Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Прадмова
Ідэя скласці вераснёўскі, «юбілейны» нумар «ARCHE» прыйшла ў галаву напрыканцы сакавіка падчас аднаго з шпацыраў па Шчытніцкім парку ва Уроцлаве. Увесь час майго побыту далёка ад Гродна, у горадзе, які толькі ў 1945 годзе стаў польскім, у галаве круцілася адна і тая самая думка. Наведваючы могілкі, седзячы ва універсітэцкай аўдыторыі, чытаючы прозвішчы актораў мясцовага драматычнага тэатра, я дзіўным чынам пачуваўся сярод сваіх. Усе тыя самыя Адамовічы, Абрамовічы, Галавачы, Панасюкі ці нават Вашкевічы, што і ў Наваградку, Маладэчне ці Бераставіцы. Тысячы людзей, каранямі звязаных з Крэсамі, якія пасярод нямецкіх гатычных касцёлаў спрабуюць захаваць сваю памяць пра Львоў, Вільню ці Гродна. І ў спробах гэтых, не пазбаўленых сентыментальнага і часам рамантызаванага ўяўлення аб мінулым, ніколі не давялося заўважыць хоць бы адцення нейкага рэваншызму, якім часам спрабуюць папужаць нас афіцыйныя беларускія СМІ. І тады я ўсё ўспамінаў пра лёс свайго прадзеда Адама, свядомага «паляка» з перабеглых у рымскае каталіцтва уніятаў. Той, калі надарылася мачымасць пад канец саракавых выехаць у Польшчу, нягледзячы на ўгаворы некаторых родных, сказаў: «Застаемся тут. Гэта мая бацькаўшчына, і ляжаць у зямлі хачу тут».
Прадзед дорага заплаціў за сваё нежаданне пераехаць куды-небудзь пад Уроцлаў ці Ольштын, бо калі яго ў таварным вагоне павезлі з бацькаўшчыны на ўсход, то дазволу на гэта ўжо не пыталіся. Аднак па смерці «правадыра» прадзед паспеў-такі вярнуцца ў сваю вёску і лёг у зямлю паміж магіламі продкаў.
Многія, аднак, ехалі. З некаторых вёсак і гарадоў выязджаў кожны пяты ці нават кожны чацвёрты. І мяжой у лёсах гэтых людзей быў верасень 1939 года. Такім чынам, калі чую, што верасень 1939 года — самая праблемная і супярэчлівая старонка ў гісторыі беларуска-польскіх адносін, я крыху іранізую сам сабе: «Верасень 1939 года — самая праблемная старонка ў стасунках суайчыннікаў і сваякоў, частка з якіх засталася тут, а частка з’ехала». Хаця, пра якія праблемы ва ўзаемадносінах тут гаварыць? І адным і другім прыйшлося вельмі нялёгка.
Зразумелая рэч, што беларускі і польскі погляды на падзеі верасня 1939 года не могуць, дый, я перакананы, не павінны быць аднолькавымі. Польскія гісторыкі ніколі, напрыклад, не адмовяцца ад тэрміна «Усходнія Крэсы», мы не перастанем ужываць азначэнне «Заходняя Беларусь». Аднак, на шчасце, паступова ясна для ўсіх становіцца тое, што займацца слоўнай эквілібрыстыкай вакол тэрмінаў — апошняя для гісторыка і проста разважлівага чалавека справа.
Праўда, што як у польскім, так і ў беларускім бачанні падзей верасня 1939 года занадта шмат міфаў. З аднаго боку, гераічная абарона Гродна ад савецкіх войскаў, з другога боку — нястрымная радасць усяго беларускага народа з нагоды «ўз’яднання». З аднаго боку — памяць пра забітых капэзэбоўцамі каля Жытомлі асаднікаў, з другога — чырвоныя зоркі, па жывым выразаныя на спінах скідзельскіх паўстанцаў карнікамі з Гродна. Такія супрацьпастаўленні могуць быць бясконцымі, аднак зусім іншае адценне набываюць усе гэтыя чорна-белыя малюнкі, калі адмовіцца ад прапагандысцкіх фразаў, прыгледзецца не да сацыяльных ці нацыянальных «праслоек і класаў», а да жывога чалавека. І тады разам з гродзенскім гімназістам, які самаахвярна кідаўся пад савецкія танкі, бачыш мясцовага хлопчыка з чырвоным бантам, які паказваў гэтым танкам дарогу, а разам з ідэйным барацьбітом за савецкую ўладу бачыш крымінальніка, які рабуе крамы і забівае бежанцаў-палякаў за пару шкарпэтак.
Мяжа падзелу і, як вынік, супрацьстаяння, пралягла ў верасні 1939 года не так праз нацыянальныя, рэлігійныя ці сацыяльныя супярэчнасці, як праз чалавечыя сэрцы, міжасабовыя стасункі, калі на вялікі жаль, ва ўмовах узброенага канфлікту праяўляліся самыя горшыя якасці чалавечай натуры, успаміналіся і былі прычынай злачынстваў самыя дробязныя разрахункі, хоць, безумоўна, хапала месца і для патрыятызму, высакароднасці і самаахвярнасці.
Іншая рэч, што падмурак таго ўнутранага канфлікту, які меў месца на Крэсах у верасні 1939 года, закладаўся ў папярэднія дзесяцігоддзі. Беларусы, палякі і яўрэі так і не змаглі знайсці супольнай мовы і таму ў верасні сталі па розныя бакі барыкадаў. Беларускія гісторыкі бачаць прычыну ў шавіністычнай палітыцы польскай адміністрацыі, якая ўсякімі спосабамі старалася затармазіць нацыяўтваральны працэс у беларусаў і асіміляваць іх, польскія гісторыкі звяртаюць увагу на правакацыйную савецкую палітыку, якая, імкнучыся радыкалізаваць беларускі нацыянальны рух, будавала на дарозе польска-беларускай згоды непераадольны мур. І тое і тое праўда, аднак важна, што пад канец 1930-х гадоў з боку польскай інтэлігенцыі і палітыкаў-дэмакратаў усё часцей гучалі заклікі да змены дзяржаўнай палітыкі адносна нацыянальных меншасцей Польшчы. Да гэтага прымушала пагроза вайны ў адзіноце супраць двух таталітарных рэжымаў ды і проста разуменне таго, што на рэпрэсіях і забаронах здаровай грамадскай атмасферы ў краіне ніколі не створыш. Заклікі гэтыя, аднак, знікалі ў лозунгах аб прывіднай мілітарнай магутнасці Польшчы і канстатацыях чыноўнікаў, што беларусаў ужо няма, яны зніклі, асіміляваліся.
Нагадаю таксама і той факт, што час міжваеннай «Рэчы Паспалітай» быў цягам ХХ стагоддзя адзіным перыядам у існаванні беларускай нацыі, калі яе частка жыла ў межах еўрапейскай дзяржавы з больш-менш рэальным самакіраваннем і дэмакратычным выбарным заканадаўствам. Выбары восені 1922 года ў польскі Сейм былі адзінымі перад 1994 годам дэмакратычнымі выбарамі, у якіх маглі ўдзельнічаць беларусы, і рэзультат іх яскрава засведчыў патэнцыял беларускага нацыянальнага руху.
Маланкі міжнароднай палітыкі бліскаюць над нашымі галовамі і сёння. Польскія і расійскія СМІ ўжо некалькі месяцаў вядуць сварку на прадмет таго, чые ж паводзіны такі сталі галоўнай прычынай пачатку Другой сусветнай вайны. Найбольшае здзіўленне выклікаюць сцверджанні расійскіх гісторыкаў, якія часам дагаворваюцца да таго, што Польшча павінна была аддаць Гданьск Нямеччыне, абвясціўшы экстэрытарыяльнасць дарогаў ва Усходнюю Прусію. Не захацеўшы гэтага зрабіць, яна і стала галоўнай вінаватай у пачатку вайны. Заўважце, нават савецкія гісторыкі не гаварылі пра тое, што Польшча павінна была «замірыць» Гітлера, аддаўшы яму Гданьск.
Сёння ж гэта магчыма, і буйныя расійскія палітыкі катэгарычна сцвярджаюць, што Сталін не мог іначай. Як сапраўдны дзяржаўны муж ён павінен быў адцягнуць вайну для сваёй краіны, пазбегнуць магчымай англійска-нямецкай змовы супраць СССР. Хочацца толькі нагадаць, што Савецкі Саюз задумваўся і ажыццяўляўся ленінскім пакаленнем бальшавікоў не як краіна, якая павінна ўдзельнічаць у геапалітычных гульнях капіталістычных імперый. Савецкі Саюз у прынцыпе не меў маральнага права заключаць ніякіх дамоваў з нацысцкай Нямеччынай, рэжымам, які ў СССР успрымаўся як антытэза камунізму, квінтэсенцыя зла. Пра гэта расійскія палітыкі самага выскога рангу забываюцца, пакідаючы ад даваеннага СССР адно спадчыну сталінскага імперыялізму, найболей зручную для выкарыстання імі сёння. І што тут згадваць аб лізаблюдскіх выказваннях Сталіна адносна Гітлера, Рыбентропа, «змацаванай крывёю на палях Польшчы савецка-германскай дружбе», альбо аб сотнях еўрапейскіх камуністаў, перададзеных на загад Сталіна нацыстам.
Канстанцін Сіманаў, успамінаючы аб савецка-германскім пакце аб ненападзенні, скажа:
Нешта тут немагчыма было зразумець пачуццямі. Магчыма, розумам — так, а пачуццямі — не. Нешта перакулілася ў навакольным свеце, і ў нас самых. Быццам бы мы сталі кімсьці не тымі, чым былі, быццам трэба было працягваць жыць з іншым самаадчуваннем пасля гэтага пакта.
Гэтае пачуццё было не толькі ў многіх грамадзян СССР, але і ў заходнебеларускіх камуністаў ці проста беларускіх патрыётаў, якія ў верасні на тэрыторыі Заходняй Беларусі падымалі антыпольскія паўстанні, а на тэрыторыі Польшчы плячо ў плячо з палякамі баранілі Варшаву ад нацыстаў.
Савецкае кіраўніцтва, гледзячы па ўсім, баялася не толькі таго, што калі б германскія войскі перамаглі Польшчу самастойна (а гэта, насуперак перакананням некаторых сучасных польскіх гісторыкаў, падаецца зусім відавочным), то вермахт спыніўся б за трыццаць кіламетраў на захад ад Мінска. У гэтым выпадку германскім уладам прыйшлося б стыхійна фармаваць сваю палітыку адносна мільёнаў беларусаў і ўкраінцаў, былых польскіх грамадзян. І ніхто не даў бы гарантыі, што гэтая палітыка, найперш у нацыянальнай і эканамічнай сферах, не аказалася б прывабнай і для прыдушаных калгасамі і рэпрэсіямі беларусаў і ўкраінцаў у СССР.
І апошнія заўвагі. Гэты нумар часопіса аказаўся надзвычай «маладым» і «вуснагістарычным». Наймалодшаму аўтару ўсяго дваццаць тры гады, пяці аўтарам няма яшчэ трыццаці. Найяскравейшае сведчанне таго факта, што беларуская гістарычная навука, хоць і знаходзіца ў стане выразнага крызісу, аднак саматугам, без якой-небудзь дзяржаўнай падтрымкі, выжывае, падцягваецца да сучасных еўрапейскіх навуковых тэндэнцый і кірункаў, галоўным чынам дзякуючы самаахвярнай працы асобных гісторыкаў, якіх жыццё прымушае аб’ядноўвацца ў свойскія творчыя карпарацыі. Што ж тычыцца «вуснагістарычнасці», то і гэта момант надзвычай важны. Шматгадовае занядбанне гэтага кірунка даследчай працы пазбавіла нас цэлага «мацерыка» інфармацыі аб падзеях першай паловы ХХ стагоддзя. Тое, што ўдаецца сабраць цяпер — бадай што рэшткі, аднак і яны выключна цікавым чынам дапоўнілі артыкулы Сяргея Токця аб Скідзельскім паўстанні і Змітра Люціка аб баявых дзеяннях у Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. Артыкулы ж Эдуарда Мазька і Аляксея Радзюка цалкам пабудаваны на ўспамінах апошніх сведкаў драматычных падзей беларускай гісторыі 1920—1940-х гадоў.
Маланкі вялікай міжнароднай палітыкі бліскаюць над намі, але ў Беларусі хіба толькі кожны дзесяты зможа даць адказ на пытанне, што адбылося 17 верасня 1939 года. І заўтра, у адрозненне ад 1999 года, на вуліцах не будзе каляровых плакатаў з селянінам, які сціскае ў абдымках чырвонаармейца. Тое, мабыць, добра. Але забывацца аб далёкім верасні нікому з нас, беларусаў, нельга. Сам я думаю 17 верасня прайсці па гродзенскіх мясцінах памяці, звязаных з гэтым днём. Ад катыньскіх крыжоў на вайсковых могілках да магілы палітрука Гарнавых. Вельмі хочацца таксама калі-небудзь трапіць у Гдыню, каб пакласці кветкі на вуліцы Янкі Брыля, простага заходнебеларускага хлопца, які, як і тысячы нашых маладых суайчыннікаў, і ў верасні 1939-га засведчыў, што мы можам быць разам.
Гродна, 16 верасня 2009 г.
Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:
Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.
Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.
Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.
Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;
Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.
Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.
Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.
Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.
Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.
Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73
Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў
Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.
10 лiстапада 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)