Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Гiсторыя




Чарнобыльскі мітынг на плошчы Леніна ў Полацку. 26.04.1990

Чарнобыльскі мітынг на плошчы Леніна ў Полацку. 26.04.1990

20 гадоў дэмакратычнага руху ў Полацку

Міхась Баўтовіч

Пачатак дэмакратычнага руху ў Полацку быў пакладзены ў лістападзе 1988 г. стварэньнем гістарычнага клюбу «Вытокі». Штуршком для яго паўстаньня былі амбіцыі камсамольскіх функцыянэраў.

Адны зьбіраліся, скарыстаўшы складкі сяброў УЛКСМ, закласьці для замежнікаў турыстычныя базы з поўным сэрвісам (лазьня, гарэлка…), другія — утварыць ваенна-гістарычны клюб, каб езьдзіць па Эўропе на розныя ваенна-гістарычныя фэсты кшталту Ватэрлёо. Пад клюб аддалі сутарэньні дому 43 на вуліцы Леніна. Далі таксама троху будаўнічых матэрыялаў для рамонту.

 

У той час я працаваў на наваполацкім заводзе «Вымяральнік». Часьцяком зь сябрам Віктарам Котавым абмяркоўвалі розныя падзеі ў грамадзкім жыцьці. Той апавёў мне, што ў аўдыторыях новага корпусу Наваполацкага інстытуту зьбіраюцца дэмакратычныя актывісты. На сустрэчах выступалі выкладчыкі інстытуту Грудніцкі, Гідрановіч, Ніякоўскі. Там у рукі мне трапіліся першыя незалежныя выданьні: «Навіны Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» з праграмай да выбараў народных дэпутатаў СССР і бюлетэнем «Мартыралёг» з статутам арганізацыі. Пазьней да нас даходзілі сацыял-дэмакратычная «Альтернатива», «Студэнцкая думка», «Паперабудова», «Беларуская кроніка», маскоўскае «Гражданское достоинство», гарадзенская «Рэанімова», маладэчанская «Раніца», лепельскі «Прамень».

 

Была ўтворана асобная Полацкая філія Беларускага Народнага Фронту, першым старшынём якой абралі Анатоля Куліка.

 

8 жніўня 1989 г. сумесна з наваполацкімі сябрамі арганізавалі першы ў Полацку агульнагарадзкі мітынг. Улады прызначылі для гэтае мэты стадыён «Спартак». Абвесткі я надрукаваў на працы на лякальным тэрмінале «Азот» баўгарскае вытворчасьці. Заяўленымі для абмеркаваньня тэмамі былі дэфіцыт прадуктаў і атрутныя выкіды наваполацкіх нафтаперапрацоўчага заводу і заводу бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Праблема была актуальная, бо цягам усяго году пераважалі заходнія вятры, якія веялі з прамысловае зоны ў бок Полацку.

 

Улетку 1989 г. фронтаўцы супольна выяжджалі на рэчку Дрысу, дзе рэжысэр Віктар Шавялевіч здымаў фільм «Да вас, сучасьнікі мае». Ролю крывіцкага князя ў ім выконваў сябра клюбу Зьміцер Белашэнка.

 

Актыўны удзел сяброў клюбу ў першым гарадзкім мітынгу прычыніўся да таго, што выканкам пазбавіў нас памяшканьня. Мне ўдалося дамовіцца з домакіраўніцтвам, каб хаця б заплацілі нам за яго рамонт. Гэтыя невялікія грошы сталіся крыніцай фінансаваньня шэрагу краязнаўчых вандровак. Мы сталі бяздомнымі, і фронтаўскія сходкі далей праходзілі штоаўторак увечары ля помніка Францішку Скарыну.

 

1990-ты быў надзвычай насычаны падзеямі. Увесну на просьбу будаўнікоў мы пачалі ладзіць суботнікі ў Брацкай школе, каб пасьпець адрамантаваць закінуты будынак былога манастыру і да сьвята нараджэньня Скарыны адчыніць у ім музэй беларускага друку. Вывешвалі аб’явы, зьвярталіся праз газэту, аднак паважнага выніку не дасягнулі. Акрамя фронтаўцаў пару разоў зьявіліся некалькі полацкіх інтэлігентаў. Шмат было бруднае працы: разбор і вынас сьмецьця. Гарвыканкам з праваслаўнай царквой ніякім чынам сябе не праявілі. Затое сёньня яны супольна дамагаюцца перавесьці музэй у былы Дом Чырвонае Арміі, які архітэктурна не адпавядае канцэпцыі, а на яго месца засяліць царкоўнае чынавенства.

 

Напружаньне ў розных рэгіёнах Савецкага Саюзу ўзрастала. У красавіку 1990-га кіраўніцтва БССР на замову Крамля спрабуе шантажаваць Літву магчымымі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі. Памятаючы падзеі ў Карабаху і крывавы разгон 9 красавіка 1989 г. сапэрнымі рыдлёўкамі дэманстрантаў у Тбілісі, мы арганізавалі збор подпісаў пад зваротам да Вярхоўнага Савету БССР з патрабаваньнем, каб з восеньскага прызыву беларускія хлопцы служылі толькі на Бацькаўшчыне. Збор праводзілі ў суботы і нядзелі ля Дому гандлю.

 

Тым самым летам на некалькіх аўто зьдзейсьнілі дзьве вандроўкі па краі. Першая была карацейшай, праехалі маршрутам Глыбокае — Паставы — Сьвянцяны — Відзы — Браслаў. Уразіў кантраст. У нядзелю ў Паставах, Лынтупах трактары аралі і люд горбіўся на палёх, а празь некалькі кілямэтраў у Сьвянцянах палі былі ўробленыя, а люд урачыста ішоў да касьцёлу. Такія самыя людзі, аднае веры і паходжаньня. У Відзах наведалі магілу Тамаша Ваўжэцкага, па¬плечніка Касьцюшкі падчас паўстаньня 1794 г. У Дрысьвятах спыніліся ля Петрапаўлаўскага драўлянага касьцёлу, збудаванага паводле праекту Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Другая даўжэйшая вандроўка пралягала празь Сьвір — Ашмя ны — Крэва — Гальшаны — Наваградак — Мір — Нясьвіж. У Барунах сустрэліся з айцом Янам Матусевічам, які апошні дзень служыў тут і ўжо зьбіраўся ад’ехаць у Менск. Айцец ахрысьціў некалькіх хлопцаў, заклаўшы тым самым падмурак Полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата...

 


 

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ МІХАСЯ БАЎТОВІЧА НАДРУКАВАНЫ Ў № 4 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.

 


 

Міхась Баўтовіч — полацкі краязнаўца, рэдактар полацкага грэка-каталіцкае выдавецтва «Сафія». Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — эсэ «Горад сэрца» (6/2006).




29 лiпеня 2009




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код