Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Уладзімер Мацкевіч
Што робіцца? Як жыць?
Развагі пра канфлікт у асяродзьдзі палітолягаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
Час дзіўных дыскусій. А мо мне толькі здаецца? Мо ў гэтым ёсьць нешта …, нешта характэрнае для нашай сытуацыі, якісьці нэрв часу?
Сьпярша я натрапіў на гэтую дыскусію ў асяродку літаратуразнаўцаў і крытыкаў. "Па гамбургскім рахунку-2", "Што рабіць з чалавекам, які абразіў" і г. д. Ня ведаю нікога з удзельнікаў гэтае дыскусіі, акрамя тых людзей, якія там згадваюцца: гэта і крыху маладых літаратараў, і вядомыя людзі, якія спрабуюць разважаць пра няпросты стан беларускай культуры. Дыскусія мне падалася нэрвовай, дробязнай і нейкай камунальнай. Я пажартаваў, што гэта, пэўна, вынік магнітных бураў і сонечнай актыўнасьці.
Але потым мне распавялі пра сытуацыю з палітолягамі ў ЭГУ (і тут). Тут я знаёмы з большасьцю дзейных асобаў. Ды і сытуацыю ведаю лепей. Хаця гэта таксама не мая сытуацыя, але яна мне бліжэйшая і важнейшая. І я ведаю, што ў гэтага канфлікту ёсьць сур’ёзная падкладка. Вырашэньне і высновы з канфлікту могуць доўга адбівацца на ЭГУ, і, асабліва, на стане паліталягічай навукі. Можа быць, у аснове буры ў асяродку літаратуразнаўцаў таксама ляжыць нешта падобнае, і там таксама вырашаецца лёс літаратуры, навукі і акадэмічнай супольнасьці, але пра гэта я магу толькі здагадвацца. Хаця ўзровень дыскусіі такі, што нічога лёсавызначальнага нават для непасрэдных яе удзельнікаў там не праглядаецца. Сутыкненьне кепскіх характараў, ня больш.
Але што забаўна. Канфлікт у палітолягаў таксама імгненна быў пераведзены ў сварку, дурную, з кансьпіралягічнымі трызьненьнямі, пошукам ворагаў і змоўшчыкаў.
Што гэта? Перанос інфантылізму з ЖЖ, форумаў і сацыяльных сетак у акадэмічныя супольнасьці?
Ці праява стану саміх акадэмічных супольнасьцяў?
Бо што ў гэтых дыскусіях агульнага?
Аргумэнты ad homeni, ад «сам дурак», да «а ты хто такі?».
Адмова ад пошуку ісьціны, сапраўдных прычынаў таго, што адбываецца і сварка на ўзроўні лёзунгаў і каштоўнасьцяў.
Гульня на паніжэньне: ад зьместу да камунальнасьці.
Я даўно вынуўся з акадэмічнай багны. Ня тое, каб сам вынуўся, мяне актыўна выштурхоўвалі, стваралі дыстанцыю. Але гэта было даўно. Цяпер я там практычна забыты. Наўрад ці я сышоў сам, хаця і бачыў этычную непаўнавартаснасьць дзейных і чалавечых адносінаў у гэтым асяродку ў наш час. Але ж і па-за ім ня лепш. У акадэмічным асяродку ўсё ладна прагніло і працягвае гнісьці. Але там хаця б ёсьць ідэалы, узоры і прататыпы таго, як трэба. Ёсьць памяць пра тое, што гэта ня проста ідэалы, але яны сяк-так рэалізоўваліся. Там можна імкнуцца да аднаўленьня ідэалаў у рэчаіснасьці. Можна разумець, што плягіят – гэта гідка. І пра гэта можна казаць услых. Ад гэтага пакуль нічога не мяняецца, але ўсе разумеюць такога кшталту размовы, усе разумеюць, што такое добра і што такое кепска.
Кепска падседжваць калегу. Пратэкцыянізм – гэта кепска. Кепска, калі на пасаду ў навуцы ці ва ўнівэрсытэце праходзяць не паводле навуковых дасягненьняў, а па «фарматнасьці» альбо па блату. Кепска, калі ты працуеш над навуковай праблемай і нават не ўяўляеш таго, што па гэтай праблеме ўжо зроблена папярэднікамі.
Дык вось, вынуўшыся з акадэмічнай багны, у якой я быў незадаволены станам спраў, але падзяляў многія акадэмічныя ідэалы (ня ўсе, але многія), я мінуў палітыку і шоў-бізнэс і апынуўся ў НДА, у грамадзянскай супольнасьці, так бы мовіць, непасрэдна.
Тое, што ў актуальным становішчы спраў у НДА усё ня лепш, чым у акадэмічным асяродку, няма нічога дзіўнага («… и ни церковь, ни кабак, ничего не свято! Нет ребята, все не так, все не так, ребята!»). Але жах у тым, што і там з ідэаламі праблема!
Там ня скочваюцца да аргумэнту «а хто ты такі?». Гэты аргумэнт там першы. Там не пераводзяць зьмястоўны канфлікт у камунальны, там адразу пачынаюць з камуналу.
Хрэнавата. Але з гэтым даводзіцца жыць. Жыць у адпаведнасьці са сваімі ідэаламі, няхай нават усе на сьвеце падзяляюць зусім іншыя нормы.
Хай усім па барабане зьмест працы, сэнс і каштоўнасьць яе – а я буду яе цаніць менавіта паводле яе зьместу.
Хай дзейнічае прынцып “пакараньня невінаватых і ўзнагароды няўдзельных», дзе ігнаруюцца індывідуальныя дасягненьні ў калектыўных высілках – а я буду цаніць толькі тых, што маюць рэальныя дасягненьні, а ня «ўдзельнічаюць у працы нароўні з усімі».
Хай добра зробленае адразу ж адпраўляецца на сьметнік, таксама як брак і халтура, па прынцыпе «працэс усё, а вынік нішто», няхай нават і не на сьметнік як такі, але ператвараючы ў сьметнік усё, куды складаюцца вынікі працы без адрозьненьня шэдэўраў і халтуры – а я буду ахоўваць добрыя вынікі, накіроўваючы на сьметнік халтуру, і папулярызаваць дасягненьні.
Ну ды добра.
Лепш я па зьмесьце згаданых дыскусіяў.
Свой прынцып вырашэньня такіх канфліктаў я апісваў у частках 5 і 6 «Вызывающего молчания». Ім і скарыстаюся.
Проста вельмі кепска ведаю літаратуру наагул, і сучасную ў прыватнасьці. Калі ў літаратуры я проста магу абапірацца на думку Дубаўца і Акудовіча, бо я бачу іх працу, і яна якасная. Таму крытыка на іх адрас, калі яна ніжэй узроўню таго, што робяць яны, у разьлік проста не прымаецца.
А ў паліталёгіі я й сам магу ацаніць, што ёсьць што і хто ёсьць кім. Я ніколі не знаходзіў агульнай мовы з Андрэем Казакевічам, а ён не прымае мой падыход і мэтадалёгію, але я бачыў вынікі працы Казакевіча. Яны дасягнутыя ў вельмі складаных умовах, і ўжо таму вартыя высокай адзнакі.
А апануюць яму і супрацьпастаўляюцца тыя, за кім нічога няма (гэта не на адрас Сьвятланы Навумавай як палітоляга, але як адміністратара, і на адрас тых, хто прэтэндуе на працяг працы, пачатай Казакевічам). І, на жаль, уся праца Казакевіча будзе загубленая.
Я гэтага вельмі не люблю.
30 верасьня 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)