Друкаваць Камэнтары (1) Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Эпоха Лукашэнкі
Хаця б таму, што гэта першы беларускі палітык за гэты час, каму даводзіцца кіраваць Беларусьсю як сапраўды незалежнай дзяржавай і хто пры гэтым здольны паўтара дзесяцігодзьдзя пасьпяхова весьці нагэтулькі складаную палітычную гульню ўнутры краіны і ў зьнешняй палітыцы. Зь нізкім узроўнем культуры і адукацыі, з прымітыўнымі манэрамі, гэты чалавек - самародак з народных масаў, чорны геній сучаснай беларускай гісторыі, які насуперак абставінам няспынна выходзіць пераможцам у шахматнай партыі, якую ён вядзе з усім сьветам за сваю ўладу і сваё выжываньне. Пра гэтага чалавека ўжо пішуцца кнігі і калісьці будзе здымацца кіно: нашымі нашчадкамі ягоная роля ў гісторыі наўрад ці будзе ацэньвацца як станоўчая, але бясспрэчна тое, што мы цяпер жывем у час, які ў падручніках будзе вядомы як Эпоха Лукашэнкі.
БЭНЭФІС ТАЛЕНТУ
У апошні год мы маем магчымасьць назіраць талент А. Лукашэнкі ва ўсёй красе: ва ўмовах пагаршэньня адносінаў з Расеяй распачалася складаная дыпляматычная гульня Лукашэнкі з Крамлём, Эўрапейскім Зьвязам і ЗША. Дзеяньні беларускага дыктатара не выклікаюць сымпатыі - але выклікаюць захапленьне ад назіраньня за майстэрскім прафэсійным спэктаклем аднаго з найбольш таленавітых палітыкаў і інтрыганаў у сучаснай Эўропе.
Зь нязьменным выразам твару, з традыцыйнымі словамі ў бок Расеі пра "адзіны народ" і "славянскае братэрства", Лукашэнка ажыцьцяўляе геапалітычны разварот на Захад. Гэта суправаждаецца бясьсільным гневам пракрамлёўскіх аналітыкаў і недвухсэнсоўнымі сыгналамі з самога Крамля - але ў выніку перамога пакуль усё роўна застаецца за Лукашэнкам, які пры гэтым нават захоўвае высокі аўтарытэт у расейскім грамадзтве. Беларускі валадар выціснуў з Расеі перамогу ў "малочнай вайне", доўга дражніў Крэмль пэрспэктывай прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, скончыўшы ўсё яскравым іх непрызнаньнем. Цяпер поле гульні - а яно, на няшчасьце Расеі, прыпала якраз на гэты час - чарга на старшынства Беларусі ў АДКБ, якая дае Лукашэнку магчымасьць калі не тарпэдаваць, дык як сьлед скампрамэтаваць расейскі фантомны адказ НАТО.
Расеі вельмі складана супрацьстаяць яму. Гэта не Аляксандар Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў супярэчлівай сытуацыі - насамрэч гэта Расея ў дачыненьні да Беларусі, як прынята казаць, "сядзіць на двух крэслах", разрываючыся паміж славянафіліяй і аб'ектыўнымі прагматычнымі інтарэсамі; паміж мроямі пра адраджэньне зьнешніх атрыбутаў звышдзяржаўнасьці і ўсьведамленьнем таго, што аб'ектыўныя інтарэсы вымагаюць перагляду вонкавапалітычнай стратэгіі краіны. Нават калі расейская эліта мае ўсё болей цьвярозы погляд на расейска-беларускія адносіны, грамадзкая думка ў Расеі дагэтуль не гатовая пазбавіцца ілюзіяў пра інтэграцыю і "Саюзную дзяржаву". У выніку ў сучасным расейска-беларускім процістаяньні Крэмль пакуль што наважваецца толькі на кропкавыя ўдары, якія Лукашэнка пакуль што адбівае.
ГЕНІЙ БЯЗ ПРАВІЛАЎ
Калі абстрагавацца ад маральна-этычнага аспэкту і асабліва ад таго, што полем дзейнасьці гэтага бліскучага палітыка зрабілася менавіта Беларусь, майстэрства Аляксандра Лукашэнкі як актора і маніпулятара здольнае выклікаць захапленьне. За час свайго кіраваньня гэты чалавек праявіў сябе як геніяльны інтуітыўны тактык, здольны трапна адчуваць настроі народных масаў і здольны без найменшых сумневаў і ваганьняў рашуча зьмяняць свае палітычныя лёзунгі ў адпаведнасьці з гэтымі пераменамі.
Дзяржаўная ідэалёгія Лукашэнкі эвалюцыянавала разам з усім беларускім грамадзтвам ад постсавецкага сацыялістычна-панславянскага інтэграцыянізму ў сярэдзіне 90-х да непасьлядоўнага, нязграбнага, але ўсё ж такі ўсьведамленьня каштоўнасьці незалежнасьці і рынкавай эканомікі ў другой палове 2000-х. Калі б заўтра беларускае грамадзтва раптам зрабілася беларускамоўным і бел-чырвона-белым, Лукашэнка ўспрыняў б тыя каштоўнасьці раней за ўсіх - узгадваюцца пачутыя ад яго па тэлевізіі некалькі гадоў таму, але чамусьці нікім не заўважаныя, асьцярожныя словы пра нацыянальную сымболіку - маўляў, народ да вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга яшчэ не гатовы, можам вярнуцца да гэтага пытаньня калісьці потым.
Такі ж самы лёс, як і ў ідэалёгіі, нязьменна маюць заключаныя з Лукашэнкам дамоўленасьці - так было з апазыцыйна настроеным Вярхоўным Саветам увосень 1996 года, так было з Расеяй цягам апошніх 15 гадоў.
Аляксандар Лукашэнка - чалавек, цалкам пазбаўлены пакутаў сумленьня, комплексаў і ваганьняў адносна ўласнай вонкавай пасьлядоўнасьці. Ён мае натуральны імунітэт ад сумневаў і пачуцьця супярэчнасьці самому сабе, ён трымае алімпійскі спакой там, дзе ў іншых даўно б дрыгнула рука. Немагчыма не дзівіцца таму, як гэты на першы погляд імпульсіўны аўтарытарны лідар праводзіць бездакорна халаднакроўную, беспрынцыпную, прагматычную палітыку, скіраваную на захаваньне сваёй абсалютнай улады ў Беларусі.
ДАГЭТУЛЬ НЕПЕРАМОЖАНЫ
Беларуская дэмакратычная апазыцыя з 1996 года безнадзейна прайграе Аляксандру Лукашэнку барацьбу за ўладу. На сёньняшні момант яна амаль канчаткова зьнішчаная як палітычная сіла і практычна прыняла своеасаблівую форму масавага дысыдэнцкага руху, з папраўкай на сучасныя камунікацыйныя тэхналёгіі і адносную мяккасьць палітычнага рэжыму ў параўнаньні з СССР. Прычыны паразы апазыцыі бачацца ня ў нейкай яе асаблівай няўдаласьці, а ў асабістых якасьцях Лукашэнкі, ягонай занадта яскравай здольнасьці да бескампраміснай палітычнай барацьбы без увагі на агульнапрынятыя нормы і правілы. Калі б чалавек ягонага кшталту апынуўся прэзыдэнтам Украіны, Летувы ці Латвіі, мясцовыя палітычныя эліты таксама наўрад ці змаглі б яму процістаяць. Насамрэч, гэта немалы гонар для нашай апазыцыі мець сваім праціўнікам нагэтулькі магутнага палітычнага дзеяча і выжываць у барацьбе зь ім. Лукашэнка - ня Паксас і ня Кучма.
Як атрымлівалася перамагаць дэмакратычную апазыцыю ўнутры краіны, гэтаксама ў Лукашэнкі атрымлівалася маніпуляваць Расеяй, ціснучы на самы балючы славянска-імпэрскі мазоль расейскага кіраўніцтва. Калі не апраўдаліся надзеі на крамлёўскі трон, Лукашэнка задаволіўся шматгадовай і шматмільённай расейскай эканамічнай падтрымкай, беспрэцэдэнтнай, напэўна, нават для Савецкага Саюзу, які ў свой час фундаваў пракамуністычныя рэжымы па ўсёй плянэце.
Адносіны з Захадам у 90-я гады былі адкінутыя як незапатрабаваныя: Расея давала дастаткова рэсурсаў, каб забясьпечыць адсутнасьць неабходнасьці будаваць стасункі з ЭЗ і ЗША. Зь іншага боку, сваёй непрыступнасьцю Лукашэнка толькі падвышаў сваю каштоўнасьць у вачох таго ж Захаду, пакуль расчараваны бясплённасьцю папярэдняе палітыкі Эўрапейскі Зьвяз так і не капітуляваў у вайне нэрваў зь беларускім рэжымам, пагадзіўшыся мець справы зь Менскам такім, які ёсьць. На чарзе капітуляцыя абамаўскай адміністрацыі ў ЗША. Рэальных дэмакратычных зьменаў у Беларусі Захаду ад Лукашэнкі дабіцца так і не атрымалася.
Такім чынам, ня маючы сапраўдных хаўрусьнікаў, Лукашэнка пятнаццаць гадоў трыюмфуе па ўсіх франтох: заходнім, усходнім і ўнутрыпалітычным. Пры зразумелых адносінах да гэтага факту, міжволі нельга не пляскаць у далоні: ніводзін іншы палітык у Эўропе на такое ня быў бы здольны. Акрамя наяўнасьці ягоных выбітных асабістых якасьцяў, Лукашэнку шанцуе, часам па-д'ябальску шанцуе, як у 2001 годзе, калі сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары прайшлі за два дні да атакі 11 верасьня, якая, мякка кажучы, адцягнула ўвагу замежнай грамадзкасьці ад фальсыфікацыяў. Колькі разоў лукашэнкаўскай Беларусі прадракалі эканамічны крах, а самому Лукашэнку - імклівае падзеньне, і ніводзін прагноз так і ня спраўдзіўся. Пытаньне, наколькі яму і надалей будзе гэтаксама шанцаваць, наколькі хопіць ягонага інтрыгоўнага таленту і наколькі атачэньне беларускага валадара, далёка не такое таленавітае і чые інтарэсы не заўжды супадаюць з інтарэсамі самога Лукашэнкі, перашкодзіць альбо дапаможа яму. Так ці інакш, Беларусь перажывае цікавы і ўнікальны этап у сваёй гісторыі. Шкада толькі, што гэта чарговы цёмны яе этап.
http://n-europe.eu/article/2009/08/17
18 верасьня 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша"
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(1)
Хайль Бацька!:
19 верасьня 2009
последние 200 лет никаких белорусских политиков в Беларуси не было, как не было и самой Беларуси. были мечтатели, романтики, прочие маргиналы.