Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Кароткiя рэцэнзii
Дэлегаты Народнага сходу Заходняй Беларусі
Як прафэсар Судал адкрыў Амэрыку
Публікацыі любых крыніц трэба з задавальненьнем вітаць, але, на жаль, А. Судал дадаў да іх уласны камэнтар, у якім дапусьціў шэраг, мякка кажучы, злоўжываньняў.
Першым зь іх, адносна невялікім, зьяўляецца наданьне сваёй публікацыі сэнсацыйнага арэолу. У той жа час “адкрытая” А. Судалам стэнаграма, як, зрэшты, падае і сам аўтар “адкрыцьця”, распаўсюджвалася на міжнародным узроўні з мэтай абгрунтаваньня правамоцнасьці дзеяньняў саветаў у Заходняй Беларусі. Калі гэты дакумэнт пакрыўся пылам забыцьця, то не таму, што яго хтосьці схаваў, а таму, што зьнікла патрэба для ягонага распаўсюджваньня, г. зн. адбылося міжнароднае прызнаньне зьдзейсьненых Сталіным зьменаў дзяржаўных межаў*.
Тое ж самае датычыць і публікаваных А. Судалам фотаздымкаў, нібыта выцягнутых ім на дзённае сьвятло і першы раз апублікаваных менавіта ў гэтай кнізе. Гэтыя здымкі былі зробленыя ў прапагандысцкіх мэтах (нават сьляпы можа заўважыць, як старанна тут усім нададзеныя адпаведныя позы), і таму не маглі быць таямніцай. Наадварот, яны пашыраліся ў друку і эксплюатаваліся ў музэях. (Амаль поўную калекцыю гэтых самых фотакартак Музэй войска ў Беластоку атрымаў з Абласнога музэю ў Берасьці.)
На выстаўленьне А. Судалам сябе ў якасьці аса выведкі можна, аднак, заплюшчыць вочы. Чаго толькі ня робіцца ў нашыя часы ўсеахопнай камэрцыялізацыі. На жаль, акрамя аповеду пра свае подзьвігі ў “добра вартаваным архіве пад Масквой”, аўтар частуе нас таксама сваім гістарычным камэнтаром, пасьля прачытаньня якога вочы шырока расплюшчваюцца ад зьдзіўленьня.
Сьцьверджаньне, што стэнаграма паседжаньняў у Беластоку паказвае кулісы чаго–небудзь, а тым больш кулісы ІV падзелу, ня мае ніякага дачыненьня да гістарычнай навукі, і нават супярэчыць здароваму сэнсу. Спэктакаль у тэатры імя Вэнгеркі быў адыграны пры паднятай заслоне. Нават самае ўважлівае чытаньне стэнаграмы не дадае нічога новага да нашых ведаў пра пакт Рыбэнтропа–Молатава і пра гітлераўска–cавецкую агрэсію супраць Польшчы. Пра вагу, якую мелі прынятыя Сходам “рашэньні”, лепш за ўсё сьведчыць пасьляваеннае далучэньне Беластоку да Польшчы. Таму апублікаваны А. Судалам матэрыял можа быць крыніцай толькі для дасьледчыка той сацыятэхнікі, якая выкарыстоўвалася саветамі.
А. Судал ня ўмее з разуменьнем прачытаць нават перакладзенага самім сабой тэксту. Ён піша пра антыпольскія, прасякнутыя беларускім нацыяналізмам выказваньні ўдзельнікаў Сходу. У той жа час ніякіх праяваў нацыяналізму падчас паседжаньняў быць не магло, бо савецкі лад быў інтэрнацыянальным ex definitione. Гэта выдатна акрэсьліў удзельнік Сходу Сяргей Прытыцкі: “Будзь ты паляк, расеец, беларус, украінец, будзь ты габрэй, грузін, мурын — ты абсалютна раўнапраўны грамадзянін вялікага Савецкага Саюзу ва ўсіх галінах гаспадарчага, дзяржаўнага, культурнага і грамадзка–палітычнага жыцьця” і г. д., і г. д.
Дэлегаты маглі даваць выхад толькі клясавай варожасьці, якая іх перапаўняла. Дзеля гэтага крытыкаваць “панскую Польшчу” маглі і прадстаўнікі польскага працоўнага люду гарадоў і вёсак, якіх было 127. А так як ролі Рэйтана ў сцэнары не прадугледжвалася, то ўсе прысутныя ў залі палякі аднагалосна выказаліся за ўключэньне Заходняй Беларусі (з Ломжай!) у склад БССР.
Прыкрую для паляка праблему ролі, якую адыгралі падчас Сходу прадстаўнікі палякаў, А. Судал вырашыў вельмі проста. На ягоную думку, “толькі так званыя палякі былі паслухмяныя ў дачыненьні да сталінскага парадку і ягонай машыны. Паўсюдна вядома, што ўсе палякі змагаліся з акупантам”. Такі абсалютна савецкі інтэрпрэтацыйны падыход (маргіналізацыя і зьнішчэньне) сьведчыць пра тое, што аўтар не дарэмна вывучаў пакінутыя савецкімі сацыятэхнікамі матэрыялы.
Аднак жа творчага вывучэньня гісторыі прафэсару Судалу відавочна не хапае, бо ў сувязі з публікацыяй фотакартак з паседжаньняў Сходу ён заўважае: “Трэба думаць, што некаторыя людзі, выяўленыя на здымках, яшчэ жывуць. Можа, частку ўдзельнікаў Сходу пазнаюць іхныя сем’і і знаёмыя. Якія будуць наступствы гэтага?”
Такое пракурорскае заключнае слова, разам з прадэманстраванай аўтарам пагардай да людзей і фактаў, мае ўсе прыкметы даволі характэрнага стылю. Бязь цяжкасьцяў пазнаецца пяро палітрука.
Гэты тэкст надрукаваны ў апошняй кнізе Алега Латышонка "Нацыянальнасьць - Беларус".
Першапублікацыя на польскай мове: Czasopis. 1993. № 5. С. 22.
* Варта тут таксама адзначыць, што ў 1946 г. дадзеная справаздача была афіцыйна выдадзена ў Менску накладам у 10000 паасобнікаў: Народное (Национальное) собрание Западной Белоруссии. Стенографический отчет. Минск: Государственное издательство БССР, 1946. 195 с. — Рэд.
Алег Латышонак — гісторык, ад’юнкт-прафэсар катэдры гісторыі беларускай культуры ўнівэрсытэту Беластоку. Нядаўна выйшлі ягоныя кнігі "Жаўнеры БНР" і "Нацыянальнасьць - Беларус".
29 каcтрычнiка 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Вышаградская летняя школа ў Кракаве
Дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні
Серыя лекцый Уладзіміра Мацкевіча "Пра культуру і культурную палітыку" адменена
Усе абвесткі



Камэнтары(0)