Друкаваць Камэнтары (1) RSS

Эсэiстыка




Эпоха Нішто

Андрэй Расінскі

Палітолаг Алесь Чайчыц у сваім артыкуле назваў Аляксандра Лукашэнку «найбольш выбітным палітыкам у гісторыі Беларусі апошніх дзвюхсот гадоў» і прывёў пераканаўчыя аргументы.  Не адмаўляючы талентаў згаданай асобы, хацеў бы акрэсліць апошнія часы як эпоху Нішто.

Палітолаг Алесь Чайчыц у сваім артыкуле назваў Аляксандра Лукашэнку «найбольш выбітным палітыкам у гісторыі Беларусі апошніх дзвюхсот гадоў» і прывёў пераканаўчыя аргументы. Эпоха Лукашэнкі адметная «бенефісам таленту», «геніяльнасцю без правілаў» і дасёлешней непераможнасцю галоўнага героя эпохі.

 

Не адмаўляючы талентаў згаданай асобы, хацеў бы акрэсліць апошнія часы як эпоху Нішто.

 

БЕНЕФІС ЖАДАННЯЎ

 

Гульні Лукашэнкі з Расеяй, а цяпер і з Захадам — гэта не столькі бенефіс таленту, колькі бенефіс жаданняў. Чужых жаданняў — і патаемных комплексаў.

 

Марыць Расея пра савецкія межы — вось вам казка пра славянскіх братоў і пацалункі ў абмен на нафту. Прагне Еўропа дамоваў і цішыні — вось вам імітацыя дыялогу за крэдыты ад МВФ.

 

Прадаваць абяцанні, гандляваць жаданнямі, цешыць ілюзіі — гэта мастацтва блефу, якое сілкуецца слабасцямі, жыве за кошт летуценняў, паразітуе на марах іншых.

 

Гэта хіба й правал волі, якая капітулюе перад жаданнем.

 

Лукашызм — гэта гадаванне беспадстаўных (суседскіх) жаданняў, што баяцца застацца кінутымі. І гэта іхняе заўсёднае невыкананне.

 

ПРАВІЛЫ ЗЕЎРЫ

 

Лукашызм мае свае правілы. І гэта правілы зеўры.

 

Быць заўжды «паміж», абапірацца на алібі, хлусіць у вочы — і шчыра адмаўляцца ад сказанага.

 

Прыцемкі ад прыцемак, хлусня ад хлусні, несапраўднасць ад несапраўднасці, беспадстаўнасць і множнасць масак — пад суразмоўцу («рускага са знакам якасці», «найлепшага еўрапейца і дэмакрата», амаль што літоўца).

 

Фразы, што выклікалі і смех, і шок — пра «праваслаўнага атэіста», «вершы Быкава», «Скарыну ў Піцеры» — не столькі агрэсіўная непісьменнасць, колькі самотнае зеўранне, разбурэнне, каб запанаваць па-над усім.

 

Бездакорны постмадэрновы гаджэт, вяршыня самазванства — па Бахціну.

 

Вечна чужы гулец, які заўжды не на сваім месцы — што маскуецца канвульсіямі і імпэтным словавывяржэннем.

 

СКУТАЯ ПЕРАМОЖАНАСЦЬ

 

Лукашэнка — пераможца роўна настолькі, наколькі мы яму гэта дазваляем.

 

Дазваляюць палітычныя партыі, якія патураюць «онталёгіі» самазванца, граючы ў фальшывыя гульні — замест таго, каб знаходзіць сваю апору ў народзе.

 

Дазваляюць інтэлектуалы, якія з асалодай зняволілі розум барацьбой з лукашызмам (дый ягонай падтрымкай) — і згубілі жыватворчае ўяўленне.

 

Дазваляюць мастакі, якія спасылаюцца на непадыходныя абставіны, замест таго, каб спасылацца сваімі творамі на Шэкспіра і Дантэ.

 

Дазваляюць месцічы, студэнты, працоўныя, кажучы, што ад іх «не залежыць нічога».

 

Лукашызм сілкуецца нашай адмовай. І гэта не перамога, а прэвентыўнае самаўвязненне тых, хто сам згаджаецца быць пераможаным.

 

Але Лукашэнка — зусім не выпадковы прэзідэнт.

 

Ён выпадковы — як цень, як трэск у слухаўцы і кампутарны вірус.

 

Як слушна заўважаў Станіслаў Лем, дыктатура — гэта тлум, упартая камунікацыйная памылка, што пнецца быць вечнай.

 

Гэта недахоп нашых уласных дзеянняў і нашай уласнай волі.

 

Калі яна сапраўды, праявіцца, тады эпоха Нішто завершыцца.

 

 


 

 

Андрэй Расінскі - эсэіст, кінакрытык.




23 верасьня 2009




Камэнтары(1)


бенефіс бабла:

23 верасьня 2009

БЕНЕФІС ЖАДАННЯЎ - а я та думаў, што гэта ні што іншае, як славутая realpolitik)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код