Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
"Салідарнасць" на індустрыйным плато
Пачатак васьмідзесятых Польшча сустрэла гданьскімі страйкамі і ўзніклаю “Салідарнасцю”, народным уздымам і вайсковым становішчам, уведзеным генералам Войцехам Ярузэльскім. Камуністычны рэжым калаціла.
У гэтым няма нічога дзіўнага, калі паглядзець на ніжэйпададзеныя малюнкі – “Занятасць па галінах гаспадаркі” і “Энтрапія занятасці”.
Занятасць у індустрыі дасягнула максімуму – і надалей мусіла толькі падаць. Але такія змены, якія прыводзяць да панавання сэрвіснай эканомікі, прадвяшчаюць сур’ёзнае перакройванне грамадства.
1980 і 1981 – гэта акурат сярэдзіна пакутлівага індустрыйнага плато, што пачынаецца ў 1970 і завяршаецца ў 1990-ым. І адначасова гэта – вяршыня энтрапіі, якая дайшла да піку ў 1982 і 1983 годзе (таксама гэта скрыжаванне сэрвісу і сельскай гаспадаркі). Менавіта на гэты час двайнога плато прыпадае найбольшая польская экспансія за ўсё ХХ стагоддзе. У 1978 годзе Папам становіцца паляк, рэжысёр Анджэй Вайда скарае Еўропу “Чалавекам з жалеза”, “Чалавекам з мармуру” дый “Дантонам”, польская футбольная зборная займае прызавыя месцы на чэмпіянатах сьвету. Нават у Савецкім Саюзе шалеюць ад тэлевізійнага “Кабачка 13 крэслаў”, дзе народныя артысты граюць у какетлівы польскі арыстакратызм.
Значныя падзеі польскай гісторыі дакладна адлюстроўваюцца на графіках. 1970 год – пункт скрыжавання лініяў занятасці. У малюнках – здзейсненая перавага індустрыі над сельскаю гаспадаркай і першая кропка індустрыйнага плато. На польскіх вуліцах у гэты час – сутычкі дэманстрантаў з войскамі і смерць тысячы чалавек. Першы сакратар кампартыі Уладзіслаў Гамулка падае ў адстаўку.
Падзенне камунізму прыпадае на новае скрыжаванне, калі ў 1990 годзе сэрвісная эканоміка абганяе індустрыю. У гэты ж час абвальваецца індустрыйнае плато і энтрапія занятасці.
Малюнак 1
Лакальныя энтрапійныя пікі [1] ў 2001 і 2004–2005 гадох, магчыма, суадносяцца з вяртаннем ва ўрад левых (Аляксандр Кваснеўскі пераабраны прэзідэнтам) і з далучэннем Польшчы да Еўразвязу (тонкія стрэлкі на малюнку энтрапіі).
Але большую ролю граюць эпохі, калі энтрапія застаецца нязменнай (на малюнку пазначаныя тлустымі стрэлкамі). У гэтыя часы закладаюцца падмуркі новых здзяйсненняў. З 1970 па 1990 (у пашыраных межах з 1965 па 1992), на найвышэйшым энтрапійным плато, выспявалі абрысы посткамуністычнай будучыні. Можна дапусціць, што 1938–1950 – таксама лінія плато (хаця дадзеных і замала). А гэта – вайна і ўзнікненне пасля яе савецкай Польшчы. 1897–1921 – аднаўленне польскай дзяржаўнасці.
Малюнак 2.
На пачатку ХХ стагоддзя статыстыка адрознівалася ад сённяшняй [2]. Да таго ж першая лічба за 1910 год складзеная па выніках трох перапісаў, адпаведна з тагачасным падзелам краіны паміж рознымі дзяржавамі. Былі ўзятыя дадзеныя расійскага перапісу 1897 года [3], аўстрыйскі перапіс па Галіцыі за 1907 год і прускі перапіс за 1910 год [4]. Атрыманыя адсоткі добра супадаюць з лічбамі, якія прыводзіць польскі статыстычны даведнік 1922 года [5] (канчатковыя лічбы прадстаўленыя ў табліцы 1).
Магчымыя і іншыя разлікі першага плато. Так, Браян Мітчэл, Вольф і Клупт робяць перарахункі польскіх дадзеных за 1921 год [6]. Занятасць у сельскай гаспадарцы ў іхніх разліках вырастае на 10% - у параўнанні са звесткамі, што прыводзіць польскі даведнік 1939 года [7]. З апорай на атрыманыя лічбы можна скласці прапорцыю і нанава ацаніць занятасць за 1897–1910 гады (на графіках пункцірам). Але і у гэтым выпадку маецца энтрапійнае плато (дарэчы, блізкае да класічнай залатой прапорцыі 0,618).
Прынамсі аднойчы за 1910–1938 гады лініі сэрвісу і індустрыі скрыжоўваюцца (тонкая стрэлка на малюнку 1). 1931 – год эканамічнага крызісу, ён блізкі да 1926 года (санацыйнага перавароту Пілсудскага) і 1927, калі адбываліся хваляванні на Заходніх Беларусі і Ўкраіне, уключаных у склад Польшчы. Але дакладна казаць пра сувязь палітычных закалотаў і зменаў занятасці тут складана – замала дадзеных. (Зрэшты, не бачаць графікі і познаньскага расстрэлу 1956 года, калі людзі выйшлі на дэманстрацыю за свабоду.)
Затое пад канец стагоддзя суаднесенасць відавочная. Хваляванні 1970 года, энергічная “Салідарнасць” на індустрыйным і энтрапійным плато – і, самае галоўнае, пераход да сэрвіснай эканомікі, чаго не вытрымаў камунізм.
Надалей энтрапія занятасці будзе падаць. Гэтае ж тычыцца і індустрыйнай занятасці, хаця яе лакальныя пікі раз на 8–9 гадоў спрычыняцца да цыклічных зменаў польскай палітыкі.
Табліца 1 [8]
1. Нагадаю, што кожны пік – гэта нуль першай вытворнай. Першая вытворная роўная нулю і на плато, калі штогод лічбы аднолькавыя.
2. Падлічвалі не насельніцтва, занятае ў эканоміцы, а насельніцтва “самадзейнае” – гэта, значыць тое, якое мае самастойныя крыніцы існавання (сюды траплялі і пенсіянеры, якія атрымлівалі пенсіі). Беспрацоўных таксама звычайна размяркоўвалі па галінах гаспадаркі.
3. У сціслым выглядзе гл. у Браяна Мітчэла: Mitchell B.R. International historical statistics : Europe, 1750-2005. New York, 2007. P.162. З папраўкай на індустрыйную занятасць жанчынаў, якая разлічаная праз прапорцыю з мужчынамі. Агульная індустрыйная занятасць – вынік сумы.
4. Войтинский В. Весь мир в цифрах. Книга вторая. Труд. Берлин, 1925. С. 52–53.
5. Rocznik Polski. Tablice Statystyczne. Warszawa–Lwów, 1922. S. 61 (Tabl. 72). Польскі даведнік падае такія сумарныя лічбы занятасці за 1897-1910 гады: 65% у сельскай гаспадарцы, 14% у індустрыі, 21% – у сэрвісе. У мяне атрымалася 65,4%, 13,3% і 21,3%.
6. Mitchell B.R. International historical statistics..., p.162. Вольф М.Б., Клупт В.С. Статистический справочник по экономической географии капиталистического мира. Москва-Ленинград, 1934, с.62.
7. Mały Rocznik Statystyczny, 1939. Warszawa, s.33 (Tabl. 29).
8. Крыніцы: Акрамя вышэй прыведзеных за 1921 (без утрыманцаў) – Mały Rocznik Statystyczny, 1939. Warszawa, 1939. S. 33 (Tabl. 29), за 1931 (без Сілезіі і Віленшчыны) – Mitchell B.R. International historical statistics... P.162, за 1938 – Landau Z., Tomaszewski J. The Polish Economy in the Twentieth Century. London, 1985. P. 215. За 1965, 1970–1975 – Rocznik statystyczny 1976. Warszawa, 1976. S. 54. Tabl. 1 (84). За 1985–1989 – Rocznik statystyczny 1985. Warszawa, 1990. S. 93–94. Tabl. 2(175) (1989 год – варыянт A у табліцы). За 1950, 1960 – Нацыянальны перапіс – ILO 1996-2009, LABORSTA Internet. За 1990–1994 - United Nations Statistics Division. За 1995-2007 - Główny Urząd Statystyczny.
9. Пераразлік з апорай на прапорцыі 1921 года.
10. Дадзеныя Браяна Мітчэл: Mitchell B.R. International historical statistics... P.162.
Андрэй Расінскі - культуроляг і гістарычны дэмограф.
10 лiпеня 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Праграма фэсту "Magnifiat-2010"
Школа маладых менэджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае трэці набор удзельнікаў
Семінар па Еўрапейскім Саюзе
Усе абвесткі



Камэнтары(0)