Друкаваць Камэнтары (2) Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
Нацыянальнасьць — Беларус
Пытаньне, “адкуль пайшла беларуская зямля”, здаўна не дае мне спакою. Асноўным полем маёй дасьледчыцкай працы доўга была мадэрная гісторыя Беларусі, але я заўсёды любіў рабіць экскурсы і ў сівую даўніну. Мая першая апублікаваная праца была прысьвечаная язычніцкім вераваньням нашых продкаў. Пры нагодзе я закрануў і тэму паходжаньня назвы “Беларусь”. Што ж, толькі маладосьць дазваляе расказваць пра такія складаныя праблемы з такой упэўненасьцю, як я гэта тады зрабіў!
Мой бацька лічыў сябе крывічом–палачанінам і нават з рацыі свайго паходжаньня адчуваў сябе як быццам крыху лепшым ці сапраўднейшым беларусам за беластоцкіх. Нотка падобнага гонару запомнілася мне таксама з сустрэчы з Кастусём Акулам, які заявіў, што мы зь ім — палачане. Дык няма дзіва, што полацкая гісторыя і ейны самы вялікі герой, Усяслаў Чарадзей, так мяне зачаравалі. Як ні дзіўна, найлепш пра Ўсясла- ва Чарадзея мімаходзь напісаў паляк Ян Паверскі ў сваёй кніжцы пра польскага караля Баляслава Сьмелага. Я ж пра Ўсяслава, відаць, ужо не напішу, хаця ўсё марыцца мне кніжка ў стылі фэнтэзі. Асобнай увагі заслугоўвае і апошні зь вялікіх Рагвалодавічаў — Уладзімер Полацкі. Магчыма, таму, што я ўсё ж такі беластоцкі, завабіла мяне думка пра тоеснасьць гэтага Ўладзімера з Уладзімеркам Менскім, які, паводле Тацішчава, завая- ваў Берасьце і Драгічын. На мой погляд, нішто не перашкаджае лічыць, што пад канец ХІІ стагодзьдзя Менск аб’яднаў нашыя землі ад Дзьвіны да Бугу. Гісторыкі кожнай іншай нацыі, безумоўна, сьцьвярджалі б менавіта так, намаганьні даказваць, што так не было, пакідаючы чужынцам. Нашыя ж гісторыкі лічаць за лепшае тлумачыцца з таго, што мы яшчэ жывем. На гэтым фоне вылучаецца Мікола Ермаловіч. Я не пагаджаюся зь ягонай візіяй беларускай гісторыі, але, нягледзячы на гэта, лічу, што ён сапраўдны эўрапейскі гісторык, бо, як і ўсе эўрапейцы, напісаў гісторыю для сваёй нацыі. Можа, гэтае сьцьверджаньне камусьці падасца дзіўным, але якраз такую выснову я зрабіў, чытаючы ангельскіх гісторыкаў — яны страшэнныя нацыяналісты, імпэрыялісты і нават шавіністы. Калі хто зь іх крыху праўды і напіша, дык можна быць упэўненым, што гэта нейкі валіец.
Як крывіч я доўга, да апошніх гадоў быў антынарманістам і лічыў Полацкую дзяржаву крывіцкім творам. Тым ня менш, пасьля напісаньня антынарманскага эсэ, у якім я сьцьвердзіў, што калі б нарманы заваявалі Полацак, дык гэтым пахваліліся б, я засумняваўся. Сапраўды, ці ж нашыя гісторыкі чыталі тое, што засталося ад тых скандынаваў? Тут знайшлося яшчэ адно поле супольных дасьледаваньняў з Алесем Белым, зь якім мы дагэтуль “лічылі белых бараноў”, г. зн. шукалі першапачатковай Белай Русі. Цяпер жа мы разам спрабавалі вызначыць магчымага нарманскага продка Рагвалода. Аказалася гэта немагчымым (прынамсі для нас), але тым ня менш стала зразумела, што нарманы ўсё ж такі здабыцьцём Полацку хваліліся. Пры гэтым падобна, што крывічом быў, хут чэй за ўсё, нялюбы нам Уладзімер, а зусім не Рагнеда!
Назва другога разьдзелу “У Эўропскай Сарматыі” апэлюе да хронікі італьянскага пісьменьніка Аляксандра Гваньіні ў перакладзе русіна Марціна Пашкоўскага на польскую мову “Аб дзьвюх Сарматыях”. Сарматыя — гэта, безумоўна, ідэйная праайчына белару саў, прынамсі праваслаўных (каталікі, як вядома, паходзяць з Рыму). Тут зьмешчаны мой першы навуковы артыкул, у якім я распавядаю пра пэрыяд, калі у Кракаўскай ака дэміі вучыўся Францішак Скарына. Напісаў я яго ў 1985 г. па–беларуску, надрукаваны ён быў празь некалькі гадоў па–ангельску, а пасьля ўжо зноў быў перакладзены на бела рускую мову, бо арыгінал недзе прапаў.
У гэтым разьдзеле зьмешчаныя таксама мае зь Белым штудыі над вугорска–беларускімі адносінамі. Як ні дзіўна, зусім праўдападобна, што як назва нашай краіны, так і, напрыклад, шасьціканцовы крыж, які мы называем Ярылаўскім або Эўфрасіньнеўскім, запазычаныя намі якраз ад вугорцаў.
Дасьледаваньне пра гісторыю назваў “Белая Русь” і “беларусы” мелася быць толькі першым разьдзелам працы пра фармаваньне беларускай нацыянальнай ідэі ў эпоху мадэрнізацыі, свайго роду ўводзінамі. Гэта ж вельмі важна, чаму краіна называецца так, а не інакш. Гэтая выправа ў ранейшыя стагодзьдзі была для мяне вялікай інтэлектуальнай прыгодай. Некалькі гадоў я чытаў працы, напісаныя нават больш за восемсот гадоў таму. Я захапіўся трактатам “Апісаньне земляў”, невядомы аўтар якога першы раз згадаў пра Белую Русь, а чуў нават пра існаваньне сушы, якая цяпер называецца Амэрыкай. Некаторыя постаці з гісторыі Беларусі паказаліся ў новым сьвятле. Маю тут на ўвазе перш за ўсё літаратара Саламона Рысінскага — першага чалавека, які сам сябе назваў беларусам, і палкоўніка Канстанціна Паклонскага — першага палітыка, які выступіў ад імя менавіта Белай Русі. Увогуле аказалася, што ўсё было інакш... Уступ ператварыўся ў доктарскую дысэртацыю, якую я абараніў ва Ўнівэрсытэце Мікалая Капэрніка ў Торуні ў 2007 г.
Ня ведаю, ці напішу я нарэшце гісторыю фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэі. З падрыхтоўчай працы засталося шмат артыкулаў, якія зьмешчаныя ў гэтым томе. Разам з напісанай мною часткай “Гісторыі Беларусі ад сярэдзіны XVIII да канца ХХ ст.” (у суаўтарстве зь Яўгенам Мірановічам) яны даюць дастатковае уяўленьне, якія думкі былі б у такой кнізе выказаныя.
Штуршком да працы над гэтай тэмай было маё захапленьне ўніяцкай прафэсурай Віленскага ўнівэрсытэту родам зь Беласточчыны. Сёньня я ўжо не надаю Міхайлу Баброўскаму і Ігнату Даніловічу такога значэньня, як гэта рабіў раней, але, тым ня менш, ёсьць доля і маёй заслугі ў тым, што беларуская гісторыя ХІХ ст. цяпер пачынае разглядацца не зь філяматаў і філярэтаў, але зь іхных настаўнікаў. У пачатку 90–х гг. ХХ ст. сярод беларускай інтэлігенцыі пашыраўся міт Вялікага Княства Літоўскага як беларускай дзяржавы. Відаць, таму рэдакцыя газэты “Літаратура і мастацтва” адмовілася тады надрукаваць маю сяброўскую палеміку зь Міколам Хаўстовічам, у якой я даказваў, што беларуская нацыянальная ідэя зь “ліцьвінствам” ня мае анічога супольнага. Як ні дзіўна, гэта быў адзіны выпадак за ўсё маё жыцьцё, калі мой артыкул быў адхілены рэдакцыяй па ідэалягічных прычынах...
У гісторыі Эўропы прызнаецца доўгае ХІХ стагодзьдзе, ад Францускай рэвалюцыі да Першай усясьветнай вайны. У гісторыі Беларусі яно звычайна лічыцца ад падзелаў Рэчы Паспалітай. На мой погляд, у гісторыі Беларусі такога доўгага стагодзьдзя не існавала. У ёй вылучаецца пэрыяд Асьветніцтва ад сярэдзіны ХVІІІ да канца 30–ых гг. ХІХ ст., а нашае беларускае ХІХ стагодзьдзе трывала, можа, нават і да сярэдзіны стагодзьдзя ХХ (прынамсі, у Заходняй Беларусі). У той час сфармавалася беларуская сялянская нацыя. Прызнаюся, сваім складам думкі я, мусіць, належу менавіта да гэтага стагодзьдзя, і ў гэтым самым часе знаходзіцца страчаная Аркадыя Латышонкаў — хутар Райполе–Дубавое, што быў пад Шаркоўшчынай на колішняй Віленшчыне.
Беларускую нацыю давялося будаваць на лініі цывілізацыйнага разрыву (паводле тэрміналёгіі Гантынгтана) паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам. Беларуская эліта была то праваслаўнай, то каталіцкай і праваслаўнай, а яшчэ пратэстанцкай ды пад канец Рэчы Паспалітай каталіцкай. Калі у другой палове ХІХ ст. зноў зьявілася праваслаўная эліта, канфлікт быў непазьбежным. Увасабляюць гэты канфлікт Кастусь Каліноўскі і Міхайла Каяловіч (абодва, дарэчы — беластоцкія). Люблю іх абодвух, хоць лічу іх таксама вялікімі шкоднікамі ў нашай нацыянальнай гісторыі. Што ж, бываюць сымпатычныя гарэзы. Каліноўскі і Каяловіч — непадзельныя беларускія Блізьняты, нашае боства Янус з двума тварамі, а таксама інь і янь. Шмат хто з чытачоў гэтай кніжкі, напэўна, лічыць Каяловіча постацьцю зь іншай байкі, але я ведаю сваё. Аднойчы наш пецярбурскі гісторык Мікола Нікалаеў завёў мяне на магілу Каяловіча на Мікалаеўскіх могілках Аляксандра–Неўскай лаўры. Думалі, як бы тут аднавіць магілу земляка, і я сказаў, што беларусы калісьці будуць наведваць гэтую магілу і ўтыкаць у яе бел–чырвоныя–белыя сьцяжкі, а Каяловічу гэта напэўна спадабаецца. Тут проста зьніадкуль зьявіўся коцік і стаў церціся аб нашыя ногі. Гэта быў дух Каяловіча, які ўсё ўхваліў, я гэта ведаю, а Мікола таму сьведкам!
Я ў свой час шмат увагі прысьвяціў тэме нацыянальнага веравызнаньня беларусаў, бо сам нарадзіўся ў шматканфэсійнай, праваслаўна–каталіцка–пратэстанцкай сям’і, можна сказаць — узорнай для беларушчыны. Усе ў нашай сям’і былі добрымі вернікамі сваіх цэркваў і стараліся быць як мага больш верацярпімымі, але для дзіцячай веры сытуацыя, калі Хрыстос родзіцца двойчы на працягу няпоўных двух тыдняў — вельмі пагрозьлівая. Няцяжка сьцяміць, што ўсё тут адноснае, а можа нават і прыдуманае. Такім чынам, я яшчэ ў пачатковай школе стаў атэістам і быў ім наступныя два дзесяцігодзьдзі. Нацыянальнае веравызнаньне было для мяне справай тэарэтычнай, але нават як атэіст я хадзіў у сваю (праваслаўную) царкву дзеля традыцыі. Відавочна, што ўся праблема нацыянальнага веравызнаньня зь верай мае няшмат супольнага. Займаліся гэтым палітыкі, у асноўным атэісты. Таму неаднойчы прыходзіла мне ў галаву думка, што ўся гэтая мітусьня непатрэбная, а добры беларус — гэта беларус–атэіст. Чыста тэарэтычна найлепш для нашага нацыянальнага веравызнаньня падыходзіць пратэстантызм, бо як пратэстанты беларусы былі б адрозныя ад усіх суседаў. На практыцы ж усе спробы рэлігійнага яднаньня заўсёды прыводзілі да яшчэ большага разьяднаньня.
Дарэчы, першы беларус быў пратэстантам–кальвіністам. З моманту, калі Саламон Рысінскі ўпісаў у рубрыку “нацыянальнасьць” слова “беларус”, прайшло ўжо больш за 400 гадоў. “Four hundred years” — хочацца паўтарыць за Бобам Марлеем. Нялёгкія гэта былі гады, але ж ня толькі нам выпаў цяжкі гістарычны лёс. Латышы перадаюць зьмест сваёй гісторыі проста: 700 гадоў пад немцам, а славакі перабіваюць іх: 900 гадоў вугорскай няволі. Мы ж быццам бы ні пад кім і не былі, бо і ў ВКЛ знаходзім нешта сваё, і ў Рэчы Паспалітай, і нават у Расейскай імпэрыі, а нацыяй лічымся ўсё ж такі “негістарычнай”.
Гісторыю Русі вырываюць адзін у аднаго маскоўцы і ўкраінцы. Ніхто пры гэтым не заўважае нават, што цяперашняя Маскоўская дзяржава абсалютна нелегітымна называецца “Расеяй” і карыстаецца бела–сіне–чырвоным сьцягам. Сапраўдная Расея — гэта Вялікая, Малая і Белая Русь разам, а колеры ейнага сьцягу належаць гэтым тром Русям: белы — нашай, сіні — Вялікай, а чырвоны — Малой (інакш Чырвонай), г. зн. Украіне. З украінцамі я першы раз уступіў у спрэчку за рускую спадчыну даўным–даўно, напісаўшы тэкст “Прамова Прыгаворкі”, у якім крышку пазьдзекаваўся зь вядомага кракаўскага ўкраініста Ўладзімера Мокрага. Тады я пашкадаваў адрасата і тэкст застаўся ў рукапісе. Цяпер жа я публікую яго тут як архіўны, бо шкада тэксту, як мне казалі — сьмешнага.
Гісторыя Літвы збольшага належыць сёньняшняй Літве–Летуве, хаця тут мы як быццам не здаем поле. Літоўцаў называем летувісамі, а то і жамойтамі, хаця тыя ж жамойты, бывае, яшчэ і цяпер не атаясамліваюць сябе зь літоўцамі, нават нацыянальную жамойцкую партыю нядаўна стварылі. Нашую супольнасьць зь літоўцамі я адчуваю асабіста — мая прапрабабка была карэннай літоўкай з–пад Коўні, і яшчэ мая бабуля хвалілася тым, што ўмее некалькі слоў па–літоўску. Ды й уся сям’я Кукуцяў, зь якой паходзіла бабуля, безумоўна, літоўскага паходжаньня. Кукуць відавочна паходзіць ад літоўскага kukutis — удод, хаця бабуля гэтага ня ведала і свайго прозьвішча не любіла, бо лічыла, што паходзіць яно ад “куць–куць”, як клічуць у нас сьвіней. Кукуці расказвалі, што сапраўды яны называліся Кавэцкія, але іх продак быў паўстанцам 1863 г. і, хаваючыся, памяняў прозьвішча. Такая вось беларуская гісторыя...
Найбольш цяжка мне як гісторыку было палічыць беларусам Альбрыхта Гаштаўта, вядомага сваім літоўскім патрыятызмам. Я доўга ня мог зламаць аковаў гістарычнага канфармізму, хаця чым больш чытаў пра Гаштаўта і заглыбляўся ў напісаную на ягоны загад “Хроніку Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”, тым больш зразумела для мяне было, што як ён сам, так і ягоная спадчына цалкам упісваюцца ў беларускую гісторыю. Дзецям усё прыходзіць лягчэй — сярод ілюстрацыяў да маёй кніжкі чытач знойдзе дзіцячы малюнак, на якім род Гаштаўтаў прадстаўлены як беларускі.
Беларусы — двайныя сіроты, бо гэта русіны, пазбаўленыя Кіева, і ліцьвіны, пазбаўленыя Вільні. Гісторыю нам давялося канструяваць з аскалёпкаў гісторыі Русі і Літвы. Сёньня цяжка паверыць, што гісторыю Полацку мы адкапалі толькі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Менск і надалей шмат кім успрымаецца як часовая, заменная сталіца, хоць ягоную легенду стаў ствараць яшчэ Сыракомля. Гэтак сама і наш гістарычны Пантэон поўніцца героямі, незапатрабаванымі іншымі нацыямі: ізгоі Рагвалодавічы, Сьвідрыгайла, Глінскі, Каліноўскі, Булак–Балаховіч...
Характэрна таксама, што надалей мы ня ведаем імя чалавека, які ў 1863 г. ананімна апублікаваў тэкст на беларускай мове, у якім падаў сучасную вэрсію беларускай гісторыі, пачынаючы з заснавальніцкага крывіцка–полацкага міту. Мне адзін час здавалася, што гэта мог быць Ігнат Кулакоўскі, але гэта ня ён, бо, хутчэй за ўсё, ня мог ведаць гэтай заходнепалескай гаворкі, на якой напісаны расказ “Кто булы наши найдавнійшіи диды...”. Дарэчы, чаго вартая гістарыяграфія, якая ня ведае імя свайго заснавальніка?
Як ні паглядзець, але беларуская нацыя ўжо настолькі ўкаранілася ў гісторыю, што ейныя міты цяжка аспрэчваюцца. Кожны, каму падаецца, што ў беларускім мітатворстве ўсё яшчэ магчыма, бо нацыя нібыта яшчэ не сфармаваная, апынаецца ў становішчы свайго роду сэктанта: “крывіча”, “ліцьвіна”, “яцьвяга” і да т. п. Зь беларускай нацыяй і яе зыходнымі нацыямі, рускай і літоўскай, адбылося нешта падобнае, як з бронзай, якая выплаўляецца зь медзі і волава. У прыродзе медзь і волава застаюцца існаваць надалей, але зьяўляецца новая якасьць — бронза.
Беларусы маюць яшчэ праблемы з тоеснасьцю, але падобныя праблемы маюць і многія іншыя эўрапейскія нацыі. Натуральна, тое, што ірляндцы, шатляндцы ці нарвэжцы забыліся сваю мову, нікога не апраўдвае, але ў маім рэйтынгу эўрапейскіх нацыяў беларусы далёка не апошнія...
Беласток, люты–красавік 2009 году
Алег Латышонак — гісторык, ад’юнкт-прафэсар катэдры гісторыі беларускай культуры ўнівэрсытэту Беластоку. Акрамя прадстаўленага выданьня, сёлета выйшла таксама ягоная кніга "Жаўнеры БНР".
20 лiпеня 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша"
Памежжа ў моўнай , гістарычнай і культурнай перспектыве
Міхал Анемпадыстаў. Лявон Вольскі. Беспрабелаў
Усе абвесткі



Камэнтары(2)
чытач:
20 лiпеня 2009
калі да гэтага руку прыклаў гарлівы вар'ят - у печ.
разважлівы:
27 лiпеня 2009
але ж Латышонак здаецца менш заангажаваны. Увогуле робіць ураджанне адэкватнага гісторыка без прывідаў, як у Белага ))))