Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Кароткiя рэцэнзii
Кніга года. Як з сучаснасці робіцца мінулае
Але як сцвердзіць сябе тым, ад каго чакаюць адначасова, каб і руку на пульсе часу трымаў, і «каб не горш за тое, што было»? Тым больш у постсавецкім асяроддзі: тут усе і без цябе ведаюць, якой мае быць сапраўдная паэзія, бо выраслі на Пушкіне і Купалу.
Берасцеец Сяргей Прылуцкі — паэт з культурнага памежжа, сталы наведвальнік украінскіх фестываляў. Літаральна на днях ён вярнуўся з чарговага туру паэтычных гастроляў, выступіўшы ў траўні на «Кіеўскіх лаўрах» ды на «Беларускай вясне» ў Львове, дзе яго ўшанавалі персанальным літаратурным вечарам. І, радуючыся за талент суайчынніка, часам скажаш сабе: як добра, што ён яшчэ не налаўчыўся па-ўкраінску. Бо скралі б! Хоць Сяргей і на радзіме мае заслужаную рэпутацыю ды кніжку — зборнік «Дзевяностыя forever», якую ў 2008 годзе згадалі ў асабістых рэйтынгах навінак такія паспяховыя маладыя аўтары, як Марыя Мартысевіч і Павал Касцюкевіч.
Сама назва зборніка абвяшчае настальгію па часах, што мінулі якіхсьці дзесяць гадоў таму. Тэрмін зусім нязначны — не тое што ў культурна-гістарычных, але нават і ў асабіста-чалавечых маштабах. Мо гэта і ёсць прыкмета пярэдняга краю культуры? Вяртаючыся да сучаснай паэзіі — што новага, пачынаючы ад тых самых слаўных дзевяностых, яна вынайшла дзеля апраўдання сваёй актуальнасці? Мову, стылістыку, тэматыку — ці не зашмат усяго? І што з гэтага застанецца сапраўды важным?
Прылуцкі сярод тых, хто, пакінуўшы ў спакоі мову ды сэнс, — хай жывуць! — спрабуе па-новаму пераасэнсаваць саму асобу лірычнага героя. Такім чынам, ён уводзіць ва ўяўна-казачны свет беларускай літаратуры асоб, чыя прысутнасць у адным літаратурным дыскурсе з Бандароўнай або Алесем Рыбкам — яўны маветон.
Жанчыны чытаюць “Алесю” і Vogue. Мужчыны віно распіваюць на трох Нельга сказаць, што ўсе гэтыя героі, настолькі добра знаёмыя нам з жыцця, у навіну і тут, у літаратуры. У памянёныя вышэй дзевяностыя алкаголікаў, цынікаў ды распуснікаў сярод беларускіх літаратараў было колькі заўгодна, калі не большасць, — тое самае можна сказаць і пра іх герояў. Але, можа быць, упершыню маніфестацыя сябе як такога супала з выдатным валоданнем адпаведнай лексікай ды стылістыкай. А можа — цяжка сказаць, не пераходзячы на асобы, — менавіта Сяргей здолеў адасобіцца ад уласнага персанажу, падаючы маргінальнасць не як персанальную стыгмату, але як літаратурны прыём.
Герой Прылуцкага — той самы «дурны мужык» класічнага Адраджэння, маргінал у смярдзючых штанах, сапсаваны здольнасцю да самарэфлексіі.
Я — арфей, словаблуд, мацюгальнік заўзяты...
Па-майстэрску граючы на кантрастах, Прылуцкі ўкладае ў вусны свайго нехлямяжага героя папраўдзе паэтычную мову, не горшую ад той, якой размаўляюць чытачы «Нашай Нівы». Гэтая мова застанецца літаратурна валіднай ды ліквіднай у любым чытацкім асяроддзі, нават з папраўкамі на “падонкафскі” жаргон або на рэдкае, але непазбежнае брыдкаслоўе.
Ды пачуецца зь неба анёльскае рэгі і ты радасна ўсклікнеш: “Во-бля-ха-рас-тво!”
У адрозненне ад большасці беларускіх мужчын-паэтаў, Прылуцкі выдатна трымае рытм, а таксама стыль і рыфму, што яшчэ лепш заўважна на прыкладзе яго пазнейшых, больш спелых вершаў. Развіваць гэтае ўменне ў век разбэшчанага верлібру — прыкмета выхаванай высокай культуры. Праўда, з ёй спалучаецца творчая разняволенасць, што прыводзіць да правакацый наступнага кшталту:
...А цяпер здымі, Франчэска, майтачкі, — я хутка ўвінчу і паскачу на працу.
Ці адразу ўцяміць слухач-тусоўшчык на паэтычным слэме, адкуль узялася гэтая Франчэска? Але, з іншага боку: ці здолее чалавек, што нарадзіўся раней за 1980 год, зразумець усю паэтычнасць — ці нават проста літаральны сэнс таго,
...Як па сходах імкліва спускаецца ўніз разьняволены ролер
Або прачуць, як:
...Ізноў, нібы забаўка-тамагочы, я віртуальна падыхаю....
Каштоўнасць Прылуцкага не ў словатворчасці або заўзятым наватарстве, не ў “мове вуліц” і не ў цытатах з класікі, а на перакрыжаванні ўсяго гэтага, то бок у яго адэкватнасці самому сабе і свайму часу. Насамрэч трохі смешна глядзець, як асобныя крытыкі прыходзяць у захапленне ад таго, што нейкі паэт ужыў слова «білборд» або «fun». Гэта нагадвае радасць бацькоў ад першага слова дзіцяці, якое самі яны нават і не зразумелі. Пры тым, што большасць з нас даўно ўжо не дзеці, і словы, падобныя гэтым, у нашым паўсядзённым ужытку сустракаюцца значна часцей, чым «хараство», «уздзірванелы» або, прабачце, «чэлес».
І можа быць, Прылуцкі, са сваёй трохі заранняй настальгіяй па ўласным падлеткавым узросце, — найсапраўднейшы традыцыяналіст белліту. Калі праводзіць паралелі з традыцыяй, то сацыяльна і псіхічна герой Прылуцкага — той самы «дурны мужык» класічнага Адраджэння, маргінал у смярдзючых штанах, сапсаваны здольнасцю да самарэфлексіі. Відаць, настаў час для элітаў даць слова і гэтаму мужыку — менавіта дзеля гэтага ён цудоўным чынам загаварыў на іх мове.
Новая Еўропа. 2009. 10 чэрвеня. № 4.
10 чэрвеня 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Жылі-былі...
Аляксей Фралоў прачытае лекцыю для магілёўцаў
Іван Бунін па-беларуску. Прэзентацыя кнігі перакладаў.
Усе абвесткі



Камэнтары(0)