Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Крытыка
Незалежная гістарыяграфія: спроба метадалагічнага абнаўлення
Выданне, якое абмяркоўваецца ў аглядзе: Homo historicus 2008. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / Пад. рэд. А. Ф. Смаленчука з удзелам I. М. Дубянецкай. — Вiльня: ЕГУ, 2008. — 520 с.
Напэўна, ніхто не будзе спрачацца з тым, што беларуская гістарычная навука знаходзіцца не ў самым лепшым стане. Аўтары, што аналізуюць прычыны гэтага, звычайна спасылаюцца на «фактар адміністрацыйнага ўмяшальніцтва», які быццам бы прывёў да расколу беларускай гістарыяграфіі на два канфрантацыйныя лагеры — «прыдворных» і «незалежных» гісторыкаў. Першаму было адмоўлена ў свабодзе выбару аб’екту даследавання, а другому — у матэрыяльных рэсурсах. Зразумела, што доля праўды ў гэтым ёсць, але ж не ўся. І слушна заўважае Алесь Смалянчук у прадмове да рэцэнзаванага выдання:
Але фактычна самаізаляцыя большасці айчынных гісторыкаў ад развіцця сусветнай гуманістыкі абумоўлена не толькі намаганнямі дзяржаўных ідэолагаў. Іншай прычынай стала нежаданне вучыцца.
Менавіта гэтым нежаданнем засвойваць новую метадалогію і новы досвед арганізацыі навуковага даследавання тлумачыцца тое, што гістарычная веда ў нашай краіне па-ранейшаму прадукуецца практычна толькі ў межах неапазітывісцкай парадыгмы, толькі ў розных версіях — ці то постсавецкай, ці то «нацыянальнай». Але ж і «нацыянальная гісторыя», якая выглядала такой паспяховай і энергічнай у пачатку 1990-х, у еўрапейскай перспектыве ўжо даўно састарэла, і толькі адраджэнне незалежных дзяржаваў ва Усходняй Еўропе дало імпульс бачанню гісторыі, што засноўваецца на прынцыпах і арыенцірах, створаных яшчэ ў ХІХ ст. Сучасныя гісторыкі нашмат больш заклапочаныя тым, як можна пісаць транснацыянальную, рэгіянальную, еўрапейскую гісторыю, якая б пераадолела абмежаванні нацыянальных наратываў. Змяніліся і даследчыя інтарэсы — ад фактаграфічнага апісання сацыяльна-палітычнай гісторыі да вывучэння свядомасці людзей мінулага (ці, у тэрміналогіі фрацузскіх гісторыкаў, пачынаючы са школы «Аналаў», калектыўных ментальнасцей). Змяніліся і метадалагічныя падыходы: мы назіраем экспансію ў гэтым кірунку вуснай гісторыі. Выбуховае пашырэнне дыскурсу памяці і ідэнтычнасці непазбежна закранула і сучасную гістарычную навуку і прывяло да стварэння міждысцыплінарных даследчых прастораў штудый нацыяналізму і гістарычнай памяці.
І што на гэта змагла адказаць айчынная гістарыяграфія? Намаганні пераняць новыя тэндэнцыі ў прадукаванні гістарычнай веды рабіў Генадзь Сагановіч у рэдагаваным ім «Беларускім гістарычным аглядзе», вось толькі збольшага гэтае «новае» там было прадстаўлена пераважна ў якасці перакладаў замежных працаў. Зварот да новай тэматыкі (генезіс нацыяналізму, гістарычная памяць і г. д.) назіраліся ў гродзенскіх гісторыкаў, але без шырокай інстытуцыйнай падтрымкі наўрад ці выпадала чакаць значных поспехаў у гэтым кірунку. З дапамогай асобных грантаў можна правесці даволі паспяховыя даследаванні, але змяніць сітуацыю кардынальна нельга.
Выхад гадавіка антрапалагічнай гісторыі «Homo Historicus» можна палічыць першай ластаўкай, якая дае надзею на тое, што беларуская гістарычная навука ўсё-ткі можа выйсці з крызісу і пераадолець метадалагічнае адставанне ад сучаснай заходняй гістарыяграфіі. Што нам дае падставы для такой надзеі? Нарэшце можна казаць пра інстытуцыянальнае афармленне «сучаснай» беларускай гістарычнай навукі ў форме Інстытута гістарычных даследаванняў, створанага на базе Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільні.
Як ні дзіўна, але менавіта выгнанне ЕГУ з Беларусі прымусіла кіраўніцтва універсітэта азірнуцца ў бок нашай краіны, вынікам стала заснаванне факультэта беларусістыкі ды вышэйназванага інстытута (хоць называць ЕГУ менавіта «беларускім» універсітэтам і цяпер мала хто наважыцца). Гэты фінансавы і арганізацыйны патэнцыял і дазволіў рэдакцыі «Homo Historicus» прэтэндаваць на амбітны статус «гадавіка», што выглядае надзвычайнай прэтэнзіяй, улічваючы тое, што першы яго нумар рыхтаваўся яўна не адзін год. Будзем спадзявацца, што заяўленая перыядычнасць будзе вытрымлівацца, што дазволіць даакрэсліць традыцыю якаснага гістарычнага прадукту. І нарэшце, галоўныя спадзяванні, ускладзеныя на новы гадавік, абумоўленыя узроўнем і інавацыйнасцю матэрыялаў, з якіх складаецца яго першы выпуск.
Выданне атрымалася даволі аб’ёмным — 520 старонак, і калі будзе захоўвацца такі аб’ём штогод, то гэта трэба будзе вітаць. Крыху засмуціла мяккая вокладка, якая не дае вялікіх надзеяў на доўгае жыццё гадавіка пры актыўным чытанні. Дызайн звычайны (ці папросту ніякі) для грантавай серыі кніжак ад CASE. Добра, што ў адрозненне ад большасці кніг з гэтай серыі была праведзена старанная рэдактура.
Моўная палітыка выглядае цалкам адэкватнай — з перавагай беларускамоўных матэрыялаў, але і з паважлівым стаўленнем да рускай мовы. Паколькі шматмоўе (ці, можа, дакладней, двухмоўе?) стала сутнаснай характарыстыкай лінгвістычнай сітуацыі ў Беларусі, то і шматмоўнасць гадавіка не выклікае нараканняў. Толькі Ірына Дубянецкая друкуе артыкул пра прыроду міфа і функцыі міфалогіі на англійскай мове, што пакуль выглядае дзіўным, хоць такая практыка стала і звычайнай нават у нашых суседзяў.
Альманах пачынае прадмова рэдактара Алеся Смаленчука, у якой тлумачыцца неабходнасць звароту да антрапалагічнай гісторыі ды пазначаюцца асноўныя метадалагічныя прынцыпы і сферы інтарэсаў новага выдання. Рэдактар канспектыўна апісвае канцэптуальныя змены, адбытыя ў гістарычнай навуцы за мінулае стагоддзе. У яго інтэрпрэтацыі яны апісваюцца як зварот вучоных да чалавека з яго думкамі і пачуццямі, да вывучэння свядомасці і матывацыі паводзін. У такой перспектыве стан беларускай гістарычнай навукі цяжка лічыць адпаведным гэтай новай парадыгме даследчых інтарэсаў і сучаснай метадалогіі. Ліквідаваць гэты прабел і закліканы гадавік антрапалагічнай гісторыі «Homo Historicus», які плануе сабраць пад сваім крылом гісторыкаў, што займаюцца вуснай гісторыяй, гісторыяй штодзённасці, біяграфістыкай, мікрагісторыяй і гістарычнай памяццю.
Яшчэ адзін прынцыповы пасыл з рэдактарскай прадмовы — гэта імкненне разбурыць жорсткія дысцыплінарныя межы пры вывучэнні палітычнай, культурнай і сацыяльнай гісторыі. На жаль, гэты намер так і застаўся практычна няздзейсненым у першым выпуску гадавіка, які адзначаны яўнай перавагай гістарыцызму.
Разгледзім падрабязней, якім чынам гэтыя два тэарэтычныя прынцыпы — антрапалагічны «пераварот» і заклік да міждысцыплінарных даследаванняў — былі рэалізаваныя на практыцы...
ЦАЛКАМ РЭЦЭНЗІЯ АЛЯКСЕЯ ЛАСТОЎСКАГА НАДРУКАВАНАЯ Ў № 1-2 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.
Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:
Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.
Барысаў — Алег Лучына, п/с 714, 222120, Барысаў-1, тэл. (029) 33-99-161.
Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.
Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.
Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;
Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.
Полацак — Алесь Аркуш, тэл. (0214) 41-85-19.
Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.
Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.
Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.
____________________________________________________________________________
Аляксей Ластоўскі — сацыёляг. Аўтарская назва публікацыі — «Homo Homini Historicus Est».
5 красавiка 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
+ 1 ГеніюшВерш
Брэнд “Беларусь” – ІІ Што такое “Дзіцячая палітыка”?
Вышаградская летняя школа ў Кракаве
Усе абвесткі



Камэнтары(0)