты з маім сябрам і таварышам па зброі Яўгенам Мірановічам, але пісаць пра яго мне ня хочацца — лепей за мяне напішуць іншыя, якія куды больш кніжак і артыкулаў пра далёкія краі прачыталі, ды яшчэ ў гэтых краях пабывалі. Аднак жа неяк самі па сабе ў свой час напісаліся артыкулы пра блізкае сэрцу — колішнюю Югаславію, Каўказ, Украіну, ды пра лёс народу тутсі, які люблю толькі таму, што яны такія самыя высокія, як я. Ну і, вядома, пра тэорыю Гантыгтана, бо сьвет цывілізацыяў мяне заўсёды цікавіў — яшчэ з часоў вучобы ў ліцэі, калі я прачытаў першую кніжку Гумілёва.
Калі чытаю цяпер напісанае тады, то бачу, што становішча я звычайна ацэньваў даволі цьвяроза (хай чытач сам гэта ацэніць). Нягледзячы на тое, што падказваў мне здаровы розум, я доўга біўся як рыба аб лёд, намагаючыся ажыцьцявіць тое, у што верыў: свабоду, дэмакратыю, Рэч Паспалітую. Хаця, як я гэта і прадбачыў, мне не ўдалося дацягнуць да сваіх пяцідзесяці гадоў у палітыцы і ніколі не было дадзена спазнаць смаку сапраўднай палітычнай перамогі, я ўсё ж ня надта шкадую пра страчаны час. Мой бацька заўсёды рытарычна пытаўся: “Маю рацыю?” і звычайна яе меў, але я і мае сябры яго ня слухаліся. Я ж люблю рытарычна паўтараць:“Хіба ж я не гаварыў?”, калі аказваецца, што гэта я меў рацыю, але мяне не паслухалі. Аднак жа і больш відушчых за мяне звычайна ня слухаюць, таму надта я гэтым не пераймаюся... Ва ўсялякім выпадку, нашую зямлю я пратаптаў, пазнаў тысячы людзей і сваімі вачыма бачыў, як робіцца гісторыя.
А напрыканцы — яшчэ раз пра Полацак, бо ён па–за часам і прасторай, ён адначасова пачатак і мэта беларускага шляху.
Беласток, лістапад 2009 г.
Гэтую кнігу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў "ARCHE":
Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.
Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.
Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.
Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;
Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.
Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.
Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.
Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.
Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.
Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73
Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.
26 студзеня 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)