Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Гiсторыя




Маскоўскія стральцы

Маскоўскія стральцы

Дзейнасьць войска Васіля Пятровіча Шарамецева на тэрыторыі Полацкага ваяводзтва ў час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой у 1654—1655

Конрад Бабятынскі

Далучаны да Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XIII ст. Полацак быў галоўным пунктам літоўскай абароны на лініі Дзьвіны і быў фактычна адзінай значнай перашкодай на шляху маскоўскага войска ў глыб краіны ў віленскім кірунку.

Асаблівасьць войнаў, якія вяліся паміж Вялікім Княствам Літоўскім, а з 1569 г. — Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, палягала ў тым, што ваенныя дзеяньні адбываліся найперш на некалькіх акрэсьленых тэатрах. З прычыны геаграфічных чыньнікаў і слаба разьвітых шляхоў камунікацый патрапіць углыб тэрыторыі праціўніка можна было толькі празь некалькі так званых калідораў. На поўначы гэтую функцыю выконваў тракт зь Вільні на Пскоў і Ноўгарад Вялікі праз Полацак, які праходзіў уздоўж рэк Ловаць і Вялікай (так званы полацкі калідор).

 

Далучаны да Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XIII ст. Полацак быў галоўным пунктам літоўскай абароны на лініі Дзьвіны і быў фактычна адзінай значнай перашкодай на шляху маскоўскага войска ў глыб краіны ў віленскім кірунку. Яшчэ ў пачатку другой паловы XVI ст. горад меў вялізнае эканамічнае значэньне. Празь яго праходзілі шматлікія сухапутныя гандлёвыя шляхі, а транзытнае становішча на Дзьвіне дазваляла атрымліваць аграмадныя прыбыткі ад экспарту тавараў сельскай і лясной гаспадарак водным шляхам да Рыгі. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што заняцьце гораду, які называлі «ключом да Вільні» і «ключом да Інфлянтаў», войскамі Івана IV Грознага ў 1563 г. было вялізным ударам ня толькі для ліцьвінаў, але таксама й для ўсёй Рэчы Паспалітай. Шматлікія спробы адбіць горад у наступныя гады ня мелі посьпеху, і толькі праведзеная пры вялікай канцэнтрацыі сілаў і сродкаў кампанія Сьцяпана Батуры дазволіла ў 1579 г. адваяваць Полаччыну. Пасьля разбурэньняў, прычыненых маскоўскай акупацыяй і дзьвюма аблогамі (1563, 1579), Полацак ніколі ўжо не вярнуў сабе былой эканамічнай магутнасьці, але заўсёды быў адным з найвялікшых гарадоў Беларусі і адыгрываў важную ролю ў абароне паўночнай мяжы Вялікага Княства Літоўскага.

 

Нягледзячы на стратэгічнае значэньне Полацку, у наступныя дзесяцігодзьдзі пасьля адваёвы гораду войскамі Батуры не было прынята дастатковых мераў для абароны яго ад чарговых атак царскага войска. Адзіны комплексны рамонт умацаваньняў меў месца непасрэдна пасьля бітваў 1579 г., затое ў XVII ст. не праводзілася ніякай больш грунтоўнай працы для іх мадэрнізацыі. Полацак па-ранейшаму меў састарэлыя, пабудаваныя яшчэ паводле сярэднявечных правілаў драўляна-земляныя фартыфікацыі, якія ў сярэдзіне XVII ст. ужо не маглі служыць абаронцам дастатковай заслонай ад агню артылерыі. Галоўным абарончым пунктам заўсёды станавіўся Высокі замак (у крыніцах называецца таксама Верхнім замкам), які разьмяшчаўся на паўночным беразе Дзьвіны ў выгібе каля вусьця забалочанай рэчкі Палаты. На ўсход ад яго знаходзіўся Стралецкі замак (называўся таксама Ніжнім), пабудаваны на месцы старажытнага Вялікага пасаду — зраўнаванай зь зямлёй падчас аблогі 1563 г. найбольшага раёну Полацку. Трэцяя, найбольш працяглая лінія фартыфікацыі, атачала Запалоцьце (Запалоцкі пасад) — па сутнасьці, само места Полацкае, перанесенае на правы бераг Дзьвіны на захад ад Высокага замку падчас маскоўскай акупацыі 1563—1579 гг. У 1654 г. усе згаданыя ўмацаваньні знаходзіліся ў вельмі благім стане, да чаго спрычыніліся таксама ў значнай ступені два вялікія пажары, якія адбыліся ў горадзе ў 1615 i 1643 гг. Таму няма нічога дзіўнага, што выбітны картограф і ваенны інжынэр XVII ст. Юзаф Нарановіч-Наронскі не вагаўся назваць Полацак «абы-як змайстраваным катухом». Ваенныя вартасьці гораду былі надзвычай уяўнымі, а падчас Смаленскай вайны ад захопу непрыяцеля горад уратавала толькі хуткая дапамога войскаў Уладыслава IV у чэрвені 1633 г. і слабасьць Масквы на паўночным фронце.

 

Пытаньнямі аднаўленьня фартыфікацый Полацку й забесьпячэньня яго сталым гарнізонам («людам службовым, пяхотай і коньніцай, а таксама порахам і кулямі для бітваў») у 1626 i 1647 гг. займаўся сойм, аднак прынятыя пастановы з прычыны нястачы сродкаў засталіся на паперы. Такі ж лёс чакаў і пастанову другога сойму 1652 г. Дэпутаты абавязалі генэрала літоўскай артылерыі (у той час ім быў Вінцэнт Гасеўскі. — К. Б.) «забясьпечыць» полацкі замак «агнём, які б дашчэнту зьнішчыў бы непрыяцеля», адпаведнай артылерыяй і запасамі бое¬прыпасаў, а таксама прызначылі камісію зь пяці асобаў, якая павінна была разьмеркаваць замкавыя пляцы паміж полацкай шляхтай «каб гэтыя ўмацаваньні на выпадак вайны самі людзі фундавалі» (узамен на абавязак абараняць. — К. Б.). Аднак абмеркаваньне спосабаў «далейшай рэстаўрацыі гэтага замку» было адкладзена да паседжаньня наступнага сойму, на якім ужо не было прынята па гэтым пытаньні ніякай пастановы. Праўда, восеньню 1653 г., пад уплывам зьвестак пра падрыхтоўку Масквы да паходу на Літву Полацак пачалі сьпехам рыхтаваць да абароны, аднак нястача часу й сродкаў не дазволіла, натуральна, хутка ліквідаваць усе занядбаньні, што парабіліся цягам апошніх сямідзесяці пяці гадоў.

 

У 1654 г. у Полацку не было таксама сталага вайсковага гарнізону. З прычыны нешматлікасьці літоўскага войска (якое перад вайною налічвала каля 10 тысяч жаўнераў) і адсутнасьці хоць якой дапамогі ад Кароны напярэдадні вайны ўдалося ўмацаваць толькі два замкі — Смаленскі і Гомельскі, а астатнія памежныя гарады былі ўмацаваныя толькі сымбалічна (ад некалькіх дзясяткаў да 200 жаўнераў) і ім даводзілася разьлічваць, як і Полацку, на ўласныя сілы. Безнадзейным быў і стан гарадзкога арсэналу. Для абароны ўмацаваньняў працягласьцю каля чатырох кілямэтраў і 15 вежаў палачане мелі толькі 20 гарматаў і 76 гакаўніцаў, невялікімі былі таксама запасы пораху й сьвінца.

 

Нэгатыўна адбілася на прыгатаваньні да абароны Полацку і вакантная пасада гарадзкога ваяводы...

 


 

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ КОНРАДА БАБЯТЫНСКАГА НАДРУКАВАНЫ Ў № 4 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.

 


 

Конрад Бабятынскі — гісторык, выкладчык катэдры раньнемадэрнай гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Летась у «экстрэмісцкім» «ARCHE» выйшла друкам яго манаграфія «Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655 гг.)» (7—8/2008). Гэты пераклад друкуецца з ласкавай згоды аўтара.




13 жніўня 2009




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код